Рыгор Барадулін

Біяграфія

Долі інакшай не трэба зямной,
Сэрца пагоднее ад суцяшэння:
Родная мова ступала за мной
Ад калыханкі
                         да галашэння...

     Р. Барадулін

Рыгор Іванавіч Барадулін лічыў, што яму пашанцавала нарадзіцца ў літаратурным рэгіёне, бо яго землякамі былі Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Еўдакія Лось... А на віцебскай зямлі, у тым ліку на Полаччыне, Ушаччыне, спакон веку скрыжоўваліся гістарычныя шляхі і інтарэсы нашых мужных продкаў з рознымі заваёўнікамі. Гэта вельмі яскрава адаб’ецца пазней у творчасці Р. Барадуліна: «Віцебшчына! // Ты лёсам // Ня выпешчана — // Ты войнамі // Выпесчана...»

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Праз невялікае акно звычайнай вясковай хаціны хлапчук убачыў прыгожы і багаты свет. У маленстве жыццё адкрывалася з самага блізкага наваколля: са студні, што выкапаў бацька, каля якой дражніўся з хлапчуком бусел, быццам абяцаючы дацца ў рукі; вярбы, што стаяла непадалёку ад студні... «Помніць сябе, — успамінаў Р. Барадулін, — пачынаю пад галасы жніўнае песні. Хутар Верасовачка. Жнейкі жнуць. Песня тужлівая, здаецца, колецца неўсвядомленай яшчэ самотай, як іржэўе...» З басаногага маленства на ўсё жыццё засталася жыць у душы матчына песня.

Сваю матулю, звычайную беларускую сялянку, працаўніцу і песенніцу Акуліну Андрэеўну, паэт пазней назаве «стыхійна вялікім філолагам». Гэта менавіта яна і бабуля па мацярынскай лініі — Малання Несцераўна, якая ведала многа казак, песень, «прыбабунек», — удыхнулі ў душу хлапчука любоў і чуйнасць да роднага слова. Бацька будучага паэта, Іван Рыгоравіч, хадзіў у мястэчка Ушачы цяслярыць. Толькі вечарамі пасля работы яны бачыліся: бацька расказваў, чым займаўся, а сын любіў шукаць за пазухай у яго гасцінец — то абаранак, то драбок цукру. Калі хлопчыку было чатыры гады, сям’я пераехала з Верасоўкі ва Ушачы, дзе Іван Рыгоравіч здолеў збудаваць сваю хату. Вясной 1941 года бацька з сынам пасадзілі ля весніц той хаты кволае дрэўца, малады вяз...

Вялікая Айчынная вайна адбілася ў свядомасці Р. Барадуліна шэрымі, як хмары, натоўпамі палонных чырвонаармейцаў, параненых і панурых. Іх праз мястэчка гналі гітлераўцы ў лагер. З часам паўшэптам стала вымаўляцца слова «партызаны», а потым ушацкія, лепельскія, бягомльскія лясы сталі партызанскай зонай. Спачатку Ушачы былі заняты гітлераўцамі, а потым мястэчка адбілі ў акупантаў партызаны. Сюды часта прыляталі нямецкія самалёты і скідвалі бомбы. Сям’я Барадуліных, як і суседзі, дзеля бяспекі пабудавала сабе зямлянку. Бацька стаў партызанам. Часам наведваўся з лесу дадому і дазваляў сыну стрэліць з сапраўднай баявой вінтоўкі. Маці шыла для народных мсціўцаў маскхалаты з парашутнага шоўку.

Вясной 1944 года фашысты пачалі рашучыя атакі на партызанскую зону. Лясныя салдаты вымушаны былі хутка адступаць, пакідаючы мірнае насельніцтва, безабаронных жанчын, старых і малых. Таму маці з Рыгорам і суседзямі вырашылі ўцякаць у пушчу, узяўшы з сабой толькі самае неабходнае, што можна было панесці. Хлапчуку запомнілася, як цяжкапараненыя партызаны прасілі таварышаў, каб тыя застрэлілі іх, толькі б не трапіць жывымі ў рукі ворагу. З дапамогай аўчарак фашысты адшукалі ўцекачоў і выгналі з лесу, зноў пагналі ва Ушачы. «У веснавы дзень ледзянілі жахам аўтаматы ў немцаў. <…> Дождж. Бліскучыя плашчы на немцах. Аўтаматы. Сабакі. Нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, сцвярджалі старажытныя, мост адзін і той жа мы праходзілі двойчы, мост пакут і страху, мост цераз раку жыцця і нябыту» — так праз многа гадоў успамінаў Р. Барадулін пра дні свайго ваеннага маленства. Калі гітлераўцы адыходзілі пры наступленні Савецкай арміі, яны спалілі бацькаву хату. Паэт успамінаў: «Маці, бабуля і я засталі свежыя галавешкі».

Пасля вызвалення Беларусі і доўгія гады пасля вайны сям’я чакала гаспадара, што партызаніў у брыгадзе Мельнікава. Не верылася, што ён загінуў. Доўгія гады ў сэрцы Акуліны Андрэеўны і сына жыло спадзяванне. У аўтабіяграфічных нататках Р. Барадулін пісаў: «А мама чакала да канца дзён свайго Івана, бацьку майго. <…> Пыталася ва ўсіх, ці бачылі, ці чулі, ці помняць партызана Івана Барадуліна. Адны казалі, што нібыта паранены сам сябе ўзарваў, другія — што загінуў у вёсцы Белае... Ні ліста ад жывога, ні пахавальнага ліста. А непахаванага чакаюць, пакуль жывуць».

Хлапчуку-падлетку, а потым і юнаку часта прыгадваўся перадваенны час, калі сям’я была поўнай і шчаслівай, і хлопчык насіў бацьку на працу абеды, прыгатаваныя руплівай матуляй. У памяці сына бацька застаўся мужным і добрым, працавітым і жартаўлівым рамантычна-казачным волатам, які любіў сваю зямлю і працу на ёй. 

Вобраз бацькі, сум па ім, памяць пра яго кранаюча ўвасоблены ў многіх вершах паэта. У адным з іх чытаем:

І сёння мне пахне зямля
Цвікамі, смалой, сукамі.
І дужымі —
Ў мазалях —
Бацькавымі рукамі.

Пасляваенныя гады ў жыцці Р. Барадуліна былі ў многім тыповыя для пакалення хлапчукоў-бязбацькавічаў і іх нястомных працаўніц-матуль, што засталіся ўдовамі. 

Матуля і бабуля былі галоўнымі людзьмі ў лёсе будучага паэта. Акуліна Андрэеўна, якую ніколі не песціў лёс, адна гаспадарыла і гадавала сына. Пасля вызвалення мястэчка Ушачы дастала закапаную на агародзе даваенную карміцельку — швейную машыну, прадала яе і купіла другую карміцельку — маладую кароўку, каб сын не галадаў, хутчэй рос і станавіўся на ногі, рабіўся гаспадаром. На пагарэлішчы ставіла сваю — матуліну, удовіну — хату. Сама сталярыла і цяслярыла, упраўлялася, чакаючы, пакуль падрасце сын. І сякерай, і плугам, і касой адольвала, як і ўсе беларускія жанчыны ў пасляваенны час, непасільную мужчынскую працу. «І колькі жыла мама, усё дарабляла хату: то абмазвала трухлё глінаю, то паднаўляла падлогу па дошцы, то шалявала. Для ўдавы ўсё было дорага і недаступна», — прыгадваў пасляваеннае маленства Р. Барадулін.

Але дзесяцігадоваму хлапчуку, і ў наступныя гады падлетку, жыццё і свет не здаваліся такімі драматычнымі. Асэнсаванне трагізму пасляваеннага жыцця — уласнага, матулінага і ўсяго беларускага народа — прыйшло пазней, разам са сталасцю. «У школу ісці яўна не хацелася, — успамінаў першы пасляваенны час Рыгор Іванавіч. — Навокал гэтулькі патронаў, снарадаў, мін. Снарад можна ўкінуць у вогнішча і, адбегшы, чакаць, калі гахне. <…> У раённай бальніцы была цэлая «палата мінёраў», дзе ляжалі падлеткі без рук, без ног, пакалечаныя, знявечаныя. <…> Для нас, малечы, ці, дакладней сказаць, пераросткаў, вайна і не думала заканчвацца. Увесь вольны час капалі акопы, траншэі. Хатнія заданні былі чыста ўмоўнымі. Ні падручнікаў, ні сшыткаў, ні чарніла, ні пёраў. Запамінаў я добра, варта было настаўніцы адзін раз прачытаць у класе. Сшыткі рабіліся з усяго, дзе толькі была папера хоць з малымі прабеламі: з абрыўкаў старых шпалер, з газет, іх зрэдчас можна было купіць на пошце. <…> Чарніла рабілася з буракоў, з кары вольхі ці крушыны…»

Ва Ушацкай сярэдняй школе, дзе вучыўся будучы пісьменнік, былі любімыя настаўнікі, якія давалі станоўчы прыклад, фарміравалі ідэалы прыгажосці і чалавечнасці, абуджалі ў душы падлетка прагу да ведаў, любоў і цікавасць да роднага слова. Сярод іх — Ефрасіння Міхайлаўна Карабань, на ўроках у якой па-хлапечы шчыра закаханы вучань Р. Барадулін, стараючыся з усёй сілы звярнуць на сябе ўвагу, часта круціўся і парушаў дысцыпліну. Муж любімай настаўніцы, Алесь Антонавіч Карабань, стаў пазней дырэктарам школы. Ад яго будучы паэт упершыню пачуў літаратурна правільную, пявучую, сакавітую беларускую мову. Старшакласнікам у школе і ў раённым Доме культуры ён удзельнічаў у вечарах мастацкай самадзейнасці, быў чытальнікам, дэкламаваў пераважна байкі беларускіх і ўкраінскіх гумарыстаў, напісаў нават сваю байку і чытаў яе. Вершамі пачаў пісаць першыя прызнанні дзяўчатам-аднакласніцам.

Акуліна Андрэеўна працавала прыбіральшчыцай, вяла гаспадарку, а ў вольны час, звычайна начамі, шыла. Яна марыла даць адукацыю сыну, збірала і адкладвала капейку да капейкі. «Заказаў было досыць ад раённай знаці дый ад бедных местачкоўцаў, бо магла... пашыць... і з нічога нешта. Калі яна спала, пачынаю ўспамінаць і не прыпомню. Калі сонца спіць, ніхто не бачыў», — пісаў пазней паэт. I ў светлыя, і ў цяжкія часіны Акуліна Андрэеўна звярталася да Бога са шчырай малітвай, навучыла ў маленстве і сына паўтараць услед за ёй «Ойча наш». У піянерах Р. Барадулін не быў, бо маці лічыла іх бязбожнікамі. У старшых класах стаў камсамольцам. Бабуля Бабуля Малання была ўніяткай, запомнілася ўнуку апранутай на святы ва ўсё беленькае, чысцюткае, а таксама тым, як малілася па-беларуску, выпякала «баранькаў, вавёрачак, зайчыкаў. Давала на дарогу ў школу». З асаблівым нецярпеннем чакаліся і ўрачыста святкаваліся ў сям’і Каляды і Вялікдзень.

Глыбока народным укладам жыцця сям’і, песнямі, казкамі, прыказкамі, замовамі, лічылкамі, дражнілкамі, выслоўямі, якія пераняў з маленства Р. Барадулін ад матулі і бабулі, абуджалася ў душы паэта адчуванне прыгажосці і бясконцай глыбіні роднага слова. Народна-песенныя матывы пазней трывала ўвойдуць у яго творчасць. I невыпадкова ў паэзіі Р. Барадуліна так многа твораў — прысвячэнняў матулі, трывушчай і прыгожай душой беларускай жанчыне.

Прыкметны ўплыў на выбар жыццёвага шляху будучага паэта аказаў настаўнік роднай літаратуры Канстанцін Паўлавіч Баразна, якога Рыгор Барадулін называў сваім першым літаратурным настаўнікам. Ён наладзіў выпуск школьнага літаратурнага альманаха «Першыя крокі». Там упершыню з’явіліся вершы старшакласніка Р. Барадуліна — аднаго з першых паэтаў Ушацкай школы. У выпускным класе ён разам з аднакласнікам Алесем Лобкісам надрукавалі ў абласной газеце «Віцебскі рабочы» допіс пра свята песні ва Ушачах. Абодвух юнакоў ужо вабіла журналістыка. У газеце «Звязда» Р. Барадулін пазнаёміўся з умовамі прыёму ў БДУ ў Мінску. Матуля праводзіла са словамі: «Паспрабуй, сынок, можа, і паступіш, каб пасля не крыўдзіўся». Было гэта ў 1954 годзе.

Акуліну Андрэеўну Барадуліну вельмі шанавалі людзі — суседзі, аднавяскоўцы, блізкая і далёкая радня, і асабліва — сябры сына. У. Караткевіч казаў пра яе: «Мая другая Мама». Ён жа, звяртаючыся да Р. Барадуліна, гаварыў аб паэтавай матулі: «Я не меў гонару ведаць твайго бацьку (хіба што на фота ў маленькай тваёй ушацкай хаціне), але маці тваю з найпрыгажэйшымі ў свеце вачыма — я ведаў. І дужа яе любіў — між іншым — за тое, што яна нарадзіла гэткага таленавітага сына».

Праз многа гадоў, звяртаючыся да нас, Рыгор Іванавіч напіша: «Пакуль жыве маці, датуль мы ў любым узросце сябе дзяцьмі адчуваем — ёсць каму жаліцца, ёсць перад кім кволіцца. Памірае маці — адны застаёмся, старэем адразу… <…> Колькі ўрачоў ні будуць абслухваць цябе, а ніхто з іх… з такой далікатнасцю не вызначыць ні тэмпературы, ні пульсу твайго, ні біцця сэрца… як маці твая зробіць гэта ў імгненне, толькі прыклаўшы руку сваю да твайго лба…

Універсітэты і акадэміі будуць вучыць цябе роднай мове, але калі не ўспрыняў мову гэтую з матчыных вуснаў, з першакрыніцы, ніколі ты адчуваць не будзеш слова, дзе кожны гук ад матулі. <…>

Матчынымі вачамі глядзім мы, матчынымі вачамі бачым і добрае, і ліхое. А матуля заўсёды хоча, каб ні парушынкі чэрствасці і грубасці, абразы і знявагі не запала ў сынава вока — у вочы яе, якімі маці яшчэ доўга глядзіць на іншых».

У 1975 годзе памерла Акуліна Андрэеўна. Болем непапраўнай страты пранізаны радкі:

Перунамі жагнаныя абразы —
Перастылі азёры прадонна.
Выспу смутку майго
Ледзяняць маразы:
Маме ў зямлі сцюдзёна…

Праз гады паэт спасціг велічны подзвіг маці, удавы-працаўніцы, сакральную ролю ў яго жыцці родных мясцін, Ушаччыны, дзе пачынаўся і дзе скончыўся яго зямны шлях.

Там мой цень, худы і малады.
Там мой сон, бясхмарны, бестурботны.
У зімовых шапках халады
Перабельваюць снягоў палотны.
Там мой першы смех і першы плач,
Роспач першая і першы сподзеў.
Там я так і не сказаў прабач
Смутнай маме,
Калі ў свет выходзіў.
Там сядзяць на покуце Дзяды.
Там чакаюць добрыя нагоды.
Толькі й тым жывуць мае гады,
Каб туды вярнуцца
Назаўсёды!

Упершыню прыехаўшы ў Мінск, у беларускую сталіцу, каб здаць уступныя экзамены і паступіць у Белдзяржуніверсітэт, юнак Барадулін быў ашаломлены і расчараваны, бо нідзе не было чуваць беларускай мовы. Мінск «вітаў», пісаў пазней ва ўспамінах паэт, словамі «деревенщина», «вахлак»… «Я ашукаўся ў беларускасці Мінска і ўніверсітэта». Здаўшы экзамены, хлопец вярнуўся дадому і чакаў выкліку на вучобу. Афіцыйная папера, ад якой залежаў лёс юнака, чамусьці затрымлівалася. Ужо прыйшла позва з ваенкамата, каб збіраўся на службу ў войска. Маці вымушана была ісці ў райваенкамат, прасіць, каб пачакалі… Нарэшце прыйшоў чаканы выклік, што Рыгор — студэнт універсітэта.

У Мінску многае было ўпершыню: упершыню ехаў у трамваі, упершыню апынуўся ў асяроддзі маладых, захопленых роднай мовай і літаратурай хлопцаў і дзяўчат, пасяліўся ў студэнцкім інтэрнаце... У аўдыторыю прыйшлі дасведчаныя, аўтарытэтныя выкладчыкі. Універсітэт адкрыў Р. Барадуліну новага, «нехрэстаматыйнага», вялікага Янку Купалу, яшчэ больш паланіў сэрца геній роднага слова М. Багдановіч. «Дзякуй за гэта Івану Навуменку, — з пашанай пісаў пазней паэт. — Дзякуй крыштальнаму сумленнем майстру Сяргею Дзяргаю за падтрымку, за прыязнасць, за таварыскасць». Сваімі літаратурнымі настаўнікамі Р. Барадулін лічыў П. Броўку, П. Панчанку, А. Вялюгіна, Р. Бярозкіна. У адзін час з ім вучыліся цікавыя, адметныя маладыя людзі, будучыя пісьменнікі, філалагічнае пакаленне: Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў, Васіль Зуёнак, Юрась Свірка, Мікола Гіль, Еўдакія Лось, Уладзімір Верамейчык... Іх аб’­ядноўвалі любоў да роднага слова, жаданне кожнага служыць беларускаму прыгожаму пісьменству, Бацькаўшчыне. Гэтаму спрыяла і грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне пасля развянчання культу асобы Сталіна.

Філалагічная моладзь шчыра сябравала. Часта сустракаліся на пасяджэннях літаб’яднання пры газеце «Чырвоная змена». Там аднойчы Р. Барадулін пазнаёміўся і пасябраваў на ўсё жыццё са шчырым і непасрэдным У. Караткевічам, які ўжо тады здзіўляў аднагодкаў сваёй адукаванасцю.Маладым шумлівым гуртам часта збіраліся ў інтэрнацкім пакоі Р. Барадуліна, каб паслухаць яго вершы. Літаб’яднанне пры газеце «Чырвоная змена» было асяроддзем, дзе творча раслі і сталелі пачаткоўцы. Кансультант аб’яднання І. Калеснік падбадзёрваў Р. Барадуліна, абнадзейваў у творчых поспехах. У 1953—1954-м і наступных гадах вершы маладога паэта друкаваліся ў шматтыражцы БДУ, газеце «Чырвоная змена» пад псеўданімам Алесь Чабор. Сам паэт пазней даволі крытычна ацэньваў іх: «Гэта было літаратурным лікбезам і працягам усёй той культурнай рэвалюцыі, якая вучыла пісаць метадам сацыялістычнага рэалізму, альбо халоднай штампоўкі».

На фарміраванне светапогляду, літаратурных густаў і грамадзянскіх перакананняў Р. Барадуліна паўплывалі творчыя пошукі філалагічнага пакалення і шчырае сяброўства маладых таленавітых творцаў, а таксама знаёмства і сяброўства з беларускімі студэнтамі-літаратарамі з Польшчы Алесем Баршчэўскім (Барскім) і Міколам Гайдуком. Яны перавяліся з расійскага ўніверсітэта і давучваліся ў БДУ ў Мінску. Ад іх Р. Барадулін пачуў праўду пра Катынь, па-сапраўднаму задумаўся над сутнасцю сталінскіх рэпрэсій і развянчанні культу асобы. Дэмакратычныя змены ў грамадстве радавалі і акрылялі маладых шчырых энтузіястаў, якімі былі ў канцы 1950-х — 1960-я гады Р. Барадулін і яго пакаленне. Ён, як і многія студэнты-камсамольцы, тры гады працаваў на цаліне. Студэнцкая моладзь жыла адной вялікай, вясёлай сям’ёй. Беларускія хлопцы і дзяўчаты апынуліся ў нязвыклых бяскрайніх прасторах казахстанскага стэпу, дзе ад селішча да селішча было па 20—30 кіламетраў, а наўкол толькі пшаніца і неба. Маладыя рамантыкі сутыкнуліся там з цяжкасцямі, неўладкаваным бытам, але ўсведамленне патрэбнасці і вялікага сэнсу сваёй працы па асваенні стэпу дадавала сілы і працоўнага натхнення. Гэтымі думкамі і пачуццямі былі прасякнуты «цалінныя» вершы. Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» адзначана ў 1957 годзе сярэбраным медалём VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў. Яна склала асноўны змест першага зборніка паэзіі «Маладзік над стэпам», што быў выдадзены ў 1959 годзе.

Студэнцкай стыпендыі не хапала на пражыццё. Разам з Я. Сіпаковым супрацоўнічалі ў часопісе «Вожык», апрацоўвалі карэспандэнцыю, пісалі фельетоны. У гэты час завязалася сяброўства Р. Барадуліна з М. Стральцовым, С. Блатуном.

Яшчэ студэнтам Р. Барадулін быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1959 годзе ён скончыў універсітэт і застаўся жыць у Мінску. Спачатку працаваў літкансультантам аддзела культуры ў рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия», пазней — у рэдакцыях часопісаў «Бярозка», «Беларусь», «Полымя». Гэта праца была звязана з камандзіроўкамі на прадпрыемствы, у гаспадаркі. Даводзілася многа бываць у іншых рэспубліках СССР, сустракацца з цікавымі людзьмі, калегамі па літаратурнай творчасці.

Знаёмствы і гутаркі выліваліся ў нарысы, замалёўкі, вершы, якія рэгулярна з’яўляліся ў перыядычным друку. Многія з тагачасных твораў Р. Барадулін пазней ацаніў даволі строга, бо мелі яны, па трапнай іранічнай заўвазе аўтара, «камандзіровачна-наезны характар».

У пачатку 1960-х гадоў у час адной з камандзіровак у Гродна адбылося асабістае знаёмства з земляком В. Быкавым, які ў той час працаваў у рэдакцыі абласной газеты. Паэт дакладна ахарактарызаваў значэнне творчасці В. Быкава ў тагачаснай літаратуры: «Брала разгон магутная рака, якая суровай праўдай пра вайну амыла берагі Еўропы і Азіі. Яна дапала сваёй чыстай плынню да акіяна сусветнай літаратуры. Ад ураджэнца вёскі Бычкі, што на Ушаччыне, чуў я тады, на пачатку 60-х гадоў, тое, пра што прывыкаюць не баяцца казаць сёння».

Шчаслівым адчуваў сябе Р. Барадулін, бо лёс адарыў яго знаёмствам і сяброўствам «з атожылкамі пявучага Купалавага дрэва» — пляменнікамі песняра, людзьмі, якія многа зрабілі для беларускай культуры і літаратуры. З гонарам паэт згадваў сяброўства з сумленным, далікатным і чулым да мастацкага слова крытыкам Р. Бярозкіным, «празарлівым рамантыкам, непапраўна закаханым у Беларусь», У. Караткевічам, мудрымі і бескампраміснымі ў жыццці і творчасці П. Панчанкам, Максімам Танкам, У. Калеснікам, А. Адамовічам…

Гукапіс літаратурны, або фоніка (ад грэч. fönikos — той, што гучыць), — гукавая арганізацыя літаратурнай мовы, якая ўзмацняе сэнсавую выразнасць і мілагучнасць мастацкага твора. Да літаратурнага гукапісу ў шырокім сэнсе адносяцца рытм, рыфма, строфіка, асобныя фігуры літаратурнага сінтаксісу, інтанацыя, а таксама ўласна гукапіс, або гукавая інструментоўка твора. Часцей літаратурны гукапіс разумеюць як сістэму розных гукавых паўтораў.

Асананс (ад фр. assonance — ‘сугучнасць’) — паўторы аднолькавых або падобных галосных гукаў, прадвызначаныя пэўнымі выяўленчымі задачамі.

Пачынаючы з сярэдзіны 1950-х гадоў у беларускай паэзіі адметна і хвалююча гучыць мастацкае слова Р. Барадуліна. Ужо першыя кнігі паэзіі засведчылі схільнасць аўтара да яркай, арыгінальнай метафарычнасці, афарыстычнасці і фальклорнасці. У 1960-я гады вакол эксперыментальнай, наватарскай паэзіі Р. Барадуліна і некаторых яго сучаснікаў разгарнулася цэлая дыскусія. Крытыкі і пісьменнікі Р. Бярозкін, В. Бечык, Я. Брыль, В. Вітка і іншыя з захапленнем пісалі пра майстэрства паэта: музычнасць радка, гукапіс, асанансы, сугуччы, унутраныя рыфмы. Яны ў вершах паэта ўжываюцца не самамэтна, а маюць апраўданае мастацка-сэнсавае і выяўленчае прызначэнне — надаюць глыбіню, а часта і філасафічнасць вобразнай сістэме, паэтычнаму выказванню.

Сапраўднымі падзеямі ў беларускай літаратуры сталі кнігі Р. Барадуліна «Нагбом» (1963), «Неруш» (1966), «Свята пчалы» (1975), «Вечалле» (1980), «Амплітуда смеласці» (1983), «Маўчанне перуна» (1986), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Аратай, які пасвіць аблокі» (1995), «Евангелле ад мамы» (1995), «Ксты» (2005), «Руны Перуновы» (2006), «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» (2013).

Творы Р. Барадуліна апошніх дзесяцігоддзяў вызначаюцца багаццем зрокавых, гукавых, канкрэтна-пачуццёвых асацыяцый, метафар, сугуччаў. Тэма Бацькаўшчыны, асэнсаванне гістарычнага шляху Бе­ларусі, над якой пранёсся знішчальны шквал Чарнобыля, рысы беларускага нацыянальнага характару і іх сувязь з культурна-гераічным і асветніцкім мінулым і іншыя праблемы сучаснасці, будучыні, жыццядзейнасці нацыі — усё гэта глыбока і таленавіта асэнсоўваецца ў паэзіі Р. Барадуліна. Ён вядомы і як арыгінальны дзіцячы пісьменнік (кнігі для дзяцей «Мех шэрых, мех белых», «Ай! Не буду! Не хачу!», «Ці пазяхае бегемот», «Мудрэц са ступаю» і інш.), і як аўтар гумарыстычных і сатырычных твораў, і як перакладчык на родную мову такіх знакамітых мастакоў слова, як Ян Райніс, Іван Драч, Амар Хаям, Уільям Шэкспір, Джордж Байран, Бертальд Брэхт, Саламея Нерыс, Адам Міцкевіч, Сяргей Ясенін, Расул Гамзатаў і інш. Многія вершы Р. Барадуліна пакладзены на музыку. Яго творы перакладзены больш як на трыццаць моў розных народаў свету.

Рыгор Барадулін быў актыўным грамадскім дзеячам. У розныя гады пабываў у многіх краінах свету, прымаў удзел у рабоце ХХХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, выбіраўся ў прэзідыум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1992 годзе яму было прысуджана ганаровае званне народнага паэта Беларусі. Яго актыўная рознабаковая пісьменніцкая і грамадская праца адзначана ордэнамі Дружбы народаў, «Знак Пашаны», медалём Ф. Скарыны і іншымі ўзнагародамі. Свой пісьменніцкі і грамадзянскі абавязак Р. Барадулін бачыў у тым, каб дапамагчы людзям знайсці згоду паміж сабой, каб яго народ жыў шчасліва, а лю´бая Беларусь была прыгожым і адметным краем у гарманічна ўпарадкаваным свеце.

Сваім гарачым, натхнёным паэтычным словам паэт дапамагае сёння новым пакаленням грамадзян нашай краіны аберагаць лёс Беларусі і беларускасці, умацоўваць духоўнае адраджэнне нашага народа:

Наказ свой напісаць хачу, але баюся
І напамінам разбудзіць бяду.
Пакуль жыву,
Датуль малюся Беларусі
І да сваіх з малітвай гэтай адыду.
<…>
Калі адчую,
Што прыйшло маё бяссілле,
Прасіць пачну
Як самай боскай мілаты,
Каб і вятры па-беларуску галасілі,
Нудзіліся па-беларуску чараты.

Мудрым гуманістычна-філасофскім запаветам берагчы дабрыню і чалавечую годнасць, дарыць людзям ласку, спагаду, любоў заўсёды будуць гучаць радкі паэта — «Нікому нічога не будзьце віннымі, // Апроч узаемнай любові». І сёння кожнаму з нас народны паэт нагадвае і адначасова папярэджвае:

Беларускае слова ад Бога.
Слову нашаму Бог дапамог.
Хто не любіць яго, ад тога
Назаўсёды адвернецца Бог!

Паэта не стала 2 сакавіка 2014 года. Па запавеце Р. Барадуліна яго пахавалі на радзіме, ва Ушачах, побач з матуляй Акулінай Андрэеўнай.