Іван Чыгрынаў

Біяграфія

Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.

Ніл Гілевіч.

Дзяцінства Івана Чыгрынава, як і многіх пісьменнікаў філалагічнага пакалення, было апалена вайной. Народны пісьменнік Беларусі І. Чыгрынаў прадоўжыў справу Кузьмы Чорнага, І. Мележа, В. Быкава ў стварэнні народнага эпасу. Таленавіты, самабытны мастак слова — аўтар шматлікіх апавяданняў, раманаў, п’ес, кінасцэнарыяў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў — грунтоўна апісаў Беларусь і беларусаў у віры розных падзей: у часы сівой даўніны, ваеннага ліхалецця, пасляваеннай галечы і ў 80—90-я гады ХХ стагоддзя.

Страшныя малюнкі ваеннай навалы назаўсёды засталіся ў яго памяці: «Аднойчы ўсюдыісная “рама” (нямецкі самалёт-разведчык Fw 189A-1) заспела мяне ў полі, я бег да маці, якая з меншымі дзецьмі палола проса. Пачалася пагоня жалезнай птушкі за васьмігадовым хлопчыкам. Мне добра былі відаць зрэзаны шлемам твар нямецкага лётчыка, ухмылка яго, зубы. Ён увесь час спрабаваў загнаць мяне, узяць у прыцэл, аднак дарма — ці то мэта была занадта малая, ці то я сапраўды так выкручваўся і своечасова валіўся, што кулі толькі пляскаліся ды ўспорвалі вакол мяне зямлю. ...Я ўвесь час меў на прымеце невялікі раўчук пасярод поля, амаль шчыліну, і, нягледзячы на тое, што віхляў, з кожным кідком набліжаўся да яго, пакуль нарэшце не зваліўся на дно яго. <…> Дзіўна, але ад узрушэння я раптам заснуў у сваёй надзейнай хованцы і ўжо далей нічога не памятаў...»

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Гадаваўся будучы пісьменнік у сялянскай сям’і: бацька — старшыня сельсавета, маці — звычайная працаўніца-калгасніца. Пазней І. Чыгрынаў з вялікай удзячнасцю ўспамінаў маці, Хадоску Ігнатаўну, на плечы якой клаўся ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей (у сям’і іх было восем). Вялікі ўплыў на станаўленне светапогляду будучага пісьменніка аказаў яго дзед — Ігнат Міхайлавіч Кажанаў. Перажытае ў гады ваеннага ліхалецця і ў нялёгкі пасляваенны час потым было таленавіта адлюстравана І. Чыгрынавым у апавяданнях «Бульба», «За сто кіламетраў на абед», «Ішоў на вайну чалавек», «У ціхім тумане», «У баку ад дарогі...», раманах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і інш. Сам мастак слова так акрэсліў след, які пакінула вайна ў яго біяграфіі: «У вайну хапіла ўсім — і дарослым, і дзецям... На вайну прыпалі толькі тры няпоўныя гады майго жыцця, але якраз яна стала галоўнай падзеяй, якая вызначыла на доўгі час маю творчасць».

У пачатку вайны было бежанства, але хутка прыйшлося вяртацца ў родную хату. Вёску І. Чыгрынава спалілі карнікі перад самым вызваленнем. Людзям прыйшлося жыць у зямлянках. Як бы ні было складана сям’і будучага пісьменніка, яго маці заўсёды прымала салдат-акружэнцаў і дапамагала ім. 

Вёска Вялікі Бор пацярпела не толькі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і ў мірны час: яе накрыла радыяцыйная хмара ў выніку чарнобыльскай катастрофы 1986 года. Чарговая трагедыя моцна ўсхвалявала душу І. Чыгрынава. Водгукам на балючыя выклікі часу сталі п’есы пра наступствы аварыі «Хто вінаваты» і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца». Гэта тэма знайшла ўвасабленне ў вершы А. Пісьмянкова «Вялікі Бор», які ён прысвяціў свайму земляку І. Чыгрынаву.

 

Дарога да ведаў пачалася яшчэ ў даваенны час: у 1940 годзе хлопец пайшоў у першы клас Вялікаборскай сямігодкі. Нямецкая акупацыя перапыніла вучобу, але пасля вызвалення Магілёўшчыны ад фашыстаў будучы пісьменнік зноў сеў за школьную парту. Успамінаючы тыя нялёгкія часы, Іван Гаўрылавіч пісаў, што вучыцца яго пакаленню прыйшлося ў складаных умовах: «На падлозе ў класах бялеў шорсткі снег, з канца ў канец цёмнага калідора гуляў едкі вецер. Не засталося за час акупацыі ні абсталявання, ні прыбораў. <…> Да самай вясны даводзілася затыкаць у класах, чым трапіць, шчыліны, устаўляць у рамкі па кавалачках бітае шкло, нарыхтоўваць дровы…» Маладая настаўніца Вольга Пятроўна Азарава з энтузіязмам узялася за справу і вучыла аптымізму сваіх вучняў. 

У 1949 годзе Іван паспяхова скончыў сямігодку, і маці настаяла, каб ён працягваў вучыцца далей. Да Саматэвіцкай сярэдняй школы кожны дзень прыходзілася дабірацца восем кіламетраў. Гэту школу скончыў і народны паэт Беларусі А. Куляшоў. Вучыцца І. Чыгрынаву было цікава, бо мясціны і людзі, апісаныя ў куляшоўскіх кнігах, былі добра вядомы школьнікам. Той факт, што ў роднай школе некалі вучыўся аўтар паэмы «Сцяг брыгады», як прызнаваўся сам Іван Гаўрылавіч, прымусіў вельмі адказна ставіцца да вучобы і абудзіў жаданне паспрабаваць свае сілы ў літаратуры. А. Куляшоў часта бываў у роднай вёсцы, сустракаўся з дарослымі і дзецьмі, і гэта акалічнасць стала вызначальнай, каб Іван пайшоў па літаратурнай дарозе.

Яшчэ ў школе юнак захапіўся літаратурай, пачаў сам пісаць вершы, таму невыпадкова, што жыццёвы шлях прывёў яго на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, дзе ён пазнаёміўся з маладымі і таленавітымі літаратарамі. Аднакурснікамі І. Чыгрынава былі І. Пташнікаў, В. Адамчык. Студэнцкія гады (1952—1957) сталі часам літаратурных спроб найперш у паэзіі. Так, дэбютны верш «Сон трактарыста» быў надрукаваны ў 1952 годзе ў часопісе «Полымя». У год заканчэння ўніверсітэта ў «Чырвонай змене» ўбачыла свет яго невялікая аповесць «Аўгуст Андрэ: тайна адной экспедыцыі» пра подзвіг шведскага інжынера, даследчыка Арктыкі. Сам мастак слова лічыў пачаткам сталай літаратурнай дзейнасці 1961 год, калі ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» з’явілася яго апавяданне «Праз гады». Каб быць больш пераканаўчым у адлюстраванні рэчаіснасці ў сваіх творах, І. Чыгрынаў імкнуўся паглыбіцца ў стыхію народнага жыцця. Ён неаднаразова адпраўляўся пехатою з Мінска ў родную вёску. Гэтыя падарожжы давалі пісьменніку шмат назіранняў, уражанняў ад сустрэч з самымі рознымі людзьмі.

Таленавіты, амбіцыйны, у лепшым разуменні гэтага слова, мастак нястомна працаваў на літаратурнай і грамадскай ніве. Пасля вучобы ва ўніверсітэце Іван Гаўрылавіч працаваў на розных пасадах у рэдакцыях выдавецтва «Навука і тэхніка» АН Беларусі (1957—1962), часопіса «Полымя» (1962—1975), быў на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1975—1986). У складзе дэлегацыі Беларусі ўдзельнічаў у рабоце ХХХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1978), з 1987 года быў старшынёй праўлення Беларускага фонду культуры. У 1988 годзе выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына». Іван Гаўрылавіч валодаў талентам не толькі пісьменніка, але і літаратурнага крытыка і кінасцэнарыста. Так, у 1974 годзе майстар слова стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за сцэнарый шматсерыйнага фільма «Руіны страляюць…» (сцэнарый напісаны ў суаўтарстве з І. Новікавым). Фільм прысвечаны героям Мінскага падполля, у тым ліку Герою Савецкага Саюза Уладзіміру Сцяпанавічу Амельянюку (1917—1942).

У літаратурным, як і ў грамадскім, жыцці І. Чыгрынаў быў максімалістам, таму паспеў зрабіць многае, за што ў 1994 годзе атрымаў званне народнага пісьменніка Беларусі. Вынікам першых творчых пошукаў у жанры апавядання стаў зборнік «Птушкі ляцяць на волю», які быў надрукаваны ў 1965 годзе. Потым былі і іншыя апавяданні, якія ўвайшлі ў зборнікі «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973).

Аднак І. Чыгрынаў больш вядомы як пісьменнік-раманіст, які пераканаўча паказаў драматычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Ён напісаў пенталогіюпра нялёгкія выпрабаванні беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час, якая складаецца з наступных раманаў: «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992), «Не ўсе мы згінем» (1996).

За першыя два творы ў 1979 годзе аўтар быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева. Паводле трох раманаў у 1990 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёр Ігар Дабралюбаў зняў шматсерыйны тэлевізійны фільм «Плач перапёлкі».

Іван Чыгрынаў выявіў сябе і як таленавіты перакладчык «Слова пра паход Ігаравы» (1991). Дзякуючы яму на беларускай мове загучалі апавяданні І. Андрыча, В. Бялова, Я. Еўтушэнкі, В. Ліханосава, У. Салаухіна, п’есы Максіма Горкага «На дне» і Усевалада Вішнеўскага «Аптымістычная трагедыя». Творы самога І. Чыгрынава перакладзены на многія мовы народаў свету: англійскую, арабскую, армянскую, балгарскую, грузінскую, іспанскую, нямецкую, польскую, рускую і многія іншыя.

Як драматург Чыгрынаў вядомы на п’есах «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (1986), «Следчая справа Вашчылы» (1988), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1988), «Звон — не малітва» (1988), «Ігракі» (1989), «Прымак» (1994) і інш.

Уся творчасць пісьменніка — гэта філасофскія развагі над гістарычным вопытам беларускага народа, дзе выяўляецца духоўны стрыжань — ідэя нацыянальнага яднання.

Сэрца народнага пісьменніка І. Чыгрынава перастала біцца 5 снежня 1996 года.