Паэзія

Уводзіны

Сучасная беларуская паэзія канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя — складаная, шматгранная з’ява, адзначаная арыгінальнымі творчымі набыткамі, жанравай і стылёвай дынамікай, у прасторава-часавай структуры якой перакрыжоўваюцца набыткі розных пісьменніцкіх пакаленняў. Найперш гэта мастакі слова, якія праявілі сябе як яркія творчыя індывідуальнасці ў даваенны або ваенны перыяд, — Максім Танк, Анатоль Вялюгін, Пімен Панчанка і інш.

Маладзейшае пакаленне ўвайшло ў літаратуру ў 1950—1960-я гады мінулага стагоддзя як так званае філалагічнае пакаленне, дзеці вайны, шасцідзясятнікі: Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, Ніл Гілевіч, Юрась Свірка, Уладзімір Караткевіч, Міхась Стральцоў, Уладзімір Карызна, Данута Бічэль і інш.

Развіццё слоўнага мастацтва ў канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя звязана таксама з творчай дзейнасцю наступных яркіх індывідуальнасцей: Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш, Міколы Мятліцкага, Алеся Пісьмянкова, Алеся Разанава, Раісы Баравіковай, Навума Гальпяровіча, Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Генадзя Пашкова, Міхася Башлакова, Алега Салтука, Мар’яна Дуксы, Міхася Пазнякова, Леаніда Галубовіча, Міколы Маляўкі, Кастуся Жука і інш.