ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ
Узгадайце найбольш важныя гістарычныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі за апошнія тры дзесяцігоддзі. Якія пісьменнікі працавалі ў літаратуры ў гэты перыяд? Назавіце іх творы. |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 21:54 |
Уводзіны
Літаратура сёння — гэта неад’емная частка жыцця чалавека, адлюстраванне ўсіх зрухаў грамадскага жыцця. Мастацтва слова развіваецца, трансфармуецца, становіцца якасна іншым. Сышлі з жыцця вялікія нацыянальныя пісьменнікі старэйшага пакалення: І. Мележ, Я. Брыль, А. Адамовіч, В. Быкаў, І. Шамякін, І. Пташнікаў, Максім Танк, П. Панчанка і іншыя, якія былі ўплывовымі грамадскімі дзеячамі і працавалі на карысць краіны. У сучасным беларускім літаратурным працэсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленняў, традыцыяналісты і авангардысты, выяўляючы ў творах уласныя эстэтычныя пошукі і погляды на літаратуру ў новы час.
Аднак большасць сучасных пісьменнікаў у розных па тэматыцы і жанравых адметнасцях творах аддаюць перавагу цэнтральнай тэме — лёсу Беларусі і беларускага народа, далейшаму аднаўленню культурна-гістарычных традыцый папярэдніх пакаленняў, эстэтычна асэнсоўваюць і перадаюць сучаснікам і будучым пакаленням чытачоў маральна-філасофскія, духоўныя арыенціры і каштоўнасці працавітага, гасціннага і гераічнага беларускага народа.
У канцы ХХ стагоддзя стала відавочным, што рэалістычны метад страціў актуальнасць як асноўны напрамак літаратурнай творчасці. Сучасных пісьменнікаў цікавіць не толькі адлюстраванне рэалій жыцця, але найперш перадача ўласных, суб’ектыўных адносін, думак, эмоцый да разнастайнага навакольнага свету. Літаратары, асабліва маладзейшае пакаленне, шукаюць і знаходзяць новыя мастацкія сродкі, прыёмы асэнсавання быцця сучасніка ва ўскладненым шматкультурным інфарматызаваным свеце.
Даследчыкі сучаснага літаратурнага працэсу заўважаюць сістэмныя змены ў літаратуры апошняга часу, пішуць пра беларускі авангардызм, беларускі постмадэрнізм (Міхась Тычына, Людміла Сінькова, Алесь Бельскі, Ірына Шаўлякова-Барзенка). Але і традыцыйныя літаратурна-мастацкія плыні не зніклі. У новых сацыякультурных умовах яны відазмяняюцца, эстэтычна ўплываюць і на сённяшніх творцаў, што дае падставы гаварыць пра неарэалізм, неарамантызм, прыпавесційнасць, неаміфалагізм у сучаснай літаратуры.
Так у зменлівай, дынамічнай панараме літаратурнага жыцця 2000-х гадоў не знікла цікавасць да рэалістычных сюжэтаў, гісторый, якія спалучаюцца з элементамі нерэалістычнага пісьма. Прыкладам такога эстэтычнага сінтэзу з’яўляюцца прыпавесційныя творы В. Быкава, В. Казько, В. Карамазава, У. Сцяпана, спалучэнне рэалістычнага і містычнага ў творах А. Наварыча, Л. Рублеўскай, А. Казлова, Ю. Станкевіча, А. Федарэнкі.
Неаміфалагічная1 свядомасць, па назіраннях навукоўцаў, застаецца прыкметнай праявай беларускага менталітэту і выразна выяўляецца ў творах сучасных пісьменнікаў праз спалучэнне розных часавых пластоў, сутыкненне герояў з розных эпох і супрацьстаянне сутнаснага, спрадвечнага, маральнага, а таму і прыгожага, з неістотным, карыслівым, пустым, амаральным. Прыкладамі твораў з элементамі неаміфалагічнай свядомасці з’яўляюцца творы В. Казько («Зазірнуць у вочы свайму “я”», «Сказ пра аднавокую казу Цылю», «Сказ пра ката, які смяяўся»), Ф. Сіўко («Ягня ахвярнае: прыпавесці, аповесць», «Асіметрыя: аповеды, эсэ, запісы», «Дзень Бубна: прыпавесці, аповесць»).
Неаміфалагічныя матывы і вобразы з’яўляюцца важным сродкам светаспасціжэння і ў сучаснай паэзіі. З беларускай міфалогіяй, народным светабачаннем звязана паэтыка многіх вершаў прадстаўнікоў розных пакаленняў творцаў: Рыгора Барадуліна, Васіля Зуёнка, Генадзя Пашкова, Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзіміра Марука, Віктара Шніпа, Вольгі Русілкі, Ярыны Дашынай, Васіля і Анатоля Дэбішаў, Антаніны Хатэнкі, Ірыны Багдановіч, Таццяны Сівец і інш.
Літаратура па-ранейшаму застаецца важнейшым сродкам фарміравання светапогляду і грамадзянска-культурнага развіцця асобы, нягледзячы на сусветны крызіс культуры, расчараванне сучаснікаў у навукова-тэхнічным прагрэсе, імкненне да матэрыяльнага ўзбагачэння ў спажывецкім грамадстве. Вядомы беларускі літаратуразнавец М. Тычына слушна піша: «Памылкова думаць, што свет уратуе інтэрнэт, які сапраўды дае шмат магчымасцей. Камп’ютарная тэхналогія — толькі новы сродак камунікацыі, які можа збліжаць і аддаляць.
Літаратура — жыццёва неабходная ўмова гуманітарнай адукацыі, эстэтычнага выхавання, развіцця творчага мастацкага мыслення». У культурнай іерархіі духоўных каштоўнасцей сучаснага беларускага грамадства па-ранейшаму асноўнымі застаюцца дзяржаўна-патрыятычныя, нацыянальныя, агульначалавечыя, маральна-хрысціянскія ідэі. Закладзеныя ў нацыянальнай класічнай літаратуры і творчасці лепшых нашых сучаснікаў, яны — самы апрабаваны сродак стварэння і ўмацавання беларускага характару, фарміравання грамадзянска-патрыятычнага светапогляду маладога пакалення беларусаў, а ў выніку — духоўна-маральнай кансалідацыі грамадства, трывалай стабільнасці беларускага соцыуму.
____________________
1 Неаміфалагі́зм — канцэпцыя, якая разглядае міфалагізм (суаднесенасць з міфам) як найбольш характэрную форму мастацкага мыслення ў ХХ стагоддзі.
Новая літаратурная сітуацыя
Літаратурны працэс канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя характарызуецца асаблівай інтэнсіўнасцю і, як ніколі раней, становіцца разнастайным і багатым. У апошнія дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя ў Беларусі склалася якасна новая літаратурная сітуацыя. Яе ўзнікненне большасць даследчыкаў звязваюць з працэсамі перабудовы, якія ўскалыхнулі палітычнае і літаратурна-культурнае жыццё грамадства. Беларусь набыла статус самастойнай дзяржавы, што садзейнічала актывізацыі нацыянальна-культурнага жыцця: узніклі разнастайныя грамадска-культурныя аб’яднанні, адкрыліся новыя тэатры і тэатральныя студыі, з’явіліся новыя выдавецтвы. Гэта спрыяла ажыўленню беларускага літаратурнага працэсу.
У канцы 1990-х гадоў узніклі шматлікія культурна-асветніцкія і літаратурна-мастацкія арганізацыі моладзі, якія займаліся не толькі літаратурна-творчымі праблемамі, але і пытаннямі адраджэння нацыянальнай культуры. У апошняе дзесяцігоддзе ХХ стагоддзя працягвалі актыўна пісаць вядомыя і аўтарытэтныя пісьменнікі, якія сталі ўжо класікамі: Вячаслаў Адамчык, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Рыгор Барадулін, Віктар Казько. Вяртаюцца ў літаратуру імёны пісьменнікаў-эмігрантаў і рэпрэсіраваных творцаў. Паступова пачынаецца запаўненне белых старонак гісторыі нацыянальнай літаратуры. У літаратурны працэс са сваімі эстэтычнымі пошукамі і знаходкамі актыўна ўваходзілі маладыя творцы: Алесь Бадак, Віктар Шніп, Пятро Васючэнка і інш.
Беларускі постмадэрнізм: творчыя асобы і жанры
Постмадэрні́зм — літаратурна-мастацкі напрамак, які склаўся ў другой палове ХХ стагоддзя ў еўрапейскіх літаратурах і заснаваны на свядомым, штучным, часта іранічным, гратэскна-сатырычным пераасэнсаванні творчых правіл, элементаў мінулай культуры, на своеасаблівай гульні-адмаўленні найперш рэалістычных прынцыпаў літаратуры. |
У пачатку ХХІ стагоддзя адбылася перагрупоўка пісьменніцкіх сіл у Беларусі. Рэалістычны метад «адлюстравання жыцця ў формах жыцця» страціў сваё глабальнае дамінуючае значэнне ўжо ў канцы ХХ стагоддзя. У беларускай мастацка-культурнай прасторы пачала фарміравацца «нерэалістычная», авангардысцкая, постмадэрнісцкая літаратура, стваральнікамі якой станавіліся пераважна маладзейшыя літаратары. На іх творчасць вялікі ўплыў аказалі ідэі постмадэрнізму. Эстэтыка постмадэрнізму свядома адмаўляла ўсё традыцыйнае, нацыянальна-класічнае. Пісьменнік-постмадэрніст дазваляў сабе ігнараваць усялякія правілы, прынцыпы творчасці, жанравыя законы і абмежаванні. Постмадэрністы не толькі адмаўлялі папярэднюю культуру і літаратуру, але і пісалі скептычныя творы-пераробкі (рэмейкі, рэмінісцэнцыі, іроніі) па матывах творчасці вядомых класікаў, пісьменнікаў мінулых эпох. У тэкстах постмадэрністаў прысутнічае дух палемікі з усімі і ўсім. Для творчай манеры прадстаўнікоў маладой генерацыі постмадэрністаў характэрны фрагментарнасць мыслення, цытатнасць, полістылістыка, спалучэнне неспалучальнага, змешванне культурных элементаў свету, успрыманне свету і навакольнага жыцця як мегатэксту.
Першымі творамі беларускага постмадэрнізму даследчыкі называюць раман У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і кнігу паэзіі А. Разанава «Каардынаты быцця». Але як новы літаратурны напрамак беларускі постмадэрнізм выразна акрэсліўся ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта было звязана найперш з дзейнасцю літаб’яднанняў «Тутэйшыя», «Таварыства вольных літаратараў», «Бум-Бам-Літ». Маладыя літаратары намагаліся стаць творчай альтэрнатывай пісьменнікам старэйшага пакалення.
Большасць беларускіх пісьменнікаў-постмадэрністаў — гараджане, высокаадукаваныя людзі, многія з якіх скончылі ўніверсітэты і сталі ўжо вядомымі творцамі. Гэта Пятро Васючэнка, Алена Брава, Алесь Аркуш, Сяржук Мінскевіч, Алена Туровіч, Ігар Сідарук, Юрась Барысевіч, Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Дзмітры Плакс, Максім Шчур, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец і інш.
Многія творы постмадэрнізму прасякнуты ідэямі непазбежнай чалавечай адзіноты, бессэнсоўнасці быцця, страты сувязей паміж людзьмі, нават сямейных і родавых. Пісьменнікі-постмадэрністы часта дэманструюць гатоўнасць увогуле адмовіцца ад адлюстравання складанай рэчаіснасці. У паэзіі гэта выяўляецца ў фармальна-жанравым эксперыментатарстве, ва ўжыванні прыёмаў мантажу, канструявання, гульні слоў, цытатнасці пры стварэнні тэкстаў. Эксперыментальнае вершаванне некаторых творцаў маладзейшага пакалення стварае ўражанне, што іх вершатворчасць — гульня, інтэлектуальна-філалагічныя практыкаванні са словам, а не літаратурныя творы. Многія аўтары-постмадэрністы ідуць на творчыя эксперыменты з акустычнымі функцыямі слова, рэалізуюць гучанне беларускай мовы і спрабуюць стварыць менавіта гукавыя кампазіцыі, набліжаныя да музычнага мастацтва, дзе многа залежыць ад тэмпу, тэмбру, вышыні гучання, узроўню гучнасці. Такую паэзію называюць акустычнай, яе выкананне патрабуе практыкі — вуснага публічнага выступлення, часта відовішчаў, нават мастацкіх акцый і перформансаў.
Цікавым прыкладам акустычнай постмадэрнісцкай паэзіі могуць быць творчасць і дзейнасць пісьменніка і лінгваартыста Зміцера Вішнёва. Ён — аўтар маніфеста афрыканізму, у якім сцвяржае, што «афрыканізм — гэта свайго роду стадыя натхнення». Вядомы літаратуразнаўца М. Тычына лічыць, што ў творах З. Вішнёва, як і ў многіх сучасных эксперыментах постмадэрністаў са словам, адбываецца «вяртанне сучаснай мастацкай творчасці да свайго першабытнага стану, калі нашы продкі яшчэ не валодалі членараздзельнай мовай і ўсё яшчэ толькі-толькі пачыналася». У тэкстах З. Вішнёва, часта рытмічна арганізаваных як верш, немагчыма адшукаць звыклыя логіку і сэнс:
фікусы кактусы шматкусы |
Алітэра́цыя (ад лац. aol — 'к, пры', littera — 'літара') — від гукапісу, паўтарэнне зычных гукаў для дасягнення мастацкай вобразнасці. |
У падобных творах свядома парушаны ўяўленні пра моўныя нормы і звычайную логіку тэксту. У сваіх творах З. Вішнёў выкарыстоўвае прыёмы фонасемантыкі, асанансаў, алітэрацый, каламбурнай рыфмы: «Тамтамы на ботах, як бажкі. Баліць у мяне башка. Шкло і бітум сыплюцца з вагонаў. Вось гэткія гоны» («Я сноўдаюся па дне марской лагчыны…»).
Эксперыменты з гукавой структурай тэксту сустракаюцца ў творчасці Сяржука Мінскевіча. Пры шматразовым паўторы словаформы пераходзяць адна ў адну, адбываецца ўзмацненне семантыкі выказвання. Так, напрыклад, арыгінальна і нешматслоўна аўтар у творы «Ваколіцы Браслава» расказваў пра Браслаўскі край, знакаміты мноствам азёр і лясоў. Паэт пабудаваў выказванне пры дапамозе прыёму паўтарэння, каб падкрэсліць мноства, вялікую колькасць бароў, рыбы, рыбакоў. Шчодрасць і багацце краю падкрэсліваецца словам «бяры»:
БАРЫбарыбарыбарыБЯРЫбарыбаРЫБАрыбары- |
Адметнай з’явай у творчасці беларускіх паэтаў-постмадэрністаў стала ўжыванне трасянкі — спалучэнне агульнаўжывальнай лексікі з прастамоўнымі выразамі і нават вульгарызмамі. Такім чынам, відавочна, творцы выказваюць свае крытычныя адносіны да адмаўлення беларусаў размаўляць на правільнай роднай мове. У трасянцы змешаны формы беларускай і рускай моўных сістэм: дамінуюць беларуская фанетыка і інтанацыі, паблытаны беларуская і руская лексіка, граматычныя нормы. «Негатыўная ідэнтыфікацыя героя» падкрэслівае яго аддаленасць ад сапраўдных культурных каштоўнасцей. Такія тэксты ёсць у паэтаў-постмадэрністаў Юркі Гуменюка, Усевалада Гарачкі, Сяргея Прылуцкага, Марыі Мартысевіч, Лявона Вольскага, Міхаіла Анемпадыстава, Паўла Гарадніцкага, Дзяніса Тарасенкі і інш. Папулярныя сучасныя беларускія рок-калектывы «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», «РСП» («Разбітае сэрца пацана») кладуць на музыку такія тэксты. Вось прыклады з вершаў Л. Вольскага:
Я вас любіў, любоў яшчэ |
У прозе і драматургіі постмадэрнісцкая эстэтыка часта выяўляецца ў матывах чалавечай адзіноты і безвыходнасці, адчуванні свету як хаосу, у стварэнні абсурдных сітуацый, у заглыбленым даследаванні псіхікі героя, часавай і прасторавай нявызначанасці падзей, у парадзіраванні мовы і традыцыйных жанраў, калажнасці апавядальнай канвы тэксту, у жаданні аўтара схавацца за маску апавядальніка. Такія прыметы можна знайсці ў прыпавесцях В. Быкава, творах Ю. Станкевіча, Л. Рублеўскай, А. Федарэнкі, А. Наварыча, І. Сідарука, П. Васючэнкі і інш.
Маладыя творцы наладжвалі шматлікія паэтычныя імпрэзы, імкнуліся стварыць новую масавую літаратуру: узяліся за стварэнне беларускамоўных коміксаў, пісалі тэксты для рок-гуртоў, друкавалі калектыўныя падборкі твораў у газетах і часопісах. У іх творах ставілася праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.
У гэты час актывізавалася літаратурна-культурнае жыццё ў рэгіёнах Беларусі. Цікавае і актыўнае творчае асяроддзе склалася ў Полацку, Гродне, Брэсце і іншых гарадах. Утвараліся розныя літаратурныя аб’яднанні, суполкі. Іх дзейнасць была накіравана на абнаўленне літаратурнага працэсу, яго творчых прынцыпаў, пошукі новых жанравых форм, разбурэнне кансерватыўных канонаў сацрэалістычнай літаратуры, сцвярджэнне права пісьменніка на мастацка-творчыя эксперыменты. Творчая моладзь (Эдуард Акулін, Алесь Бадак, Сяргей Вераціла, Павел Бурдыка, Адам Глобус, Анатоль Дэбіш, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка, Юрась Барысевіч, Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Ілля Сін і інш.) прэтэндавала на вядучую ролю ў сучасным літаратурным працэсе Беларусі.
Дынаміку і адметнасць сучаснага літаратурнага працэсу ў пэўнай меры адлюстроўваюць літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Бярозка» і інш. Названыя часопісы выяўляюць бягучую літаратурную сітуацыю, бо ў адпаведнасці з часам мяняюцца і прыярытэты выданняў. «Полымя» адрасуецца больш дарослым чытачам, а часопіс «Маладосць» аддае перавагу творам маладых таленавітых аўтараў і разлічаны на адпаведную чытацкую аўдыторыю.
Беларуская літаратура мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў развіваецца ў адкрытай, інфармацыйна насычанай прасторы сусветнай культуры, у кантэксце разнаякасных філасофска-эстэтычных уплываў. Літаратурны працэс сучаснасці — з’ява шматузроўневая. Жанравы абсяг дастаткова разнастайны. Танальнасць, змест, тэматыка сённяшняй літаратуры ўвесь час мяняюцца, рухаюцца, удакладняюцца. Пачынаючы з 1990-х гадоў мінулага стагоддзя назіраецца актыўная змена літаратурных прыярытэтаў. Творчасць маладых пісьменнікаў вызначаецца жанравым сінтэтызмам, стылёвай разнастайнасцю. Гэта заканамернасць назіраецца ў многіх літаратурах свету ў перыяды гістарычнага пералому. Творцы ж «новай хвалі» часта ігнаруюць рэальнасць, ствараюць сваё, новае бачанне свету. Літаратура ва ўмовах новай грамадска-культурнай сітуацыі прадстаўляе новую канцэпцыю свету і чалавека ў ім, дэманструе новыя ўзоры мастацкага пісьма.
Але і рэалізм як тып творчасці, як мастацкая сістэма не страціў сваіх пазіцый у беларускай літаратурнай прасторы мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. Пра гэта сведчаць раманы У. Гніламедава, проза В. Казько, В. Карамазава, Г. Марчука, В. Быкава, А. Кудраўца і інш. Аднак ніякі пералік мастацкіх плыняў, ідэйна-эстэтычных напрамкаў не дае вычарпальнае ўяўленне пра сучасны беларускі літаратурны працэс і яго шматаспектнасць. Але несумненна, што лепшыя творы айчыннай літаратуры даносяць сучаснаму чытачу нацыянальны характар і светаадчуванне беларускага народа, які арыентуецца не на «філасофію хаосу», а на духоўна напоўненае, гарманізаванае жыццё. «…Сённяшнія творы многіх беларускіх пісьменнікаў — незалежна ад узросту і мастацкіх зацікаўленняў — паўстаюць спробамі пабудаваць тут і зараз такі беларускі свет, які здолеў бы супрацьстаяць любым дзівосам сучаснага быцця» (І. Шаўлякова).
Утварэнне і дзейнасць грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»
У 2005 годзе ўтварылася грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (СПБ), якое мае аддзяленні ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і ў горадзе Мінску. СПБ актыўна працуе з рэгіянальнымі пісьменніцкімі суполкамі. Прадстаўнікі гэтага творчага аб’яднання часта выязджаюць на прадпрыемствы, ва ўстановы адукацыі з прэзентацыяй новых кніг, выданняў. Рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія і абласныя творчыя конкурсы, каб выявіць здольных да літаратурнай дзейнасці маладых людзей.
Сябры СПБ шырока прапагандуюць каштоўнасць кнігі і важнасць чытання, праводзяць шматлікія сустрэчы з чытачамі, прэзентуюць новыя кнігі, сустракаюцца з творчай моладдзю. Літаратурна-асветніцкая дзейнасць, узятая за аснову арганізацыйнай працы пісьменнікаў з чытачамі, садзейнічае фарміраванню нацыянальнай свядомасці, умацаванню сувязі пакаленняў, сцвярджэнню высокіх эстэтычных ідэалаў у беларускім грамадстве.
Членамі СПБ з’яўляюцца больш за 700 літаратараў, у тым ліку і замежныя. Іх творчасць ахоплівае самыя розныя тэмы: гістарычнае мінулае, любоў да роднай зямлі, беражлівае стаўленне да прыродных багаццяў, узаемаадносіны паміж людзьмі. Па-ранейшаму актуальнай застаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны — памяць пра яе жыве ў пранікнёных радках многіх аўтараў. Кожны год выходзіць каля 300 новых кніг членаў СПБ. У серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў» выдадзены творы больш чым 200 аўтараў. Сярод іх такія вядомыя літаратары, як Мікола Мятліцкі, Алесь Марціновіч, Мікалай Чаргінец, Георгій Марчук, Міхась Пазнякоў, Валянціна Паліканіна, Алесь Бадак, Уладзімір Саламаха, Уладзімір Мазго, Мікола Чарняўскі, Анатоль Зэкаў і інш. СПБ прымае актыўны ўдзел ва ўсіх дзяржаўных святах.
Традыцыйным стала правядзенне ў краіне ў пачатку верасня Дня беларускага пісьменства. Свята праводзілася ў розных гарадах нашай краіны з багатай гісторыяй і культурнымі адметнасцямі: Заслаўі, Полацку, Рагачове, Камянцы, Ганцавічах, Быхаве, Іванаве, іншых беларускіх райцэнтрах. У сталіцу свята з’язджаюцца ганаровыя госці — пісьменнікі з ўсёй краіны. На пляцоўцы пад назвай «Слова пісьменніка» яны прадстаўляюць свае кніжныя навінкі, праводзяць аўтограф-сесіі. У час Дня беларускага пісьменства адбываецца ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Вылучэнне штогод праходзіць па намінацыях: «Лепшы твор прозы», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі», «Лепшы твор публіцыстыкі», «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства», «Лепшы твор драматургіі», «Лепшы дэбют» (першая публікацыя або выданне аўтара ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі, а таксама першая пастаноўка п’есы).
Супрацоўніцтва з пісьменнікамі іншых краін свету
Саюз пісьменнікаў Беларусі заключыў больш за 30 дамоў аб супрацоўніцтве з пісьменніцкімі аб’яднаннямі розных краін: Кітая, Сірыі, Кубы, Сербіі, Казахстана, Кыргызскай Рэспублікі. Міжнароднае супрацоўніцтва дае магчымасць літаратарам абменьвацца дэлегацыямі, ладзіць сумесныя кніжныя праекты, у тым ліку займацца перакладамі твораў на мовы народаў свету. Творчыя стасункі дапамагаюць прыцягнуць большую ўвагу замежных сяброў да Беларусі, пазнаёміць іх з нашай цудоўнай краінай і самім больш даведацца пра іншыя народы, каб жыць у міры і згодзе.
У сямідзесяці трох краінах свету жыве амаль тры з паловай мільёны беларусаў. Большасць з іх ганарыцца сваімі каранямі і паранейшаму трымае сувязь з Радзімай. Сярод нашых суайчыннікаў за мяжой шмат пісьменнікаў і паэтаў, якія памнажаюць духоўны скарб беларускай нацыі сваімі пранікнёнымі творамі. Удалечыні ад Радзімы яны захоўваюць яе культурныя традыцыі, многія выдатна валодаюць роднай мовай.
Годна прадстаўляе беларускую культуру і літаратуру ў Расіі Алесь Кажадуб (нар. у 1952). У 1981 годзе ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў БССР. Працаваў літсупрацоўнікам часопіса «Маладосць». Сапраўднай школай майстэрства для пісьменніка сталі Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1983—1985). Пасля іх заканчэння А. Кажадуб цалкам заняўся творчай працай. Апавяданні і аповесці склалі кнігі «Гарадок» (1980), «Размова» (1985), «Лесавік» (1987), «Дарога на замчышча» (1990), «Святы калодзеж» (1994) і інш. Аўтара хвалююць праблемы маральнага здароўя грамадства, духоўны свет сучасніка, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, жыццё вёскі і клопаты вяскоўцаў, стан навакольнага асяроддзя. Гэтыя тэмы сталі цэнтрам увагі ў творчасці пісьменніка.
Алесь Кажадуб з 1990 года жыве і працуе ў Маскве. З 1992 года быў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Слово». З 1993 года ён рэдактар (з 1999-га — галоўны рэдактар) выдавецтва «Советский писатель», а з 2002 года — галоўны рэдактар часопіса «Лад». У 2006 годзе А. Кажадуб стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі ў галіне літаратуры і мастацтва імя М. А. Шолахава. Ён актыўна ўдзельнічае ў рабоце РНКА «Белорусы Москвы», займаецца наладжваннем узаемадзеяння беларускай творчай інтэлігенцыі Масквы. Многія творы А. Кажадуба перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы. Яго імя ўшанавана на Алеі пісьменства, што была адкрыта ў 2011 годзе на яго радзіме, у Ганцавічах.
У Казахстане (г. Нур-Султан) жыве Анатоль Лісіцкі (нар. у 1951), аўтар кнігі паэзіі «Празрыстыя росы радзімы». Ён з’яўляецца актыўным і натхнёным носьбітам роднай культуры, удзельнікам беларускага этнагурта «Радзiма» ў Казахстане, выступае ў складзе ансамбля «Вясёлка».
Вядомай творчай асобай беларускага замежжа з’яўляецца Ян Чыквін, які жыве ў Польшчы (нар. у 1940), шматгадовы кіраўнік літаб’яднання беларускіх пісьменнікаў «Белавежа». Ян Чыквін — беларускі паэт, перакладчык, гісторык рускай і беларускай літаратуры, прафесар-гуманітарый Беластоцкага ўніверсітэта, мае еўрапейскую і сусветную вядомасць. Літаратурная творчасць Я. Чыквіна сфарміравалася пад уплывам трох славянскіх культур — беларускай, польскай і рускай. Яго паэзія філасофская, метафарычная, утрымлівае адметныя вобразы-сімвалы, што надае творам сэнсавую глыбіню. Ён аўтар дзясяткаў кніг паэзіі на беларускай, польскай і іншых мовах («Іду» (1969), «Светлы міг» (1989), «Кругавая чара» (1992) і інш.). Плённа працуе Я. Чыквін і ў галіне літаратуразнаўства, ён аўтар шматлікіх навукова-даследчых прац. Апошнім часам Я. Чыквін стаў вядомы і як празаік, аўтар цікавай і змястоўнай аўтабіяграфічнай прозы «Трохкрылыя птушкі» (2018).
Прадстаўніком пакалення беларускіх пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў у Польшчы таксама з’яўляецца паэт, перакладчык, публіцыст, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Алесь Барскі (нар. у 1930). Ён аўтар многіх кніг паэзіі, у тым ліку «Мой бераг» (1975), «Лірычны пульс» (1987), «З пабачанага і перажытага» (1992), якія выходзілі ў Беларусі.
Ян Чыквін і Алесь Барскі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
З Канады дасылае свае вершы ў беларускія часопісы Юрась Шамецька (нар. у 1965). Ён аўтар кніг вершаў «Шлях да вяртання» (2011) і «Атава» (2015). З 1997 года жыве і працуе ў горадзе Атава (Канада).
У Латвіі (г. Даўгаўпілс) жыве беларускі паэт Станіслаў Валодзька (нар. у 1956), аўтар кніг паэзіі «У вачах Айчыны» (1996), «Памяці гаючая трава» (2001). Ён выдае кнігі вершаў, казак і апавяданняў для дзяцей. Творы С. Валодзькі друкаваліся ў анталогіях «Беларуская паэзія ХХ стагоддзя», «Крывіцкія руны. Беларускія пісьменнікі Латвіі», змяшчаліся ў латвійскіх падручніках. Шэраг вершаў паэта пакладзены на музыку кампазітарамі Латвіі і Беларусі, іх спяваюць у розных краінах свету. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Творчасць пісьменнікаў-землякоў
Па ўсёй нашай краіне плённа працуюць пісьменнікі. З удзелам паэтаў, празаікаў, дзіцячых пісьменнікаў праходзяць сустрэчы ў бібліятэках, установах адукацыі, на прадпрыемствах, у воінскіх падраздзяленнях. Творцы імкнуцца далучыць чытачоў да лепшых узораў літаратурнай класікі, пазнаёміць са сваёй творчасцю, падзяліцца духоўным скарбам, які нясе ў сабе кніга.
У кожнага чалавека ёсць на зямлі свой ціхі, запаветны куток, які называецца малой радзімай. Куток, дзе адзвінела, адцвіло шчаслівае, бесклапотнае дзяцінства. Дзе прамільгнула, як знічка, як ластаўчына крыло, юнацтва. Дзе ўзышла казачная вясёлка першага кахання. Пісьменнікі з любоўю і замілаваннем расказваюць у творах пра сваю Бацькаўшчыну.
Звяртаючыся да тэмы малой радзімы, сучасныя аўтары плённа выкарыстоўваюць мясцовы краязнаўчы матэрыял. Такім чынам з’яўляюцца новыя выданні, якія адкрываюць невядомыя старонкі гісторыі родных мясцін, знаёмяць чытача з вядомымі асобамі. Напрыклад, знакаміты пісьменнік Уладзімір Ліпскі (нар. у 1940) кнігу «Мая Беларусь» назваў аповесцю-споведдзю. Аўтар з асаблівым пачуццём успамінае сваю малую радзіму: «Вёсачка Шоўкавічы на Палессі — Божы куточак Беларусі. Тут мяне люляла мама. Калыханку спявалі вятры і птушкі. Узоры на вокнах малявалі маразы. Агонь у печы дарыў цяпло». Папулярныя кнігі пісьменніка — «Я: праўдзівы аповед пра твой і мой радавод», «Мама. Малітва сына», «Мы: аповесць пра нашы прозвішчы» і інш. Уладзімір Ліпскі — аўтар твораў, якія заахвочваюць чытача звяртацца да сваіх жыццёвых вытокаў.
Самааддана служыць роднай зямлі Ігар Пракаповіч (нар. у 1960). Пісьменнік вядомы як нястомны краязнавец, які вядзе руплівы пошук сведчанняў гістарычнага мінулага сваёй Бацькаўшчыны. Ён нарадзіўся ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. У «падарожнай кніжыцы» пад назвай «Пастаўшчына» аўтар запрашае чытача ў вандроўку па найбольш цікавых мясцінах сваёй малой радзімы.
Пісьменнікпрацуеўжанрахпрозы,драматургіі,займаеццаперакладамі. У сваіх шматлівых зборніках («Рэха малітваў», «Намагнічаны космас», «Шляхі наканаванага бязмежжа», «Я Вас каханнем растрывожу…» і інш.) ён імкнецца перадаць сваю любоў да радзімы нашчадкам, каб яны ведалі свае карані, адчувалі сваю прыналежнасць да багатых духоўных скарбаў беларусаў.
Тэма краязнаўства прыярытэтная ў творчасці пісьменніка Алеся Карлюкевіча (нар. у 1964), малая радзіма якога — Пухаўшчына. Ён аўтар кніг «За Цітаўкаю — Слабада», «Літаратурная карта Пухаўшчыны», «Далёкія і блізкія суродзічы», «Сцежкамі Ігуменшчыны», «Старонкі радзімазнаўства: Мясціны. Асобы: краязнаўчыя нарысы» і інш.
З удзелам Алеся Карлюкевіча і з дапамогай многіх іншых аўтараў тэма краязнаўства ўзнялася да ўзроўню радзімазнаўства — нацыянальнай годнасці і гонару беларусаў. Цікавасць да радзімазнаўства ў беларускай літаратуры ўсё больш узрастае. Выданні такога кшталту ў многім становяцца сямейным чытаннем, падштурхоўваюць да вывучэння ўласнага радаводу.
Шмат увагі тэме малой радзімы надае ў сваёй творчасці Алесь Казека, (нар. у 1958 годзе ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці). Яго паэзія захапляе сваёй шчырасцю і адкрытасцю. Кранаюць лёсы людзей, якія перажылі суровыя часы, але змаглі захаваць чалавечнасць, годнасць, веру ў лепшае. Паэт вядомы сваімі паэмамі «Шлях», «Медуніца», «Марыйка» і інш. У аснову паэмы «Марыйка» ляглі падзеі знішчэння фашыстамі вёскі Боркі ў Кіраўскім раёне летам 1943 года. За сімвалічным вобразам Марыйкі, якая цудам уцалела, паўстае маці паэта, на той час 14-гадовая дзяўчына. Гэта фактычна твор — рэквіем па ўсіх спаленых вёсках, заклік берагчы мір.
У зборніках А. Казекі «Час сяўбы», «Маё сэрца навек застаецца з табой», «Песня роднай зямлі» і іншых закранаюцца самыя актуальныя праблемы сучаснага грамадства: неабходнасць адраджэння гістарычнай памяці, захаванне сапраўдных маральных каштоўнасцей, важнасць аховы навакольнага асяроддзя.
У зборніках паэзіі Людмілы Кебіч «Па музычных законах», «На беразе белай ракі», «Ключы ад Неба», «Светач мастацтва» «Бэзавы дом» паўстаюць маляўнічыя карціны родных мясцін. Паэтэса нарадзілася ў 1951 годзе ў г. п. Краснасельскі (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). Радзіма малая і вялікая — гэта магістральная тэма яе паэзіі, дзе ўслаўляецца не толькі прыгажосць роднай зямлі (вуліцы Гродна, старажытная Каложа, Нёман), але і яе людзі — працавітыя і высокамаральныя. Яны з’яўляюцца прыкладам для будучых пакаленняў. Людміла Кебіч звяртаецца да тэмы барацьбы дабра і зла ў паўсядзённым жыцці (вершы «Трэба сеяць», «Плач душы» і інш.), пры гэтым заўсёды імкнецца знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Гэта паэзія чысціні, аптымізму і чуласці.
Любым куточкам для Зіновія Прыгодзіча (нар. у 1944) стала вёска Лышча, што на Піншчыне. «Яна заўсёды і ўсюды ў маёй душы, — прызнаецца пісьменнік. — На вялікіх і малых дарогах. Яна са мною ў маіх радасцях і трывогах, у маіх клопатах і памкненнях. Бацькоўскай хатай, матчынай усмешкай яна прыплывае ў мае сны». І не толькі ў сны, але і ў літаратурныя творы. Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (пры перавыданні кніга займела другую назву — «Журба мая светлая») якраз і пабудавана пераважна на мясцовым матэрыяле і прысвечана моладзі, станаўленню яе грамадзянскіх і інтымных пачуццяў.
Яшчэ больш глыбока распрацавана тэма малой радзімы ў аповесці «Ноч перад нядзеляю». У ёй аўтар закрануў вострыя праблемы сучаснай вёскі, складаныя сямейныя калізіі, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, паказаў багацце і прыгажосць духоўнага свету старэйшага пакалення.
Аповесць «Над Вісліцай» дакументальная. Яна цалкам прысвечана малой радзіме. Тут расказваецца пра гераічнае і трагічнае мінулае, багатую і супярэчлівую сучаснасць глыбіннай палескай вёскі Лышча і навакольных населеных пунктаў: Лагішын, Парэчча, Пагост-Загародскі, пра іх таленавітых і працавітых жыхароў. Па форме кніга ўяўляе сабой своеасаблівае падарожжа на Піншчыну, па змесце — гэта цікавы, пазнавальны аповед пра адзін з унікальных куточкаў Беларускага Палесся.
Пытанні
1. Ахарактарызуйце літаратурны працэс у Беларусі ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. | |
2. Як і ў сувязі з чым мяняецца роля літаратуры ў сучасным свеце, у тым ліку і ў беларускай сацыякультурнай прасторы? | |
3. У чым адметнасць новай літаратурнай сітуацыі ў Беларусі? | |
4. Ахарактарызуйце асноўныя напрамкі дзейнасці Саюза пісьменнікаў Беларусі. | |
5. Назавіце беларускія літаратурна-мастацкія часопісы. Падрыхтуйце агляд апошняга нумара аднаго з часопісаў. | |
6. Якое значэнне для літаратурнага працэсу Беларусі мае супрацоўніцтва з іншымі краінамі свету? | |
7. Падрыхтуйце прэзентацыю «Падарожжа па малой радзіме і па творчасці пісьменнікаў-землякоў». | |
8. Напішыце свой твор пра родныя мясціны. |