ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Мастацкія тропы

Мастацкія тропы

Мастацкія тропы

Раман узнік на аснове старажытнага эпасу ў антычнай літаратуры, аднак у сучасным разуменні сфарміраваўся толькі ў XVI—XVIII стагоддзях. Росквіту жанр дасягнуў у ХІХ стагоддзі ў еўрапейскай і рускай рэалістычнай літаратуры.

Троп (ад грэч. tropos — ‘паварот; зварот, вобраз’) — слова або выраз, ужытыя ў пераносным значэнні з мэтай стварэння мастацкага вобраза і дасягнення большай выразнасці (параўнанне, метафара, сінекдаха, метанімія, увасабленне і інш.).

У тропах на аснове пэўных агульных рыс супастаўляюцца дзве з’явы, адна з якіх характарызуецца праз прыметы другой.

Тэарэтыкі прапануюць адрозніваць тропы простыя: эпітэт, параўнанне і складаныя: метафара, зваротная метафарызацыя, паэтычны этымалагізм, метанімія, сінекдаха, гіпербала, літота, сімвал, алегорыя, іронія, гратэск, перыфраза. Часам вылучаюць такія тыпы тропаў: канкрэтна-пачуццёвыя і ўмоўна-асацыятыўныя. Тропы першага тыпу ўлічваюць канкрэтнасць і рэальнасць адзнак з’яў або прадметаў, што ўспрымаюцца з дапамогай асацыятыўных магчымасцей органаў пачуццяў — зроку, слыху, смаку, нюху і дотыку. Тропы другога тыпу вызначаюцца вялікай доляй умоўнасці, апелююць да здольнасцей лагічнага мыслення чалавека, ведаў, жыццёвай дасведчанасці.

Адным з самых распаўсюджаных сродкаў паэтычнай мовы з’яўляецца эпітэт як вобразнае азначэнне прадмета, з’явы.

Эпітэт (ад стар.-грэч. trioetov — ‘прыкладзенае’) — мастацкае азначэнне, якое вобразна характарызуе з’яву, прадмет, чалавека.

Выяўляецца прыметнікам. Але не кожны прыметнік у ролі азначэння становіцца эпітэтам. Высокая мастацкаць, вобразнасць, арыгінальная характарыстыка прадмета або з’явы — гэта неабходныя патрабаванні да гэтага тропа. Параўнаем выкарыстанне прыметнікаў у творах М. Башлакова: «лісток закружыўся, бярозавы» (функцыя простага азначэння, адноснага прыметніка) і «Хай мне буйныя ветры прыгоняць // Той самотны бярозавы дым» (адметнае і вобразнае азначэнне-эпітэт); «пачуецца музыка ў лесе асеннім» (функцыя простага азначэння, адноснага прыметніка) і «і сам я ўжо асенні, пахаладзеў душой» (адметнае і вобразнае азначэнне-эпітэт).

Некаторыя эпітэты маюць устойлівы характар, як, напрыклад, фальклорныя выразы «ясны месяц», «гора горкае», «сіняе мора», «цёмная ноч». Многа народна-паэтычных эпітэтаў ужываў М. Башлакоў у сваёй паэме «Лілея на цёмнай вадзе». Мастацкія азначэнні «сірочыя слёзы», «вячэрнія зоры», «цёмныя лясы», «травы шаўковыя», «зорныя ночы», «ясныя вочы», «буйныя ветры», «цёмныя нетры», «завадзі ціхія», «месяц высокі», «бераг далёкі» і інш. сведчаць пра фальклорна-міфалагічны ўплыў на паэтыку твора.

Арыгінальнымі і сэнсава ёмістымі з’яўляюцца і індывідуальна-аўтарскія эпітэты М. Башлакова: «стомлены човен», «світальныя коні», «ззяблыя сцежкі», «зязюльчын ранак», «асенні цягнік» і інш. Многія з іх маюць багаты падтэкст. Патрэбна адзначыць, што індывідуальна-аўтарскія эпітэты часам ствараюцца з асаблівых вобразных комплексаў, якія спалучаюць супрацьлеглыя, кантрастныя паняцці. Напрыклад, праз выраз «самотны і светлы радок» М. Башлакоў здолеў даць змястоўную характарыстыку нялёгкай працы паэта, што злучае ў сабе і радасць натхнення, і цяжар творчых пошукаў.

Аналіз сістэмы эпітэтаў у творах таго або іншага аўтара дазваляе вызначыць арыгінальнасць і самабытнасць творчай манеры мастака слова, індывідуальнасць яго светабачання. Гэты сродак мастацкай выразнасці дазваляе адчуць аўтарскую пазіцыю, як станоўчую, так і адмоўную ацэнку прадмета або з’явы мастацкага твора, чалавека і свету наогул. Да таго ж эпітэты маюць уласцівасць абуджаць эмацыянальныя адносіны да прадмета выяўлення, выклікаць тыя або іншыя пачуцці, набываюць пачуццёва-ацэначны сэнс. Акрамя таго, эпітэт дазваляе наглядна ўспрымаць паэтычнае выказванне цэласна, у тым ліку і праз зрокавыя і слыхавыя ўяўленні і ўражанні.

Параўнанне — від тропа, у якім сутнасць аднаго прадмета, з’явы або паняцця вытлумачваецца праз супастаўленне іх з падобнымі іншымі, больш або менш вядомымі ўспрымальніку літаратурнага твора.

У параўнанні абавязкова ўтрымліваюцца два кампаненты — адзін з іх тлумачыць другі. Часцей за ўсё параўнальныя звароты ўтвараюцца пры дапамозе слоў «як», «нібы», «быццам». М. Башлакоў па-майстэрску звяртаецца да магчымасцей параўнання: «гады, як жалуды, на сцежку ападаюць», «палі задумныя, як песні», «лёс мой горкі, бы конь кульгае», «скіну смутак, як клунак, з пляча», «і ты, як золак, у сукенцы белай», «матылёк, як дзень вясенні, весела трапечацца», «душу сваю, як ветразь, падніму», «і восень у зялёных вершалінах вавёркаю мелькае маладой», «цягніком праляцелі гады».

Змястоўнае і трапнае параўнанне мае магчымасць значна пашырыць вобразныя магчымасці паэтычнага радка, выклікаючы ў чытача цэлы шэраг асацыяцый. Напрыклад, у радках «І душа мая праясняецца, // Нібы неба пасля дажджоў» М. Башлакову ўдалося настрой душы перадаць праз параўнанне са станам прыроды.

Метафара — найбольш распаўсюджаны троп, заснаваны на прынцыпах падабенства, аналогіі. Усялякая метафара патрабуе ад чытача не літаральнага разумення, а ўмення адчуваць вобразна-эмацыянальны эфект, бачыць «другі» план. Метафары ў некаторых аспектах падобныя да параўнанняў. Але калі ў параўнанні прысутнічаюць два кампаненты (тое, што параўноўваецца, і тое, з чым параўноўваецца), то метафара асноўваецца толькі на другім элеменце. Утойваючы прамое найменне, мастак слова прымушае працаваць думку і фантазію, патрабуе ад чытача намагання ўяўленняў. Простая метафара складаецца з аднаго слова або выразу: «І пахнуць мятай сонечныя сны», «Антонаўкамі свеціцца // Стары вясковы сад», «І слухаць, як ласкавы ветрык / Гартае сонечныя дні», «Сонца весні прамень // Упадзе на далонь — // І народзіцца дзень». Разгорнутая метафара можа ахопліваць значную частку твора або ўвесь твор.

У цэлым шэрагу метафар прадмет або з’ява, што маюцца на ўвазе, могуць быць выяўлены з дастатковай выразнасцю. Так, чытаючы радкі М. Башлакова «Беглі юнацкія дні. // Ціхай вадою сплывалі», мы разумеем, што размова ідзе пра скарацечнасць часу. У метафарычным выразе «Дзе вясной цвет вішнёвы мяцеліцца // За маім адзінокім акном» створаны вобраз-малюнак веснавой квецені садоў, пялёсткі якіх ляцяць, як снег у завіруху. Выразна адчуваецца, што радасць вясны не кранула лірычнага героя верша, бо яго «акно адзінокае».

Але ёсць метафары, якія не могуць быць канкрэтна патлумачаны, у іх аб’ядноўваюцца розныя варыянты перадачы сэнсу. Такія метафары набліжаюцца да шматзначных сімвалаў, як у вершы «Доні-донь» М. Башлакова:

На пагорках вясна…
Я пайду,
Я знайду
Гэту кветку надзей,
Што свяцілася ў снах…

Спасціжэнне сэнсу метафарычнага выразу патрабуе ад чытача актыўнага далучэння да творчага працэсу, вымагае абуджэння фантазіі і ўяўлення.

Увасаблéнне, або персаніфікáцыя, — гэта разнавіднасць метафары, якая заключаецца ў наданні чалавечых уласцівасцей рэчам, прадметам, з’явам прыроды.

Мастацкія ўвасабленні ўжыты ў наступных радках: «І месяц — // зачарованы вандроўнік // Цыганскай завушніцаю // Звініць», «Незразумелая сэрцу трывога // Чайкай усхліпнула ўдалячыні». Разгорнутае ўвасабленне М. Башлакоў выкарыстаў для стварэння вобраза Радзімы ў аднайменным цыкле вершаў:

Яна ж, стамлёная ад болю,
З пакутай ціхай на губах,
Жыве адным жаданнем волі,
Як трапіўшы ў няволю птах…

Метаніміяяшчэ адзін мастацкі сродак утварэння новых значэнняў слоў. Метанімія — гэта перанясенне назвы адных з’яў або прадметаў на другія на аснове іх знешняй або ўнутранай сувязі. Адзначым, што ў адрозненне ад метафары або эпітэта, якія могуць збліжаць самыя аддаленыя паняцці, метанімічныя выразы заўсёды ў значнай ступені канкрэтныя, рэчыўныя, звязаны са штодзённым побытам чалавека, надаюць тэксту ўяўную дакладнасць. Акрамя таго, «ад метафары метанімія адрозніваецца тым, што падобнасць з’яў ці прадметаў тут не мае значэння» (В. Рагойша).

Метанімічныя выразы могуць стварацца рознымі спосабамі. Так, найменне можа быць перанесена з імя аўтара або назвы яго твора: «Я Верхарна чытаю», — прызнаецца лірычны герой верша М. Башлакова, маючы на ўвазе, што ён любіць і разумее творы выдатнага французскага паэта-сімваліста Эміля Верхарна. У вершы «Аўтапартрэт» герой-настаўнік успамінае ўрок: «І ляцела над партамі Азія // На гарачым грывастым кані…» У гэтых радках адбываецца кантэкстуальна абумоўленае змяненне прамога значэння слова Азія (частка свету) на гісторыю яе качавых плямёнаў, моцных і ваяўнічых. У фразе «Сны светлыя бачыць Гомель, // Стрыножыўшы коней агнямі» замест выразу «сны светлыя бачаць жыхары Гомеля» выкарыстоўваецца метанімічная адзінка «Гомель». Своеасаблівая замена цэлага часткай таксама лічыцца праявай метаніміі і называецца сінекдахай. У вершы «Заркапад» найменне агульнай відавой назвы «яблыкі» пераносіцца на родавае — «налівы», у сэнсе гатунку «белы наліў»: «Зоркі падаюць прама ў сад, // Дзе цяжкія вісяць налівы».