Пімен Панчанка

* Біяграфія

Падчас перабудовы паэт падпісаў зварот беларускіх пісьменнікаў, артыстаў і вучоных да Міхаіла Гарбачова. У гістарычным архіве ён захоўваецца пад назвай «Патрабуюцца рашучыя дзеянні па выратаванні роднай мовы, роднай культуры» (1986—1987).

Сваёй творчасцю Пімен Панчанка і сам як найлепш спрыяў захаванню, развіццю нацыянальнай мовы і літаратуры.

Пімен Панчанка нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў Рэвелі (цяпер Талін), але неўзабаве сям’я вярнулася ў Беларусь, дзе прайшло дзяцінства будучага паэта. Першай «школай» для яго стаў лес у ваколіцах Бягомля, з якім была звязана праца бацькі і куды той часта браў сына з сабой. У 1932 годзе ў мястэчку Бягомль хлопец скончыў сямігодку, і ў хуткім часе яго сям’я пераехала ў Бабруйск.

У гэтым горадзе пачалося самастойнае жыццё Пімена Панчанкі. Паспрабаваўшы сябе ў якасці рабочага на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце, юнак вырашыў вучыцца далей.

З цвёрдым намерам стаць настаўнікам ён скончыў педагагічныя курсы, настаўніцкі інстытут у Мінску і нават працаваў па спецыяльнасці на Магілёўшчыне. Але вайсковая служба змяніла прафесійныя планы: мабілізаваны ў армію ў верасні 1939 года, малады чалавек удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. У гады Вялікай Айчыннай вайны паэт служыў ваенным карэспандэнтам у франтавых газетах. Менавіта ў складаных ваенных умовах адбывалася яго асобаснае і літаратурнае сталенне.

Далейшае мірнае жыццё было звязана з рэдакцыямі літаратурна-мастацкіх газет і часопісаў («Вожык», «Літаратура і мастацтва», «Советская Отчизна» (цяпер «Нёман»)), але найперш — з творчасцю. Аўтар больш як трыццаці кніг, Пімен Панчанка стаў адным з найбольш таленавітых і яркіх творцаў свайго часу, сведчанне таму — не толькі запатрабаванасць яго паэзіі чытачамі, але і шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды і прэміі: Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1959) за паэму «Патрыятычная песня», Дзяржаўная прэмія СССР (1981) за кнігу перакладзеных на рускую мову вершаў «Где ночует жаворонок» і інш. Пісьменніку, літаратурнаму крытыку, актыўнаму грамадскаму дзеячу Пімену Панчанку ў 1973 годзе было прысвоена ганаровае званне народнага паэта БССР.

Абвостранае пачуццё справядлівасці нярэдка прымушала мастака слова паўставаць супраць сістэмы. Гэтак было і тады, калі ён страціў пасаду рэдактара часопіса «Маладосць» за публікацыю аповесці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць», і тады, калі ў касмапалітычныя 1960-я выступаў палымяным абаронцам беларускай мовы. Не мог мірыцца ён і з бездухоўнасцю пачатку 1990-х гадоў, вострымі вершамі настойліва нагадваючы пра маральнасць і заклікаючы да чалавекалюбства. «Без чалавечнасці не будзе і вечнасці» — так сфармуляваў свае адносіны да свету Пімен Панчанка, і гэтых слоў ён цвёрда прытрымліваўся ў мастацтве і паўсядзённасці.

Творчасць паэта пачыналася ў драматычныя для краіны 1930-я гады. Нягледзячы на разгул рэпрэсій, Пімен Панчанка ўваходзіў у літаратуру ўпэўненым паэтам-аптымістам.

Яго паэтычны дэбют адбыўся ў 1934 годзе, калі на старонках альманаха «Ударнікі» з’явіліся вершы «Ураджайнае» і «Моладзі». Першы зборнік «Упэўненасць» пабачыў свет у 1938 годзе. Творы гэтай кнігі побач з замілаванасцю родным краем, яго прыродай і людзьмі выяўлялі катэгарычнасць і здольнасць лірычнага героя на неардынарны ўчынак: «Я спакойны юнак, можа, нават крыху сарамлівы, // Не пакрыўджу і птушкі, бо знаю: ёй хочацца жыць; // Але тых, хто жадае напасці на край мой шчаслівы, // Я сваімі рукамі без жалю гатоў задушыць». У гэтых радках верша «Радзіме» не толькі адлюстраваны мастацкія пошукі маладога аўтара, складанасць яго светапогляду, але і ўвасоблена напружаная грамадская атмасфера канца 1930-х гадоў.

Уражанні чырвонаармейца Пімена Панчанкі ад паходу восенню 1939 года ў Заходнюю Беларусь занатаваны ў другім зборніку — «Вераснёвыя сцягі» (1940), куды ўвайшлі лірычныя творы і паэма «Беластоцкія вітрыны».

Мажорныя вершы і паэмы ў ваенныя гады саступілі месца выдатным узорам патрыятычнай лірыкі, што засведчыла з’яўленне сапраўднага майстра слова. Заяўленая высокая эстэтычная планка не была адолена ў першыя мірныя дзесяцігоддзі, аднак пасля сур’ёзнага перагляду паэтам ранейшых творчых арыенціраў з сярэдзіны 1950-х гадоў яго талент толькі набіраў моц. Яго лепшыя зборнікі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Пры святле маланак» (1966), «Крык сойкі» (1976) і іншыя ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Дзякуючы Пімену Панчанку грамадзянская, філасофская, сатырычная плыні беларускай паэзіі ўзбагаціліся метафарычнымі творамі-водгукамі на самыя балючыя праблемы сучаснасці — маральныя, экалагічныя, сацыяльныя, нацыянальныя.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Паэзія перыяду Вялікай Айчыннай вайны не ўяўляецца без такіх твораў Пімена Панчанкі, як «Герой», «Сінія касачы», «Краіна мая», «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток…», «Маё і тваё маленства». Як ніхто іншы з паэтаў-франтавікоў ён здолеў паяднаць у ваеннай лірыцы асабіста-інтымнае і грамадска-патрыятычнае. Яго багатыя на адценні лірычнага пачуцця, дасканалыя ў эстэтычных адносінах творы кардынальна адрозніваліся ад пашыранай тады вершаванай публіцыстыкі і пазначалі паварот да псіхалогіі чалавека, радавога ўдзельніка вялікай трагедыі.

2. Яркай з’явай у творчасці Пімена Панчанкі і ва ўсёй беларускай літаратуры стаў «Іранскі дзённік». Зборнік вершаў 1944—1945 гадоў, напісаных падчас службы ў Іране, пашыраў праблемна-тэматычны дыяпазон айчыннай паэзіі, раскрываў беларускаму чытачу новыя далягляды.

3. Пімен Панчанка ў пераломныя гістарычныя перыяды неаднойчы задаваў вектары развіцця беларускай паэзіі. Равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі, адданы прыхільнік і абаронца яе дасягненняў быў, аднак, здольны на прызнанне памылак савецкага ладу і на публічнае пакаянне. Яго паслясталінскі верш «Анкета» (1954) сведчыў пра паварот да жыццёвай праўды не толькі самога паэта, але і цэлага пакалення: «Калі мая песня каго й хвалявала, // То тая, апранутая ў шынель... // Растрачана дзён незваротных нямала // На дробязь, на глупства, на тосты, на мель». У часы перабудовы1 грамадскі рэзананс выклікала яго «Паэма сораму і гневу» (1986), дзе злачынствы савецкай эпохі прызнаваліся як асабістыя: «Я цэрквы закрываў, // Я абразы паліў, // Сялянскую маёмасць перапісваў». Услед за Піменам Панчанкам складаныя і драматычныя перыпетыі савецкай гісторыі пачалі па-мастацку пераасэнсоўваць многія іншыя беларускія пісьменнікі.

___________________________
1 Перабудóва — палітычныя і эканамічныя рэформы, што пачаліся ў СССР у другой палове 1980-х гадоў.