Героіка-патрыятычны пафас ваеннай лірыкі
Героіка-патрыятычны пафас ваеннай лірыкі
Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны сцвярджала высокія ідэалы беларускага народа, якія фарміраваліся на працягу складанай шматвяковай гісторыі. Агітацыйная публіцыстычная лірыка была адрасавана салдатам-франтавікам, партызанам, падпольшчыкам, да якіх яна даходзіла праз франтавую газету, лістоўку, радыё. У гэты час з’яўляліся вершы-заклікі, пасланні, нават заклінанні: «Душою і сэрцам мы з вамі, героі», «На абарону», «Народу-барацьбіту», «Абаронцам роднай зямлі» Якуба Коласа; «Пісьмо землякам», «Помста» Петруся Броўкі; «Вастрыце зброю», «Падымайся, Беларусь!» Максіма Танка; «Мужайся», «Мы вернемся» Пятра Глебкі; «Змагайцеся адважна за Радзіму» Пімена Панчанкі.
У газеце «Правда» 24 чэрвеня 1941 года быў надрукаваны на беларускай мове верш Якуба Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг». «Да зброі, народы раскутай краіны: // Разбойнік штурмуе наш дом! // Магутнаю раццю, патокам адзіным // Абрушым на ворага гром!» — пісаў Якуб Колас. У той жа дзень гэты твор змясціла газета «Звязда», а побач — вершы «Смялей у бой!» Пятра Глебкі і «Мы пойдзем за праўду...» Антона Бялевіча.
Хрэстаматыйнымі сярод твораў заклікальна-эмацыянальнай формы з’яўляюцца таксама вершы Янкі Купалы «Беларускім партызанам» і «Зноў будзем шчасце мець і волю», якім уласціва кантраснае спалучэнне двух пачуццяў — любові да роднай зямлі і нянавісці да ворагаў, традыцыйныя вобразы-сімвалы, лірычна-песенная інтанацыя.
У цяжкую гадзіну выпрабаванняў абвастрылася любоў да Радзімы. Мабыць, у гісторыі нашай літаратуры не было перыяду, які пакінуў бы столькі твораў — зваротаў да маці-Беларусі, замілаваных вобразных выказванняў пра родны край (напрыклад, вершы Пімена Панчанкі «Краіна мая» (1942), Максіма Танка «Беларусь» (1944) і інш.). Любоў да Радзімы выяўлялася не толькі ў закліках да барацьбы з ворагам, але і ў напамінку пра захаванне найкаштоўнейшага нацыянальнага скарбу — роднай мовы.
У беларускай ваеннай паэзіі быў распаўсюджаны жанр гераічнай балады з моцным рамантычным пачаткам. У ім плённа працавалі Аркадзь Куляшоў («Балада аб чатырох заложніках», «Маці», «Камсамольскі білет», «Балада аб знойдзенай падкове»), Максім Танк («У завею»), Пімен Панчанка («Сямёра дачок», «Песня пра чатыры магілы»), Пятрусь Броўка («Смерць героя», «Кастусь Каліноўскі», «Надзя-Надзейка»), Пятро Глебка («Пасланец»), Анатоль Вялюгін
(«Балада аб уральскім танку»). Балада як ліра-эпічны жанр набліжаецца да паэмы. У ёй паказваюцца моцныя характары, адлюстроўваюцца напружаныя жыццёвыя сітуацыі. Вялікая Айчынная вайна давала мноства прыкладаў выключнага гераізму людзей. Гераічнае ў баладах выяўлялася не як адзінкавы факт, а як агульнанародная з’ява.
Літаральна на пачатку вайны Мікола Сурначоў напісаў славуты верш-баладу «У стоптаным жыце»:
Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да блізкага гаю,
Да роднага дому.
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце, —
Ёй не кажыце...
1941, Заходні фронт.
З успамінаў. Як згадваў Мікола Аўрамчык, задума твора ўзнікла ў першыя дні вайны, калі маладыя студэнты, пакінуўшы Мінск, хаваліся ў жыце: «Сурначоў увесь час паўтараў: “Які быў ураджай!.. Як на пагібель…” Надвячоркам раптам прачытаў мне верш». |
Гэты кароткі твор можна назваць выключным сярод пафаснай лірыкі таго часу. Паэт не першы звярнуўся да вобраза забітага салдата. Але менавіта ён дасягнуў пранікнёнага спалучэння глыбокай чалавечай жальбы і замілаванай спагаднасці прыроды. У адрозненне ад усіх балад падобнага зместу герой Сурначова не толькі не прасіў перадаць вестку родным, але і заклікаў не гаварыць маці пра яго смерць. Мікола Сурначоў, як і кожны сапраўдны паэт, стаў прарокам і прадказаў трагедыю ўсяго пакалення. Невыпадкова Аляксандр Твардоўскі перастварыў гэты мікрашэдэўр па-руску, і балада Міколы Сурначова стала вызначальнай, эпахальнай у славянскай паэзіі.
Яркім прыкладам паэзіі ваенных гадоў стала творчасць Пімена Панчанкі. Гэта лірыка суровай праўды, балючая споведзь пра перажытае ў віхуры грознага ліхалецця. Зборнікі «Дарога вайны» і «Далёкія станцыі» адлюстроўвалі няскораны дух беларускага народа, ідэю свабоды і надзею на вяртанне ў мірнае жыццё. У гэты час паэт напісаў высокамастацкі цыкл «Іранскі дзённік », у які ўвайшлі вершы «Сустрэча з бярозай», «Рамантыка», «Сон пра апошні залп» і інш.
У 1944 годзе штаб, дзе служыў Пімен Панчанка, перакінулі ў Іран — і яшчэ два доўгія гады пасля вызвалення Беларусі паэт быў адарваны ад Радзімы. Думкамі, пачуццямі, клопатамі ён, аднак, знаходзіўся ў Беларусі. Удалечыні ад Радзімы ім быў створаны цыкл «Іранскі дзённік». |
Значнае месца ў беларускай паэзіі ваеннай пары належыць творам у жанры паэмы, у якіх арганічна спалучыліся эпічны, лірычны, а часам і драматычны пачаткі («Суд у лесе», «Адплата» Якуба Коласа; «Прыгоды цымбал», «Дом № 24» Аркадзя Куляшова; «Ясны кут» Петруся Броўкі; «Маладосць у паходзе» Пімена Панчанкі; «Мой майстра» Антона Бялевіча; «Поўдзень» Васіля Віткі).
Каля вытокаў беларускай паэмы ваенных гадоў стаяць два розныя па стылі творы гэтага жанру — «Сцяг брыгады» Аркадзя Куляшова і «Паэма пра Смалячкова» Петруся Броўкі, напісаныя ў 1942 годзе. Апошняя ўяўляе сабой дакументальна-рэпартажны твор. Такія тэксты былі распаўсюджаны ў пачатку вайны («Слова пра 28 гвардзейцаў» Мікалая Ціханава, «За намі Масква» Сяргея Васільева, «Сябры», «Безыменная вышыня» Міхаіла Матусоўскага). Пятрусь Броўка ў паэме даў разгорнуты паэтычны партрэт воіна-героя, абаронцы Ленінграда. Факты біяграфіі не перашкаджалі аўтару ўзбуйніць вобраз і ў фінале твора паказаць Фядоса Смалячкова ў абліччы быліннага асілка, якому родная зямля дала «арліныя крыллі» і «зоркія вочы».
Героіка-рамантычная паэма Максіма Танка «Янук Сяліба» — адзін з першых беларускіх буйных паэтычных твораў ваеннага часу, выкананы, на думку Міколы Арочкі, у найбольш «класічна-строгіх формах».
Вопытнай рукой майстра напісана і паэма «Эдэм» Змітрака Астапенкі. Гэтаму твору належыць асаблівае месца не толькі ў паэзіі ваеннай пары, але і ўвогуле ў беларускай літаратуры XX стагоддзя. Пастаўленымі пытаннямі і спробай адказу на іх (у творы закранаюцца складаныя рэаліі 1930-х гадоў) паэма відавочна выходзіць за межы перыяду напісання.
Паэтычныя творы не толькі пісаліся, але і выдаваліся на акупаванай ворагам тэрыторыі. У 1943 годзе супрацоўнікі слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» сабралі лепшыя вершы Анатоля Астрэйкі і выдалі асобным зборнікам пад назвай «Слуцкі пояс», які карыстаўся асаблівай папулярнасцю.
Беларуская літаратура часоў Вялікай Айчыннай вайны стала летапісам трагічных падзей нацыянальнай гісторыі і бессмяротнага подзвігу народа ў барацьбе з фашызмам. У творах пісьменнікаў знайшоў адлюстраванне нацыянальны характар беларуса.