Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945)

Пісьменнікі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны

Беларусь — краіна, якая перажыла мноства спусташальных войнаў. Асабліва пакутнай для нашай Радзімы стала Вялікая Айчынная вайна. Ад яе наступстваў залежаў лёс нацыі і кожнага чалавека. 

Гэты перыяд патрабаваў высокай духоўнай стойкасці, мужнасці і патрыятызму. У цяжкі час беларускі народ праявіў незвычайны гераізм у змаганні з ворагам. На акупаванай тэрыторыі не перапынялася літаратурна-мастацкае жыццё. Тут, асабліва ў партызанскіх зонах, пашыралася масавая паэзія, працягвалася дзейнасць прафесійных пісьменнікаў, якія сталі партызанамі або падпольшчыкамі: Анатоля Астрэйкі, Янкі Брыля, Антона Бялевіча, Міхася Васілька, Міколы Засіма, Анатоля Іверса, Ніны Тарас, Валянціна Таўлая.

Пісьменнікі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
У тыл ворага дастаўляліся беларускія газеты і часопісы «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «За свабодную Беларусь», «Звязда», «Партызанская дубінка», «Партызанскае слова», «Чырвонаармейская праўда » і інш.

Актыўны ўдзел у выпуску гэтых выданняў прымалі Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Васіль Вітка, Анатоль Астрэйка, Кастусь Кірэенка, Анатоль Вялюгін. Вершы беларускіх паэтаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый, у перыядычным друку выйшлі асобныя кнігі перакладаў: «Беларусь в огне» (1943), «Стихи о Родине» (1941) Янкі Купалы, «Голос земли» (1942) Якуба Коласа, «Тебе, Беларусь» (1942) Пімена Панчанкі.

На тэрыторыі рэспублікі распаўсюджваліся рукапісныя лістоўкі, друкаваныя газеты, плакаты, якія выдаваліся партызанамі ў лясных Лістоўка-плакат «Партызанскае слова» з Вілейшчыны (1943) друкарнях, падпольшчыкамі — у гарадскіх, а таксама завозіліся з-за лініі фронту (напрыклад, лістоўка Вілейскага абкама КП(б)Б «Партызанскае слова», плакат «Мы зноў з вамі!»).

У ваенны час многія пісьменнікі, што пачалі друкавацца ў 1920—1930-я гады, пайшлі на фронт.

Так, Анатоль Астрэйка падчас вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», двойчы накіроўваўся на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Антон Бялевіч супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у савецкім партызанскім руху на Віцебшчыне. Яго паэзіі ваеннага і пасляваеннага часу ўласцівы традыцыйна-фальклорная вобразнасць, народна-песенны лад, выразнасць мастацка-выяўленчых сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання.

Мікола Сурначоў быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1941 годзе. Паэт удзельнічаў у абароне Каўказа, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы. Прайшоўшы амаль усю вайну, загінуў у ноч з 19 на 20 красавіка 1945 года пад Берлінам. Яго ваенная лірыка цалкам не захавалася, многія вершы згублены ў шпіталях, у баях. Засталіся ў асноўным творы, дасланыя сябрам і родным у лістах. 

Аднак яны, створаныя ў акопах, на рэдкіх прывалах, дзе не было часу не толькі адшліфаваць радок, але і пазначыць час і месца напісання, увайшлі ў скарбніцу беларускай паэзіі. Склалася так, што паэзія перажыла свайго аўтара — зборнікі Міколы Сурначова «На сурмах баравых» (1946), «Барвовая зара» (1959), кніга вершаў, лістоў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986) выйшлі пасля вайны.

Празаік і літаратурны крытык, аўтар цыкла раманаў «На перавале стагоддзя» Уладзімір Карпаў у 1920-я гады, падчас голаду на Паволжы, перабраўся з маці на Гомельшчыну, настаўнічаў, у 1941 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху. Пасля вайны працаваў завучам у школе, а затым — у газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», загадваў аддзелам прозы і крытыкі часопіса «Полымя».

На мемарыяльнай дошцы ў Доме літаратара ў Мінску ўвекавечаны імёны дваццаці шасці пісьменнікаў, што загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх — Змітрок Астапенка, Леанід Гаўрылаў, Рыгор Жалязняк, Алесь Жаўрук, Сяргей Крывец, Рыгор Мурашка, Алесь Пруднікаў, Мікола Сурначоў, Мікалай Сямашка і інш..