Міхась Стральцоў

Біяграфія

Нават на фоне свайго пакалення, якое называлі філалагічным... Міхась Стральцоў вылучаўся. Вылучаўся, можа быць, тым, што ў многіх жанрах і відах творчасці быў першапраходцам, першаадкрывальнікам. <...> Ён адкрыў тып чалавека, які пакінуў вёску і не прыжыўся ў горадзе.

П. Васючэнка.

Міхась Стральцоў з’яўляецца прадаўжальнікам інтэлектуальнай плыні ў беларускай літаратуры. Яго імя можна паставіць побач з імёнамі М. Багдановіча, В. Ластоўскага, М. Гарэцкага, Кузьмы Чорнага. Ён увайшоў у літаратуру як майстар урбаністычнай тэматыкі, якая адлюстравалася ў вершах і апавяданнях пісьменніка. Яго наватарства заключаецца ў адкрыцці формулы «сена на асфальце» як вызначэння духоўных перажыванняў былых вяскоўцаў.

Міхась Стральцоў адносіцца да пакалення дзяцей вайны, якое «вырасла пад гарматнымі стваламі». Яшчэ гэта пакаленне называюць пакаленнем бязбацькавічаў, філалагічным, шасцідзясятнікаў. Многія з дзяцей вайны загінулі або ў трывожныя ваенныя, або ў галодныя пасляваенныя гады. А той, хто ацалеў, змог пазней шчыра, адкрыта, даверліва, з мяккай пяшчотай і светлым сумам расказаць пра перажытае. Празаічныя, паэтычныя і крытычныя творы М. Стральцова насычаны празрыста-светлым і сумна-трывожным лірызмам. Гэта светлы сум чалавека, які па-філасофску глыбока, удумліва і засяроджана ацэньвае сваю ролю ў гістарычным працэсе, суадносіць малое, прыватнае з глабальным і вялікім; пастаянна паглыбляецца ў свет асабістых перажыванняў, аналізуе стан душы лірычнага героя.

Міхаіл Лявонавіч Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўніка. Бацька будучага пісьменніка Лявон Клімавіч Стральцоў быў дырэктарам школы, а маці Марыя Міхайлаўна — хатняй гаспадыняй. У 1954 годзе будучы пісьменнік скончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ ў Мінску. Менавіта тут стаў блізкім сябрам Р. Барадуліна. Аднакурснікі згадвалі, што М. Стральцоў быў самым дасведчаным і начытаным. Добра ведаў рускую класічную, замежную і савецкую літаратуру. Пасля заканчэння вучобы працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць», загадчыкам аддзела ў часопісе «Нёман».

Пісаць вершы М. Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады, першыя з іх былі надрукаваны ў 1952 годзе ў газеце «За Радзіму». Пра сваё дзяцінства і дзяцінства аднагодкаў пісьменнік згадваў у апавяданнях, вершах, крытычных артыкулах, напісаных у форме эсэ (вольных разважанняў), адно з іх — «Дзяцінства, якое мы помнім» (1984). Гэта твор пра пакаленне, што рана пасталела, перажыло і смерць блізкіх і родных, і пасляваенны голад, навучылася, пераадольваючы цяжкасці, цаніць жыццё, захоўваць памяць пра мінулае. Менавіта дзіцячыя гады вызначылі агульны гуманістычны змест творчасці М. Стральцова і пісьменнікаў яго пакалення: «Ужо дарослымі мы па-сапраўднаму адчулі сябе дзецьмі вайны. І тады напісалася апавяданне “На чацвёртым годзе вайны”, аповесць “Адзін лапаць, адзін чунь”. Там — уражанні ваеннага дзяцінства, першапачатковы, можа, самы галоўны жыццёвы вопыт. Эмацыянальны вопыт майго пакалення і пакалення, якое не ведала вайны, паяднаўся. Паяднаўся на разуменні той цаны, якую заплацілі мы за мір, засталася Памяць — у майго пакалення біяграфічная, у новага — гістарычная. Памяць з вялікай літары».

Памяць пра родную вёску акрэслівае змест творчасці мастака слова. Галоўныя героі яго твораў — малады чалавек-аналітык, які хоча пазнаць сэнс жыцця, былы вясковец, што ўжываецца ў гарадскую стыхію, якога не пакідае абыякавым «сена на асфальце», своеасаблівы сімвал вясковага жыцця ў горадзе.

Журналісцкая праца прадвызначыла шырыню мастацкіх інтарэсаў пісьменніка. Дэбют Стральцова-празаіка адбыўся ў 1957 годзе, калі на старонках часопіса «Маладосць» было надрукавана апавяданне «Дома». Праз пяць гадоў убачыў свет першы зборнік яго апавяданняў — «Блакітны вецер» (1962). У іх вызначыліся такія рысы творчасці М. Стральцова, як лірызм, павышаная пачуццёвасць герояў і аўтара, асацыятыўная вобразнасць, маналагічная спавядальнасць.

У адным з лепшых апавяданняў — «Блакітны вецер» — выкладчык ВНУ Лагацкі, былы вясковец, вандруе па начным горадзе і мроіць пра загадкі жыцця. Як і герой твораў Кузьмы Чорнага, ён імкнецца зразумець і знайсці сваё месца ў жыцці, увабраць у сябе яго гукі, фарбы і зразумець сваю сутнасць, ацаніць свае ўчынкі. Сімвалічным увасабленнем духоўных пошукаў героя з’яўляецца вобраз блакітнага ветру. Гэта мроя Лагацкага з маленства, якая супакойвае, уздымае настрой, кліча да светлай мары ўжо дарослага чалавека. Вецер, што застаўся ў яго свядомасці з дзяцінства, прымроіўся яму некалі, супакойвае, уздымае настрой, кліча да светлай мары.

У 1962 годзе пасля выхаду ў свет першага зборніка прозы М. Стральцоў быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, што было само па сабе выключэннем з правіл, бо працэдура прыёму была доўгая і марудная.

У апавяданнях «Трыпціх», «Дома», «Перад дарогай», «На вакзале чакае аўтобус» і асабліва вылучаным крытыкамі «Смаленне вепрука» раскрываецца галоўная тэма творчасці М. Стральцова — тэма духоў­най сувязі паміж горадам і вёскай, сувязі вяcковых каранёў і гарадскога прагрэсу, празрыстасці расы на лісці дрэў і блакітнага агеньчыка тэлеэкрана, грукату падвод і трамваяў на асфальтаванай вуліцы, што вядзе на Конскі базар. Пісьменнік прымаў жыццё з яго вытокамі і працягам, з вясковымі хатамі і гарадскімі каменнымі дамамі.

Сумуе ў горадзе і герой апавядання М. Стральцова «Там, дзе зацішак, спакой» (1963) інжынер-планавік Сяргей Марус. Былы вясковец «неспадзявана адчуў, што яму нечага не хапае ў горадзе, які адразу здаўся сумным, нецікавым і пыльным». Герой не змог перамагчы ў сабе «тугу па вёсцы» і таму ўзяў адпачынак і паехаў да бацькоў у родную вёсачку Смолку: 

«Шaляcцeлa зa aкнoм тaпoля, бiўcя aб шыбiны дoждж, i чyвaць былo, як шapaxцeў aб cцeны вeцep. Сяpгeй нe cпaў, вapoчaўcя. 

— Мoжa, тaбe мyлкa, cынoк? — aзвaлacя з-зa шыpмы мaцi. 

— Нe... Нiчoгa. Гэтa, мoжa, штo нa нoвым мecцы... Спi, мaмa. 

Дoбpa гpэлa тoўcтaя кaпa, i цяпep Мapycaвy былo cтpaшнa пaдyмaць, як iшoў ён з гopaдa пaд дaжджoм aдзiн тaкyю дapoгy; кaлi ён ycпaмiнaў пpa гэтa, ягo пaчынaлi бiць дpыжыкi. 

А зa aкнoм ycё лiў дoждж, шapaxцeў пa cцeнax xaты вeцep, i Сяpгeй дyмaў: “Зaцiшaк, cпaкoй... Якi я быў нaiўны... Зaцiшaк, cпaкoй!..” У гaлaвy знoў лeзлi poзныя дyмкi, ён гнaў ix aд cябe, вapoчaўcя...» 

Многія апавяданні М. Стральцова напісаны ў форме ўнутранага маналогу або самога аўтара-апавядальніка, або герояў, якім ён перадавярае думкі. Яны блізкія да лірыкі, таму і называюцца лірычнымі. У такіх творах сюжэт не цэласны, а эпізадычны, сцэны і падзеі працуюць на раскрыццё перажыванняў герояў або апавядальніка. Унутраны маналог — фіксацыя і адлюстраванне ў творы думак героя, аўтар нібыта падслухаў думкі персанажа ва ўсёй іх натуральнасці і непасрэднасці.

Адзначанымі рысамі характарызуецца і апавяданне «Двое ў лесе» (1960). Галоўны герой твора Васіль перажывае па страчаным па віне нязграбнага, але хітрага школьнага рахункавода Клыбіка каханні. Прырода ў апавяданні надзвычай прыгожая і сакавітая: лес, якім захапляецца Васіль, ноч, калі ён праводзіць з танцаў Марыну. Васілёў настрой умела і дакладна «ўпісаны» ў навакольны прыродны і вясковы свет: «Папалуднаваўшы, яны маўкліва вырашылі, што гадзіну якую можна і адпачыць. Месца якраз ім траплялася добрае — гальнае і сухое. За колькі крокаў адсюль баравіна спадала ў нізінку, а там купчасціўся ўжо ягаднік ля струхнелых пнёў, чарнела сатлелае голле. Яшчэ далей цёмная сцяна ялін прашыта была тонкімі стваламі рэдкіх бярозак: да нізінкі неўпрыкмет падступала зацішнае, змрочнае ўрочышча.

Але тут, на самым краі светлай баравіны, было суха, цёпла ад зямлі, нагрэтай сонцам, густа ўсыпанай шорсткім шыголлем і кволымі лусачкамі маладой сасновай кары. Седзячы, можна было доўга глядзець на неба, што свяцілася за калматымі хвоямі, любавацца ласкавым золатам высокіх ствалоў: адсюль, з зямлі, здавалася, што яны сыходзіліся ўгары».

 У 1966 годзе выйшаў другі зборнік апавяданняў з сімвалічнай назвай «Сена на асфальце». Затым былі выдадзены аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), выбраныя творы «На ўспамін аб радасці» (1974), кніга прозы «Падарожжа за горад» (1986) і зборнік «Выбранае» (1987). У новых кнігах М. Стральцова таксама гучыць голас аўтара — сына вёскі, які імкнецца да сваіх вытокаў, каранёў, прыгажосці нерушнага, спрадвечнага, гарманічнага, асвечанага векавымі традыцыямі народнага жыцця.

Элегiя (ад грэч. elegeia — ‘жалобная песня’; elegos — ‘скарга’) — верш-роздум, у якім выяўляецца настройсмутку, журбы, меланхоліі з выпадку грамадскай несправядлівасці, сямейнага няшчасця або асабістага гора.

Міхась Стральцоў з’яўляецца аўтарам чатырох зборнікаў паэзіі: «Ядлоўцавы куст» (1973), «Цень ад вясла» (1979), «Яшчэ і заўтра» (1983), «Мой свеце ясны» (1986). Вершы, прадстаўленыя ў кнігах, напісаны пра мінулую вайну і нялёгкае пасляваеннае жыццё, цяжкае дзяцінства, бацькоўскі парог, родную прыроду, вясковы і гарадскі ўклад жыцця. Многа твораў прысвечана вечным тэмам: каханню, спалучэнню прыватнага і агульнага, паэзіі, ролі мастака ў жыцці і творчасці. У жанравых адносінах гэта пераважна элегіі, прасякнутыя настроем смутку, тугі, оды пра радасць быцця і прыгажосць прыроды, разважанні пра лёс чалавека, мінулае, сучаснае і будучыню, пасланні, звароты да сяброў, пейзажныя замалёўкі.

Акрамя таго, што М. Стральцоў пісаў празаічныя і паэтычныя творы, ён быў і арыгінальным даследчыкам літаратуры і крытыкам, напісаў літаратурна-крытычныя нарысы і эсэ, прысвечаныя твор­часці класікаў нашай літаратуры і маладым пісьменнікам і паэтам: «Жыццё ў слове» (1965), «Загадка Багдановіча» (1968), «У полі зроку» (1976) і «Пячатка майстра» (1986).

Артыкулы і эсэ М. Стральцова прысвечаны творчасці класікаў нашай літаратуры Ф. Багушэвіча («Дудар беларускі»), Янкі Купалы («На пачатку ўсіх пачаткаў»), Якуба Коласа («Ад роднай зямлі»), Кузьмы Чорнага («Шырокасць»), М. Гарэцкага («Чалавек з Малой Багацькаўкі»), Змітрака Бядулі («З плеяды першых»). Высокую ацэнку дае ён творчасці Я. Брыля («Слова ўдзячнасці», «Служэнне»), А. Блока («Не іначай як подзвіг душы»), А. Пысіна («Часоў былых і новых сувязь»), П. Панчанкі («Разам з людзьмі»), Р. Барадуліна, В. Карамазава, А. Кудраўца і іншых сваіх равеснікаў. У сваіх артыкулах М. Стральцоў закранаў наступныя складаныя праблемы: суадносіны мастацтва і жыцця, эстэтычнага і грамадска-сацыяльнага, узаемаадносіны мастака і грамадства, сутнасць трагічнага і камічнага. 

Міхась Стральцоў быў таксама і таленавітым перакладчыкам. Ён перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх, італьянскіх, лацінаамерыканскіх пісьменнікаў, раман Ч. Айтматава «Буранны паўстанак» (1987). А кнігі і асобныя творы М. Стральцова таксама перакладаліся на французскую, нямецкую, грузінскую, усходнеславянскія і іншыя мовы, што сведчыць пра прызнанне таленту пісьменніка не толькі ў блізкім, але і ў далёкім замежжы.

Не стала М. Стральцова 23 жніўня 1987 года. У наступным годзе ён быў пасмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы.