ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ

Новая літаратурная сітуацыя

Літаратурны працэс канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя характарызуецца асаблівай інтэнсіўнасцю і, як ніколі раней, становіцца разнастайным і багатым. У апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ў Беларусі склалася якасна новая літаратурная сітуацыя. Яе ўзнікненне большасць даследчыкаў звязваюць з працэсамі перабудовы, якія ўскалыхнулі палітычнае і літаратурна-культурнае жыццё грамадства. Беларусь набыла статус самастойнай дзяржавы, што садзейнічала актывізацыі нацыянальна-культурнага жыцця: узніклі разнастайныя грамадска-культурныя аб’яднанні, адкрыліся новыя тэатры і тэатральныя студыі, з’явіліся новыя выдавецтвы. Гэта спрыяла ажыўленню беларускага літаратурнага працэсу.

У канцы 1990-х гадоў узніклі шматлікія культурна-асветніцкія і літаратурна-мастацкія арганізацыі моладзі, якія займаліся не толькі літаратурна-творчымі праблемамі, але і пытаннямі адраджэння нацыянальнай культуры. У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя працягвалі актыўна пісаць вядомыя і аўтарытэтныя пісьменнікі, якія сталі ўжо класікамі: Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Віктар Казько. Вяртаюцца ў літаратуру імёны пісьменнікаў-эмігрантаў і рэпрэсіраваных творцаў. Паступова пачынаецца запаўненне белых старонак гісторыі нацыянальнай літаратуры. У літаратурны працэс са сваімі эстэтычнымі пошукамі і знаходкамі актыўна ўваходзілі маладыя творцы: Алесь Бадак, Віктар Шніп, Пятро Васючэнка і інш.