Янка Брыль

Біяграфія

Я змагу яшчэ нешта вартае зрабіць, толькі вярнуўшыся туды, адкуль выйшаў, толькі стаўшы бліжэй да роднага кута.
Я. Брыль.

Жыццёвыя карані і вытокі творчага натхнення народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля знаходзяцца на знакамітай Навагрудчыне. Гэты край выпеставаў не аднаго творцу, у тым ліку і пісьменніка з сусветным імем Адама Міцкевіча.

Нарадзіўся Іван Антонавіч Брыль у сям’і з сялянскімі каранямі. Яго бацька быў родам з вёскі Загора, адкуль у 17 гадоў паехаў шукаць шчасця ў Пецярбург. Са сталіцы Расійскай імперыі лёс прывёў маладога чалавека ў Адэсу, дзе ён стаў правадніком цягніка Адэса — Пецярбург. Бацька будучага пісьменніка ўзяў шлюб з дзяўчынай-зямлячкай Анастасіяй Іванаўнай Чычук.

Першая сусветная вайна прымусіла сям’ю Брылёў стаць бежанцамі, ім давялося на пэўны час абжыцца ў Адэсе. Там і з’явіўся на свет 4 жніўня 1917 года самы малодшы з дзяцей — Янка. Гадаваўся будучы пісьменнік у сям’і, дзе падтрымлівалася цікавасць да вучобы і развіцця творчых здольнасцей. Жыццёвыя нягоды пераадольваліся разам: старэйшыя заўсёды дапамагалі малодшым.

Матэрыяльныя нястачы, якія прынесла вайна, прымусілі Брылёў вярнуцца ў 1922 годзе ў Беларусь. Старэйшыя дзеці былі ўжо самастойнымі і засталіся ў Адэсе, а з малодшымі — Міколам, Міхасём і Янкам — бацькі вяртаюцца ў вёску Загора, дзе і прайшло маленства будучага пісьменніка. У беларускай вёсцы для маленькага Янкі, жыццё якога дагэтуль было звязана толькі з горадам, адкрыўся цікавы, ні на што не падобны свет прыроды. Яна для Я. Брыля стала адной з асноўных крыніц натхнення і ў многім садзейнічала станаўленню таленту мастака.

 Бацькоўскі дом і навагрудская зямля пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года сталі часткай тэрыторыі Польшчы, таму заходне-беларуская тэма будзе пазней адной з вызначальных у творчасці пісьменніка. У 1924 годзе памёр бацька, і ўвесь цяжар па выхаванні дзяцей лёг на плечы маці. Як бы ні было цяжка, яна рабіла ўсё, каб вывучыць дзяцей і вывесці іх у людзі. Янка Брыль заўсёды з удзячнасцю, пяшчотай і замілаваннем успамінаў маці, якая была бязмерна адданая сям’і.

 Школьную навуку будучы пісьменнік спасцігаў у роднай вёсцы ў пачатковай школе. Хлопец аказаўся здольным да вучобы, таму пасля трох класаў Загорскай школы працягнуў навучанне ў сямігодцы ў Турцы. Выкладанне прадметаў у школе вялося на польскай мове, і толькі пару гадзін на тыдзень праводзіліся па-беларуску. Хлопец на ўласным вопыце спазнаў, што такое апалячанне беларускага насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Працэс паланізацыі школьнага навучання пазней быў выдатна адлюстраваны Я. Брылём у аповесці «Сірочы хлеб».

Вучыўся будучы пісьменнік з задавальненнем і паспяхова. З вялікай удзячнасцю ўспамінаў ён пазней сваіх настаўніц літаратуры Валянціну Лычакоўну і Мар’ю Пранеўскую, якія ўвялі яго ў цікавы свет мастацтва слова.

Пасля заканчэння сямігодкі ў будучага пісьменніка выспела жаданне працягваць вучобу ў гімназіі. Брат Міша, які ўжо год адвучыўся ў Навагрудскай польскай гімназіі, падрыхтаваў хлопца да экзаменаў, і Янка паспяхова вытрымаў іспыты і стаў у 1931 годзе гімназістам. Аднак вымушаны быў вярнуцца ў бацькоўскую хату, дзе займаўся гаспадаркай і самаадукацыяй.

У кола захапленняў Я. Брыля ўваходзілі не толькі творы беларускіх класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, М. Багдановіча і іншых, але і шэдэўры сусветнай літаратуры — творы А. Чэхава, Р. Ралана, Э. М. Рэмарка.

Вялікі ўплыў на светапогляд братоў Міхаіла і Янкі Брылёў аказала творчасць Льва Талстога. Філасофія гэтага рускага пісьменніка пашырыла сістэму маральных каардынат маладых людзей, аснову якой складалі агульначалавечыя маральныя каштоўнасці. Цікава апісваў Я. Брыль павагу да кніг у яго сям’і: «Маці наша проста прымушала чытаць ёй услых. Зробіш, бывала, урокі, яна прадзе, а ты ёй чытаеш». Гэтыя сеансы хатняга чытання надоўга засталіся ў памяці мастака слова: «Я чытаю, а маці слухае і плача расчуліўшыся. Гледзячы на яе, плачу і я, абое плачам… А польскія кнігі чытаў, перакладаючы адразу на беларускую мову (свайго роду сінхронны пераклад)».

Будучы пісьменнік стаў арганізатарам самадзейнага драматычнага гуртка ў Загоры. Маладыя людзі ладзілі пастаноўкі на беларускай мове, праводзілі культурна-асветніцкую работу сярод аднавяскоўцаў. Інтэлектуальнаму і творчаму росту Янкі спрыяла таксама сяброўства з нацыянальна свядомымі і патрыятычна настроенымі паэтамі — Міхасём Васільком і Алесем Мілюцем.

Паступова ў юнака з’явілася жаданне і самому пісаць. Спрабаваў свае сілы Я. Брыль у паэзіі, прозе і нават публіцыстыцы. Першымі апублікаванымі творамі маладога літаратара былі вершы, якія з’явіліся ў часопісе «Шлях моладзі» ў 1938 годзе: «Апошнія крыгі», «Ажываюць лес і поле...» і інш. У гэты перыяд былі напісаны і празаічныя творы: апавяданні «Цюцік» (1937), «Сустрэча» (1937), «Марыля» (1937), «Праведнікі і зладзеі» (1938) і інш. У іх выяўлялася ўзвышана-паэтычнае, лірычнае бачанне свету, што пазней стане адной з дамінуючых рыс творчай манеры гэтага празаіка.

У 1939 годзе Я. Брыля прызвалі на службу ў польскае войска, у марскую пяхоту. Як сапраўдны і добра выхаваны сын, ён, паабяцаўшы маці, кожны тыдзень пісаў лісты дадому.

На службу юнак прыйшоў з пэўнымі жыццёвымі антываеннымі ўстаноўкамі, якія сфарміраваліся пад уплывам успамінаў землякоў пра жахі Першай сусветнай вайны і пад уражаннем твораў пра вайну Л. Талстога і Э. М. Рэмарка. Вялікага жадання стаць бравым салдатам у будучага пісьменніка не было: у яго трывала сфарміраваліся прынцыпы гуманізму і пацыфізму. У час службы ў Гдыньскім батальёне ў горадзе Хэлме Я. Брыль знайшоў у казарме забытую бібліятэку. Нягледзячы на цяжкасці салдацкай службы, хлопец знаходзіў час на чытанне мастацкай літаратуры і напісанне вершаў.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Другую сусветную вайну Я. Брыль сустрэў у Гдыні. Хлопец быў другім нумарам кулямётнага разліку і адбіваў атакі пяхоты праціўніка. У час абароны з-за няроўнасці сіл салдаты вымушаны былі здацца. Так ён аказаўся ваеннапалонным. Яго, як і іншых салдат, выкарыстоўвалі ў якасці рабочай сілы. Пратэстуючы супраць такога становішча, будучы пісьменнік спачатку ўзначаліў забастоўку, а затым арганізаваў у жніўні 1940 года ўцёкі з лагера. Янку чакала няўдача: ужо ў Польшчы ўцекачоў злавілі і юнака зноў адправілі ў лагер. Так Я. Брыль апынуўся ў лагеры ў Вайдэне, у Баварыі, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Міхасём Васільком (Міхаілам Касцевічам (1905—1960)) — беларускім паэтам.  Асабліва невыноснай няволя стала, калі Германія напала на Савецкі Саюз, таму юнак адважваецца на ўцёкі. Пра палон і гісторыю вяртання дадому пазней ён напіша ў рамане «Птушкі і гнёзды».

 Толькі ў жніўні 1941 года Янка Брыль трапіў у родныя мясціны, дзе стаў пазней сувязным партызанскіх брыгад імя Г. К. Жукава і «Камсамолец», а ў сакавіку 1944 года — партызанам. Многія, з кім звёў лёс пісьменніка ў партызанскіх атрадах, потым сталі прататыпамі герояў яго твораў.

 У гэты час Я. Брыль супрацоўнічаў з газетай Мірскага падпольнага РК КП(б)Б «Сцяг свабоды», пры якой выдаваў сатырычны лісток «Партызанскае жыга´ла».

 Калі родныя мясціны былі вызвалены, былога партызана прызначылі рэдактарам раённай газеты, а затым ён стаў літсупрацоўнікам рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую га´дзіну».

З 1944 года пісьменнік жыў і працаваў у Мінску, дзе загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык», быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, выконваў абавязкі старшыні Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада», быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

У пасляваенны час у Я. Брыля самай жаданай і любімай была творчая праца. Адзін за адным выходзяць яго зборнікі: «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947), «Дзеля сапраўднай радасці» (1952). Ужо ў пачатку творчай дзейнасці Я. Брыль выявіўся і як таленавіты дзіцячы пісьменнік, пра што сведчаць апавяданні «Лазунок», «Жыў-быў вожык», «Туга» і інш.

У 1962 годзе выйшаў зборнік апавяданняў «Працяг размовы», за які аўтар атрымаў Літаратурную прэмію імя Якуба Коласа, у 1963 годзе ўбачыла свет кніга малой прозы «Роздум і слова». У час хрушчоўскай адлігі была завершана і «кніга адной маладосці» — раман «Птушкі і гнёзды» (1964). Ён займае важнае месца ў творчасці пісьменніка, бо апісаныя ў ім падзеі — частка біяграфіі Я. Брыля. У прадмове да кнігі аўтар адзначыў важнасць напісанага: «Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага». Янка Брыль указваў, што кніга не з’яўляецца аўтабіяграфічнай, алё ў ёй ёсць і частка біяграфіі яго і яго равеснікаў. Над творам Іван Антонавіч працаваў не адно дзесяцігоддзе, пачынаючы з 1940-х гадоў. Доўгае выношванне задумы і працяглая праца нарадзілі раман з глыбокім філасофскім зместам, дзе цэнтральнымі з’яўляюцца праблемы чалавека і вайны, чалавека і Радзімы. 

«Птушкі і гнёзды» сталі споведдзю пісьменніка пра перажытае ў гады Другой сусветнай вайны, аповедам пра тое, як у любых абставінах трэба заставацца чалавекам. Аўтар адзначаў: «Вось гэта маё сэрца на далоні… Я не магу і не хачу нічога прыхарошваць і выдумляць». Пра ідэйна-духоўную сутнасць рамана трапна выказаўся сябар пісьменніка і вядомы літаратуразнавец У. Калеснік: «Герой рамана Я. Брыля змагаецца… на нябачным фронце свядомасці — гэта змаганне за сваю душу і душы сяброў, таварышаў. Духоўнае поле барацьбы мае не менш небяспекі і гераізму, чым партызанскі лес… Скразною тэмай рамана якраз і з’яўляецца барацьба на гэтым унутраным фронце змагання, таму і называе мастак сваю кнігу “біяграфіяй душы”». 

У 1960-я гады Я. Брыль пачаў асвойваць жанр мініяцюры: нізка лірычных мініяцюр «Рамонкавы россып» з’явілася ў часопісе «Маладосць» за 1964 год. Сёння пісьменніка лічаць непераўзыдзеным майстрам лірычнай мініяцюры. Пра гэта сведчаць кнігі «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Пішу як жыву», «Вячэрняе» і інш. Аўтар прызнаваўся: «І ўсё-такі ў сваіх мініяцюрах я адчуваюся найбольш самім сабою».

У наступнае дзесяцігоддзе празаік выдаў шэраг твораў сярэдняй эпічнай формы. У 1975 годзе была напісана аповесць «Ніжнія Байдуны», у 1978-м — «Золак, убачаны здалёк», адзначаная Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа. У 1975 годзе выйшла дакументальная кніга «Я з вогненнай вёскі...», якая была створана ў суаўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам.

Покліч роднай зямлі прымусіў Я. Брыля аблюбаваць і абжыць лецішча на беразе Нёмана ў вёсцы Крынічнае, што за дзесяць кіламетраў ад Загоры. Там з 1978 года вельмі добра пісьменніку думалася і тварылася. Менавіта там нарадзіліся апавяданні і мініяцюры, якія ўвайшлі ў кнігі «Сёння і памяць», «На сцежцы дзеці» і інш. У творчасці 1980—1990-х гадоў Я. Брыль працягваў пошукі ў распрацоўцы жанраў малой лірычнай прозы.

Мастак слова меў шмат узнагарод і за баявыя заслугі, і за самаадданую працу, але самае ганаровае званне — народнага пісьменніка БССР — ён атрымаў у 1981 годзе.

У 1990 годзе была надрукавана аповесць Янкі Брыля «Муштук і папка», у якой пісьменнік падзяліўся з чытачом балючай праўдай пра трагічны лёс старэйшага брата Уладзіміра, расстралянага ў 1930-я гады. У творы аўтар-філосаф праз асабістую драму раскрыў шматпакутную гісторыю народа.

Вядомы Я. Брыль і як перакладчык з рускай і польскай моў. Ён перакладаў на беларускую мову творы Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, М. Канапніцкай, Э. Ажэшкі, Б. Пруса і інш.

Уся творчасць Я. Брыля — гэта глыбокі філасофскі роздум над убачаным і перажытым за доўгае жыццё. Пісьменнік быў шчырым у жыцці і ў творчасці, пра што напісаў у адной са сваіх мініяцюр: «Я магу памыляцца шмат у чым, у жыцці маім было нямала меншых і большых памылак, але адно я ведаю цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё — чалавечнасць. Я веру ў гэта ўсё сваё жыццё…»  Не стала таленавітага пісьменніка і шчодрага душой чалавека ў ліпені 2006 года.