«Знак бяды»

Уводзіны

Аповесць «Знак бяды», надрукаваная ў 1982 годзе, займае асаблівае месца ў спадчыне В. Быкава і ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Яе з’яўленне стала падзеяй у грамадска-літаратурным жыцці. Гэта аповесць найперш пра вайну, але таксама і пра трагедыю беларускага сялянства ў гады калектывізацыі, ганебнасць калабаранцтва — здрады свайму народу і краіне. Важна, што галоўныя героі твора — не франтавікі, не партызаны, а сяляне, мірныя жыхары хутара.

Пра значнасць гэтай аповесці ў разуменні нашай гісторыі слушна разважаў вядомы расійскі пісьменнік Д. Гранін: «Гэта кніга адкрывае ваеннай літаратуры новыя магчымасці. Праз вайну аўтар раскрывае гісторыю вёскі, лёсы людзей, найважнейшыя сацыяльныя працэсы дзесяцігоддзяў, што папярэднічалі вайне...»