Проза

Далёкая і блізкая гісторыя ў сучаснай прозе

Сучасная беларуская проза плённа працягвае традыцыі У. Караткевіча ў спосабах адлюстравання тэмы гістарычнага мінулага Бацькаўшчыны. Хваля нацыянальнага Адраджэння ў канцы ХХ стагоддзя абудзіла самаідэнтыфікацыйныя працэсы: адкуль мы, дзе карані нашы, якога мінулага мы з’яўляемся спадчыннікамі?

Асэнсоўваючы гісторыю беларускага народа, Леанід Дайнека (нар. у 1940) напісаў цыкл раманаў, у які ўвайшлі «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990). Першы з іх, як сцвярджае В. Шынкарэнка, «мае цалкам завершаную паэтычную структуру. Аб закончанасці твора сведчаць не толькі ўсхвалявана напісаныя “Слова на дарогу” і “Слова на развітанне”, якія своеасабліва абрамляюць архітэктоніку рамана і пэўным чынам раскрываюць аўтарскую задуму, але і непасрэдна мастацкі тэкст, звернуты да найскладанейшых старонак нашай мінуўшчыны — самага золку ХІІІ стагоддзя. Гэта трагічны час міжусобіц, тэўтонскага нашэсця і рэлігійнай экспансіі».

Падзеі ў рамане Л. Дайнекі «Мeч князя Вячкi» адбываюцца ў пaчaтку XIII cтагоддзя, кaлi Тэўтонскі ордэн iмкнyўcя пaднaчaлiць Пoлaцкae княcтвa i пpыбaлтыйcкiя зeмлi.

Паход нямецкага ордэна быў хітра замаскіраваны пад місіянерскую дзейнасць, якая праводзілася пад рэлігійнымі лозунгамі папскага прастола з мэтай распаўсюджання хрысціянства і так званай вайны з нявернымі. Гісторыкі канстатуюць, што «ва Усходняй Прыбалтыцы рымскімі папамі толькі ў 1217—1265 гг. было абвешчана больш за 100 крыжовых паходаў. Яны суправаджаліся хрышчэннем мясцовага язычніцкага насельніцтва, захопам зямель і запрыгоньваннем тубыльцаў». Гэта была ваенна-царкоўная каланізацыя полацкіх зямель.

У рамане Л. Дайнекі на барацьбу з крыжакамі ідзе мужны князь Кукейноскага княства (адно з княстваў Полацкай дзяржавы) Вячкa (Вячacлaў Бapыcaвiч), якому «даражэй за ўсе зямныя багацці вернасць бацькоўскаму краю». Патрыятызм князя ўвасоблены ў яго выказванні: «Хай гэты край бедны, хай туманы і дажджы часта засланяюць у ім сонца, але ён родны — і гэтым сказана ўсё». Свабодалюбівы Вячка мае вялікую пашану ў народзе, ён паказаны як патрыёт роднай зямлі, які сэнс свайго жыцця бачыць у тым, каб «зямлю, што прадзеды перадалі ў спадчыну» ад ворагаў бараніць. Свае лепшыя якасці князь Вячка і яго дружыннік Халадок выяўляюць на полі бітвы пад Юр’евам: аўтар некалькі разоў паўтарыў у тэксце фразу: «Пачыналася лебядзіная песня Вячкі». Такі паўтор сэнсава змястоўны: «Якім словам нашчадкі ўспомняць мяне, маіх вояў? — думаў Вячка. — Што скажуць пра нас? Я, як і ўвесь мой народ, жыў у вечных баях. На ўдар мы адказвалі ўдарам, не скарыліся нікому, ні перад кім не схілілі галаву. Такі народ не памірае. Я шчаслівы, што жыў і жыву з такім народам. Я шчаслівы, бо я чуў крык ваўкалака над Дзвіной».

Князь добра ўсведамляе, што міжусобіцы ў Полацкай дзяржаве нясуць шкоду бацькаўшчыне і спрыяюць захопніцкім мэтам ворагаў. Вячка — справядлівы і сумленны чалавек, і ў палоне крыжакоў ён аказаўся праз іх вераломнае ашуканства. Але выдатны талент палкаводца дапамог князю вызваліцца з палону і адпомсціць тэўтонцам. Не пакідаюць абыякавым чытача старонкі рамана, дзе паказаны Вячка-бацька. Яго стасункі з дачкой Соф’яй істотна паглыбляюць вобраз князя. Тэўтонцы, захапіўшы пяцігадовую Соф’ю ў палон, прымушаюць бацьку рабіць выбар паміж родным дзіцем і бацькаўшчынай. За вызваленне князёўны крыжакі патрабуюць вельмі дарагую плату: палову зямлі, горада і вады. З глыбокім смуткам звяртаецца Вячка ў думках да дачушкі: «Дapyй мнe, дoчaчкa, дapyй, лacтaвaчкa мaя, — дyмaў князь. — Дapyй cвaймy бaцькy, штo нe мoжa вызвaлiць цябe ca злыднeвaй клеткі. Нoжкi i pyчкi твae цaлyю. Дapyй...<…> Я твой бацька, але я князь полацкага роду. Зямлю, што прадзеды перадалі ў спадчыну, трэба ад ворагаў бараніць, веру нашу адстойваць. Даруй, што выбраў зямлю і веру, а не цябе».

Асабістая трагедыя князя Вячкі яшчэ больш умацавала веру народа ў свайго заступніка, і полацкае веча аднагалосна аддае Вячку загавораны ад смерці і асвечаны епіскапам славуты меч, у рукаятку якога закладзены мошчы Еўфрасінні Полацкай. Гэты меч выступае ў рамане сімвалам барацьбы за незалежнасць. Князь Вячка мужна гіне на полі бою: «Вячку адсеклі левую руку, ён пахіснуўся, пабляднеў. Да яго падскочыў Якаў, закрычаў:

— Князь, давай я цябе знясу з вала! Кроў табе зялейнікі спыняць.

— У мяне ёсць яшчэ адна рука, Якаў Палачанін, — сашчапіўшы зубы, адказаў Вячка і з усяго маху ўдарыў мячом кнехта, які бег са штурмавой лесвіцай. Яны ўпалі разам — кнехт і князь. Вячка паспеў прашаптаць Якаву:

— Меч… Мой меч вазьмі!..

Якаў схапіў меч, а наўкол грымела лютая сеча».

Так узброеныя легендарным мячом паслядоўнікі мужнага князя працягнуць яго высакародную справу вызвалення.

Пісьменніку ўдалося стварыць індывідуалізаваныя вобразы дружыннікаў князя Вячкі. Пра «шматгеройную» структуру твора слушную думку выказала літаратуразнавец В. Шынкарэнка: «Часта поспех пісьменніку прыносіць зварот да простых, звычайных людзей, якія інтуітыўна тонка, глыбока ўспрымаюць свет, з’явы прыроды, яе хараство, веру, імкнуцца спасцігнуць іх складанасці». Самыя важныя даручэнні выконвае старшы дружыннік Халадок, ён смелы, адважны, адданы князю, мужна бароніць сваю зямлю: «Браты! — закрычаў у свой апошні міг Халадок. — Высока я лётаю і далёка бачу! Стаіць наш Полацк і вечна будзе стаяць! І ніколі не звядзецца наш род! І сонца будзе цалаваць нашу зямлю!»

Ні ў чым не саступаюць Халадку і героі з народа: Якaў Пaлaчaнiн, які пacля гiбeлi князя Вячкi вынociць ягo мeч, і яго малодшы брат Мірошка, і летапісец Клімята. Меч у рамане паўстае ciмвaлам няcкopaнacці Полацкай дзяржавы. У развітальных словах князя, а гэта быў апошні запавет Вячкі мужнаму Палачаніну, невыпадкова гучыць згадка пра меч: «На рачной строме, што густа зарасла ляшчыннікам і бярэзнікам, раптам зашалясцела трава, зверху ўніз пацяклі струмені пяску. Прабіваючы сабе дарогу рукамі, плячамі, усім целам, са звярынай нары, якой заканчваўся падземны ход, асцярожна выпаўз Якаў, цягнучы за сабой Усяславаў меч. Аддыхаўся, абтросся ад пяску, нахіліўся, стоячы на каленях над нарою, гукнуў:

— Мірон, трымай руку.

Праз нейкі час на белы свет вылез Мірон, моцна прыціскаючы да грудзей вялікую скураную торбу з полацкім летапісам. Сеў на траву, заплюшчыў і расплюшчыў вочы, здзівіўся:

— Дождж на рацэ шуміць...

— Меч Усяславаў жыве. Слова наша жыве. Пойдзем, — сказаў Якаў, і яны пайшлі туды, дзе чырванелася між хмараў сонца — на ўсход».

Смеламу і самаахвярнаму князю Кукейноскаму супрацьпастаўлены Полацкі князь Уладзімір, які знаходзіцца ў палоне ўласных амбіцый пра непахіснасць яго «княжай улады» і не хоча ўспрымаць варожых намераў хітрых тэўтонскіх рыцараў-крыжаносцаў. Ён не разумее, што найперш трэба захаваць незалежнасць, каб выратаваць свой народ ад рабства. Такая наіўнасць была на руку папскаму стаўленіку ў Рызе епіскапу Альберту — натхняльніку кpыжaцкaгa пaxoдy на полацкія землі.

Вобразы чужынцаў у творы пісьменніка прадстаўлены асобамі pыцapа Дaнiiла, гpaфа Пipмoнта, xpaнicта Гeнpыxа, мaнaшкі Эльзы i iнш. Епіскап Альберт са сваімі падначаленымі дзейнічаюць хітрасцю, запалохваннем, падманам. Так, храніст Генрых, захапіўшы малую дачушку князя Вячкі Соф’ю ў палон, выкарыстоўвае яе як прынаду для бацькі: «Адно маё дзіця, імерская царква, згарэла, ператварылася ў попел, — думаў Генрых, гледзячы на схіленую да зямлі светлавалосую галоўку, — але ў мяне засталося яшчэ адно дзіця, духоўнае, вось гэта кукейноская князёўна. Яна вырасце сапраўднай тэўтонкай, вернай дачкой рымскай царквы. Я вырву куколь з гэтай юнай даверлівай душы і пасаджу ў ёй квітнеючы божы сад». Генрых, як піша Л. Дайнека ў рамане, «…бoльш гoдa выкapчoўвaў з дзiцячaй няcпeлaй дyшы вaлyны язычнiцтвa, cвятым cлoвaм здзipaў, выпaльвaў з яe кapocтy кpывiцкaй мoвы», а манашка Эльза нават біла дзіця.

Ворагі-чужынцы хочуць забраць зямлю і волю, а Генрых, паводле слоў Вячкі, «хоча забраць душу»: «Душа кукейноскай князёўны была тым полем, на якім ён, не шкадуючы сябе, ваяваў з яе бацькам, упартым ворагам рыжскай царквы Вячкам, і спадзяваўся перамагчы ў гэтым паядынку». Але «няўмольны голас памяці, голас продкаў, голас крыві» вядзе на крывавую сечу князя, дзе той і гіне. Епicкaп Альбepт yзpaдaвaны вecткай пpa cмepць князя Вячкi: «Епіскап Альберт увайшоў у паходную капэлу, стаў на калені перад распяццем Хрыста, пачаў горача маліцца. Плашч у епіскапа быў разарваны, прапалены ў некалькіх месцах. Епіскап убачыў Генрыха, узняўся з зямлі, радасна сказаў:

— Дорпат ляжыць каля нашых ног. Чуеш, сын мой? Мы перамаглі! Эстонія наша! <…> Вячка загінуў, — шырока ўсміхнуўся Альберт і перахрысціўся. — Вячка ляжыць каля забаролаў. Мы перамаглі».

Аднак xpaнicт Гeнpыx, уcвeдaмляючы нeпepaмoжнacць народа, y якога яны xoчyць зямлю i вoлю зaбpaць, y aдчai выкpыквae: «Ён пepaмoг! Ён пepaмoг!»

 Гістарычны раман Л. Дайнекі прасякнуты высокай патрыятычнай ідэяй, яркай паэтычнасцю празаічнага стылю, багаццем фальклорнага матэрыялу, сімвалічнай вобразнасцю, філасофскай заглыбленасцю. Кніга ўражвае глыбінёй асэнсавання пісьменнікам гістарычных фактаў, псіхалагічна матываванымі вобразамі, нечаканымі сюжэтна-кампазіцыйнымі паваротамі.

Увагу сучаснага аўтара Алеся Марціновіча (нар. у 1946) прыцягнулі, паводле яго слоў, «лёсы тых, хто, жывучы ў свой час, пакінуў глыбокі след у нашай нацыянальнай гісторыі дый у гісторыі іншых народаў». Так узнікла кніга гістарычных апавяданняў і эсэ «Цяпло колішніх вогнішчаў» (2015). Адзін з твораў гэтага зборніка — «“Гетман-кларнет” на службе ў муз» — прысвечаны Міхалу Казіміру Агінскаму (1730—1800) — прадстаўніку старадаўняга магнацкага роду, гетману Вялікага Княства Літоўскага.

М. К. Агінскі вядомы як кампазітар, паэт, мастак, мецэнат, дзяржаўны дзеяч, заснавальнік традыцый тэатральнага мастацтва ў Слоніме. За любоў да музыкі, оперы, тэатра Міхала Казіміра празвалі «гетманам-кларнетам», а яго двор у Слоніме ператварыўся ў «палескія Афіны». Маёнткі гетмана — Слонім і Целяханы — называлі «сядзібамі муз». Тут ён заснаваў музычную капэлу, оперны тэатр «Опергаўз», адкрыў школу для дзяцей, напісаў оперы «Зменены філосаф», «Елісейскія палі», а таксама скрыпічныя п’есы і іншыя музычныя творы. Міхал Казімір быў добрым музыкантам, іграў на скрыпцы, арфе і кларнеце: «Часам “гетман-кларнет” адважваўся нават на цэлы канцэрт, і прысутныя віталі яго выступленне дружнымі воплескамі. <…> Былі гледачы ў захапленні і тады, калі на сцэне ажывалі вобразы ў спектаклях, да якіх Агінскі меў дачыненне як аўтар музыкі».

Сёння на новым будынку Слонімскага драматычнага тэатра адкрыта мемарыяльная шыльда, прысвечаная Міхалу Казіміру Агінскаму. Яе аўтар — слонімскі скульптар Леанід Богдан.

Краязнавец Сяргей Чыгрын піша: «Сюды [у Слонім] у святочныя дні з’язджаліся вяльможы і найбагацейшая шляхта з усяго краю і нават з Варшавы. Горад меў узорны парадак. Скверы, сады, аранжарэі ды рыбныя ставы ствараліся і даглядаліся лепшымі спецыялістамі Еўропы. Дарэчы, у Слоніме пры двары Міхала Казіміра Агінскага прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады яго пляменніка — Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара вядомага ўсім паланэза “Развітанне з Радзімай”. Тут ён атрымаў пачатковую музычную адукацыю ў вядомага музыканта і кампазітара Іосіфа Казлоўскага».

Пісьменнік А. Марціновіч згадаў у эсэ выпадак удасканалення гетманам Агінскім арфы, а менавіта тое, як ён вынайшаў падножку для гэтага музычнага інструмента. «Агінскі ў сваіх тэатральных памкненнях, — як піша А. Марціновіч, — не шкадаваў грошай і арыентаваўся на лепшыя сусветныя дасягненні». Музычны талент Агінскага быў ухвалены французскім энцыклапедыстам Дэні Дзідро, які прапанаваў яму напісаць артыкул «Арфа» для першага выдання французскай «Энцыклапедыі».

Факты грамадска-палітычнага і сямейнага жыцця Міхала Казіміра Агінскага падаюцца ў эсэ тэзісна, эпізадычна. Тым не менш яны значныя ў біяграфіі Агінскага-палітыка, дзяржаўнага дзеяча. Па яго ініцыятыве і на фінансавыя сродкі Міхала Казіміра быў пракладзены праз палескія балоты канал (яго называюць Агінскі канал), які злучыў басейны Балтыкі і Чорнага мора і прыносіў пэўны час эканамічную выгаду.

Гаспадарская жылка Міхала Казіміра Агінскага праявілася і ў тым, што пасля яго працяглай паездкі па еўрапейскіх краінах была наладжана ў Слоніме габеленавая і дывановая вытворчасць, пабудавана фаянсавая фабрыка ў Целяханах. На жаль, час аказаўся бязлітасным да спадчыны вялікага гетмана. А. Марціновіч з сумам згадвае ў эсэ сучасны незайздросны стан архітэктурнага комплексу і старадаўняга парку ў Слоніме.

Вызначальнай для беларускай літаратуры стала тэма Вялікай Айчыннай вайны, якую, нягледзячы на адлегласць у 75 гадоў з перыяду яе заканчэння, можна назваць блізкай для нас гісторыяй. Нацыянальная проза ХХ стагоддзя дасягнула найвышэйшага майстэрства ў раскрыцці вытокаў стойкасці і мужнасці народнага характару ва ўмовах ваеннага ліхалецця, у спасціжэнні драматычна-трагічнага лёсу народа. Усяму свету беларуская літаратура найперш вядома сваёй прозай пра вайну. У айчыннай літаратуры з’явілася шмат твораў, у якіх вайна разглядаецца праз прызму ўспрымання мірнага насельніцтва. Гэта «Знак бяды» В. Быкава, «Тартак» I. Пташнікава, раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» I. Чыгрынава, «Гандлярка і паэт» І. Шамякіна і інш. Неваенны чалавек бяссільны перад жорсткасцю, несправядлівасцю, перад чалавекам са зброяй. Васіль Быкаў гэта пераканаўча паказаў на лёсе Багацькаў («Знак бяды»).

Іван Чыгрынаў (1934—1996) у рамане «Вяртанне да віны» (1992) працягваў вывучэнне жыцця народа ў вайну, распачатае ў папярэдніх раманах пенталогіі. Падзел людзей на «сваіх» і «не сваіх» вельмі небяспечны, на думку пісьменніка, бо, як сцвярджае мудры стары селянін Кузьма Прыбыткоў з рамана «Вяртанне да віны», «пастраляеце вось так адзін аднаго, пасля і дзеці вашы не разбяруцца, што да чаго. <…> Варожасць паміж людзей звычайна не канчаецца з вайной».

У рамане шмат балючай і горкай праўды пра ваенны (лета 1942 года) і даваенны час у жыцці беларускага народа, не замоўчваюцца празаікам пралікі партызанскага руху, памылкі камандзіраў і проста недарэчныя выпадкі.Пісьменнік даў сучаснае асэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны з улікам новых фактаў, архіўных звестак, адкрытых крыніц. Іван Чыгрынаў ішоў за праўдай жыцця, абапіраўся на народную памяць. Персанаж Кузьма Прыбыткоў разважае: «Павесіць ні за што ні пра што могуць»; «І адзін робіць, думаючы, што правільна, і другі, а ў накладзе застаецца мужык»; «...абапал чырвоныя і немцы, а пасярод мы — мужыкі са сваімі заечымі душамі, не ведаем, да якога берага прыстаць». Жыццё вёскі Верамейкі хоць і парушана вайной, але жыхары робяць спрадвечную сялянскую працу: сеюць, косяць, жнуць. Большую частку гэтай працы вымушаны рабіць жанчыны: Зазыбава Марфа, вясковая прыгажуня Ганна Карпілава і інш.

Дзяніс Зазыба становіцца сувязным, а Радзівон Чубар ваюе ў партызанскім атрадзе. Зазыба добра ўсведамляе, што ўвесь народ, «які падпаў пад акупацыю», стаў заложнікам вайны: «Пры такім заложніцтве ахвяры могуць быць незлічонымі». Неапраўдана жорстка гінуць як сем’і партызан, так і сем’і паліцаяў. Падзел людзей на «сваіх» і «не сваіх» у вайну паўстае ва ўсёй сваёй жудаснасці. Пісьменнік згадаў пачварную трагедыю братоў Касцюкоў. Да калектывізацыі яны жылі дружна, як родныя браты, а потым адзін стаў вясковым актывістам, а другі трапіў у высылку. Вярнуўшыся дадому, малодшы апрануў паліцэйскую форму і знішчыў сям’ю брата-партызана, а брат-партызан забіў дзяцей і жонку брата-паліцая.

Не абмінула трагедыя і сям’ю Дзяніса Зазыбы. Арышт роднага сына Масея, у патрыятызме якога бацька не сумняваўся, пахіснуў веру старога ў справядлівасць савецкай улады, аднак не спыніў яго барацьбу з чужынцамі. У рамане «Вяртанне да віны» гіне Радзівон Чубар, былы старшыня верамейкаўскага калгаса. Герой гіне як шчыры абаронца роднай зямлі, які раней «не прылічаў сябе да мясцовых людзей», аднак Чубару адкрылася яго паяднанасць з гэтым краем і яго жыхарамі. І назва рамана «Вяртанне да віны» звязана найперш з эвалюцыяй светапогляду Чубара. Трапіўшы ў нямецкі палон, Радзівон разважае: «...ва ўсякай бядзе павінен быць вінаваты і што кожны потым вяртаецца да віны сваёй». Нямецкі афіцэр пасадзіў Чубара ў самалёт, каб той паказаў размяшчэнне партызанскага атрада. Неспадзяваная прыгажосць забесядскага краю адкрылася Радзівону з вышыні палёту: «больш таго, ён нават не здагадваўся, што знаёмую мясцовасць, знаёмыя краявіды можна пабачыць, а найлепш — адчуць іначай, зусім па-іншаму… Пабачыць, адчуць і ўсё роўна як задыхнуцца ад захапляючага ўтрапення, калі да месца гэтакі выраз… А найперш — ад усведамлення сваёй прыналежнасці да ўсяго гэтага, ад сваёй прычыннасці, як чалавека і, можна сказаць, ужо тутэйшага жыхара, дарма што раней Чубар чамусьці не прылічаў сябе да мясцовых людзей, можа, таму, што ўсё жыццё па сутнасці вандраваў з аднаго месца ў другое… Так склалася ў яго гэтае жыццё… Ды нездарма кажуць: лепей позна, чым ніколі…» З такімі думкамі Чубар па сваёй волі скокнуў уніз, абарваўшы такім чынам сваё жыццё.

Праз вобразы Дзяніса Зазыбы і Радзівона Чубара І. Чыгрынаў выявіў дзве жыццёвыя філасофіі, розныя формы паводзін людзей на акупаванай тэрыторыі. Зазыба — носьбіт спрадвечнай народнай маралі, мае дасціпны прыродны розум і здаровы сялянскі практыцызм, мудры жыццёвы вопыт і справядлівую душу; ён вельмі патрэбен людзям. Яго жонка Марфа Давыдаўна прызвычаілася да таго, што «муж заўсёды карыстаўся ў людзей вось такім попытам: прыйшлі — сказалі — пайшоў, прыйшлі — паклікалі — пайшоў, прыйшлі — забралі…» Найбольш утульна Дзяніс Зазыба адчувае сябе ў сваёй вёсцы, таму заўсёды вяртаецца дадому, дзе вырашаюцца лёсы яго аднавяскоўцаў.

Трапную характарыстыку герою дае літаратуразнавец В. Каваленка: «Ёсць у ім той сялянскі практыцызм, які не з’яўляецца голым, жорсткім практыцызмам, калі сутнасць рэчаў засланяецца выгадай і разлікам. Не, практыцызм Зазыбы такі, што ў ацэнцы падзей не страчваецца спрадвечная народная мараль. <…>

Герой проста дзейнічае згодна са сваёй натурай, згодна з ўласным адчуваннем жыцця. І ў вайну ён застаецца верным тым жыццёвым прынцыпам, якімі ён кіраваўся ў мірны час. Зазыба робіць так дзеля сваіх, вясковых людзей, якім верна служыў і да вайны. Ён хоча служыць ім гэтак жа верна і цяпер. Змяніліся толькі ўмовы. Адчуванне ў Зазыбы гэтых умоў такое: раз пад акупацыяй засталіся жыць людзі, то пражыць гэты час яны павінны па магчымасці найбольш правільна, з найменшымі стратамі і яго, Зазыбы, абавязак дапамагчы ім у гэтым. А дапамагчы ён можа толькі не ўхіляючыся ад падзей, якія ідуць насустрач, толькі будучы там, дзе першаму можна даведацца, куды кіруюцца падзеі. <…> Зазыба ўсім ладам сваіх адносін да падзей у час акупацыі вучыцца сам і вучыць іншых не гэтак таму, як ваяваць з ворагам, колькі як жыць ва ўмовах акупацыі. Але, як аказваецца, гэта па сутнасці адно і тое ж… Вобраз Зазыбы вырастае ў вельмі тыповую на акупіраванай тэрыторыі фігуру чалавека, які аказвае канкрэтную дапамогу ўсім, хто змагаецца з ворагам, і сам жыве і дзейнічае насуперак планам і намерам акупантаў, ствараючы агульную атмасферу непрыняцця ўсяго таго, што нясе з сабою вораг».

Дзяніс Зазыба разважае пра гістарычныя падзеі, удзельнікам якіх быў: «Заваёўнікі, якія б яны ні былі і ў які б час не прыходзілі, ніколі не разумелі чужога народа, як і гэты народ са свайго боку не разумеў іх. <…> Народ перш за ўсё думае не пра палітыку, якую прапаноўваюць яму, а пра саміх заваёўнікаў, пра тое, што яны ўварваліся ў яго межы і топчуць яго зямлю, нішчаць яго маёмасць, забіваюць яго суайчыннікаў, сярод якіх кожны чацвёрты — яго брат, яго сват, а то проста родзіч ці даўні знаёмы. У такіх выпадках народ заўсёды патрыёт…»

Няпростым выпрабаваннем для Зазыбы-бацькі стала вяртанне арыштаванага перад вайной сына Масея, які нечакана паявіўся ў Верамейках (такую магчымасць яму прадаставіла вайна). В. Каваленка заўважае, што «ў рэакцыі Зазыбы на выпадак звароту сына ў найвышэйшай меры выявілася прыроджаная разважлівасць героя, яго здольнасць да непаспешлівых, цвярозых учынкаў. І ён гэтым перамог хоць бы часова неспрыяльны збег абставін».

У адным з артыкулаў І. Чыгрынаў заявіў, што «раман — гэта народ». Пісьменнік быў перакананы: «Так, ёсць паняцці вялікая радзіма і малая радзіма, вялікая гісторыя і малая гісторыя. Дык вось пра вялікую гісторыю — ці дрэнна, ці добра, але нам яе выкладалі ў школе. Пра малую гісторыю ніхто і не ўспамінаў, яе як быццам і не было. І сяла быццам не было, і ў ім не жыў ніхто. І горада. А там жа жылі людзі, працавалі, радаваліся, паміралі. І ў сілу гістарычных лёсаў усёй краіны змагаліся, гінулі, падзяляліся на сваіх і чужых».

Аўтарская пазіцыя І. Чыгрынавым увасоблена ў вобразе Дзяніса Зазыбы, які бачыць, як гінуць сем’і партызан і паліцаяў, гараць вёскі. З болем у душы ён вымушаны прызнаць, што партызанамі часта кіруюць неапраўданая жорсткасць і помслівасць, цяжка герою апраўдаць жудасныя формы партызанскага змагання з ворагам. Зазыба выпадкова становіцца сведкам забойства малога паліцаевага сына: «Ну а гэты падлетак, паліцаеў сын? Хто яму наканаваў такую смерць? Дзе той суддзя, што займеў права забраць ягонае жыццё?»; «забіць чалавека — няцяжка». Вайна, лёс беспадстаўна асуджанага сына мяняюць светапогляд Зазыбы, які ганарыўся тым, што разам з іншымі «нараджаў» савецкую ўладу і быў адданы ёй. Праз эвалюцыю вобраза Дзяніса Зазыбы ў рамане выяўляюцца аўтарская пазіцыя, яго каштоўнасныя арыенціры. Пісьменнік сімпатызаваў чалавеку, які годна праходзіць праз выпрабаванні і страты і застаецца чалавекам.

На іншых жыццёвых пазіцыях стаіць Радзівон Чубар. У многіх жыццёвых сітуацыях ён паводзіць сябе незразумела. Прычыны паводзін героя, яго адносін да людзей і свету выявіліся пісьменнікам у аповедзе пра жыццё Радзівона. Не віна, а бяда Чубара ў тым, што, застаўшыся сіратой, ён не атрымаў належнага выхавання, у дзяцінстве ў яго свядомасць не былі закладзены неабходныя маральна-этычныя нормы быцця. Празаік паказаў тыповы шлях выхаванца савецкай улады з гіпертрафіраваным у яго свядомасці прыярытэтам грамадскага над асабістым. Гэта яскравы вобраз прадстаўніка камандна-бюракратычнай сістэмы, які прывык жыць па дырэктывах зверху.

Як справядліва заўважае крытык В. Каваленка, «кульмінацыяй маральнага і разам з тым палітычнага змізарнення характару Чубара з’яўляецца яго дзікі ўчынак, калі ён паліць на верамейкаўскім полі толькі што зжатае калгаснікамі жыта, каб яно не дасталося ворагу. <…> Усё бачыць, усё чуць, урэшце, усюды прысутнічаць — якраз тая тактыка, якая абяцае поспех у разгортванні барацьбы. Яна супрацьстаіць тактыцы Чубара, якая вядзе да адмежавання ад жывой плыні жыцця». Радзівон хацеў бы ўсё знішчыць на акупіраванай тэрыторыі, а хлеб для партызан і авёс для коней прывозіць на самалётах з-за фронту. З такой пазіцыяй не можа пагадзіцца Зазыба: «Не, брат, не так усё проста, як здаецца ды хочацца нам. Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым».

Раман «Вяртанне да віны» стаў лагічным працягам папярэдніх раманаў пенталогіі І. Чыгрынава, якая выявіла схільнасць мастака слова да шырокаахопнага, эпапейнага паказу жыцця, асэнсавання праблем і падзей усенароднага значэння.

У канцы ХХ стагоддзя выразна праявіўся крызісны стан мастацтва, абумоўлены эстэтыкай сацыялістычнага рэалізму, уплывам тагачаснай ідэалогіі. Беларуская проза ў лепшых сваіх узорах імкнулася глыбокапаказаць духоўныпатэнцыял чалавека, выявіцьнацыянальную самабытнасць роднага слова, гуманістычны і філасофскі патэнцыял думкі. Псіхалагічна-аналітычная аснова мастацкага мыслення прысутнічае ў падыходзе да пераасэнсавання падзей савецкага мінулага ў творах Васіля Быкава («Аблава»), Віктара Казько («Но пасаран»), Алеся Жука («Праклятая любоў»), Янкі Сіпакова («Кулак») і іншых пісьменнікаў.

Іван Навуменка (1925—2006) у аповесці «Вір» (1997) асэнсаваў праблему сацыяльна-маральных адносін навуковай і творчай інтэлігенцыі ў пасляваенны час, гады выкрыцця культу асобы і ў перыяд хрушчоўскай адлігі. Няпроста складваецца пасляваеннае жыццё выкладчыка-дацэнта вышэйшай школы, будучага пісьменніка Аляксандра Іванавіча Несцяровіча. Няўдалы шлюб з першай жонкай Ізольдай, жанчынай эгаістычнай, самаўпэўненай, якая на «шлюб глядзела як на нейкі ўзаконены саюз, дзе зусім не абавязковая ўзаемная адданасць мужа і жонкі», прымусіў хлопца быць асцярожным з жанчынамі. «Несцяровіч жанаты другі раз. Можна сказаць, што гэта ягоная драма і нават трагедыя. Ён ажаніўся з дзяўчынай першага, яшчэ школьнага, кахання, хоць прадчуваў, што гэтага не трэба было рабіць. Але ён не мог пераступіць праз пачуццё, якое гарэла ў душы амаль дзесяць гадоў. Гэта было безагляднае юнацкае каханне, якое не прымае ў разлік жыццёвай прозы, не звяртае ўвагі на супярэчнасці жыцця. Цяпер, з цягам часу, ён разумее, што Ізольда, першая жонка, яго зусім не любіла, звяртаючы ўвагу толькі на сваю асобу».

З другой жонкай Несцяровіч пазнаёміўся ў Мінску, дзе працаваў выкладчыкам на філалагічным факультэце ўніверсітэта. Шлюб аказаўся шчаслівым, жонка Галіна заўсёды цікавілася справамі мужа, была клапатлівай гаспадыняй: «Як у віхурным танцы, закружылася каханне Несцяровіча і Галі. Яна досыць начытаная, хоць вучылася ў наргасе, дзе літаратуру нават не выкладаюць. Гаворку з ёй можна весці на любую тэму. I розум у яе дасціпны, і гумарам валодае. Пазней Несцяровіч зразумеў, што была яшчэ адна, можа быць, самая галоўная прычына, якая з’яднала яго з Галяй. Ён быў мяккі, сузіральны, яна — дзейснаактыўная».

Несцяровіч-выкладчык — герой шмат у чым аўтабіяграфічны, ён чалавек творчы, працаваў у рэдакцыі часопіса «Юнацкі свет», дзе меў магчымасць сустракацца з пісьменнікамі, друкаваць свае нарысы. Назіранні за літаратурным жыццём удумлівыя, разважлівыя, пазбаўленыя катэгарызму, зайздрасці да таленавітых і кпінаў са слабейшых. Намаляванае аўтарам мікраасяроддзе часопіса тонка перадае настрой беларускай інтэлігенцыі: «А ў рэдакцыі, аказваецца, былі розныя людзі. Нават такія, што слухалі і запаміналі, перадавалі тое, што ён гаварыў, куды трэба. Прытым, відаць, у пісьмовым выглядзе, магчыма, з уласнымі дабаўкамі і перабольшваннямі». Навуменку-пісьменніка, як заўважае П. Васючэнка, заўсёды цікавіў працэс «фарміравання чалавечай асобы ў зменлівым навакольным свеце і ва ўнутранай, узроставай сістэме каардынат — тэмай, заяўленай І. Навуменкам на самым пачатку творчасці, з уласцівым ёй біяграфізмам і матывамі “выхавання”».

Першыя апавяданні маладога аўтара (пісаў ён іх ноччу з-за недахопу часу днём) заўважыла крытыка. Гэта былі нявыдуманыя гісторыі «пра самаахвярнасць сяброў-таварышаў, якія добраахвотна па ўласнай волі ўдзельнічалі ў падполлі, ішлі ў партызаны, на фронт... рызыкавалі сваімі жыццямі і нават жыццямі родных, блізкіх». Пачатак творчасці маладога пісьменніка прыпаў на гады хрушчоўскай адлігі, на перыяд выкрыцця асобы Сталіна, што надзвычай узрушыла Несцяровіча.

Пісьменнік засяродзіў увагу на партрэтных, пейзажных, побытавых дэталях, якія выразна характарызуюць атмасферу часу, умовы працы, адносіны выкладчыка-пісьменніка да калег, сяброў, прафесійнага абавязку. Аповесць «Вір» засведчыла, што ў прозе І. Навуменкі назіраецца ўзмацненне эпічнага і псіхалагічнага пачаткаў, і гэта напрамую звязана з пісьменніцкай увагай да дэталей, якія здольны выяўляць «схаваныя» сэнсы.

Іван Навуменка пісаў: «Дваццаты з’езд з дакладам Мікіты Хрушчова аб кульце асобы Сталіна ўражвае, узрушвае Несцяровіча да глыбіні душы. Асабіста яго культ асобы не закрануў. Хіба толькі пашкодзіў атмасферай падазронасці. Іхнюю падпольную групу, баявую, з канкрэтнымі вынікамі, якія лёгка праверыць, да гэтага часу афіцыйна не прызналі». Герой І. Навуменкі згадвае трыццаць сёмы год, калі бясследна знікалі людзі, неапраўданае раскулачванне працавітых сялян, пасляваенную атмасферу падазронасці ў рэдакцыі, дзе працаваў Несцяровіч. Пачутае пра Сталіна адгукнулася болем і трывогай у душы маладога выкладчыка, шчырага і зацятага рамантыка, але адначасова навучыла назіральнасці, асцярожнасці, дадало жыццёвай мудрасці.

У творы шмат дэталей, якія ў сціслай форме выяўляюць аўтарскую ідэю, становяцца адметным сродкам абагульнення. Так, І. Навуменка згадваў побытавыя дэталі пасляваеннага Мінска. Яны характарызуюць сацыяльна-эканамічны ўзровень жыцця народа, дакладна перадаюць атмасферу часу хрушчоўскай адлігі, калі «многія жыхары трымалі кароў, свіней, курэй, мелі агароды, умелі таўчы ў ступах крупы, а ў ліхую гадзіну на жорнах малоць муку». Пісьменнік праз трапнае адчуванне семантыкі дэталей падае маштабны малюнак жыцця.

У аповесці «Вір» шмат дэталей рэчыўнага свету, якія дапамагаюць выяўляць адносіны аўтара да эстэтычных і ментальных каштоўнасцей гістарычнага мінулага і сучаснасці і сведчаць пра трывалую рэалістычную традыцыю (чэхаўскую, талстоўскую) у творчасці пісьменніка.

Несцяровіча заўважылі старэйшыя пісьменнікі, адзін за другім выходзяць яго мастацкія творы. Але праца творцы — справа нялёгкая, яна патрабуе поўнай самааддачы, адпаведнага настрою. «...Пісанне — пакута, — прызнаецца герой. — Самая цяжкая работа, якая ёсць на свеце. Вядома, здараюцца выпадкі, калі пішацца лёгка, натхнёна. За адну ноч можа нарадзіцца апавяданне. Але такія ўзлёты духу бываюць рэдка. Галоўнае — праца. Сядзі, прымушай сябе жыць у часе, пра які пішаш, улазь у скуру герояў, у іхнія душы, выяўляй іх імкненні, жаданні. Пісьменнік — той жа артыст. Але своеасаблівы. Бо нават у невялікім апавяданні вымушаны іграць некалькі роляў. І не так проста даецца слова». Герой І. Навуменкі жыве клопатам не толькі пра прыгожае пісьменства, яго як выкладчыка хвалююць праблемы тагачаснага літаратуразнаўства.

Праца выкладчыка, як лічыць герой, нялёгкая: «Цяжка не лекцыі чытаць. Калі добра падрыхтуешся, асвоіш матэрыял, то стаяць за кафедрай прыемна. Бачыш перад сабой удзячныя твары студэнтаў і выходзіш з аўдыторыі з пачуццём выкананага абавязку».

Шматлікія жыццёвыя клопаты (вялікая загружанасць на выкладчыцкай працы, беспадстаўныя падазрэнні ў жончынай здрадзе, сквапная прагнасць былой жонкі да вялікіх аліментаў на сына) выпрабоўваюць героя на сумленнасць, загартаванасць, цярплівасць. Герой І. Навуменкі не пазбаўлены і летуценнасці, рамантычнага запалу: «Стала прывычнай завядзёнкай, што перш, чым сесці за стол, Несцяровіч блукае па лесе. Ён у такія хвіліны любіць адзіноту. Проста глядзіць на лес, на дрэвы, на зямлю, думаючы аб усім, што ў гэтыя хвіліны набяжыць на душу». Уражлівасць Несцяровіча прыносіць герою залішнія турботы, звязаныя з побытам: «Несцяровіч… піша пра другое. Пра пакаленне ідэалістаў, якое было досыць шматлікім як у перадваенны час, так і ў віхурныя дні вайны».

Наведванне дарагіх сэрцу мясцін юнацтва, дзе былі першае каханне, юнацкія мары і рамантычныя летуценні пра жыццё, абуджае ў Несцяровіча думку пра няпростыя жыццёвыя віры яго пакручастага лёсу, будучую прагную творчую працу, новыя мары і надзеі. «Даўно пасябраваў з лесам Несцяровіч. Яшчэ ў раннім дзяцінстве. Лес навяваў мары, летуценні, як бы рыхтуючы юнака ў далёкую жыццёвую дарогу. Лес і лячыць можа, супакойваць, уціхамірваць, калі мары не спраўджваюцца. Вірлівы, пакутлівы быў год, і як узнагарода — лясная цішыня. Падае пажухлы ліст, шасціць пад нагамі. На аголеным цёмным вецці вырасце наступнай вясной новы, зялёны, сведчачы, што жыццё не спыняецца, ідзе на новы круг».

Варта звярнуць увагу на загаловак твора. Пейзажная дэталь — вір — нясе вялікую семантычную нагрузку. Яна стварае адпаведны эмацыянальны настрой, дапамагае раскрыць псіхалагічны стан героя (вірлівасць яго думак, пачуццяў, настрою), выступае і сэнсавым акцэнтам, і фіксатарам аўтарскай задумы, і лейтматывам аповесці. Такім чынам, можна гаварыць пра яе структураўтваральную ролю ў мастацкім творы.

Мастацкая дэталь, вынесеная ў загаловак, удзельнічае ў рацыянальнай арганізацыі структуры тэксту, і чытачу даецца магчымасць дамаляваць-дадумаць цэлае. Беларуская проза ведае шмат прыкладаў, калі вынесеныя ў загаловак дэталі («Васількі», «Баян» М. Лынькова, «Тоўстае палена», «Малады дубок» Я. Коласа, «Круглянскі мост» В. Быкава і інш.) выступаюць кандэнсатарам аўтарскай ідэі. Герой-інтэлігент І. Навуменкі, выпрабаваны вірлівымі жыццёвымі клопатамі, сяброўствам, каханнем, упэўнена «ідзе на новы круг» жыцця, да плённых творчых адкрыццяў.

Аповесць І. Навуменкі «Вір» — адзін з апошніх твораў пісьменніка, у ім адчуваюцца, як адзначыў П. Васючэнка, «няспешнасць у маральна-этычным аналізе, арыентацыя на коласаўскі эпічны спакой і псіхалагічную разважлівасць».

Крытыкі, літаратуразнаўцы называюць Янку Сіпакова (1936— 2011) далікатным лірыкам, але не менш тонкім знаўцам чалавечай душы аказаўся майстар слова і ў прозе, асабліва пры асэнсаванні савецкай мінуўшчыны. Аповесць «Кулак» (1989) апавядае пра тыповы лёс беларуса ў адзін з драматычных перыядаў савецкай гісторыі — у гады сталінскай калектывізацыі. Аўтар паказаў, што раскулачванне ў 1930-я гады стала той дзяржаўнай палітыкай, пры якой цалкам ігнараваліся каштоўнасць чалавечага жыцця, інтарэсы асобы.

Пісьменнік расказаў пра заможнага гаспадара Ціта Ворашня. Зімой 1929 года селянін, распрадаўшы ўсё, што можна было, забівае вокны, развітваецца з хатай і накіроўваецца з сямейнікамі на чыгуначную станцыю, каб ад’ехаць у Сібір. Сцэна развітання з родным гняздом пададзена пісьменнікам праз плач-галашэнне гаспадыні Юстыні па дарагім сэрцу куточку: «Айё, айё, а хатачка ж ты мая родная, а як жа я табе радавалася, калі пераступіла твой парожачак, як я табой весялілася, як на цябе ўсё глядзела і нагледзецца ніяк не магла. А ты ж мне была за сябровачку, а ты ж мне была за матулечку, а ты ж мне была за сястрычачку... А на каго ж я цябе, маю гаротніцу, пакідаю...» Прычытанні жонкі і стрыманыя мужчынскія слёзы гаспадара ўзмацняюць трагедыйны пачатак твора.

Пра маштабы трагедыі беларускага сялянства сведчыць той факт, што Ціт не прадаў хату, ён «не стаў гэта рабіць наспех», бо «зараз у Сібір перасяляецца многа гаспадароў, і таму хаты зусім абясцэніліся». Гаспадар папрасіў суседа прыгледзець за хатай і не аддаваць «якому-небудзь гультаю, свістуну, абібоку». Працаўнік Ціт належыць да тых сялян, якія спрадвеку разлічвалі толькі на свае мазолістыя рукі і літасць прыроды. Новая ўлада цалкам ігнаруе эканамічныя і маральна-этычныя фактары гаспадарання на зямлі і спрадвечную псіхалогію сялянства, невыпадкова Ціт Ворашань абураецца: «Землебудаўніцтва нейкае прыдумалі. А нашто яе, зямлю, будаваць, калі яна і да нас ужо была пабудаваная. Будзь на ёй гаспадаром... будзь зямлі і сынам, і бацькам, ды і ўсё».

У творы Я. Сіпакова паказваюцца непадрыхтаванасць людзей да правядзення калектывізацыі, палітычная блізарукасць партыйных кіраўнікоў, іх разгубленасць перад складанымі праблемамі жыцця, памылковая ацэнка фактаў і падзей. Прычына такіх спрошчаных поглядаў на жыццёва важныя працэсы, як зазначыў Я. Сіпакоў, у дэгуманізацыі метадаў калектывізацыі, ігнараванні чалавеказнаўчых аспектаў вясковай рэчаіснасці. Прывабліваюць у творы пільная ўвага беларускага мастака да лёсу радавога чалавека, пафас абароны яго годнасці. Ва ўяўленні вяскоўца Ціта кулаком не можа быць заможны селянін, які дае працу аднасяльчанам і множыць багацце мазолістай працай сямейнікаў. Гаспадар Ворашань, менавіта так ён сябе называе, перакананы, што заможных сялян нельга лічыць ворагамі савецкай улады і такім чынам распальваць класавую варожасць на вёсцы. Да іх метадаў гаспадарання трэба прыглядацца, бо «багацце ж, яно ў вашых руках, на вашых далонях завязваецца», а пазіцыя «я не маю, дык і ты не май», як лічыць Ціт, бесперспектыўная і нават шкодная.

Працэсы перабудовы вёскі, як паказаў пісьменнік, выклікалі не толькі матэрыяльна-гаспадарчыя цяжкасці, яны паўплывалі яшчэ і на псіхалогію, светапогляд сялянства. Вынікі паспешлівай арганізацыі калгасаў паказваюць, наколькі яна была згубнай для вёскі наогул, бо знішчаўся селянін-гаспадар з яго вялікай адказнасцю за сябе, сваю сям’ю, здабыткі сваёй земляробчай працы.

Тэма калектывізацыі, тэма зямлі як асяроддзя існавання чалавека актуалізавала цэлы спектр праблем у творы. Па-мастацку ўвасобленыя погляды на калектывізацыю розных груп насельніцтва праўдзіва ўзнаўляюць у творы атмасферу палітычнай сітуацыі 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Працавітыя і заможныя, як Ціт Ворашань, не могуць зразумець, чаму «чым лепш і больш стараўся працаваць, тым горш было. Дык, а можа, увогуле гэтай уласці не падабаецца, калі чалавек добра працуець? Можа, ёй якраз не трэба, каб людзі працавалі? Дык а што гэта тады за ўласць такая, калі яна адных гультаёў плодзіць?»

«Які ж тады мёд будзіць, калі ў вуллі адны трутні астануцца? А ў нашым вуллі дужа ж ужо многа трутняў сабралася. І ўсіх іх аберагаюць. Унь Казябу і Шрубянка нават на курорт пасылалі. <…> Стаміліся, спрацаваліся, абібокі, ручкі-ножкі навярэдзілі. Не, гаспадара яны не пашлюць, а во такога гарлапана і са сметніка дастануць…» Так эмацыянальна востра крытыкуе гаспадарлівы Ціт палітыку бальшавікоў у дачыненні да сялян.

Ціт Ворашань спачувае і дапамагае хвораму, нямогламу бедняку і на дух не пераносіць гультаёў, як Аўлас Доўгі: «Канечне, і я б мог так жыць, як вунацька Аўлас Доўгі жывець. Устаніць, памыецца, прычэшацца — валасінку да валасінкі, мокрыя, прыложыць, — паснедаець, выйдзіць на вуліцу і на сонца глядзіць: а яно ўжо недзе к абеду падкочваецца. “Ого, як яшчэ рана”, — скажыць і на лаўку — гэп! — сядзіць. Сенакос не сенакос, жніво не жніво, а ён сядзіць і сядзіць». 

Галоўны герой бескампрамісны ў сваім непрыманні гультайства, асабліва яго абражаюць зняважлівыя адносіны, бязлітасныя здзекі з яго беднякоў-актывістаў, такіх як Харлам Шрубянок, які «бацькаву гаспадарку разбурыў і бацьку самога з хаты выгнаў», давёў да турмы аднавяскоўца Шабуню. Калектывізацыя ў аповесці «Кулак», на думку аўтара, агаляла самае цёмнае і страшнае ў чалавеку. Зло ўзнікае ў творы ў шматлікіх варыянтах: у сям’і, стаўленні кіраўнікоў да аднавяскоўцаў-сялян, узаемаадносінах моладзі і старэйшага пакалення, адносінах да царквы і чалавека наогул.

Ціт Ворашань з болем згадвае папоў-расстрыг, якія ад царквы адхрышчваюцца. Селянін бачыць у гэтай падзеі вялікую небяспеку для грамадства: «Ой дурнота, ой дурнота! А ў што ж мы тады верыць будзем, калі не ў Бога? У нешта ж чалавеку верыць нада. І баяцца нечага. А так жа без гэтай веры і боязні распуста пачынаецца. Забіць? Калі ласка! Украсці? Звычайна! Вунацька колькі і коней, і кароў, і свіней у акрузе пакралі. Кожны дзень, лічы, крадуць. І рабуюць. <…> Разбэсціліся без Бога, распусціліся. <…> Я кацянят не магу ўтапіць, а яны дзяцей душаць».

Падзеі вясковага жыцця пры савецкай уладзе паказваюцца праз успрыманне галоўнага героя селяніна Ціта з вёскі Кросніца. Гаспадар з жонкай і дзецьмі едзе на чыгуначную станцыю, каб канчаткова з’ехаць у Сібір, бо на роднай зямельцы, як прызнаецца сам гаспадар, «не даюць жыць так, як мы хочам». Ціт — чалавек міласэрны, добры, спагадлівы, жаласлівы: батракам кавалак хлеба даваў і дах над галавою.

На прыкладзе сям’і Ворашняў паказана бесчалавечнасць новага парадку на вёсцы. Сумленны селянін не разумее, як па-звярынаму можа паводзіць сябе чалавек, як можа быць сапсавана яго душа. Янка Сіпакоў праз адлюстраванне падзей 30-х гадоў ХХ стагоддзя востра выявіў супрацьстаянне дабра і зла.

Блуканне сям’і па пакутах праўдзіва перададзена аўтарам праз плач-галашэнне жонкі, унутраны маналог-боль самога Ціта па дарозе на станцыю, драматычную танальнасць пейзажных замалёвак. Развітанне з хатай як духоўным апірышчам, радавым гняздом, якое моцна трымае чалавека на гэтым свеце, раскрывае сэнс жыцця вяскоўца, матывацыю ўчынкаў герояў. Праз развагі Ціта Ворашня паказаны погляды розных людзей на калектывізацыю. Толькі не сама калектывізацыя цікавіла пісьменніка Я. Сіпакова, а тое, як яе ўспрымалі жывыя людзі, такія як гаспадар Ворашань, лайдакі-актывісты Шрубянок, Казяба, Аўлас Доўгі і іншыя аднавяскоўцы. Відавочна, што простага адказу ні аўтар, ні яго героі не знойдуць: «Божа, каму гэта нада, каб селянін, які хочыць работаць на сваёй зямлі і жыць як чалавек, так мучыўся, пакутаваў і гараваў?! А што ў той Сібіры чакаець іх? <…> А куды едуць? А навошта? <…> ...Задумана ў Сібір перасяліць больш за паўмільёна беларусаў. Пачакай, а хто ж тады тут астанецца? Дык жа ўсе, хто ўмеець з зямлёю гаварыць, павыедуць. А хто ж у нашых Кросніцах астанецца?»

Роздум селяніна па-дзяржаўнаму практычны, па-філасофску глыбокі, ён думае пра вынікі трагічнай адчужанасці чалавека ад родных каранёў, духоўнае ўбоства людзей зайздросных, сквапных на чужое: «...ёсць у чалавеку нешта дужа брыдкае, цёмнае. Яно, мусіць, з зайздрасці пачынаецца: “А ў таго яблык у садзе большы”, “А ў таго хата лепшая”. Дык а хто табе не даець? Пасадзі лепшую яблыню. Пастаў і ты лепшую хату. <…> Дык жа не, сабе ён хату ставіць не хочыць... але ж і табе ў тваёй хаце жыць таксама не дасць... <…> О, якая для іх радасць, калі яны бачаць, што чалавек пакутуець. Якія яны шчас­лівыя тады, калі іншаму чалавеку дрэнна. Чужыя пакуты — для іх за радасць. А чалавек не для пакут радзіўся. <…> Ад Бога гэтага не было. Няхай жывець і радуецца чалавек, казаў Бог. Не, пакуты — наш лішні цяжар. Хаця — няпраўда. Нада! Нада, піхума, пакуты чалавеку! Каб чалавек чалавекам станавіўся. З пакутамі ён радавацца будзіць больш, кожнай дробязі будзіць рады». Развагі селяніна Ціта адлюстроўваюць маральнае аблічча героя, яго чалавечую занепакоенасць і духоўную моц.

Звернем увагу на загаловак аповесці. Слова «кулак» нясе эмацыянальна-ацэначную функцыю ў творы. Праз развагі селяніна, яго эмацыянальнае ўспрыманне гэтага слова выяўлены і характарыстыка самога Ціта, і аўтарскія адносіны да падзей у творы. Ціт Ворашань успрымае слова «кулак» як кляймо-пракляцце, што навісла над яго сям’ёй зімой 1929 года, як абразу ўласнай гаспадарлівасці. «А як мяне самога толькі не абзывалі: і кулаччо, і міраед, і эксплуататар, і жываглот, і скула…»; «Я адшчапенец, я пазбаўлены голасу, я лішэнец… А які ж я… праступнік…»; «Ты — кулак. І ўсё тут. Ты кулак — значыць, вінаваты. Значыць, ніхто з табою і не пагаворыць, як з чалавекам. Быццам пракляцце якое». Дзякуючы наяўнасці адмоўна-ацэначных слоў «міраед, «эксплуататар», «жываглот», «скула», «адшчапенец», «лішэнец» узмацняецца адмоўная ацэнка героя, яго справы, выказаная новымі гаспадарамі. Невыпадкова так абураецца Ціт Ворашань: «Божа, дык што ж гэта за пракляцце такое нада мною вісіць, што за кляймо нязводнае — кулак. Няўжо не толькі мне, але і дзецям маім, унукам маім, усё сваё жыццё з гэтым кляймом жыць?!»

Антанімічнае слову «кулак» «бядняк» набывае ў аповесці сацыяльна-ідэалагічны змест, становіцца своеасаблівай ахоўнай граматай пэўнай часткі сялянства: «Чаго гэта нас падзяляюць? Мы ж такія, як вы. Усе мы аднолькавыя». А яны яму: «Не, не такія — вы кулаччо, а мы беднякі». Пры ўсёй варожасці беднякоў да такіх гаспадароў, як Ціт Ворашань, апошні не схільны ахайваць усіх незаможных сялян. Гаспадар Ціт не прымае толькі тых, якія жывуць па прынцыпе: «…я бядняк, у мяне нічога няма, бо я ляны, не хачу працаваць, а хачу кіраваць. <…> Яны ўсюды лезуць, усюды крычаць: “Цяпер наша ўласць, беднякоў”. Такіх беднякоў Ворашань характарызуе як гультаёў, абібокаў, лайдакоў, трутняў, лежабок, галадранцаў і інш. У тэксце глыбокі сэнс мае слова «гаспадар» (той, хто вядзе гаспадарку). З пашанай успамінае Ціт словы ранейшага старшыні сельсавета: «“Вы, Ціт Ляксандравіч, не кулак. Вы гаспадар”. Бывала, сустрэніць, пагамоніць, пра гаспадарку распытаецца. Разумны быў чалавек…».

Мастацкай антытэзе «кулак» — «бядняк» супрацьпастаўлена «гаспадар — «гультай», з дапамогай якой паўней і глыбей перадаюцца псіхалагічнае самаадчуванне героя, яго жыццёвая пазіцыя. Чаму ж тады пісьменнік не назваў твор «Гаспадар»? Назва твора «Кулак» выявіла канфлікт селяніна са сваім часам, яго чаканняў з сацыяльна-эканамічнай палітыкай партыі бальшавікоў. Аўтар даў магчымасць чытачу самастойна вызначыць, хто ж насамрэч Ціт Ворашань — кулак або гаспадар.

Цікавасць Я. Сіпакова да ўплыву грамадскіх працэсаў на лёсы людзей не паслаблялася на працягу ўсяго творчага жыцця, але абумоўленасць паводзін чалавека толькі знешнімі фактарамі не была дамінуючай, мастака прываблівалі рух і ваганні чалавечай псіхікі як самастойнага феномена.

Назіраючы за ломкай старога ладу жыцця ў гады калектывізацыі, пісьменнік разам са сваімі героямі спрабаваў знайсці апору ў трывалых маральна-этычных каштоўнасцях беларускага народа, адсюль такая пільная ўвага мастака слова да канфліктных псіхалагічных сітуацый, у якія траплялі яго героі, да складаных унутраных драм, якія не заўсёды паддаюцца лагічнаму тлумачэнню. Пры ўсіх супярэчнасцях чалавечых характараў, увасобленых у творах беларускага пісьменніка, яго погляды на чалавека і свет аб’ядноўвае адзін магутны стрыжань — трывалая і моцная прага асобы да жыцця. Перш за ўсё яна выявілася ў адлюстраванні гарманічнай еднасці прыроды са станам чалавека, у багатай палітры чалавечых перажыванняў.

Лірыка-філасофскае светабачанне Я. Сіпакова ўвасоблена і праз малюнкі прыроды. У аповесці «Кулак» стан душы селяніна-гаспадара паказаны ў адзінстве з прыродай. Празаік выяўляе глыбіню натуры Ціта Ворашня з усімі яе эмацыянальнымі, падсвядомымі, характаралагічнымі асаблівасцямі.

Янка Сіпакоў выкарыстаў у аповесці такі кампазіцыйны прыём, як абрамленне (гэта плач-галашэнне маці Юстыні ў пачатку твора і галашэнне яе дачкі Любы ў канцы аповесці), што дало магчымасць злучыць жахлівае мінулае 1930-х гадоў з не менш страшнай чарнобыльскай навалай, якая напаткала ўжо старую Любу, сярэднюю дачку Ціта. Ва ўсе часы чалавек імкнуўся жыць свабодна і незалежна, але не заўсёды яго шляхі да ажыццяўлення мэты былі звязаны з найменшымі маральнымі стратамі. І, як паказвае лёс сям’і Ціта Ворашня, пошукі выйсця са стану несвабоды вельмі складаныя. Для гэтай сялянскай сям’і яны былі трагічныя: Ціт сілком трапіў у Сібір у «рыштанцкай кухваечцы», дзе, «панаеўшыся хлеба лагернага», згінуў у поўнай невядомасці, а яго дачка Люба, у 1986 годзе ўжо старэнькая бабулька, як калісьці яе маці ў далёкім 1929 годзе, галосіць-енчыць над бядой, якую прынёс Чарнобыль. Гэта бяда гоніць дзяцей і ўнукаў з роднай хаты, з карміцелькі-зямелькі ў невядомы свет. І як калісьці бацька неспадзявана рашуча павярнуў каня дадому, так і Любоў Цітаўна «борзенька... узбегла на ганачак, кінулася ў сенцы, спяшаючыся, зачыніла дзверы за сабою, зашчапілася і там, ля дзвярэй, заціхла — мусіць, прыслухоўвалася: ці будуць ламаць? Але ламаць дзвярэй ніхто не стаў». Кампазіцыя аповесці дазваляе ахапіць вялікі часавы адрэзак, закрануць набалелыя пытанні нацыянальнага быцця.

У творы Янка Сіпакоў выступае як добры знаўца чалавечай псіхалогіі. Пра гэта сведчаць багацце аўтарскай выяўленчай палітры, трывалая сувязь характару і абставін у працэсе мастацкай тыпізацыі. Пісьменнік здолеў выявіць істотнае, характэрнае ў вясковым побыце: тут нямала дакладных дэталей, рэалій, як сацыяльна-эканамічных, так і маральна-этычных, псіхалагічных. Лірычная проза Я. Сіпакова мае вялікі зарад душэўнай цеплыні і выступае актыўным сродкам сцвярджэння гуманістычных ідэалаў.

Сучасная проза як жывы літаратурны працэс развіваецца ў розных жанрах, узбагачаецца новымі творамі, вядзе дыялог сама з сабой, з іншымі сферамі жыцця, з чалавекам і часам, напаўняецца энергіяй маладых пісьменнікаў.