Print bookPrint book

«Знак бяды»

Site: Профильное обучение
Course: Беларуская літаратура. 11 клас
Book: «Знак бяды»
Printed by: Госць
Date: Friday, 17 May 2024, 10:54 AM

Уводзіны

Аповесць «Знак бяды», надрукаваная ў 1982 годзе, займае асаблівае месца ў спадчыне В. Быкава і ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Яе з’яўленне стала падзеяй у грамадска-літаратурным жыцці. Гэта аповесць найперш пра вайну, але таксама і пра трагедыю беларускага сялянства ў гады калектывізацыі, ганебнасць калабаранцтва — здрады свайму народу і краіне. Важна, што галоўныя героі твора — не франтавікі, не партызаны, а сяляне, мірныя жыхары хутара.

Пра значнасць гэтай аповесці ў разуменні нашай гісторыі слушна разважаў вядомы расійскі пісьменнік Д. Гранін: «Гэта кніга адкрывае ваеннай літаратуры новыя магчымасці. Праз вайну аўтар раскрывае гісторыю вёскі, лёсы людзей, найважнейшыя сацыяльныя працэсы дзесяцігоддзяў, што папярэднічалі вайне...»

Актуальнасць маральна-філасофскай праблематыкі твора. Вастрыня трагедыйнага канфлікту

Аповесць «Знак бяды» не толькі на антываенную тэму, але і пра трагізм нашай гісторыі ў 1920—1930-я гады, які помніўся В. Быкаву з маленства. Асноўныя падзеі твора разгортваюцца ў час фашысцкай акупацыі ў Беларусі, на хутары, дзе жывуць галоўныя героі — Сцепаніда і Пятрок Багацькі. Прататыпамі персанажаў аповесці, па прызнанні пісьменніка, сталі яго бацькі і блізкія родзічы.

Пачатак 1920-х гадоў, час заканчэння Грамадзянскай вайны, аўтар паказаў сцісла і дакладна. У прыватнасці, паведаміў, што ў вёскі і на хутары вярталіся з вайны мужчыны і дзецюкі: «Узнёслыя і ганарыстыя ад перамог над белымі, немцамі, палякамі, у вастраверхіх будзёнаўскіх шлемах... з мяшэчкамі за плячыма, але з вялікай надзеяй пачаць новае, адваяванае ў старога жыццё». У гэты час Пятрок і Сцепаніда ажаніліся, савецкая ўлада дала ім зямлю, і яны адчулі шчасце быць гаспадарамі.

Яны не верылі свайму шчасцю, часам здавалася сном, што яны маюць сваю зямлю. Але гэта радасць азмрочвалася тым, што зямля ўсё ж была не зусім свая: савецкая ўлада забрала яе ў пана Адольфа Яхімоўскага. Ён быў «жывым дакорам» новым гаспадарам, дажываў побач, нагадваючы Багацькам, што на чужым няшчасці шчасця не здабудзеш.

Больш панарамна ў творы адлюстраваліся суровыя рэаліі трагічных 1930-х гадоў, падзеі калектывізацыі, якія помніліся В. Быкаву з маленства: «...Раптам заплача маці. Такога ніколі не было. Калі нешта там здаралася ў іх з бацькам, яна проста маўчала. А тут наўзрыд, давячыся слязьмі, плача. Аказваецца, учора арганізавалі калгас і сёння прыехалі, забралі з засекаў у пуньцы ўсё насенне». Маці плакала, бо самім не засталося чым сеяць, не засталося жыта на хлеб нават дзецям, якіх кожны дзень трэба было карміць...

Пісьменнік прызнаваўся, што дзіцячая памяць захавала шмат драм з таго часу. Ён, напрыклад, не разумеючы трагізму сітуацыі, зайздросціў сябру, які хваліўся, што паедзе ў высылку на цягніку, бо сам будучы пісьменнік у маленстве ніколі не бачыў цягнікоў... Васіль Быкаў памятаў сходы, якія ішлі некалькі дзён запар, каб прымусіць сялян ісці ў калгас. Пісьменнік сведчыў, што з васямнаццаці гаспадароў роднай вёскі шэсць самых працавітых, руплівых, але зусім не кулакоў былі беспадстаўна рэпрэсіраваны. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў аповесці «Знак бяды», асабліва праз лёсы старшыні сельсавета Лявона Багацькі, Івана Гужова, Ладзімера Багацькі і іх сем’яў.

Сёння нашым грамадствам прызнана, што гвалтоўнае правядзенне калектывізацыі прывяло ў выніку да разарэння краіны, вынішчыла ў душы селяніна пачуццё гаспадара сваёй зямлі і любоў да працы. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны многія зняволеныя ў турмах, высланыя ў Сібір і на Поўнач людзі, у тым ліку і несправядліва пакрыўджаныя савецкай уладай, былі вызвалены. Некаторыя з іх, помсцячы савецкай уладзе, станавіліся калабарантамі — здраднікамі, карнікамі, памагатымі фашысцкіх акупантаў. Менавіта «свае», паліцаі, распраўляюцца са сціплымі і духоўна прыгожымі людзьмі — Петраком і Сцепанідай Багацькамі.

Прыхільнік балючай, бязлітаснай праўды пра трагічную гісторыю нашага народа, В. Быкаў першым у беларускай літаратуры ў «Знаку бяды» паказаў горкую праўду 1930-х гадоў і асудзіў здрадніцтва, нечалавечую жорсткасць фашысцкіх прыслужнікаў. Праблематыка аповесці актуальная ва ўсе часы. Паказваючы змаганне дабра са злом, аўтар сцвярджаў непераможнасць сіл дабра, маральнасць, духоўную нязломнасць нашага народа.

Сцепаніда і Пятрок Багацькі: маштабнасць характараў

Праз вобразы галоўных герояў, мужа і жонкі Багацькаў, пісьменнік паказаў трагізм і бесчалавечнасць вайны. Пятрок і Сцепаніда — моцныя духам людзі, і гэта моц выяўляецца ў адказныя, трагічныя моманты іх жыцця. Яны носьбіты высокіх духоўных каштоўнасцей, уласцівых беларускаму народнаму характару. Гэтыя людзі маюць гонар і сумленнасць. Пра даваеннае жыццё герояў мы даведваемся з іх успамінаў. Вытокі духоўнасці, маральнасць герояў фарміраваліся ў іх маладосці.

Яшчэ дзяўчынай некалі Сцепаніда прыйшла наймацца на жніво да гаспадара Адольфа Яхімоўскага. Ён паходзіў са знакамітага шляхецкага роду, але ад былога багацця і славы засталіся толькі хутар і прыроджаны гонар пана Адольфа. Сцепаніда старанна працавала і паважала свайго гаспадара. I ён цаніў руплівую, увішную, сумленную парабчанку і згадзіўся, калі яна выйшла замуж за Петрака, пусціць маладую сям’ю жыць у істопку. Пятрок да гэтага часу батрачыў на фальваркоўцаў, шукаў іншыя заробкі.

Савецкая ўлада забрала зямлю ў пана Яхімоўскага і надзяліла ёй парабкаў. Як працаўнікі-земляробы Пятрок і Сцепаніда былі рады атрыманым дзвюм дзесяцінам зямлі. Сцепаніда, як пісаў пісьменнік, «проста гатова была скакаць ад радасці — гэта ж падумаць: яны займеюць сваю зямлю, і без грошай, без сваркі, без судоў і прашэнняў — атрымаюць і ўсё».

Аднак сумленне не давала спакою: ці справядліва гэта — узяць чужую зямлю і раздаць яе іншым? Сцепаніда шкадавала нямоглага гаспадара, які ціха і адзінока дажываў век. З крыўдай пан Яхімоўскі сказаў былым парабкам: «Бярыце, цяпер усё ваша. <…> Быў грэх квапіцца на чужое. На чужым і дармовым шчэнсця не бэндзе. Мне вас шкада». Словы пана Яхімоўскага аказаліся прарочымі...

     Пакуты сумлення доўга не пакідалі Сцепаніду і Петрака. Былі бяссонныя ночы, поўныя трывожных прадчуванняў. Апісваючы гэта, В. Быкаў падкрэсліваў высокую маральнасць сваіх герояў, галоўным суддзёй якім было ўласнае сумленне. Але так склалася жыццё. Пісьменнік дакладна перадаў трапяткую любоў і святую пашану Петрака і Сцепаніды да карміцелькі-зямлі. Ідучы з мужам на агледзіны ўжо сваёй зямлі, «Сцепаніда дастала з палічкі свянцоныя галінкі вярбы, завязала ў хусцінку кавалак прыхаванага з Вялікадня куліча. Чысцей апрануўшыся, яны ўдваіх пайшлі на агледзіны поля».

Галоўныя героі імкнуліся будаваць сваё жыццё па працоўных і этычных традыцыях продкаў. Савецкая ўлада спачатку выклікала ў іх давер і надзею на магчымасць справядлівых адносін паміж людзьмі. У характарах галоўных герояў шмат таго, што адвеку было ў душы беларуса: жаданне жыць сумленна, ісці да людзей з дабром, жыць з працы сваіх рук, потам і мазалямі здабываць кавалак хлеба.

Але жыццё быццам папярэджвала герояў, што не ўсё складзецца шчасліва. Жыццё Петрака і Сцепаніды суправаджалі знакі бяды, і ў гэтым прачытваецца глыбокі маральна-філасофскі сэнс твора. У пачатку іх сумеснага сямейнага жыцця бяду прадказвалі словы пана Яхімоўскага пра марнасць спадзяванняў на чужой бядзе будаваць шчасце. Ды і сама нехрысціянская смерць пана Адольфа, мёртвы жаваранак у жытнёвай руні Багацькаў таксама былі знакам няшчасця. «Бедавала Сцепаніда сама не свая ад гэтага яўнага знака бяды.

Нейкі час яны не ведалі, што рабіць, ашаломленыя, стаялі на мяжы над маленькай мёртвай птушачкай... Сцепаніда нават заплакала, і Пятрок не суцяшаў яе: мусіць, самому было не лепей...» Каб адвесці ўсе нягоды ад зямлі і гаспадаркі, Пятрок зрабіў вялікі крыж і ўстанавіў яго на ўзгорку. У творы назва «Галгофа» і вобраз крыжа сімвалізуюць лёс Петрака і Сцепаніды, іх ахвярную хлебаробскую працу, бясконцую святую веру ў карміцельку-зямлю, у вышэйшую справядлівасць і пакутніцкую смерць герояў.

Пятрок па характары вельмі цярплівы, трывалы. Памяркоўнасць паводзін свайго героя падкрэсліваў аўтар: «Ціхі і мяккі — гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны». Калі Сцепаніда адразу супраціўляецца з’яўленню на іх хутары паліцаяў і немцаў, дык Пятрок спачатку спрабуе неяк прыстасавацца да нечалавечых умоў акупацыі. Сцепаніду то злуе, то цешыць стрыманасць характару мужа.

Асаблівасці яго натуры вельмі дакладна перададзены праз думкі Сцепаніды: «Колькі яна натузалася за жыццё з гэтым Петраком ды і насварылася... <…> Быў аж залішне добры па цяперашнім часе, ды і па ранейшым так-сама. Гэткая ўжо натура: хутчэй аддасць, чым возьме. Лягчэй саступіць, чымсьці даб’ецца. Не любіў сварыцца, яму ўсё каб ціха».

Аднак у цяжкі і няпэўны ваенны час Сцепаніда вельмі баіцца страціць Петрака. Душэўна далікатны, стрыманы, ён спадзяецца задобрыць паліцаяў, адкупіцца ад іх гарэлкай, каб пакінулі хутар і іх, сталых мірных людзей. З болем і роспаччу думае Пятрок пра акупацыйныя парадкі, калі жыццё чалавека залежыць ад паліцаяў, якія «людзей страляюць, нібы сабак». Упэўніўшыся, што прыстасавацца да нечалавечых умоў нельга, гэты цярплівы і трывалы селянін выказвае паліцаям агіду і нянавісць да іх.

Так у бязвыхадных абставінах выяўляюцца адвага і мужнасць, духоўная нязломнасць героя. За чалавечую годнасць, лепшае жыццё, якое некалі наступіць, плаціць сціплы гаспадар хутара самай вялікай цаной — жыццём. Пятрок не апусціўся да ўслужэння паліцаям і акупантам. У яго высакародным бунце бачыцца гераізм. I гіне ён не як ахвяра, а як герой, з перакананнем, што вернецца яго сын Федзька і здзейсніць святую помсту.

Сцепаніда па характары шчырая, рашучая, у пэўным сэнсе праўдашукальніца. Яшчэ да вайны, у час калектывізацыі, яна намагалася адстойваць справядлівасць, але гэта ёй удавалася не заўсёды. З прыходам акупантаў яна цвёрда вырашыла не ісці на кампраміс. Сцепаніда адразу пачынае ім супрацьстаяць, хоць добра разумее слабасць свайго пратэсту. Баявітасцю характару яна дапаўняе стрыманага і ціхмянага Петрака.

Пісьменнік паказаў, як у душы і свядомасці Сцепаніды выспявае рашучасць не ісці на ўступкі, нават дробязныя, ні немцам, ні паліцаям. Яна іх лічыць нелюдзямі і прагне помсты. Вырашыўшы не даць малака немцам, Сцепаніда ахвяруе вельмі дарагім у час вайны — каровай. Потым крадзе ў ворагаў вінтоўку і кідае яе ў калодзеж, за апошняга парсючка купляе бомбу ў сквапнага аднавяскоўца Карнілы. Пасля гібелі Петрака, збітая паліцаямі да паўсмерці, яна здзяйсняе гераічны ўчынак, помсцячы за ўсе здзекі, баронячы свой двор і сваю зямлю. Акружаная паліцаямі, жанчына зачыняецца ў істопцы, аблівае хату і сябе газай і падпальвае. Палаючае сялянскае жыллё ператвараецца ў непрыступную крэпасць, дзе Сцепаніда ўжо непераможная і недасягальная для ворагаў.

Такі ўчынак галоўнай гераіні — сведчанне яе нязломнасці, роўнай вялікаму подзвігу.

Эпізоды гібелі Петрака і Сцепаніды глыбока сімвалічныя. Гэтай сімвалічнасцю прасякнуты ўвесь твор, на што ўказвае яго назва. Надзвычай шматзначнае тое, што Пятрок і Сцепаніда гінуць не ад рук фашыстаў, а ад рук сваіх аднавяскоўцаў-паліцаяў. Гібеллю Петрака і Сцепаніды аўтар адначасова перасцерагаў, што разбурэнне духоўнасці, векавой народнай маралі, жорсткасць адносін грамадства да чалавечай асобы намнога страшнейшыя за акупацыю.

Зварот аўтара да эпізодаў даваеннага жыцця

Васіль Быкаў адным з першых у нашай літаратуры пачаў асэнсоўваць і адлюстроўваць трагедыю беларускага народа ў гады калектывізацыі. Зварот да памяці пра мінулае герояў, перажытае — важны творчы прыём, якім карыстаўся В. Быкаў у большасці твораў. Упершыню ў аповесці «Знак бяды» мінулае герояў — іх даваеннае жыццё — набывае раўнапраўнае мастацкае адлюстраванне з жыццём у акупацыі. Пісьменнік выявіў сувязь мінулага з сучасным, абгрунтоўваючы матывы паводзін і ўчынкаў герояў у час вайны. Гэта датычыцца вобразаў як Петрака і Сцепаніды, так і здраднікаў-паліцаяў.

У аповесці «Знак бяды» падзеі таго часу мы бачым праз успаміны галоўных герояў, пераважна Сцепаніды. Шчырая і сумленная, яна імкнулася жыць па справядлівасці, верыла ў новае сацыялістычнае жыццё. Але гэта вера не зрабіла яе, як і многіх, жорсткай, бяздушнай выканаўцай рэзалюцый раённага начальства. З уласцівым ёй пачуццём справядлівасці Сцепаніда пратэстуе супраць раскулачвання і высылкі сумленных гаспадароў-працаўнікоў, якімі былі сем’і Ладзімера Багацькі, Лявона Багацькі, Івана Гужова.

У новым савецкім жыцці, да якога пацягнулася Сцепаніда, яе многае здзіўляла, многае было незразумелым. Яна на пэўны час акрыяла душой, бы памаладзела, хадзіла на лікбез, стала членам камітэта беднаты. Затым, хоць з насцярожанасцю, перасварыўшыся з Петраком, уступіла ў калгас. Іншыя ж высялкоўцы ставіліся да калгаса з недаверам, назіралі за справамі першых калгаснікаў і сумняваліся. Але зверху, з раёна, нават з вобласці, усё ездзілі і ездзілі «разумныя людзі», прымушалі недаверлівых уступаць у калгас, спачатку пагражалі, а потым і раскулачвалі гаспадароў.

Найбольш выразна пра суровы і бязлітасны час калектывізацыі сведчаць эпізоды-малюнкі сходаў і пасяджэння камітэта беднаты ў Выселках. На іх адбываліся спрэчкі мясцовых актывістаў, раённых упаўнаважаных з сялянамі, якія не верылі ў поспех калгасаў, не хацелі пазбаўляцца нажытай цяжкай працай уласнай гаспадаркі. Агітуюць за калгас упаўнаважаныя Касмачоў і Новік, старэйшы сын мясцовага селяніна Недасекі. Касмачоў, як адзначыў аўтар, былы настаўнік гісторыі.

На сходах ён падбіраў разумныя словы, яму людзі верылі, «націскаў на сазнацельнасць серадняка». Вясковы хлопец Недасека, стаўшы пры савецкай уладзе начальнікам, змяніў бацькава прозвішча — стаў Новікам. «Спрытны быў і ў дзяцінстве, няблага вучыўся ў школе, а пасля — на настаўніка ў Віцебску, але настаўнікам рабіць не схацеў, падаўся ў кіраўнікі».

Сцепаніда заўважае, што Новік не саромеецца сваіх людзей, трымаецца па-начальніцку, «дзелавы, кажуць, дужа парцейны». Ён патрабуе правесці раскулачванне ў роднай вёсцы, хоць добра ведае: яго аднавяскоўцы — беднякі. Але такім спосабам хоча запалохаць людзей, якія, баючыся невядомасці, не ідуць у калгас. Новіку асмеліўся запярэчыць толькі старшыня сельсавета Лявон Багацька. Упаўнаважаны тут жа абвінавачвае яго: «Як будзе — партыя сказала. <…> Перш-наперш самім трэба стаць сазнацельнымі. А во вы самі — вы ж заражаны душком укланізму. Я вот гляджу, часнасобственніцкія тэндэнцыі для вас важней, чым рашэнні партыі».

Відавочна, што адным са спосабаў стварэння характару мясцовага кіраўніка з’яўляецца яго маўленне — выказванні, напоўненыя тагачаснымі палітычнаагітацыйнымі выразамі. Гэты ж Новік настойліва прапануе даць «адпор сабатажнікам калгаснага руху» і раскулачыць Гужова Івана «як кулацкага падпявалу і сабатажніка». Новік і сам прызнае, што ў яго суседа Гужова «зямлі небагата», але яго віна ў тым, што ён упарта не хацеў ісці ў калгас. Гэты селянін быў не багацейшы за іншых, а больш руплівы і цягавіты ў працы. Апраўдваючы аднавяскоўца, Сцепаніда разважае: «Меў двух сыноў, работнікаў у самай сіле, а тры мужыкі ў гаспадарцы — гэта табе не тры бабы».

Так праз думкі Сцепаніды паказваецца драматызм падзей калектывізацыі. Яна паспрабавала абараніць Гужа (так яго звалі аднавяскоўцы), сказала, што гэта несправядліва, і тут жа сама выклікала гнеў Новіка і пачула пагрозы: «Якая справядлівасць, цётка? У вас цемрашальства ў галаве, адсталае ўяўленне пра нейкую някласавую справядлівасць! А мы, бальшавікі, кіруемся адно класавай справядлівасцю: ніякай пашчады ворагу! Той, хто стаіць на нашым шляху, нам вораг, і мы яму ламаем хрыбет. Інакш новага жыцця нам не бачыць. У вас капітулянцкія, праваўкланісцкія погляды, якія трэба бязлітасна выкараніць!»

Збянтэжаная, спалоханая, Сцепаніда засумнявалася: можа, так і трэба, Новік жа адукаваны чалавек, лепш ведае... Раскулачванне Гужа, пагрозы Новіка прымусілі сялян пасля васьмі сходаў уступіць у калгас. Тры дні камісія па абагуленні гаспадарак хадзіла па дварах, апісвала, хто што павінен аддаць калгасу: кароў, коней, плугі, насенне... У дварах часта чуўся плач жанчын, якія не хацелі аддаваць набытае з працы сваіх рук у калектыў.

Пісьменнік пераканаўча паказаў, як віхурна-незразумелы новы час даў магчымасць зрабіць кар’еру зайздросным, нікчэмным, амаральным людзям, якія потым выкарыстоўвалі сваё становішча, каб помсціць тым, хто быў лепшы за іх. Такім у аповесці з’яўляецца і Патап Каландзёнак. Ён, зразумеўшы і ацаніўшы магчымасці новага жыцця, пачаў праяўляць «класавую пільнасць»: пісаў паклёпы на аднавяскоўцаў і пасылаў іх у раённую газету. Селькору-даносчыку верылі, яго допісы друкавалі, бо чыноўнікам-кар’ерыстам патрэбны былі высокія паказчыкі і па калектывізацыі, і па раскулачванні. Па паклёпніцкім даносе Каландзёнка чарговай ахвярай раскулачвання стала працавітая сям’я Ладзімера Багацькі.

Сцепаніда спрабавала абараняць праўду і чалавечнасць у гэты складаны час. Па яе перакананні, кожнаму чалавеку «трэба быць памяркоўным, ашчадным, справядлівым і добрым. Бо тваё зло супраць некага можа абрынуцца яшчэ з большай сілай назад, на цябе самога, тады ой як стане балюча». Несумненна, у гэтых радках гучыць і аўтарскі роздум пра меру адказнасці кожнага чалавека за свядомае або міжвольнае зло. Гэты маральны прынцып прымушае Сцепаніду рашуча выступіць супраць гвалтоўнай калектывізацыі.

У творы пісьменнік паказаў шэраг трагедый з жыцця высялкоўцаў, якія былі абумоўлены рэпрэсіямі. Несправядлівага раскулачвання сям’і Ладзімера Багацькі не вытрымлівае малады міліцыянер Васіль Ганчарык. У адчайным кроку разумнага і сумленнага юнака трэба бачыць не толькі яго асабістую драму, але і пратэст супраць несправядлівасці, якую чынілі людзі ў адносінах адзін да аднаго. Нават шчырага прыхільніка калгасаў — старшыню Лявона Багацьку — потым беспадстаўна арыштавалі. Сцепаніда збірала подпісы ў яго абарону і адправіла Петрака ў Мінск да старшыні ЦВК Беларусі Аляксандра Чарвякова, каб ён дапамог выручыць з бяды сумленнага чалавека, названага ворагам савецкай улады.

Упершыню ў аповесці «Знак бяды» В. Быкаў звярнуўся да стварэння вобраза канкрэтнай гістарычнай асобы. У творы выразна паказаны лепшыя якасці чалавека і кіраўніка Аляксандра Чарвякова, яго дэмакратызм, чалавечнасць, разуменне супярэчнасцей тагачаснага жыцця, спагада да чалавека працы. Гэта выявілася ў адносінах Чарвякова да калгаснікаў — Петрака і Сцепаніды. Сёння вядома, што гэты дзяржаўны дзеяч, як і многія іншыя, стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій. Васіль Быкаў пераканаўча паказаў, што ў перадваенны час Галгофай была ўся Беларусь і тое, што адбывалася, — вялікая нацыянальная трагедыя.

Асуджэнне прыслужнікаў акупацыйнага рэжыму. Недасека, Гуж, Каландзёнак

Што такое чалавек перад знішчальнай сілай абставін? Зноў і зноў у кожным творы ўзнімаў гэта пытанне В. Быкаў, прасочваючы ўчынкі і лёсы не толькі духоўна моцных людзей, але і людзей слабых, нікчэмных. Шмат увагі ў гэтым творы ўдзяліў празаік вобразам прыслужнікаў акупантаў, якія чынілі здзек над мірным насельніцтвам. Менавіта паліцаі, «свае» людзі-нелюдзі загубілі Петрака і Сцепаніду.

Пісьменнік дапамагаў чытачу зразумець прычыны маральнага падзення паліцаяў, расказваючы пра драматычныя падзеі 1930-х гадоў. У кожнага з іх быў свой шлях да здрады, аднак у многіх выпадках, паказваў В. Быкаў, паліцаямі станавіліся людзі, якіх пакрыўдзіла савецкая ўлада. Асабліва лютуе Зміцер Гуж, сын селяніна Івана Гужова, якога ў гады калектывізацыі несправядліва раскулачылі. Яшчэ з тых гадоў ён затаіў вялікую крыўду і нянавісць да савецкай улады і яе прыхільнікаў. Калі прынялі рашэнне аб раскулачванні іх сям’і, ён падаўся ў банду. А ў час вайны, дачакаўшыся свайго моманту, хоча адпомсціць усім былым актывістам і аднавяскоўцам за несправядлівыя адносіны да бацькі. Разам з такімі ж здраднікамі, Патапам Каландзёнкам і Антосем Недасекам, ён з’яўляецца на хутары Багацькаў, паводзіць сябе нахабна, вымагаючы выпіўку і «закусь».

Паліцаяў баяцца вяскоўцы, бо здраднікі нядаўна расстралялі «захожага чырвонаармейца», павесілі двух камуністаў, адзін з іх быў дырэктарам школы. Гуж камандаваў расправамі над местачковымі яўрэямі, рабаваў і дзяліў іх нажытак паміж паліцаямі, даваў інструкцыі іншым карнікам. Людзі памятаюць, што Зміцер Гуж быў з маленства ліхі, падлеткам абіраў сады, крыўдзіў меншых, разбойнічаў. Ён з дзіцячых гадоў узненавідзеў зямлю і працу на ёй («А начарта яна мне? Я яе з дзецкіх лет зненавідзеў. Пляваў я на зямлю»). У калектывізацыю ён некуды ўцёк ад раскулачвання, а ў вайну з’явіўся з вінтоўкай у руках, каб помсціць за мінулае.

Гуж пагражае Сцепанідзе расправай за тое, што была калгаснай актывісткай, тлумачыць прычыны свайго здрадніцтва: «Ну... ты ў мяне дажджэшся! <…> Я не забудуся, з чыёй ласкі на чужой зямлі гора мыкаў. Я цяпер чаго сюды прыбіўся? <…> Думаеш, немцам служыць? Чхаў я на немцаў. Мне трэба расчытацца з некаторымі. З калхознічкамі... Што тут раскашавалі, як мой бацька на Салаўках канаў».

Помслівы, бязлітасны, амаральны паліцай цешыцца ўладай над людзьмі, якую далі яму акупанты, не баючыся ні людскога, ні боскага суда: «Я ўсю жысць быў падначалены, малы чалавек. Усяго бойся. А цяпер у мяне ўласць! Поўная. Я ж цяпер для вас вышэй, чым сельсавет. Вышэй, чым райкам. <…> Я ж магу любога... стрэльнуць. <…> А магу і наградзіць...» Сцепаніда памятала руплівага, працавітага старэйшага брата паліцая, яго сумленнага, нават набожнага бацьку, яна не разумее, адкуль у Зміцера столькі нянавісці і лютасці да людзей. Ёй горка, што і зараз, як і ў калгасныя часы, зноў свае здзекуюцца са сваіх.

Паліцаі Каландзёнак і Недасека такія ж небяспечныя, як і Гуж. Патап Каландзёнак, па аўтарскай характарыстыцы, «ні мужчына, ні баба». Гэта няшчасны, у многім абдзелены прыродай чалавек, злосны па натуры, які ў час вайны адчуў, што прыйшла яго пара. Да вайны ён жыў з хворай маці ў будынку пры сельсавеце, выконваў розныя даручэнні прадстаўнікоў мясцовай улады. Меў выгляд маўклівага пераростка, прыглядваўся, прыслухоўваўся да ўсяго, «пачаў гарнуцца да... спраў дарослых, бывала, не прапускаў ні аднаго сходу, з ранку да позняй ночы тырчэў у сельсавеце, слухаў, маўчаў». А потым пісаў нататкі ў раённую газету. Сцепаніда ўспамінае, што нават у маленстве дзеці не любілі гэтага маўчуна, не гулялі з ім, хоць Патап нікога не крыўдзіў, «заўсёды ён быў сам па сабе».

Вяскоўцы адносяцца да Каландзёнка з агідай і адначасова баяцца яго. Усе памятаюць, колькі гора прыносілі яго паклёпніцкія даносы яшчэ ў даваенны час. Па адным з іх была беспадстаўна раскулачана сям’я Ладзімера Багацькі. Сцепаніда памятае, як у час калектывізацыі Каландзёнак разжыўся на добрыя «рэквізаваныя» боты. Малады, пісьменны, ён «усё рабіў быццам бы правільна, а нічога, апроч крыўды і нянавісці, да сябе не выклікаў у вяскоўцаў».

Перад вайной Каландзёнак быў прызваны ў войска, але праз месяц «схуднелы, у вайсковых трантах» вярнуўся: немцы адпусцілі з лагера для ваеннапалонных. «Дык во цяпер ад’ядаецца на паліцэйскіх харчах», — з непрыязнасцю думае пра яго Сцепаніда. Каландзёнак гатовы страляць і забіваць не разбіраючыся. Ён не мае ні павагі, ні літасці да сваіх аднавяскоўцаў. У паліцыю ідзе, каб выратаваць сваё жыццё, эгаістычны разлік у яго на першым плане. Для Каландзёнка і такіх, як ён, не існуе высокіх маральных, гуманістычных ідэалаў.

Антось Недасека як быццам ціхі і бяскрыўдны паліцай. Гэта знешне сімпатычны малады мужчына. Ён з’яўляецца на хутары Багацькаў разам з мясцовымі паліцаямі, выконвае ўсе даручэнні Гужа, нават скардзіцца Сцепанідзе, што і яго Гуж абяцаў застрэліць. Ён просіць у Сцепаніды паесці, і яна нават шкадуе яго («гэты сапраўды, як ягня»). Ад яго Сцепаніда даведалася пра неўзарваную бомбу, якая ляжала ля моста, але нехта падабраў. Антось Недасека тлумачыць, што ў паліцыю ён пайшоў, баючыся, каб яго не расстралялі з-за брата — савецкага работніка Новіка, што ён клапоціцца пра выратаванне сваіх шасцярых дзяцей, што паліцаем стаў па прымусе Гужа. Сцепаніда ўшчувае, што ён дарэмна запляміў сябе здрадай.

Недасека шукае сабе апраўданне: каб не дзеці, збег бы куды ў лес. Ратуючы сваіх дзяцей, ён гатовы адбіраць жыцці ў іншых, забіваць. Абмежаваны, маральна прымітыўны прыстасаванец, Недасека служыць злу. Ён гатовы дакладна выканаць самыя злачынныя загады сваіх гаспадароў, абы толькі непрыемнасці не кранулі яго. Некалі Антось падладзіўся да савецкай улады, спекулюючы сваёй беднасцю і мнага­дзетнасцю. Зараз таксама прыстасоўваецца, дбаючы толькі пра сябе.

Размова Сцепаніды з Недасекам раскрывае яго агіднасць, прадажнасць. Праз думкі гераіні аўтар даў яму трапную характарыстыку: «...такіх не навучыш, нічога ім не зразумець, бо далей свайго карыта ім не дадзена бачыць. Такія ад прыроды сляпыя да маленькага пробліску чалавечнасці, дбаюць толькі аб сабе і апраўдваюцца часам дзецьмі. Божа, што будзе яшчэ з іхніх дзяцей, што яны пярэймуць ад гэтых во таткаў?»

Пятрок і Сцепаніда ўступаюць у смяротны паядынак з узброенымі, пазбаўленымі літасці і прыстойнасці паліцаямі. Праз роздумы Багацькаў пісьменнік паказаў, што парушэнне спрадвечнай народнай этыкі, хрысціянскіх уяўленняў пра дабро і зло вядзе грамадства да амаральнасці і ўсёдазволенасці, да самага страшнага падзення і злачынства — забойства свайго брата, суседа. Народная маральная ацэнка здраднікам у творы даецца і словамі «нелюдзі», «звяругі», «гадаўё».

Аўтар разам са сваім героем Петраком запрасіў і нас да роздуму пра вайну як пра чуму, пра вялікае гора, якое яна нясе: «Але калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр’ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое? ...ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг...» Васіль Быкаў, у каторы раз паставіўшы сваіх герояў у экстрэмальныя ўмовы, правяраў іх на людскасць, імкнучыся спасцігнуць меру чалавечага ў чалавеку.

Глыбокі псіхалагізм аповесці

Аналітычнае даследаванне В. Быкавым духоўнага свету і маральнага аблічча герояў дазваляе гаварыць пра псіхалагізм як важную рысу яго пісьменніцкага стылю. Аўтарскі псіхалагізм у аповесці «Знак бяды» раскрыўся ў поўным і падрабязным выяўленні пачуццяў, думак, перажыванняў многіх герояў твора, але найперш Петрака і Сцепаніды.

Так, напрыклад, стрыманы, міралюбны характар Петрака пісьменнік ужо ў пачатку твора паказаў праз яго размову са Сцепанідай, у якой гучала няўпэўненае спадзяванне героя, што, можа, удасца ім на хутары спакойна перачакаць вайну і нашэсце чужынцаў: «Нічога, як-небудзь... Мы перад імі невінаватыя. А калі з імі па-добраму, дык, можа, і яны... Не з’ядуць, можа...»

Ён казаў так, падбадзёрваючы сябе і супакойваючы жонку, хоць сам не менш за яе сумняваўся: а ці так гэта? Ведаў і адчуваў толькі тое, што трэба пераседзець ліхую часіну, а там, можа, што зменіцца. «Не век жа быць гэтай вайне». Аўтар перадаў кволыя спадзяванні Петрака, што ўдасца пазбегнуць бяды ў ваеннае ліхалецце, калі «паводзіць сябе як мага абачлівей і цішэй. <…> Няўжо, калі ён іх не зачэпіць, яны без жаднай прычыны будуць да яго прыдзірацца? Што ён, нейкі начальнік ці парцейны, ці хоць бы яўрэй з мястэчка? Слава богу, тутэйшы, беларус і хрышчоны ў хрысціянскую веру, селянін, калгаснік — такі самы, як і ўсе навакол».

Стрыманы, засяроджаны характар гэтага героя падкрэсліваецца ўказаннем аўтара, што Пятрок любіў заставацца «сам-насам з думкамі ў цішы». Пра глыбіню і адоранасць ад прыроды сведчыць яго талент музы´кі — скрыпача-самавучкі, які ў лепшыя часы іграў на вясковых святах. На працягу твора аўтар з вялікай псіхалагічнай перакананасцю паказваў, як даводзіцца Петраку мяняць свае адносіны да падзей, акупантаў і мясцовых здраднікаў-паліцаяў. Іх гвалт і вераломства ператвараюць гэтага ўжо немаладога мірнага жыхара ў барацьбіта за свой дом, сваю зямлю, у рашучага, смелага і ахвярнага героя. І гэта падкрэсліў аўтар-псіхолаг, апісваючы апошнія эпізоды жыцця героя: Пятрок «усё болей рашуча ішоў насустрач паліцаям. <…>

— Гады вы, нямецкія запраданцы... <…> Застрэліце? Дык страляйце, чорт вас бяры! — з нечаканай рашучасцю, ад якой сам спалохаўся, закрычаў Пятрок і патрос у паветры сцятымі ў кулакі рукамі. — Страляйце!!! <…> Я вас не баюся! І Гітлера вашага не баюся! <…> Сын мой прыйдзе... Ён вам пакажа... <…> Федзька прыйдзе!..»

Асабліва ўважліва, шматпланава і дэталёва пісьменнік даследаваў ўнутранае аблічча, душэўнае жыццё Сцепаніды, паказваў то драматычныя сумненні гераіні, то рашучыя дзеянні ў розных абставінах. Аўтар на працягу твора падкрэсліваў бескампраміснасць, прынцыповасць характару гераіні. Яшчэ з даваеннага часу высялкоўцы, аднавяскоўцы Сцепаніды, памятаюць яе сумленнасць і смеласць: некалі на калгасным сходзе яна ў прысутнасці прадстаўніка раёна «збэсціла» кладаўшчыка, злодзея і п’яніцу, і таго знялі з працы і нават хацелі судзіць.

Сцепаніда абараніла жанчын-калгасніц, на якіх зласліўцы ўзвялі марны паклёп, што яны крадуць лён. Яна намагалася знайсці паратунак ад несправядлівай гвалтоўнай калектывізацыі ў Выселках і ваколіцах, беспадстаўных раскулачванняў сваіх працавітых землякоў. Але гэта адважная і сумленная жанчына была бездапаможнай у тых абставінах. Васіль Быкаў псіхалагічна дакладна апісаў балючыя перажыванні Сцепаніды, звярнуў увагу на яе смеласць выказвацца, горача і эмацыянальна пратэставаць супраць несправядлівасці — адкрыта, перад усімі, на сходзе.

З псіхалагічнай дакладнасцю майстар слова перадаў Сцепанідзіны гнеў і абурэнне гвалтам, што чынілі партыйныя актывісты над працавітымі вяскоўцамі, сярод якіх не было багацеяў, «класавых ворагаў», «прыгнятальнікаў»: «Голас яе напяўся ў нервовай узрушанасці, і гэта ўсе адчулі. Яе ўсю хапіла нейкая ўнутраная гарачка, плечы адразу спатнелі, вочы заслала невідушчым туманам, хвіліну яна не ведала, што сказаць ім і што падумаць самой. А яны ўсе тут — мужчына за сталом, Касмачоў ля яго, аднавокі Лявон і нават Ганчарык — з нейкай напружанай увагай знямелі і толькі чакалі, што скажа яна. І яна дужа не ў лад са сваімі пачуццямі зарагатала нядобрым нервовым рогатам, якога аж сама спалохалася, бо адчула, што гэты яе смех вось-вось абарвецца нечым жахлівым.

— Дурні вы! — раптоўна прыцяўшы смех, выпаліла яна. — Ёлупы! Каго раскулачваеце? Тады ўсіх раскулачвайце! Усіх да аднаго! І калгаса не трэба будзе. І ніякага клопату. Давайце ўсіх! І мяне таксама — парабчанку пана Яхімоўскага. І яго вунь — беззямельнага Ганчарыка! Усіх!»

Пісьменнік падкрэсліваў важнейшыя рысы характару гераіні — шчырасць, спагаду ў адносінах да людзей і імкненне да справядлівасці: яна была абурана намерам беспадстаўнага раскулачвання вяскоўцаў-працаўнікоў, гэтай «відавочнай несправядлівасцю». Сцепаніда звяртаецца да кіраўнікоў сходу, якія, па трапнай ацэначнай характарыстыцы аўтара, «спакойна сабе сядзелі, як пні, — нязрушна, упэўнена».

Пісьменнік паказаў, як гэта жанчына абараняе сваіх людзей: «А справядлівасць не трэба? Калі ўжо да беднякоў дайшло! Дык хіба справядліва? Вы, разумныя людзі, хіба вы не бачыце! <…> Нельга, каб свае — сваіх! <…> Гэта ж усе людзі навокал бачаць, а вы...»

Рашучасць гераіні змагацца з несправядлівасцю аўтар перадаў і пры дапамозе экспрэсіўна напоўненых дзеясловаў, якія падкрэсліваюць яе псіхалагічны стан: «Яна шыбанула ў дзверы, размашыста бразнула імі знадворку. <…> Яна бегла ўтаптанай дарогай... слёзы цяклі па яе зяблых шчоках, а ўнутры ў яе ўсё галасіла, і яна не ведала, што рабіць. Яна толькі адчувала... што трэба нешта зрабіць, некуды бегчы, звяртацца да некага. Але куды бегчы і да каго звяртацца? <…> Сцепаніда прыбегла на хутар... <…> Яна забегла ў хату... ухапіла кошычак...»

Веліч, стойкасць характару Сцепаніды выявіліся і ў час вайны. Яна з трывогай думала, што «з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна», папракала Петрака за яго чалавечую мяккасць: «Няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў быў пагадзіцца». Сцепаніда ведала, што нахабнікам, ілгунам трэба даваць адпор, каб «не ўзбіліся на карак». Калі ўзброеныя паліцаі Гуж і Каландзёнак, дэманструючы сваю вялікую ўладу над людзьмі, з’явіліся на хутары, Сцепаніда, у адрозненне ад Петрака, паводзіць сябе годна і незалежна.

Гэта трапна падкрэсліваў пісьменнік-псіхолаг: «Яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго — яна іх ненавідзела. Зрэшты ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы».

Для ўвасаблення характару, псіхалогіі герояў пісьменнік карыстаўся рознымі мастацка-выяўленчымі сродкамі, але часцей за ўсё прыёмам перадачы думак герояў, іх унутраных маналогаў, а таксама ўжываў эмацыянальна напоўненыя выказванні, апісанні жэстаў, мімікі, рухаў.

З трапнай псіхалагічнай матывацыяй аўтар ствараў і вобразы іншых герояў твора, асабліва пана Яхімоўскага, паліцаяў Каландзёнка, Гужа, Недасекі, а таксама Васіля і Янкі Ганчарыкаў, Карнілы, Анюты Багацька. З псіхалагічнай дакладнасцю праз асабістыя трагічныя лёсы герояў пісьменнік-гуманіст узнаўляў трагічныя часы ў жыцці беларусаў у ХХ стагоддзі.

Мастацкая сімволіка твора

Аповесць «Знак бяды» арыгінальная тым, што свае маральна-філасофскія ацэнкі падзей В. Быкаў увасобіў не толькі праз вобразы галоўных герояў — Петрака і Сцепаніды, але і пры дапамозе шэрагу вобразаў-сімвалаў, быкаўскіх знакаў бяды: мёртвы жаваранак, Галгофа, крыж, неўзарваная бомба і інш. Гэта сведчыць пра тое, што творча-эстэтычная сістэма пісьменніка ўскладняецца і ўзбагачаецца за кошт умоўна-міфатворчых сродкаў і набыткаў духоўнай культуры беларускага народа і агульначалавечых традыцый.

Абноўлена-сімвалічнае значэнне набывае і само месца дзеяння — хутар, які ў літаратуры з 1920-х гадоў і да нядаўняга часу ўспрымаўся як сімвал уласніцтва. У творы В. Быкава менавіта на хутары адбываецца сутыкненне дабра і зла, разгортваецца смяротны паядынак людскага з нялюдскім. Сімвалічна, што твор пачынаецца з апісання зруйнаванага, здзічэлага месца, дзе некалі быў хутар і жыццё ішло па спрадвечных законах. Сюды не вярнуліся чаканыя дзеці Багацькаў, каб адрадзіць жыццё.

І гэта невыпадкова ў творы. У пасляваенным савецкім жыцці хутарскі ўклад не меў перспекты­вы. Але пісьменнік паказаў, што менавіта хутаране Пятрок і Сцепаніда выявілі высокую маральнасць, сцвердзілі вялікую духоўную моц чалавека.

Мёртвую птушку — жаваранка — Пятрок і Сцепаніда знайшлі па дарозе ў царкву на маладой руні ўпершыню засеянага свайго поля. Было гэта якраз у Вербную нядзелю перад Вялікаднем. І гэтыя акалічнасці па аўтарскай задуме не выпадковыя, а маюць глыбокі сэнс. Маладыя на той час гаспадары ўстрывожыліся гэтым знакам, які нёс дрэнныя прадчуванні. Поле належала пану Яхімоўскаму, у якога яны да савецкай улады служылі парабкамі. Новая ўлада адабрала ў старога пана зямлю і аддала парабкам. Самагубства Яхімоўскага ў Вербную нядзелю, мёртвы жаваранак у жытнёвай руні маладых гаспадароў сталі знакамі бяды іх будучага жыцця.

Неўрадлівае поле Багацькаў і крыж, устаноўлены Петраком на ім, вяскоўцы называлі Петраковай Галгофай. Ад цяжкай працы на гэтым полі сканаў конь, знясіліўся сам Пятрок. Набожны чалавек, ён ставіў на гэтым полі крыж са словамі «Памажы, Божа, не адступіся ад рабоў тваіх», спадзяваўся, што Усявышні адвядзе бяду ад гэтай зямлі і ад іх, людзей, якія тут працуюць. Сама назва — «Галгофа» — сімвалізуе слёзы, працу і людскія пакуты. Хутар стаў сапраўднай Галгофай, дзе Пятрок і Сцепаніда гінуць, баронячыся ад чужынцаў.

Вялікі драўляны крыж, які ставяць на неўрадлівым полі Багацькі, просячы гэтым дапамогі і спагады ва Усявышняга, а пасля спілаваны камсамольцамі, увасабляе драматызм жыцця чалавека. Пры дапамозе гэтага сімвалічнага вобраза аўтар падказаў чытачу, што яго героям давядзецца прайсці праз вялікія выпрабаванні і пакуты. Лёсы Петрака і Сцепаніды, іх пакутніцкая гібель нагадваюць лёс і пакуты Ісуса Хрыста. Несумненна, што гэтыя вобразы-сімвалы, матывы выпрабаванняў волі, маралі, духоўных якасцей герояў маюць біблейскае паходжанне.

Ёмісты і глыбокі філасофскі падтэкст нададзены старонкам твора, дзе В. Быкаў праводзіў думку пра яднанне чалавека і прыроды, селяніна і зямлі. Нават валун бялее для Сцепаніды ўкормленым парсюком. Заўважыўшы гэта, А. Адамовіч пісаў: «Чалавек і прырода, аблашчаная катаржнай працай зямля, жывёльны свет (карова, парсючок, куры гаспадарлівай Сцепаніды) — усё гэта ў аповесці Быкава нароўні з самым галоўным». Сапраўды, у аснове паняццяў пра дабро і зло, сапраўдную культуру ляжаць земляробскія па прыродзе сваёй, а значыць вясковыя, уяўленні.

 

Экранізацыя аповесці «Знак бяды»

Творы В. Быкава часта мелі праблемы з выхадам да чытача. І «Знак бяды» — не выключэнне. Некаторыя крытыкі ўбачылі ў творы «падкоп пад калектывізацыю». Аднак аповесць хутка была надрукавана ў часопісе «Полымя», а затым выйшла на рускай мове ў Маскве.

Па аповесці «Знак бяды» рэжысёр Міхаіл Пташук у 1986 годзе зняў аднайменны мастацкі фільм. Ад пісьменніка і рэжысёра патрабавалі перарабіць канфліктныя сцэны раскулачвання. Але стваральнікі фільма былі ўпэўнены, што нельга выкрэсліваць трагічныя сцэны, бо так было ў гісторыі народа. Пра гэта сам В. Быкаў пісаў: «...нават багі не могуць перайначыць былое. Былое вышэй за жывое, яно ўжо не падуладнае нікому». Фільм быў высока ацэнены грамадскасцю. Прэміяй «Ніка» адзначана і лепшая жаночая роля.

Творчасць В. Быкава вастрынёй маральных, быційных праблем сугучная з творамі сусветна вядомых пісьменнікаў А. Камю, Э. Хемінгуэя, Э. М. Рэмарка. Як і яны, наш суайчыннік па-мастацку асэнсоўваў філасофію існавання чалавека, найперш маральнага выбару чалавека ва ўмовах непераадольных абставін.

Пытаннi

0-1. Што вам вядома з урокаў гісторыі пра драматызм даваеннага жыцця ў СССР?
1. У які час адбываліся апісаныя ў аповесці В. Быкава «Знак бяды» падзеі? Хто з галоўных герояў твора і чаму ў вас выклікае большую сімпатыю?
2. Карыстаючыся прыкладным планам характарыстыкі мастацкага вобраза персанажа, змешчаным на форзацы вучэбнага дапаможніка, падрыхтуйце аналіз вобразаў галоўных герояў аповесці.
3. Якіх этычных норм, прынцыпаў прытрымліваліся Пятрок і Сцепаніда? Абгрунтуйце, што яны — носьбіты традыцыйнай народнай маралі, хрысціянскай у сваёй аснове.
4. Паразважайце над прычынамі здрадніцтва паліцаяў. Як у творы выяўляюцца сувязі паміж ваенным часам і даваенным жыццём?
5. Чаму В. Быкава называюць пісьменнікам-псіхолагам? Якімі прыёмамі псіхалагічнага пісьма карыстаўся аўтар пры стварэнні вобразаў галоўных герояў, пана Яхімоўскага, паліцаяў?
5-1. Вызначце асаблівасці кампазіцыі аповесці «Знак бяды», ролю рэтраспекцый і назвы твора ў выяўленні аўтарскай пазіцыі.
6. Складзіце слоўнік умоўна-сімвалічных вобразаў твора і растлумачце іх сэнс.
6-1. Карыстаючыся матэрыяламі інтэрнэту, падрыхтуйце паведамленне «Трагедыйнасць лёсу старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова».
7. Стварыце даследчы праект на адну з прапанаваных тэм: «Мастацкая інтэрпрэтацыя драматызму 1930-х гадоў у аповесці “Знак бяды”» або «Пятрок і Сцепаніда Багацькі як носьбіты беларускага нацыянальнага характару», «Знакі бяды і іх ідэйна-мастацкі сэнс у творы».
8. Паглядзіце мастацкі фільм «Знак бяды» (1986, рэжысёр Міхаіл Пташук). Параўнайце пісьменніцкае і рэжысёрскае бачанне трагедыі беларускага народа ў перадваенны і ваенны час.