Проза

Уводзіны

У сучаснай беларускай прозе шмат новага і эксперыментальнага звязана з творчымі асобамі, якія свабодна спалучаюць стылі, змешваюць гістарычныя факты і фантазію. Сёння актыўна ідзе абнаўленне жанравых форм. Традыцыйныя літаратурныя жанры перажываюць другое нараджэнне, набываюць новую змястоўнасць. Назіраецца тэндэнцыя да мінімалізацыі формы ў сучаснай беларускай прозе: абразкі, імпрэсіі, лірычныя мініяцюры, карацелькі, эцюды, замалёўкі набываюць папулярнасць не толькі ў аўтараў, але і ў чытачоў. Шырокае распаўсюджанне атрымалі прытча і прыпавесць. Малыя празаічныя формы — фрэскі, мроі, зацемкі, пятрогліфы, акварэлі і іншыя — прысутнічаюць у творчасці Леаніда Галубовіча, Уладзіміра Сцяпана, Людмілы Рублеўскай і інш.

Сучасная беларуская проза як арганічная частка сусветнай імкнецца спасцігнуць саму сутнасць чалавечага існавання, матывацыю паводзін людзей розных пакаленняў. Сённяшняя проза пазбягае даваць гатовыя адказы і рашэнні на пастаўленыя пытанні. «Мудрае сумненне» пануе ў літаратуры гэтага часу. Пад уплывам сучасных экалагічных фактараў, тэхналагічных адкрыццяў, дынамікі развіцця гуманітарных ведаў у мастацкай прозе крышталізуецца новы тып мыслення, арыентаваны ў першую чаргу на працэсы глабалізацыі ў свеце.

Сучасная беларуская проза ў кантэксце лепшых еўрапейскіх мастацкіх традыцый вырашае актуальныя пытанні чалавечага быцця праз абазначэнне праблемы парога-мяжы (напрыклад, рух — статыка, дзяцінства — юнацтва і інш.), што дае магчымасць мастаку зазірнуць у патаемныя куточкі чалавечай душы, глыбіні падсвядомага, але дарога да сябе не выключае цікавасці і да іншых людзей, якія жывуць у пэўным гістарычным часе.

Праблема мяжы-парога ў ваеннай прозе відавочная, тут ёсць вялікія дасягненні Васіля Быкава, Віктара Казько, Івана Шамякіна, Івана Навуменкі, Вячаслава Адамчыка і інш. Пісьменнікаў Анатоля Казлова, Уладзіміра Сцяпана, Андрэя Федарэнку і іншых цікавяць асаблівасці чалавечай псіхікі, адлюстраванне розных поглядаў сучасніка на свет.

У літаратуры гэтага перыяду плённа працавалі і працуюць як пісьменнікі старэйшага пакалення з ярка выражанай творчай індывідуальнасцю (Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Пташнікаў, Віктар Казько і інш.), так і маладзейшыя (Пятро Васючэнка, Адам Глобус, Уладзімір Сцяпан, Андрэй Федарэнка і інш.). Іх творы сталі набыткам шырокага кола чытачоў, атрымалі прызнанне літаратурнай грамадскасці. Апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя дало магчымасць пісьменнікам асэнсаваць значны перыяд гісторыі народнага жыцця: сталінскія рэпрэсіі, гвалтоўную калектывізацыю, незаконныя дзеянні органаў дзяржаўнай бяспекі, драматычныя падзеі ваеннага часу.

Неверагодныя факты, падзеі, глыбокія перажыванні ўражваюць чытачоў шчырай праўдзівасцю і дакументальнай асновай. Кнігі Сяргея Грахоўскага («Такія сінія снягі», «Зона маўчання», «З воўчым білетам»), Барыса Мікуліча («Аповесць для сябе»), Паўла Пруднікава («Яжовыя рукавіцы», «Пекла») кранаюць сваёй эмацыянальнасцю і ўзрушанасцю ў адлюстраванні трагічных падзей гісторыі.

У лёсавызначальны для беларускага народа перыяд канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя ўзрастае роля дакументальна-аўтабіяграфічнай прозы. Давер да аўтара, які сам перажыў і не па чутках ведае тое, пра што піша, безумоўна, вялікі. Папулярнасць аўтабіяграфічнай прозы (асабліва дзённікавай) Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Васіля Быкава, Івана Шамякіна на мяжы тысячагоддзяў абумоўлена перш за ўсё тым, што ў творах адлюстравана ўнутранае глыбокае і невычэрпнае пісьменніцкае жыццё, а аўтарскія ацэнкі недагматычныя.

Прысутнасць у сённяшняй прозе старэйшага і маладога пакаленняў пісьменнікаў вызначае шырыню і глыбіню яе тэматыкі і праблематыкі, разнастайнасць творчых метадаў даследавання рэчаіснасці. Дастаткова пашыранай з’явай у творы стала сёння спалучэнне пісьменнікамі як рэалістычных, так і ўмоўных сродкаў паказу жыцця (Віктар Казько, Янка Сіпакоў і інш.).