«Гандлярка і паэт»
Гандлярка і паэт
Гісторыя напісання твора. Аповесць «Гандлярка і паэт» была напісана ў 1975 годзе, у наступным годзе яна надрукавана ў часопісе «Полымя». У 1977 годзе ў перакладзе на рускую мову твор з’явіўся ў друку ў Маскве ў папулярных у той час выданнях: часопісе «Молодая гвардия» і «Роман-газете». Па матывах аповесці «Гандлярка і паэт» І. Шамякіным быў створаны сцэнарый аднайменнага фільма. Яго пастаноўку на кінастудыі «Масфільм» у 1978 годзе ажыццявіў Самсон Самсонаў. Прэм’ера фільма адбылася 7 мая 1979 года.
З пазіцый сучасных ацэнак літаратурнага твора зразумела, што аповесць «Гандлярка і паэт» была новай з’явай у савецкай літаратуры: яе наватарства даследчыкі звязваюць з нетыповым для тагачаснага мастацтва вобразам галоўнай гераіні — гандляркі з Камароўкі. У 1970-я якраз за гэта найбольш папракалі пісьменніка. У аўтабіяграфічнай аповесці «Слаўся, Марыя!», напісанай напрыканцы 1990-х, згадваючы гісторыю стварэння “Гандляркі і паэта”, І. Шамякін апавядаў: «У той час станоўчая гераіня — гандлярка! Жах! Калі “Гандлярка і паэт” была вылучана на Дзяржаўную прэмію, трое маіх сяброў паехалі ў Маскву на савет па беларускай літаратуры і… завалілі аповесць менавіта па гэтых матывах: каго аўтар выводзіць у гераіні падполля — гандлярку! Быццам ад таго, што Вольга гандлявала на Камароўцы сваёй гароднінай, яна страціла свае чалавечыя і жаночыя якасці».
Успаміны пісьменніка сведчаць пра тое, што аповесць «Гандлярка і паэт» была неадназначна сустрэта чытацкай аўдыторыяй: адны вылучалі яе на высокую ўзнагароду, другія — не прымалі аўтарскую канцэпцыю галоўнай гераіні. У той час на людзей, якія займаліся гандлем на рынках, глядзелі як на перажытак мінулага, бо ў адпаведнасці з савецкай ідэалогіяй чалавек павінен быў пазбавіцца ўласніцкіх звычак і псіхалогіі.
Аповесць «Гандлярка і паэт» годна прайшла выпрабаванне часам і сёння не страчвае актуальнасці дзякуючы сваёй маральна-этычнай праблематыцы і пазнавальнаму зместу. Наватарства пісьменніка заключалася ў праўдзівым адлюстраванні рэчаіснасці акупіраванага Мінска ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўдзелу ў змаганні з ворагам людзей розных сацыяльных груп і поглядаў. У аснову твора І. Шамякіным быў пакладзены, па сутнасці, рэальны факт. У рукі пісьменніку трапіў сшытак з вершамі, які прынесла ў Саюз пісьменнікаў жанчына. Яе цётка ў час Вялікай Айчыннай вайны выкупіла з нямецкага палону хворага хлопца. Ён і стаў прататыпам Алеся Шпака ў шамякінскай аповесці. Прататыпам выратавальніцы паэта стала вядомая ўсяму Камароўскаму рынку гандлярка Вольга — «прыгажуня, весялуха, рагатуха». Яна абудзіла ў празаіка жаданне напісаць аповесць пра гандлярку-падпольшчыцу.
Тэма Мінскага падполля цікавіла І. Шамякіна яшчэ з пасляваеннага часу. Яму хацелася расказаць праўду пра арганізатара падпольнага руху Івана Кавалёва, якога ў час Вялікай Айчыннай вайны схапілі немцы. Доўгі час героя-падпольшчыка лічылі здраднікам і толькі ў 1957 годзе Бюро ЦК КПБ яго рэабілітавала. У «Гандлярцы…» Іван Кавалёў — прататып падпольшчыка Яўсея — з’яўляецца хоць і другарадным, але важным для сюжэта твора героем.
Пазнаёміўшыся са зместам сшытка выратаванага паэта, І. Шамякін зразумеў, што яму трапілася сапраўдная знаходка: «…Во ён, сюжэт: Вольга выкуплівае палоннага, і ён паэт! А для суседзяў? Незвычайная сітуацыя ў звычайных для вайны абставінах». Празаік адмовіўся ад намеру напісаць твор пра Мінскае падполле і вырашыў: «Лёс жанчыны — во аснова! Незвычайнай жанчыны — гандляркі!»
Тэма трагічнага лёсу жанчыны на вайне. Тэма трагічнага лёсу жанчыны на вайне распрацоўвалася І. Шамякіным, пачынаючы з самых ранніх яго твораў. У першай аповесці «Помста» яна раскрываецца праз вобраз смяротна хворай жонкі маёра Раманенкі, якая ў апошнія хвіліны жыцця просіць мужа пакараць нямецкага афіцэра, які закатаваў яе свякроў і дачушку-немаўля. У рамане «Глыбокая плынь» трагізмам лёсу вылучаюцца вобразы забітай яўрэйскай жанчыны, малое дзіця якой выратавала Тацяна Маеўская, а таксама вобраз Насці, якая ў вайну нараджае сына і застаецца ўдавой. У рамане «Сэрца на далоні» Зосю Савіч празаік правёў праз выпрабаванні падпольным жыццём, канцлагерам і высылкай у Сібір як дачкі «ворага народа». У «Снежных зімах» праз вобраз Марыны Казюры пісьменнік выявіў трагедыю шматлікіх маці, у якіх вайна забрала сыноў, а праз вобраз Надзі — драму жанчын, чые мужы вырашылі служыць акупантам. У Валі з аповесці «Шлюбная ноч» вайна забрала каханага.
У аповесці «Гандлярка і паэт» І. Шамякіну адкрыўся новы ракурс адлюстравання трагічнага лёсу жанчыны на вайне. Праз вобраз Вольгі Ляновіч ён паказаў, як давялося выжываць маладой маці з дзіцем ва ўмовах акупацыі. Яе муж апынуўся на фронце, і клопат пра сям’ю лёг на плечы жанчыны. Але Вольга, змалку прывучаная да працы, не разгубілася ў перыяд безуладдзя ў пачатку вайны: назапасіла прадуктаў з разбураных ворагам крам, сабрала рэчы з пакінутых людзьмі кватэр. Такім своеасаблівым чынам у гераіні спрацавала засвоеная з дзяцінства практыка забеспячэння дабрабыту сям’і.
Але клопат пра тое, як пракарміць сябе і дзіця, стаў не самым галоўным выпрабаваннем для спрактыкаванай гандляркі. Больш складанай ва ўмовах акупацыі для маладой адзінокай жанчыны аказалася задача абароны сябе, дзіцяці і маёмасці. Трэба было абараняцца ад немцаў, паліцаяў, рабаўнікоў. Нахабна прыставаў да прывабнай і практычнай Вольгі, набіваючыся ў прымы, паліцай Друцька, бо думаў, што яна блізкая да яго па светапоглядзе і духу. Гэта акалічнасць стала вызначальнай у прыняцці Лявонічыхай рашэння дапамагчы сяброўцы вызваліць чалавека з палону: «Вольга думала пра тое, што ўсё часцей і часцей да яе заглядаюць паліцаі і, падвыпіўшы, ліпнуць са сваімі брыдкімі пяшчотамі. Ад паліцаяў яна пакуль што адбівалася: каму мусіла дарыць пацалунак як надзею на большае, абы ў той час адчапіўся, а каму аплявуху і кухталя — не лезь па чужое. Ды вось разам з паліцаямі пачалі заходзіць немцы і таксама пазіраюць, як каты на сала. А гэтыя гады не будуць цырымоніцца, згвалцяць на вачах у дзіцяці, у старой Марылі, у душу наплююць, зняславяць на ўвесь горад. Гэтага яна баялася, як смерці. Дык чаму ж ёй не ўзяць у дом мужчыну? Узялі ж некаторыя бабы, у якіх мужы, як і ў яе, на вайне. Пры мужчыне, ды яшчэ калі ён называецца мужам, не адважацца нахабнічаць. Адась? Што ж, калі ён вернецца (Божа мой, калі гэта можа здарыцца!), яна пакаецца... Хоць, магчыма, і каяцца не трэба будзе. Няма сумнення, што Лена мае заданне выратаваць не абы-каго, а напэўна, камандзіра ці камісара, камуніста, відаць, немаладога чалавека ўжо. Такі, нават жывучы ў адным доме, не стане пасягаць на яе жаночы гонар. А калі ўжо здарыцца грэх — сама яна не выстаіць, то няхай гэта будзе з адным, са сваім чалавекам, па-добраму, па згодзе».
Асэнсоўваючы тэму трагічнага лёсу жанчыны ў ваенны час, І. Шамякін закрануў праблему вернасці і паказаў, што вайна часта станавілася прычынай сямейнай здрады. Да такога кампрамісу яшчэ да знаёмства з Алесем псіхалагічна гатова Вольга Ляновіч, і ў гэтым жыццёвая праўдзівасць яе вобраза. У адпаведнасці з народнымі ідэаламі асуджэння заслугоўвае Надзя з рамана «Снежныя зімы», якая, уцёкшы да партызан ад мужа-здрадніка, становіцца франтавой жонкай камандзіра атрада, ведаючы, што ў яго ёсць сям’я. Аднак кранае здольнасць гераіні адпусціць каханага ў сям’ю і самаахвярна пранесці каханне да яго праз усё жыццё.
Нарэшце, усклаўшы на слабы пол не ўласцівыя яго гендарнаму прадвызначэнню функцыі, вайна забірала ў жанчын жыццё, рабіла сіротамі дзяцей, разлучала закаханых.
Вобраз Вольгі Ляновіч, яе шлях да духоўнага ўзвышэння. Каханне ў лёсе гераіні. Менавіта за паэтызацыю вобраза гандляркі крытыкі дакаралі пісьменніка, але сёння ён лічыцца несумненнай знаходкай І. Шамякіна. Па задуме, як прызнаваўся пазней аўтар, ён не меў намеру вылучыць гандлярку на першы план, галоўным павінен быў заставацца паэт. І калі гандлярка павяла сюжэтнае дзеянне за сабой, пісьменнік, па яго ўласным прызнанні, «знаходзячыся, як і ўсе іншыя, у палоне дагматаў, і ідэалагічных, і літаратурных… пісаў Вольгу з пэўнай насцярогай».
Аднак творчая фантазія аўтара аказалася мацнейшай за ідэалагічныя ўстаноўкі. Вобраз гандляркі атрымаўся жыццёва пераканаўчым, у ім гарманічна спалучылася высокае і прыземленае. У гэтым вобразе І. Шамякіну ўдалося ўвасобіць усю супярэчлівасць чалавечай натуры. Вольгай нярэдка кіруюць жыццёва-прагматычныя інтарэсы, яна найперш клапоціцца пра матэрыяльны дабрабыт. Аднак мастак слова не адмовіў гераіні ў мажлівасці развіцця, удасканалення, ён верыў у духоўны патэнцыял чалавека і выявіў тыя фактары, якія спрыялі яго раскрыццю.
Вобраз Вольгі Ляновіч паказаны празаікам у эвалюцыі. У пачатку твора невыпадкова расказваецца пра яе сям’ю, бацькоў, бо менавіта яны фарміравалі светапогляд Вольгі, яе адносіны да жыцця, працы, людзей. «Міхала Ляновіча на Камароўцы паважалі, але лічылі, што дабрабыт сям’і, нават значная па тым часе заможнасць, якой суседзі зайздросцілі, трымаецца не на заробку гарбара, хоць майстар ён і добры, а на працы і гандлі Ляновічыхі, вядомай цёткі Хрысці, нявыбранай, але прызнанай старасціхі ўсіх камароўскіх гандлярак: яе нават міліцыянеры баяліся, бо тых, хто з ёй сябраваў, яна шчодра частавала, а тых, хто хацеў перашкодзіць ёй ці ўсёй “гандлёвай карпарацыі”, магла зняславіць не на адзін рынак — на ўвесь горад».
Пра заможнасць Ляновічаў сведчаць «найлепшая для таго часу мэбля, дываны на сценах, адзенне ў трох вялікіх, як кантэйнеры, шафах, розны посуд, швейная машына, ажно два веласіпеды, два самавары, не кажучы ўжо пра тое, што хавалася ў двух вялікіх паграбах і на гарышчы». Аўтар яшчэ раз падкрэсліваў, што «ўсё гэта набыта Ляновічыхай, яе працай, яе камерцыйнай увішнасцю». Гаспадарку вяла Хрысця «на ўзроўні вышэйшых агранамічных дасягненняў», адной з першых займела цяпліцы, таму і прадавала самую раннюю агародніну. Яна сама працавала, «як нявольніца, як рабыня. Ад цямна да цямна», не шкадуючы сябе, сваіх высілкаў. Увішная маці Вольгі і дзяцей сваіх з самага ранняга дзяцінства прывучала працаваць і выхоўвала асабліва: і пакараннем, і няласкавым словам, была строгая, асабліва з дачкой.
Цешылася маці, што Вольга падобна на яе, і з гонарам пахвалялася: «Уся ж у мяне…» І калі пасля смерці мужа Хрысця хутка змарнела, яе з маладой сілай і энергіяй замяніла дачка. Ад маці яна пераняла працавітасць, камерцыйную кемлівасць, засталося ёй і імя — Ляновічыха. Вольга нават пераўзыйшла маці ў жыццёвай практычнасці: «умела ўсю самую цяжкую чорную работу на Адася ўзваліць. Але на рынку паводзіла сябе, бадай, больш умела, спрытна і ў той жа час асцярожна, з улікам кан’юктуры».
Такія аўтарскія ўдакладненні дазваляюць зразумець, што менавіта сям’я іграе выключную ролю ў фарміраванні асобы, яе ўзаемадачыненняў з іншымі людзьмі. Аўтар заўважыў, што сваё сумеснае жыццё пражылі бацькі дзяўчыны «без асаблівай любові і прыхільнасці адзін да аднаго». І паколькі маці гаварыла пра свайго мужа «са скептычнай паблажлівасцю», то і дзеці «прызнавалі больш матчын аўтарытэт, бацька заўсёды знаходзіўся як бы ў цяні. А не стала яго — асірацела хата, і сама Ляновічыха адразу змарнела, сцішылася, страціла цікавасць да багацця, пабляклі неяк адразу для яе ўсе набытыя нікеляваныя ложкі, паліраваныя шафы, густа абсыпаныя нафталінам футры». Пасля смерці гаспадара Хрысця вельмі хутка страціла сэнс і радасць жыцця. Гэта сведчыць пра тое, што наяўнасць спакойнага, сціплага мужа была духоўнай апорай для знешне моцнай жанчыны.
У аповесці амаль нічога не сказана пра ўзаемаадносіны Вольгі з мужам, але можна меркаваць, што паміж імі не было глыбокіх пачуццяў і Вольга, мабыць, не ўспрымала яго больш, чым добрага работніка. Калі Адася незадоўга да пачатку вайны ўзялі на ваенныя зборы, яна засталася адна з дзесяцімесячнай малой, «не вельмі бядуючы». «Калі суседкі праводзілі ў ваенкамат мужоў і сыноў, Вольга зусім шчыра пагаласіла разам з імі», але пазней нават не згадвала пра Адася. Стэрэатып узаемаадносін бацькоў наклаў адбітак і на ўяўленні Вольгі пра ўласнае сямейнае жыццё.
Маладая Ляновічыха вырасла і выхавалася ў сям’і, дзе галоўную ролю на сябе ўзяла яе маці, таму зусім заканамерна і натуральна, што Вольга гатова ўзваліць на сябе клопат пра сваю сям’ю. Не вельмі спалохала жанчыну нават вайна, наадварот, яе практычны розум знаходзіць станоўчае ў гэтым. Пісьменнік заўважыў, што «пра мужа і брата яна падумала не адразу. Перш-наперш прыгадала матчыны расказы, што ў вайну вельмі даражэюць прадукты. Прыкідвала, якую цану назначыць, каб не прагадаць».
І. Шамякін невыпадкова засяродзіўся на паказе паводзін гераіні ў перыяд безуладдзя, калі жыхары Мінска, назіраючы, як «тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць», пачалі расцягваць народнае дабро, рабаваць крамы. Вольга не разгубілася: рызыкуючы жыццём, надрываючыся, яна цягне дадому ўсё, што можа, найперш — прадукты харчавання. З псіхалагічнай заглыбленасцю і перакананасцю перадаў празаік адчуванні, думкі і дзеянні гераіні. Камерцыйны вопыт падказаў Ляновічысе, што «ў будучым, бадай, самым каштоўным прадуктам стане гэтая агідная гара, якую многія жанчыны пракліналі. Таму, як і мужчыны, яна перш за ўсё схапіла скрынку гарэлкі, ускінула на плячо». Зразумеўшы, што пакуль занясе тавар дадому, у магазіне нічога не застанецца, «паспрабавала на другое плячо ўзваліць скрынку рыбных кансерваў, ды адчула, што дзве скрынкі не данясе. Трапіў на вочы няпоўны мяшок макаронаў — зручней несці. Не, мала. За пазуху, у кішэні можна накласці цукерак, шакаладак. Напхала цукерак усюды, адкуль яны не маглі высыпацца, нават у рукавы. Сем патоў выліла, пакуль данесла ўсё дадому па чэрвеньскай спякоце. І адразу ж кінулася назад». Пісьменнік дэталёва апісаў уладу над жанчынай спажывецкага інстынкту: забываючы пра страх і стомленасць, яна імкнецца назапасіць як мага больш дабра.
Увайшоўшы ў азарт, яна сваімі паводзінамі бянтэжыць нават мужчын. Сустрэўшы ў краме міліцыянераў і адчуўшы «няўпэўненасць ахоўнікаў парадку», Вольга ашаламляе іх сваімі паводзінамі і словамі: «На, страляй! Забівай сваіх, падла ты! Начальнікі твае пяты падмазалі, а цябе паслалі, дурня, вартаваць дабро. Для каго? Для паліцаяў? Для Гітлера?» Вольга дабіваецца свайго (узвальвае на плечы скрынку кансерваў, бярэ бутлю з алеем), але пісьменнік-псіхолаг паказаў, якой цаной жанчыне дастаецца гэта перамога, што схавана за знешняй упэўненасцю і зухаватасцю: «Выйшла ўпэўнена і пайшла ўпэўнена, але на вуліцы ёй здалося, што дула рэвальвера нацэлена ў патыліцу. Па спіне пацёк ледзяны пот, памлелі ногі». Перадаючы адчуванні гераіні, І. Шамякін выявіў майстэрства псіхалагічнай абмалёўкі характару.
У сітуацыі хаосу і ўседазволенасці ў натуры гераіні не толькі моцна праяўляецца гандлярскі практыцызм, але і абуджаюцца раней невядомыя ёй самой адчуванні, якія кіруюць яе дзеяннямі. Апраўдваючы свае паводзіны, маладая Лявонічыха даволі рацыянальна разважае, што «бярэ сваё, народнае, і не дзеля п’янства бярэ, не дзеля забавы — карміць дзіця, карміцца самой, бо хто цяпер пра яе паклапоціцца, калі муж ваюе, брат ваюе». Цяжка асудзіць клопат маці пра дзіця і сямейны дабрабыт. Але звычайнаму чалавеку складана зразумець, што, рызыкуючы ўласным жыццём, маці ставіць пад пагрозу і будучыню сваёй дачкі. Пачуццё меры, апраўданасць учынкаў часам адсутнічаюць у гераіні, і гэта бянтэжыць нават яе самую: «зноў з’явілася адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Зноў не сядзелася дома, невядомая сіла, нейкі душэўны пратэст, а можа, праўда, звычайная сквапнасць, за якую людзі ўпікалі яшчэ маці яе, цягнулі на вуліцу — на пошукі дабра ці навін».
Да псіхалагічнага партрэта Вольгі Ляновіч дадаў пісьменнік і наступную характарыстыку: «у яе заўсёды была хлапецкая зухаватасць». Гэтыя «зухаватасць», «адчайная смеласць», «азарт», «жаданне рызыкнуць яшчэ разок», уласцівыя яе адметнаму тэмпераменту, мабыць, спрацавалі і ў фінальным учынку гераіні, прычыну якога не варта звязваць толькі з уплывам на яе светапогляд паэта Алеся Шпака. Яшчэ падбіраючы ў горадзе дабро, Вольга прыхоўвае кабуру з пісталетам. І робіць, па аўтарскім удакладненні, гэта не толькі таму, што «дачка гарбара ведала цану добрай скуры. <…> Ці падсвядома нараджалася нешта больш сур’ёзнае: а раптам у той невядомасці, што чакае наперадзе, спатрэбіцца і пісталет?» Яшчэ да з’яўлення ў яе хаце паэта да Вольгі прыходзілі нечаканыя і супярэчлівыя думкі: «Не, з Ленай [Бароўскай] ёй не па дарозе. Але разам з тым людзі такія, як уся сям’я Бароўскіх, што жывуць у холадзе і голадзе, не схіляюць галавы перад немцамі, не гнуць спіны, упершыню неяк зусім інакш, не па-абывацельску — каб перамыць ім костачкі з суседкамі на рынку — зацікавілі Вольгу, больш таго, яна адчувала да іх павагу, ад якой самой зрабілася страшна. Калі пра іх так думаць, то і палюбіць іх можна, захапіцца імі і пайсці за імі, на смерць пайсці». Фактычна Вольга акрэсліла шлях свайго ўласнага духоўнага ўзыходжання, у якім выключную ролю надала пачуццю любові. Моцная характарам жанчына тым самым як бы падкрэслівае сваю ўнутраную гатоўнасць рызыкаваць жыццём дзеля тых, каго любіць. Ведаючы сябе, яна адначасова баіцца, бо адчувае, што ў сваіх учынках гатова ісці да канца. Па волі лёсу Вольга загіне, баронячы таго, кім захапілася і каго пакахала.
Алесь з’явіўся ў яе жыцці дзякуючы Лене Бароўскай, якую гандлярка не заўсёды разумела, часам асуджала, але заўсёды паважала, бо адчувала сілу яе духу. Спрактыкаваная Вольга была ўпэўнена, што адных духоўных перакананняў мала, каб выжыць ва ўмовах вайны, таму клікала Лену Бароўскую за мукой на хлебазавод. І нават пасля таго, як яе празмерна ідэйная сяброўка адмовілася назапашваць харчаванне, Вольга шкадуе дзяўчыну, яе сям’ю і падтрымлівае прадуктамі. З лепшага боку Вольгу характарызуе і той факт, што яна «ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка…»
Вольгу і яе маці І. Шамякін, мабыць, невыпадкова надзяліў набожнасцю і закрануў у сваёй аповесці праблему веры ў Бога. Пісьменнік заўважыў, што гандлярцы ў спадчыну «Евангелле матчына засталося», але гэту кнігу жанчына прапанаваць выратаванаму ёю паэту не магла, бо «адчувала — пакрыўдзіцца хлопец, камсамолец жа, безумоўна». Сама Вольга крыўдзіцца, калі Алесь з іроніяй выказваецца пра Біблію:
«— Волька, я нічога ад цябе не ўтойваю.
— Пакляніся.
— На чым? На Бібліі, якую ты чытаеш? — іранічна хмыкнуў ён…»
У такім адказе паэта аўтарам выявілася не толькі жаданне маладога чалавека ў чарговы раз папракнуць, перавыхаваць сваю выратавальніцу, але і сур’ёзнасць адносін жанчыны да рэлігіі: святыя кнігі не толькі былі ў яе хаце, яна чытала іх, чытала і паэзію, якой захапіў яе Алесь. Ці не гэтак жа далучэннем да Бібліі, якую «разам з іншымі кнігамі — для яго — яна купіла на барахолцы», Вольга імкнецца ўтаймаваць занадта ідэйнага патрыёта. Па маладосці і нявопытнасці, па ідэйнай запраграмаванасці не мог зразумець юнак сэнсу такога «падарунка». Празаік адзначыў, што знаёмае для гераіні і душэўнае прасвятленне, адчуванне абноўленасці пасля прычасця: «Ёй проста захацелася зразумець яго, глыбей заглянуць у душу. Чаму ён за нейкія тры гадзіны раптам стаў такі...
— Які? — засмяяўся ён на яе запытанне.
— Як... пасля прычасція».
З гэтым душэўным прасвятленнем Вольга параўноўвае «перамену ў Алесевым настроі пасля яго выхаду ў горад у завейны дзень… Не доўга ён гуляў… а вярнуўся — як абноўлены. Стоеная радасць прасвечвалася ў вачах, у кожным слове, у тым, як ён размаўляў з ёй, як гуляў са Светкай і якія вершы чытаў.
Вольга здагадалася, ад чаго ён такі: знайшоў сваіх, звязаўся з імі, іншай прычыны для такога настрою ў гэтага чалавека быць не магло».
Алесь Шпак — у супрацьвагу гандляркам, Вользе і яе маці, — чалавек патрыятычнага і атэістычнага светапогляду. Аднак пісьменнік не спяшаўся рабіць свайго героя ваяўнічым атэістам, як таго патрабавала савецкая ідэалогія. І. Шамякін выкарыстаў ёмістую дэталь, якая глыбока раскрывае ўнутраны свет паэта. Надзелены тонкім эстэтычным густам, ён захапляецца не рэвалюцыйнымі вершамі Блока, хоць і канстатуе факт прыняцця паэтам рэвалюцыі. Яго чуйную душу кранае паэзія Блока дарэвалюцыйнай пары. Юнака бянтэжыць пытанне Вольгі пра любімага паэта: «Ён што… У Бога верыў?» А яе самую, здаецца, ніколькі не цікавіць адказ, бо далей гераіня «павучальна, як маці сыну ці настаўніца вучню гаворыць: «Вось бачыш: хто ў Бога верыў, той і пісаць добра ўмеў». І тое, што на гэтыя словы Алесь запярэчыў нясмела, сведчыць, што ён не быў ваяўнічым атэістам, як некаторыя прадстаўнікі тагачаснага маладога пакалення.
І. Шамякін заўважыў, што росту грамадзянскай свядомасці гандляркі спрыялі знаёмства з чалавекам, улюбёным у высокадухоўнае мастацтва (вершы Блока, «дзіўныя, малазразумелыя, прымусілі задумацца. Сапраўды, у што ёй верыць? У Бога? У Сталіна?»), і каханне да таго, хто адкрыў для яе гэты новы свет. «Можа, галоўнае ў тым, — разважае пісьменнік, — што з ім яна пачула сябе ж багацейшай і… чысцейшай. Душэўна чысцейшай. Раней ніколі не думала, што акрамя таго багацця, якое можна купіць і прадаць, ёсць яшчэ такое, душэўнае, якое не купляецца ні за якія грошы, але з якім лягчэй жыць, калі маеш яго — усё жыццё набывае іншы сэнс». Менавіта каханне да паэта абуджае ў гандлярцы жаданне быць лепшай.
Аўтар не імкнуўся асудзіць Вользіну набожнасць, якая ўмацоўвалася жыццёвымі выпрабаваннямі, і ў нейкі момант гераіня «пачала прымаць страх як боскую кару за сваё няправіднае жыццё, за неразумныя ўчынкі і грэшныя думкі». Гандлярка, імкнучыся абараніць каханага ёю чалавека, здолела здзейсніць гераічны ўчынак. Жанчынай рухала любоў да бліжняга, Вольга была ўпэўнена, што яе практычны розум, «зухаватасць» дапамогуць перахітрыць ворага, а чысты сумленны юнак застанецца жывым, абароненым ад сваіх і чужынцаў.
І. Шамякін пераканаўча паказаў, што ўсведамленне Вольгай неабходнасці змагання з ворагам прыйшло да яе невыпадкова і не толькі пад уплывам Алеся Шпака. Гэты працэс прыспешылі і першая сустрэча з ворагам, пасля якой у гандляркі з’явілася пачуццё здрады свайму сумленню; і жах, які апанаваў яе ў канцлагеры, калі ўбачыла зняволеных; і жахлівае відовішча павешаных у скверы, якое ўзняло з глыбіні яе душы непадробны гнеў, нянавісць да ворагаў; і знаёмства з арганізатарам падполля Яўсеем. Але найперш гэта вынік складанага ўнутранага працэсу духоўнага ачышчэння і ўзвышэння асобы гераіні. Так у аповесці «Гандлярка і паэт» выявіліся як канкрэтна-гістарычныя, так і агульначалавечыя ўніверсальныя каштоўнасці.
Вобраз Алеся Шпака. Супярэчлівасць характару героя. Вобраз Алеся Шпака, як і Вольгі Ляновіч, крытыкай успрымаецца неадназначна. Некаторыя з даследчыкаў адзначаюць выключную ролю паэта ў духоўным узвышэнні гандляркі. Іншыя літаратуразнаўцы недаацэньваюць вобраз Алеся Шпака, адзначаючы яго кан’юнктурнасць. Так, напрыклад, па меркаванні даследчыцы Валянціны Локун, жывому і рэальнаму вобразу гандляркі па ступені мастацкай дасканаласці значна саступае «заідэалагізаваны, маральна просталінейны» вобраз Алеся Шпака. Літаратуразнавец не ўлічыла той факт, што юны паэт у аповесці І. Шамякіна з’яўляецца адным з прадстаўнікоў маладога пакалення савецкіх людзей, якое ў першыя гады народнай улады сапраўды аказалася найбольш ідэалагічна апрацаваным, таму ў час вайны вызначалася надзвычайным гераізмам.
Аднак, паводле аўтарскай задумы, Алесь Шпак з’яўляецца не толькі рупарам савецкіх ідэалаў. Гэты вобраз больш шматгранны і неадназначны. Пры ўсёй сваёй ідэйнай запраграмаванасці (акрыяўшы пасля лагера, ён рыхтуе сябе да барацьбы, крытыкуе Вольгу за гандлярства і несвядомасць) юнак не страціў дабрыні, чалавечнасці, спагадлівасці, удзячнасці. Яго гераічная пафаснасць, крытычныя адносіны да светапогляду Вольгі ўспрымаюцца не толькі як вынік савецкага выхавання, але і як праяўленне юначага максімалізму, уласцівага людзям маладога веку (герою ўсяго дваццаць гадоў!). І калі б Алесь быў тыповым прадстаўніком заідэалагізаванага пакалення, то наўрад ці трэсла б яго ў ліхаманцы пасля забойства немца, і наўрад ці, не сумняваючыся, забіў бы ён знаёмага паліцая. Аўтар жа паказаў, што такое заданне падпольнай арганізацыі выводзіць героя са стану душэўнай раўнавагі, пазбаўляе спакою, юнак перажывае страх, пакутуе, што не здольны на змаганне, да якога сябе рыхтаваў.
Адну з прычын таго, чаму Алесю Гапанюку вельмі цяжка даецца забойства іншага чалавека, хоць і ворага, трэба шукаць у тым, што паэт-рамантык, выхаваны маці-настаўніцай на ўзорах класічнай дасавецкай літаратуры, мае надзвычай тонкую, цнатлівую душу, прытрымліваецца маральна-этычных норм чалавечых узаемаадносін. Ён вельмі адказна ставіцца да свайго знаходжання ў хаце Ляновічаў, адчувае віну перад мужам Вольгі. Калі яна безаглядная ў каханні, то хлопец увесь час дакарае сябе, «ці мае ён права цяпер кахаць, звязваць свой лёс з жанчынай, ды яшчэ з такой — замужняй і… з такімі поглядамі». Праблема «ці мае чалавек права на каханне падчас вайны» закраналася пісьменнікам і ў аповесці «Шлюбная ноч», і ў рамане «Вазьму твой боль». Сваё мастакоўскае разуменне праблемы празаік сфармуляваў у «Гандлярцы…» наступным чынам: «У гэтым, відаць, наша сіла, што мы, ненавідзячы… ворага ненавідзячы, можам любіць».
Пісьменнік невыпадкова падкрэсліў розніцу ва ўзросце галоўных герояў. У сцэне, калі Вольга прызнаецца хлопцу ў каханні, ён параўноўваецца са збянтэжаным сямікласнікам, які не ведаў, як сябе паводзіць у такой сітуацыі. Жадаючы праявіць характар, імкнучыся заставацца мужчынам і не растаць ад пацалункаў, Алесь стараецца не пакрыўдзіць і не абразіць жанчыну, жадае быць шчырым з ёй, бо сам быў «упэўнены, што нават вайна не можа заглушыць лепшыя чалавечыя пачуцці, самыя высокія і прыгожыя». У гэтых словах зноў жа выяўляецца аўтарская пазіцыя.
Цяжка назваць маральна просталінейным чалавека, які перажывае за сказанае жанчыне крыўднае слова. «Нягледзячы ні на што, ён не можа не быць удзячным ёй. Марыў зусім не так развітацца. Марыў нізка пакланіцца ёй, пацалаваць рукі і словы сказаць асаблівыя». У гэтага маладога рамантыка абвостранае пачуццё ўласнай годнасці. Ён пакутуе «ад ганебнай рабскай залежнасці», больш за ўсё баіцца пераўтварыцца ў раба. Маральна просталінейныя не адчуваюць згрызот сумлення, яны не клапоцяцца пра іншых.
Алесь пакахаў Вольгу, палюбіў яе дзіця, але, далучыўшыся да падпольшчыкаў, сыходзіць ад сямейнай утульнасці і рэдкага ў час вайны дабрабыту, каб не наклікаць на Ляновічаў бяду. Самаму блізкаму чалавеку, якім стала для хлопца Вольга, прызнаецца ён у сваёй няздольнасці забіць паліцая, хоць той сапраўды заслужыў такой кары. Гэта прызнанне можна ўспрымаць як звычку хлопца гаварыць з маці пра ўсё, што непакоіць яго душу. Вобраз паэта быў не менш дарагі для пісьменніка, чым вобраз гандляркі. У Алесю Шпаку ўвасоблена шмат рыс характару, уласцівых Пятру Шапятовічу з аўтабіяграфічнай пенталогіі «Трывожнае шчасце».
Праблема маральнага выбару ў творы. Майстэрства псіхалагічнай абмалёўкі характараў. І. Шамякін паставіў сваіх герояў у складаныя сітуацыі маральнага выбару. Такія абставіны дапамагаюць аўтару глыбей раскрыць нюансы чалавечай душы, скіроўваюць чытача да крытычнага погляду на свет і сябе. Шмат намаганняў прыкладае камсамолка Лена Бароўская, каб угаварыць Вольгу Ляновіч дапамагчы выратаваць з няволі патрэбнага падполлю чалавека. Падпольная барацьба зусім не цікавіць гандлярку. Савецкая ўлада дыскрэдытавала сябе ў яе вачах, калі дазволіла ворагу амаль беспакарана заняць значную частку краіны.
Аўтар дэталёва перадае пачуцці жанчыны, калі «яна глядзела на бежанцаў, некаторыя — па выгляду іх відаць было — здалёк ішлі, і злосць яе на тых, што ўцякаюць на машынах, мацнела. Дзіўная і страшная злосць. Разам з ёй, злосцю гэтай, расло шалёнае жаданне, якога ніколі не было, абуджалася нейкая дзікая сіла — ламаць, крышыць, разбіваць, паліць усё, што называлася народнай уласнасцю. Праўда, сіле гэтай Вольга не дала вырвацца, скіравала яе на іншае, на сваё, больш выгаднае — на перакананне, што раз тыя, якія мелі ўладу, уцякаюць, а яна нікуды ўцякаць не збіраецца, бо няма ёй куды ўцякаць, то гаспадыня тут яна і ўсё дабро належыць цяпер ёй і такім, як яна». Таму, даючы згоду на выратаванне камуніста, гандлярка найперш кіруецца прагматычна-эгаістычнымі інтарэсамі. Знаходжанне мужчыны ў хаце абараняла яе ад нахабных дамаганняў паліцаяў і немцаў. «Само такое рашэнне — узяць у дом чалавека, “патрэбнага народу”, — як бы ачышчала яе ад таго паганага, што прыліпала штодня ад яе камерцыі, якая не абыходзілася без ашуканства, ад яе хаўрусу з паліцаямі і немцамі».
Разлік гераіні спрацаваў, выратаванне ёю палоннага камароўцы сапраўды ўхвалілі: «Адны не адразу верылі гэтаму, другія здзівіліся, трэція — ухвалілі, гаварылі, што яны даўно прыкмячалі, што Вольга не ў маці пайшла па душэўных якасцях сваіх — у бацьку, а стары гарбар Ляновіч пражыў сваё жыццё сумленна, камерцыяй і ашуканствам не займаўся і заўсёды стараўся памагчы людзям. Ва ўсякім разе, Вользін учынак быў ёй на карысць, ён у пэўным сэнсе рэабілітаваў яе ў вачах тых, хто цішком кідаў ёй услед, калі яна ішла, нагружаная вузламі на рынак…»
Сапраўдная чалавечая сутнасць гераіні выяўляецца, калі ў канцлагеры не аказалася «патрэбнага» чалавека, а ў Вольгі, уражанай «нерухомай сцяной зданяў», за дротам («толькі па бляску вачэй, ліхаманкавым, гарачым, было відна, што людзі гэтыя яшчэ жывыя. <…> Гаварылі толькі іх вочы») з’яўляецца неадольнае жаданне «абавязкова выратаваць хоць аднаго з гэтых няшчасных».
Аўтар выпрабоўваў характар сваёй гераіні праз неабходнасць аддаць перавагу голасу розуму або поклічу сэрца: падтрымаць сябе і сваю сям’ю, прывёўшы ў дом дужага і спрактыкаванага мужчыну, або выратаваць асуджанага на смерць, працягнуць руку бездапаможнаму і слабаму. Майстэрства пісьменніка выявілася ў здольнасці амаль кінематаграфічна выявіць сутнаснае ў паводзінах гераіні: «Вольга, наблізіўшыся да самага дроту, глядзела на дваіх. Яны стаялі за тры крокі ад яе, такія ж нерухомыя, як усе, і вельмі не падобныя адзін на аднаго, хоць звычайна палонныя робяцца падобнымі, як браты. Высокі, гадоў пад трыццаць, мужчына, зарослы чорнай барадой, глядзеў з надзеяй, з маленнем, з прагнасцю галоднага і з верай, што ён адзін мае права на тое, каб жыць, каб яго ўратавалі. Сусед яго, ніжэйшы ростам, вельмі схудалы, быў зусім малады, юнак, у яго і барада яшчэ не расла, а таму зжаўцелы твар ажно свіціўся. I вочы дзіўна гарэлі, вялікія, здалёк відаць — блакітныя. Глядзеў ён без надзеі, але з нейкай як бы радаснай дзіцячай цікаўнасцю, нібы ўбачыў, раптоўна адкрыў зусім іншы свет, іншых людзей, якіх ніколі і не марыў убачыць, і гэта дало яму найвялікшую радасць перад смерцю. <…> Вольга ўжо ведала, што ўзяць яна можа толькі гэтага, які кашляе і ўвесь свіціцца, як святыя мошчы, і які, безумоўна, яшчэ і аднае ночы ў гэтым халодным пекле не пражыве».
Жыццё незнаёмага юнака ў свядомасці гераіні ў адно імгненне становіцца найвялікшай каштоўнасцю. Мацярынскі клопат рухае паводзінамі Вольгі, якая дзейнічае інтуітыўна, кіруючыся голасам сэрца, а не разумовым разлікам. Спрактыкаваную ў жыцці жанчыну ў гэты момант ужо ніколькі не кранае той факт, што яна адмаўляецца ад мажлівасці прывесці ў хату добрага гаспадара і майстра на ўсе рукі, які «ўсё ўмее рабіць, сталяр, слесар, шавец». У сваім душэўным парыве Вольга аддае, не шкадуючы, за нямоглага хлопца прадукты і золата, што вельмі бянтэжыць уратаванага Алеся. Хлопец не можа паверыць, што аддалі перавагу яму, вельмі слабаму і неспрактыкаванаму. З лепшага боку ў дадзенай сітуацыі праяўляецца характар маладога чалавека, ён не імкнецца выжыць любой цаной, папярэджвае жанчыну, што нічога не ўмее рабіць.
Пісьменнік заўважыў, што імпульсіўны ўчынак гераіні бянтэжыць і яе саму. Вольгу адольваюць сумненні, «трохі шкрабнула заўсёдная сквапнасць: занадта дорага прыйшлося заплаціць за немаведама каго, нават не за таго чалавека, які так патрэбны Лене Бароўскай. Чаму гэты хлапчук так кінуўся ў вочы? Чаму так захацелася выратаваць яго? I што цяпер рабіць з ім? Таго недзе ўладкавала б Лена. А гэтага не забярэ. Навошта ён Лене, такі дахадзяга, дзіця бязвусае?»
Ва ўнутраным маналогу Вольгі, у якім выяўляецца супярэчлівасць яе натуры, са сквапнай гандляркай спрачаецца міласэрная жанчына: «Важна, што яна зрабіла добрае сёння — не пашкадавала ні прадуктаў, ні золата і нічога не пабаялася, каб уратаваць чалавека. Сапраўды, такая дабрата як бы ачысціла яе душу, узняла над тым брудам, у якім яна штодня корпалася, да якога прывыкла ў барацьбе за сытнае жыццё». Пройдзе зусім мала часу, як у гэтым духоўным паядынку верх зноў возьме Ляновічыха, якая «не магла ўжо стрымацца, у яе была свая логіка, свая мера каштоўнасцей і — галоўнае — свая, рыначная мова:
— Я за цябе золата заплаціла. Думаеш, так аддалі б? Ого! Такія жывадзёры!.. На ўсім зарабіць умеюць».
Аўтар ніколькі не прыспешваў духоўнай эвалюцыі гераіні. І хоць жорсткі напамін пра золата страшэнна бянтэжыць юнака, вочы яго спачатку «зрабіліся яшчэ больш шырокія», а затым «патухлі», гэтых душэўных пакут хлопца Вольга пакуль бачыць не здольна. Больш таго, пісьменнік адзначыў, што яна «плюнула б таму ў вочы, каб хто сказаў, што словамі сваімі яна прымушае юнака пакутаваць не менш, чым ад холаду і голаду».
Уласніцкая псіхалогія Ляновічыхі яскрава праяўляецца ў сцэнах рэўнасці да Лены Бароўскай, якая лёгка знайшла паразуменне з выратаваным Алесем. Гандлярку раздражняе тая акалічнасць, што «Лена так бесцырымонна захапіла вызваленага, быццам яна выкупіла яго». Вольга здольна, аднак, заўважыць у сабе непрыгожыя душэўныя парывы і ў час утаймаваць іх. «Яна разумела, што недарэчна пасварыцца з Ленай пры ім, пры гэтым хлопцу, чамусьці захацелася перад ім быць добрай, прыгожай». Жаданне Вольгі быць лепшай у вачах юнака суправаджае гераіню на працягу ўсяго твора. Псіхалагічна завострана перадаецца і ўнутраная барацьба жанчыны з самой сабой.
Маральны паядынак адбываецца і ў душы выкупленага Ляновічыхай Алеся. Юнак-рамантык не можа шчыра радавацца нечаканаму вызваленню, бо яму цяжка ўспрыняць сябе ў ролі тавару: «Да фізічных пакут ён прывык, разумеў іх непазбежнасць — сам пісаў пра зверствы фашыстаў — і гатовы быў да смерці, іншага выйсця не бачыў. Але каб яго прадалі за золата маладой прыгожай жанчыне — пра такое не сніў і прыдумаць не мог».
Аўтар даволі дэталёва абмалёўвае нюансы душэўных пакут героя і знаходзіць ім пераканаўчую матывацыю. «Безумоўна, хто іншы з палонных палічыў бы за шчасце такі ратунак, — адзначыў пісьменнік. — Ён таксама спачатку вельмі ўзрадаваўся. Але ад таго, што пачуў, радасць патухла, бо з’явіліся новыя, душэўныя пакуты: яго, хто яшчэ зусім нядаўна ведаў хіба адзін палон, палон сваіх узнёслых мараў, цяпер прадаюць, як нявольніка, старажытнага раба. Чаго добрага, патрыцыя гэтая можа і перапрадаць яго з выгадай для сябе».
Летуценны паэт памыляецца, калі спрабуе прадбачыць характар і паводзіны сваёй збавіцелькі. Паказальнай для выяўлення ўнутранага свету гераіні з’яўляецца яе рэакцыя на Алеся, які пасля доўгай хваробы першы раз устаў з ложка: «увесь ён як бы прасвечваўся, ажно ззяла вакол яго — вакол сарочкі, вакол смяртэльна-белага твару, над белымі валасамі. …Вользе, трохі набожнай, магло б здацца, што ў вобразе ўратаванага ёю чалавека — бесцялесны анёл. Не адразу яна сцяміла, што такі незямны выгляд хлопец мае не толькі ад таго, што схуднеў — зусім высах, нябога, але і ад святла, што падала з вокнаў праз цюлевыя гардзіны».
Як ні парадаксальна, шамякінская гандлярка здольная да паэтычнага ўспрымання навакольнага свету. Яна ўмее шчыра радавацца нечаканай зіме ў пачатку лістапада, снегу, які «пакрыў зямлю, асеннюю чарнату яе. Вользе з самай раніцы здавалася, што снег пакрыў усю гразь, бруд, усю жудасць, якую зрабілі на зямлі людзі. Таму анёльскі выгляд мае ахвяра гэтай жудасці».
Не можа зразумець жанчына, што падняцца і прыводзіць сябе ў парадак зусім яшчэ слабага хлопца прымусіла жаданне годна адзначыць найвялікшае савецкае свята Вялікага Кастрычніка. У гэтым эпізодзе І. Шамякіну ўдалося выразна прадэманстраваць ідэалагічную прорву паміж паэтам і гандляркай. Калі Алесь, нягледзячы на жахі першых дзён вайны, пакуты палону, ідэалізуе савецкі лад жыцця, то Вольга даволі скептычна адносіцца да грамадзянскіх ідэалаў юнака.
У адказ на папрокі Алеся за яе безыдэйнасць Ляновічысе хочацца паставіць хлопца на месца, аднак намаганнямі волі яна стрымліваецца. «Вольга застыла, ашаломленая. Словамі яго. Чула яна падобныя словы, але ніхто і ніколі не гаварыў іх так, як ён, гэты хворы юнак, так горача, так шчыра. Часцей за ўсё словы такія гаварылі з трыбун, па радыё, а ён гаварыў ёй адной, і яго ажно ліхаманіла, ажно загарэўся ўвесь, і голас дрыжаў ад слёз. Пачула яна ў словах і іншае: ён кідаў папрокі ёй — за жыццё яе такое, за гандаль. Яна пачула такі папрок у многа разоў паўтораным “нельга так”. Што нельга? А можа, можна? На міг Вольга ўзлавалася: гэта ён так за тое, што яна зрабіла для яго? Ах ты, казяўка! Хацелася секануць: “Пайшоў ты, неданосак! Чаму ж цябе твае не ратавалі? Чаму яны драпнулі, народ у бядзе пакінулі?”» Не ідэалізуючы савецкую ўладу, гандлярка не прымае і новую. Фашызм расцэньваецца ёю як рэальная пагроза будучыні яе дачкі і народа ў цэлым.
У пачатку вайны Вольга верыць у тое, што здолее перахітрыць немцаў і абараніць сябе, дачку і хворага Алеся. Сутыкнуўшыся твар у твар з ворагам у час начнога візіту эсэсаўцаў у Вользін дом, паэт таксама выяўляе гатоўнасць ахвяраваць сабой: «За кароткую хвіліну Алесь перажыў, магчыма, найбольшы страх у сваім жыцці і найбольшую рашучасць, адчайнасць, высокі парыў — засланіць сабой, жыццём сваім жанчыну, абараніць яе гонар. Калі дакрануцца да яе, ён кінецца тыграм, ён учэпіцца зубамі!» Але на гэты раз пагрозы гонару і жыццю Вольгі не было, бо фашыстаў цікавіла маёмасць гаспадыні.
Хлопец, які перажыў хвіліны найвялікшага ўзрушэння, паспрабаваў даць урок сваёй выратавальніцы. І хоць грабежніцкія паводзіны акупантаў прымусілі гераіню засумнявацца ў магчымасці перачакаць бяду, аднак яе вельмі балюча кранулі папрокі паэта ў прыстасаванстве да новай улады: «А вы... вы хацелі з ім жыць... гандляваць! Цяпер вы бачыце... бачыце? Але гэта што!.. Кветачкі! Дробны грабеж! Вы пабачылі б, што яны робяць там!.. Не! Біць, біць іх трэба! Каб зямля пад імі гарэла! Як Сталін сказаў...
Апошнія словы ён амаль выкрыкнуў. I Вольга раптам сарвалася з месца, кінулася да яго, схапіла за галаву, закрыла рот далонямі і зашаптала гэтак жа гнеўна:
— Сціхні! Сціхні! Зараза! Бальшавіцкі вырадак! — і з сілай адштурхнула ад сябе».
Гандлярка адразу пашкадуе, што зрабіла занадта балюча Алесю. Яна спужалася, што пасля такой ганьбы пакрыўджаны хлопец можа пакінуць яе хату, а Вольга ўжо адчувала, што гэты чужы чалавек стаў надта дарагі для яе. Аўтар паказаў, што і паэт здольны стрымліваць у сабе праявы юнацкага максімалізму і, пераступаючы праз гонар, імкнецца ратаваць Вольгу не толькі фізічна, але і духоўна. «Ён таксама маўчаў, бо не ведаў, што можна сказаць пасля яе абразлівых слоў. Але калі Вольга раптам села на падлогу, на кучу адзення, і заплакала, закрыўшы твар скамечанай сукенкай, яму зрабілася шкада яе: урэшце, ён не можа не лічыцца з тым, што яна простая, маласвядомая жанчына, і было б неразумна не паспрабаваць развіць тое лепшае, што ёсць у яе характары».
Аўтар паказаў, што і малады чалавек, і сталая жанчына здольныя ісці на кампрамісы, разыходжанні ў ідэйных поглядах не перашкаджаюць нараджэнню кахання ў душах герояў. Прарочымі для самой Вольгі сталі яе словы «ўзяла я цябе на сваё гора», якія моцна пакрыўдзілі юнака. Ён лічыў, што «заразу» можна дараваць разгневанай і спалоханай жанчыне. Але спакойныя словы, што на гора яна ўзяла яго, палоннага, — гэта ўжо нават не абраза, гэта далікатная форма бязлітаснага: «Пайшоў прэч з майго дому!»
У чарговы раз нявопытны юнак памыліўся, бо «здарылася зусім неверагоднае, пра што ён, паэт, творца, ні разу не падумаў, хоць і даваў волю сваёй фантазіі ў бяссонныя ночы. Вольга раптам кінулася да яго, абшчапіла рукамі галаву, пачала цалаваць у лоб, у шчокі, у вусны і горача шаптала:
— Нікуды я цябе не пушчу! Нікому не аддам! Я люблю цябе! Люблю, дурненькі ты мой...»
Нечаканым для паэта стала прызнанне Вольгі ў каханні, пра што сведчыць яго рэакцыя на жаночую шчырасць: «Такое ён сапраўды, відаць, не прыдумаў бы, нават не сабе — свайму герою будучай паэмы, якую марыў напісаць пасля вайны, калі застанецца жывы. Пра сябе, праўда, зрэдку думаў з трывогай: ці не хоча практычная гандлярка прысвоіць яго, як уласнасць? Гэта трошкі хвалявала — усё-такі жанчына яна прывабная, і дзіця ён палюбіў. Але з перспектывы такой ён смяяўся, упэўнены цвёрда, што перад любой падобнай спакусай выстаіць, хопіць у яго сілы і характару, бо не пра гэта цяпер думаць трэба».
Пісьменнік дэталёва абмаляваў унутраны свет свайго героя, нават спачуваў яму, бо разумеў, што юнаку надзвычай цяжка праявіць сілу і характар і разам з тым не пакрыўдзіць, не абразіць жанчыну, якая прываблівае яго. Зноў у душы героя змагаецца ідэальнае і зямное, Алесь перакананы, што «растаць ён не можа — не мае права! — ад жаночых пацалункаў». Паэт-максімаліст упэўнены, што «такая раскоша і такая легкадумнасць яму не дазволены, бо так можна апынуцца ў абывацельскім балоце, а трэба ваяваць, помсціць ворагу, у яго адзін лёс — згарэць у барацьбе, іншага быць не можа».
Аўтар аповесці, сталы мужчына, з разуменнем і спагадай ставіўся да свайго героя, якому цяжка выстаяць у няпростай для яго сітуацыі. Нібы апраўдваючы Алеся ў вачах чытача, І. Шамякін адзначыў, што паэту «хацелася нарэшце зразумець гэтую жанчыну, загадкавую з таго моманту, калі позіркі іх сустрэліся праз калючы лагерны дрот, на дзіва супярэчлівую, такой супярэчлівасці ў чалавечым характары ён не сустракаў за свае дваццаць гадоў… Што ж яна такое? Хто яна, Гандлярка? Мяшчанка? Ці Чалавек і Маці? Яму, узнёсламу рамантыку, два словы гэтыя хацелася заўсёды пісаць з вялікай літары. I вымаўляць іх гэтак жа высока».
Алесь, імкнучыся перавыхаваць гандлярку, уключае яе ў падпольную барацьбу, часам пачынае сумнявацца, ці мае права падвяргаць небяспецы не толькі жыццё сваёй выратавальніцы, але і яе маленькай дачкі. Вольга, кахаючы Алеся, ніколі не забывала пра сваё дзіця, хоць не заўсёды праяўляла гэты страх. Аднак яна не змагла справіцца з сабой, калі ў хаце з’явіліся пераапранутыя ў нямецкую форму падпольшчыкі, якія так замаскіраваліся, каб вывезці з хаты гандляркі неабходны ім прыёмнік: «— О Матка Боска! Як ношку з плячэй скінула. I з душы. Наліха ён мне здаўся, гэты прыёмнік! — і вымавіла як пагрозу невядома каму: — Ну, цяпер усё! Усё! I Ленку гэтую, рызыкантку праклятую, на парог не пушчу. Усё! Усё! I нічога ты мне не кажы! Нічога! Слухаць не магу! — і заціснула вушы далонямі, хоць Алесь не вымавіў ніводнага слова. — У мяне — дзіця! Журавіначка мая! Крывіначка мая! Сіраціначка мая ненаглядная!
Села на кухонны ўслончык, залілася слязьмі.
— Не, не хачу! Не хачу! Усё! Усё! Што вы робіце са мной? Жаласці ў вас няма да людзей».
Праблема выбару ў аповесці «Гандлярка і паэт» з’яўляецца адной з вызначальных, і Вольга, і Алесь вымушаны пастаянна рабіць выбар. Аўтар паказаў, што Вольга ў сваіх паводзінах часта ідзе насуперак таму, што ёй хочацца (яна жадала спакойна перажыць вайну), аднак гіне, выконваючы заданне, якое атрымаў каханы. Алесь, акрылены марай пра подзвіг, аказаўся няздольным пазбавіць жыцця паліцая Друцьку. Учынак гандляркі Вольгі абумоўлены не толькі жаданнем дапамагчы «таму, хто зрабіўся даражэйшы за самую сябе», але і велізарнай любоўю і прагай да жыцця, сімвалам якога ў творы з’яўляюцца малыя безабаронныя дзеці. «”З чаго яны смяюцца? Са смерці дзяцей? Яны смяюцца са смерці дзяцей?”
I перад яе вачамі стала Светка, забітая гэтымі... Маленькія валёначкі, у якіх адвезла яе да брата... Там, на санях, у кучы абутку такія ж валёначкі. Адна пара...
Дзіцячы плач, ён зазвінеў у вушах. Але ў гэтым страшным хоры яна чула выразна Светчын голас. Стала страшна, што яна не ажыццявіць свой план. Колькі яшчэ трэба чакаць?.. Хіба можа яна ехаць з гэтым лютым ворагам далей, сядзець у адных санях?!
А гэтыя?.. Застануцца тут, каб смяяцца са смерці дзяцей? Не! Караць іх трэба адразу! Усіх!»
Смерць бязвінных дзяцей ва ўспрыманні жанчыны не можа быць беспакаранай, таму, як адзначыў аўтар, «не было ўжо сілы, якая б спыніла яе. Не было часу на развагу: што будзе з ёй? Куды схаваць галаву, як вучыў Захар Пятровіч? Яна асцярожна дастала гранату з-за пазухі, узняла над галавой. Хрыпла крыкнула:
— Ану, гады!»
Якім бы нечаканым ні здаваўся выбар гераіні, яго абгрунтаванне можна знайсці ў падтэксце твора. Аўтар неаднойчы адзначае, што Вольга выхоўвалася на хрысціянскіх ідэалах, таму ў падсвядомасці жанчыны была гатоўнасць ахвярнага служэння бліжняму. Сімвалічным можна лічыць і фінал аповесці. «Выбуху яна не пачула і агню не ўгледзела. Але ўбачыла, як падкінула ў паветры сані і як яшчэ вышэй, што цыркач на сетцы, падскочыў Друцька. А конь ірвануў з месца. Вольга нават паспела падумаць: добра, што каня не зачапіла, на кані яна хутчэй уцячэ адгэтуль. <…>
Каня стала вельмі шкада. Як жаласліва ён іржэ...
— Я памагу табе, конік. Я памагу...
Яна сабрала апошнія сілы і паспрабавала ўстаць. Але тады не толькі пара над канём — шэрае хмарнае неба зрабілася чырвоным і раптам абвалілася — усё агромністае неба — на яе адну...»
Майстэрства пісьменніка ў стварэнні сюжэта. І. Шамякіна даследчыкі небеспадстаўна называлі майстрам сюжэта. У аповесці «Гандлярка і паэт», як і ва ўсіх сваіх творах, пісьменнік бліскуча ажыццявіў такое развіццё сюжэта, якое спрыяла шматаспектнаму асэнсаванню тэмы (паказу людзей ва ўмовах акупацыі) і глыбокаму раскрыццю характараў герояў. Як прызнаваўся сам пісьменнік, першапачаткова яму ўяўляўся іншы сюжэт твора, аднак пагружэнне ва ўнутраны свет галоўных герояў прымусіла І. Шамякіна адступіць ад першапачатковай задумы, што ў немалой ступені бянтэжыла не толькі крытыку, але і самога аўтара. Калі параўнаць сюжэт аповесці з аднайменным фільмам, знятым рэжысёрам С. Самсонавым на кінастудыі «Масфільм», то назіраецца пэўная неадпаведнасць: сталічныя творцы аказаліся больш залежнымі ад агульнапрынятага меркавання пра носьбітаў гераічнага.
Да гонару І. Шамякіна, трэба адзначыць, што беларускі пісьменнік здолеў паспяхова адысці ад стэрэатыпаў у паказе вайны, тым самым забяспечыў павышаную цікавасць чытачоў да яго творчасці. Галоўныя героі аповесці — Вольга Ляновіч і Алесь Шпак — аказаліся жыццёва праўдзівымі, паказваючы іх супярэчлівыя характары, аўтар паказаў, што духоўны патэнцыял асобы — глыбокая таямніца, спасцігнуць якую можна праз праверку чалавека ў экстрэмальных умовах.