ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ

Уводзіны

Літаратура сёння — гэта неад’емная частка жыцця чалавека, адлюстраванне ўсіх зрухаў грамадскага жыцця. Мастацтва слова развіваецца, трансфармуецца, становіцца якасна іншым. Сышлі з жыцця вялікія нацыянальныя пісьменнікі старэйшага пакалення: І. Мележ, Я. Брыль, А. Адамовіч, В. Быкаў, І. Шамякін, І. Пташнікаў, Максім Танк, П. Панчанка і іншыя, якія былі ўплывовымі грамадскімі дзеячамі і працавалі на карысць краіны. У сучасным беларускім літаратурным працэсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленняў, традыцыяналісты і авангардысты, выяўляючы ў творах уласныя эстэтычныя пошукі і погляды на літаратуру ў новы час.

Аднак большасць сучасных пісьменнікаў у розных па тэматыцы і жанравых адметнасцях творах аддаюць перавагу цэнтральнай тэмелёсу Беларусі і беларускага народа, далейшаму аднаўленню культурна-гістарычных традыцый папярэдніх пакаленняў, эстэтычна асэнсоўваюць і перадаюць сучаснікам і будучым пакаленням чытачоў маральна-філасофскія, духоўныя арыенціры і каштоўнасці працавітага, гасціннага і гераічнага беларускага народа.

У канцы ХХ стагоддзя стала відавочным, што рэалістычны метад страціў актуальнасць як асноўны напрамак літаратурнай творчасці. Сучасных пісьменнікаў цікавіць не толькі адлюстраванне рэалій жыцця, але найперш перадача ўласных, суб’ектыўных адносін, думак, эмоцый да разнастайнага навакольнага свету. Літаратары, асабліва маладзейшае пакаленне, шукаюць і знаходзяць новыя мастацкія сродкі, прыёмы асэнсавання быцця сучасніка ва ўскладненым шматкультурным інфарматызаваным свеце.

Даследчыкі сучаснага літаратурнага працэсу заўважаюць сістэмныя змены ў літаратуры апошняга часу, пішуць пра беларускі авангардызм, беларускі постмадэрнізм (Міхась Тычына, Людміла Сінькова, Алесь Бельскі, Ірына Шаўлякова-Барзенка). Але і традыцыйныя літаратурна-мастацкія плыні не зніклі. У новых сацыякультурных умовах яны відазмяняюцца, эстэтычна ўплываюць і на сённяшніх творцаў, што дае падставы гаварыць пра неарэалізм, неарамантызм, прыпавесційнасць, неаміфалагізм у сучаснай літаратуры.

Так у зменлівай, дынамічнай панараме літаратурнага жыцця 2000-х гадоў не знікла цікавасць да рэалістычных сюжэтаў, гісторый, якія спалучаюцца з элементамі нерэалістычнага пісьма. Прыкладам такога эстэтычнага сінтэзу з’яўляюцца прыпавесційныя творы В. Быкава, В. Казько, В. Карамазава, У. Сцяпана, спалучэнне рэалістычнага і містычнага ў творах А. Наварыча, Л. Рублеўскай, А. Казлова, Ю. Станкевіча, А. Федарэнкі.

Неаміфалагічная1 свядомасць, па назіраннях навукоўцаў, застаецца прыкметнай праявай беларускага менталітэту і выразна выяўляецца ў творах сучасных пісьменнікаў праз спалучэнне розных часавых пластоў, сутыкненне герояў з розных эпох і супрацьстаянне сутнаснага, спрадвечнага, маральнага, а таму і прыгожага, з неістотным, карыслівым, пустым, амаральным. Прыкладамі твораў з элементамі неаміфалагічнай свядомасці з’яўляюцца творы В. Казько («Зазірнуць у вочы свайму “я”», «Сказ пра аднавокую казу Цылю», «Сказ пра ката, які смяяўся»), Ф. Сіўко («Ягня ахвярнае: прыпавесці, аповесць», «Асіметрыя: аповеды, эсэ, запісы», «Дзень Бубна: прыпавесці, аповесць»).

Неаміфалагічныя матывы і вобразы з’яўляюцца важным сродкам светаспасціжэння і ў сучаснай паэзіі. З беларускай міфалогіяй, народным светабачаннем звязана паэтыка многіх вершаў прадстаўнікоў розных пакаленняў творцаў: Рыгора Барадуліна, Васіля Зуёнка, Генадзя Пашкова, Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзіміра Марука, Віктара Шніпа, Вольгі Русілкі, Ярыны Дашынай, Васіля і Анатоля Дэбішаў, Антаніны Хатэнкі, Ірыны Багдановіч, Таццяны Сівец і інш.

 Літаратура па-ранейшаму застаецца важнейшым сродкам фарміравання светапогляду і грамадзянска-культурнага развіцця асобы, нягледзячы на сусветны крызіс культуры, расчараванне сучаснікаў у навукова-тэхнічным прагрэсе, імкненне да матэрыяльнага ўзбагачэння ў спажывецкім грамадстве. Вядомы беларускі літаратуразнавец М. Тычына слушна піша: «Памылкова думаць, што свет уратуе інтэрнэт, які сапраўды дае шмат магчымасцей. Камп’ютарная тэхналогія — толькі новы сродак камунікацыі, які можа збліжаць і аддаляць.

Літаратура — жыццёва неабходная ўмова гуманітарнай адукацыі, эстэтычнага выхавання, развіцця творчага мастацкага мыслення». У культурнай іерархіі духоўных каштоўнасцей сучаснага беларускага грамадства па-ранейшаму асноўнымі застаюцца дзяржаўна-патрыятычныя, нацыянальныя, агульначалавечыя, маральна-хрысціянскія ідэі. Закладзеныя ў нацыянальнай класічнай літаратуры і творчасці лепшых нашых сучаснікаў, яны — самы апрабаваны сродак стварэння і ўмацавання беларускага характару, фарміравання грамадзянска-патрыятычнага светапогляду маладога пакалення беларусаў, а ў выніку — духоўна-маральнай кансалідацыі грамадства, трывалай стабільнасці беларускага соцыуму.

____________________

Неаміфалагі́зм — канцэпцыя, якая разглядае міфалагізм (суаднесенасць з міфам) як найбольш характэрную форму мастацкага мыслення ў ХХ стагоддзі.