Драматургія

Асноўныя тэндэнцыі ў развіцці беларускай драматургіі на сучасным этапе

Драматургія заклікана ісці ў нагу з часам, адгукацца на падзеі грамадскага жыцця. Таму драматург павінен бачыць вострыя канфлікты свайго часу, каб адлюстраваць іх у творы. На хвалі працэсаў перабудовы і разняволення творчай думкі ў 1990-я гады ў беларускую драматургію прыйшлі новыя маладыя аўтары. Яны імкнуліся ствараць п’есы актуальнай тэматыкі, якія былі б запатрабаваны нацыянальным тэатрам і чытачом, бо тагачасныя тэатры Беларусі ў асноўным былі арыентаваны на рускую і замежную класіку.

Новая культурная сітуацыя, змены ў свядомасці прывялі да змен у літаратуры. Наступіў новы этап у яе развіцці, які засведчыў змену светапоглядных і мастацкіх арыенціраў, вызваленне ад ранейшых стэрэатыпаў. Перад беларускай драматургіяй адкрыліся новыя перспектывы, звязаныя з засваеннем такіх мастацкіх напрамкаў, як мадэрнізм і постмадэрнізм. Мадэрнісцкая і постмадэрнісцкая літаратура адрозніваюцца ад рэалістычнай перш за ўсё спосабам успрымання рэчаіснасці. У такіх творах свет дэфармуецца, змяняюцца звыклыя для рэалізму адзнакі прасторы і часу, не захоўваюцца прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі і з’явамі, а таксама парушаюцца іншыя заканамернасці чалавечага быцця. Свет набывае адзнакі абсурднасці, хаатычнасці. Новая канцэпцыя рэчаіснасці непазбежна прыводзіць і да новага разумення абумоўленасці чалавечага характару і лёсу. На яго ўплываюць касмічныя сілы, тэхнакратычная рэальнасць, працэсы, якія адбываюцца ў самім чалавеку і з якімі ён не ў сілах саўладаць.

У сучасным літаратурным працэсе адзначаецца суіснаванне некалькіх мастацкіх сістэм: рэалізму, постмадэрнізму і іншых, унутры якіх выяўляюцца стылёвыя падсістэмы. У гэтым унікальнасць сітуацыі ў літаратуры і драматургіі на мяжы стагоддзяў. Паралельна развіваецца адразу некалькі традыцый, ні адна з якіх не прэтэндуе выцесніць іншыя, бо ўсе яны валодаюць яшчэ не вычарпаным крэатыўным патэнцыялам. Яны не перакрэсліваюць, а дапаўняюць адна другую ў асэнсаванні, спасціжэнні свету і чалавека, спосабах мастацкай характарыстыкі.

Творчасць сучасных драматургаў вызначаецца імкненнем да эксперымента, пошукам новых мастацкіх сродкаў і форм выказвання. Разам з тым яны арыентуюцца на лепшыя здабыткі нацыянальнай драматургіі, бо без ведання традыцый немагчымы рух наперад. Адбываецца пашырэнне і абнаўленне тэматыкі і праблематыкі твораў. У цэлым у беларускай драматургіі канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя творчы пошук вядзецца аўтарамі ў двух асноўных напрамках. Першы звязаны з эксперыментальнай драматургіяй, выпрабаваннем новых форм умоўнасці, нетрадыцыйным выкарыстаннем сцэнічнай прасторы і часу, зваротам да свету ірацыянальнага, фантастычнага і інш. Другі напрамак вызначаецца творчым развіццём лепшых традыцый айчыннай драматургіі, трансфармацыяй назапашаных ёй мастацкіх сродкаў.

Пра паглыбленне традыцыйнай тэматыкі ў сучаснай драматургіі сведчыць п’еса Уладзіміра Бутрамеева (нар. у 1953) «Страсці па Аўдзею» (1989). Трагічны лёс беларускай вёскі і сялянства, тэма «раскіданага гнязда» ў гэтым творы паказаны ў стылі лепшых традыцый Шэкспіра. Выведзеная аўтарам цэльная страсная натура Аўдзея варта жанру трагедыі.

У лёсе Аўдзея і яго сям’і ўвасоблены трагізм беларускага сялянства ў 1930-я гады. Драматург стварыў яркі, запамінальны характар беларуса-працаўніка, на якім спрадвеку трымаўся трывалы лад жыцця вяскоўцаў. Вобраз Аўдзея тыпалагічна блізкі да вобраза Міхала, героя паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа. Канфлікт у драме «Страсці па Аўдзею» — паміж філасофіяй селяніна-працаўніка і сілай руйнавання, якую ўвасабляе сталінская калектывізацыя. Аўдзей, аднаасобнік на хутары, трымаецца спрадвечнага, традыцыйнага ўкладу жыцця. Галоўная крыніца яго дабрабыту — праца: цяжкая, катаржная, але самаахвярная і сумленная. І неадольнае жаданне селяніна мець кавалак уласнай зямлі, гаспадарыць на ёй, мець плён ад працы, быць гаспадаром лёсу. У. Бутрамееў паказаў прывязанасць Аўдзея да зямлі як абсалютна натуральнае чалавечае пачуццё. Гісторыя раскулачвання Аўдзея падаецца драматургам як ахвярніцкі акт — адсюль і евангельская назва твора.

Спектакль па п’есе «Страсці па Аўдзею» (другая назва — «Крык на хутары») быў пастаўлены на сцэне Беларускага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) рэжысёрам Валерыем Раеўскім у 1989 годзе, за год да публікацыі твора ў друку. Спектакль, які прынёс вядомасць У. Бутрамееву як драматургу, на працягу дзесяцігоддзяў быў у рэпертуары тэатра.

Многія дасягненні сучаснай беларускай драматургіі звязаны з жанрам камедыі, якая набывае новыя адметнасці. Традыцыю «прапускаць жыццё праз прызму смешнага», гаварыць пра сур’ёзнае мовай сатыры і гумару, перамагаць зло «самым гуманным сродкам — смехам» перанялі ад Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка такія сучасныя драматургі, як Мікола Матукоўскі, Анатоль Дзялендзік, Георгій Марчук, Мікола Арахоўскі, Уладзімір Сауліч, Мікола Казачонак, Алег Ждан, Алесь Асташонак, Андрэй Федарэнка, Максім Клімковіч, Міраслаў Адамчык. Асэнсаванне шматграннай і складанай сучаснасці з дапамогай гратэску, гіпербалізаванага завастрэння жыццёвых сітуацый і з’яў, парадаксальнага спалучэння камічнага з трагічным адбываецца ў камедыях Уладзіміра Сауліча «Сабака з залатым зубам», «Халімон камандуе парадам», «Адзін Гаўрыла ў Полацку», Івана Стадольніка «Залатое вяселле». Жанрава-стылёвай разнастайнасцю вызначаюцца творы Георгія Марчука: камедыя--лубок1 «Вясёлыя, бедныя, багатыя», народная музычная камедыя «Калі заспявае певень», лірычная камедыя «Салодкія слёзы» і інш.

Сучасныя драматычныя творы, у якіх прысутнічае камедыйны пачатак, вельмі сінкрэтычныя ў жанрава-стылёвым плане. Для сучаснай беларускай літаратуры ўвогуле характэрна імкненне да сінкрэтызму. У драматургіі ж гэта асабліва заўважаецца. На мяжы XX— XXI стагоддзяў у беларускай драматургіі папулярнасць набывае жанр трагікамедыі. На сучасным этапе да жанру трагікамедыі звярнуліся Алесь Ждан («Сям’я для старога сабакі»), Iван Чыгрынаў («Госці»), Сяргей Кавалёў («Чатыры гісторыі Саламеі»).

__________

1 Каме´дыя-лубо´к — камедыя, напісаная ў стылі народнага лубка; вызначаецца прастатой, даступнасцю, ёмістасцю вобразаў, займальнасцю.