Максім Танк
* Біяграфія
Максім Танк (Яўген Скурко) нарадзіўся 17 верасня 1912 года ў вёсцы Пількаўшчына (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці).
У час Першай сусветнай вайны бацьку мабілізавалі ў войска, a маці разам з сынам у 1914 годзе была змушана выехаць у эвакуацыю і пэўны час жыла ў Маскве. Там Яўген Скурко пайшоў у школу, пачаў чытаць першыя кнігі.
Калі ў 1922 годзе сям’я вярнулася на Радзіму, Беларусь была ўжо падзелена на Усходнюю і Заходнюю. З верасня 1923 года Яўген пачаў вучыцца ў польскай пачатковай школе ў вёсцы Шкленікова.
Восень 1926 года прывяла будучага паэта ў Вілейку, куды ён паступіў у трэці клас рускай прыватнай гімназіі, хоць сям’я не мела дастаткова грошай на далейшае навучанне сына. У аўтабіяграфіі паэт зазначаў: «Бацькі мае хацелі, каб я пайшоў вучыцца далей. Але непрыхільна на гэта глядзелі хатнія, баючыся лішніх расходаў у гаспадарцы. Маці плакала начамі, прасіла дзеда, каб пусціў мяне вучыцца ў Вілейку, дзе ў той час была сярэдняя школа. Стары згадзіўся. За лета, пасучы статак, я падрыхтаваўся да экзамену, які здаў і быў прыняты…»
Менавіта ў гімназіі настаўніца рускай мовы і літаратуры Аглаіда Венядзіктаўна Мажухіна прывіла Яўгену любоў да літаратуры, заахвоціла да творчасці. Там жа ён і зрабіў сваю першую літаратурную спробу — пераказаў у вершаванай форме легенду пра Шкленікоўскае возера, якую ведаў ад свайго дзеда Хведара; напісаў некалькі вершаў.
Але ўжо ў 1928 годзе Яўгену Скурко давялося ехаць у Радашковічы і працягваць навучанне ў беларускай гімназіі, бо навучальная ўстанова ў Вілейцы была закрыта польскімі ўладамі.
Пазней юнак падаўся здабываць веды ў Вільню. Апошнім месцам яго навучання стала руская гімназія імя А. С. Пушкіна.
Ужо на пачатку самастойнага жыццёвага шляху вясковы хлопец усвядоміў сябе беларусам і не мог прыняць паланізатарскай палітыкі тагачаснай польскай улады. Юнак выбраў цяжкі шлях падпольшчыка, каб разам з іншымі прынесці ў родны край вызваленне.
На танальнасць ранняй паэзіі Максіма Танка наклалі адбітак палітычная сітуацыя ў Заходняй Беларусі і асабісты лёс самога паэта: актыўны ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці, арышты, турмы. Максім Танк як сапраўдны патрыёт уключыўся ў барацьбу з акупацыйным рэжымам Польшчы. Паэту верылася, што хутка народ скіне ярмо нявольніцтва, аб’яднаецца з усходнімі братамі. Свой настрой ён раскрыў у вершах зборніка «На этапах» (1936), канфіскаванага польскай паліцыяй. Захаваліся толькі нешматлікія экзэмпляры. Назва кнігі, якая пераклікаецца з загалоўкам часопіса «Кра´ты», што пісаўся ад рукі ў турме, патрыятычная: паэт славіў этапы барацьбы за волю, рыхтаваўся да яе і рыхтаваў іншых.
Максім Танк засяродзіўся на пошуках адказаў на самыя балючыя пытаннi часу, на асэнсаваннi актуальных грамадска-патрыятычных i сацыяльных праблем рэчаiснасцi, глыбокiм выяўленнi душэўна-псiхалагічнага свету сучаснiка. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў вершах «Спатканне», «Паслухайце, вясна ідзе…», «На пероне», «Песня кулікоў» і інш.
У паэзіі Максіма Танка перыяду яго жыцця ў Заходняй Беларусі прысутнічалі і народныя матывы. На фальклорнай аснове грунтавалася першая паэма «Нарач» (1935). У хуткім часе паэт апрацаваў чутую ў дзяцінстве легенду пра Вяля («Сказ пра Вяля») і напісаў новую эпічную паэму «Журавінавы цвет». Гэтыя два буйныя творы і новыя вершы склалі аднайменны зборнік, які ўбачыў свет у 1937 годзе. У кнізе «Пад мачтай», якая выйшла ў 1938 годзе, Максім Танк паказаў сябе нацыянальным паэтам, сапраўдным майстрам мастацкага слова.
Навукоўцы гавораць. Ужо ў ранняй лірыцы Максіма Танка часам прысутнічаюць гранічна суб’ектыўныя колеравыя асацыяцыі і візуальныя эфекты («Ды на ліха дала ёй ночка цёмная бровы, // Залатым напаіўшы вочы цветам ліповым»; «сіня-залаты чарот»; «Букет пралесак залаціцца»). Падобны спосаб стварэння зрокавага малюнка захаваўся і пазней. Тлумачыцца ён не толькі прыхільнасцю паэта да імпрэсіяністычнай вобразнасці, але, верагодна, і ў пэўным сэнсе фізіялагічнымі адметнасцямі аўтара: ён не адрозніваў некаторыя колеры. Так, верш Максіма Танка «Колер снегу» (1966) заканчваецца словамі «Вось так і не знаю, // Які колер снегу // Сапраўдны» (Паводле Алы Брадзіхінай і Віктара Жыбуля). |
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года Максім Танк сустрэў вершам «Здарова, таварышы!». Падзея стала лёсавызначальнай для ўсяго беларускага народа: ён аб’яднаўся ў адной дзяржаве, за што вёў ахвярнае змаганне. Пра гэты дзень паэт марыў не раз. Ён бачыў яго з этапных дарог і турэмных камер. Верш напісаны ў форме прывітання і прасякнуты радасным настроем.
Вялікая Айчынная вайна застала Максіма Танка ў Беластоку. Пасля эвакуацыі ў Саратаў паэт папрасіўся на перадавую і быў накіраваны ў газету «За Савецкую Беларусь» (Бранскі фронт).
У ваеннай лірыцы, сабранай у зборніках «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (1945), цэнтральны вобраз — Беларусь-партызанка, паланёная, але няскораная. Першыя вершы, якімі пачалася ваенная тэма ў творчасці паэта, мелі характар заклікаў. Такая форма непасрэднага звароту, публіцыстычнага маналогу найбольш адпавядала грозным і трагічным падзеям, на якія трэба было адгукнуцца неадкладна. «Не шкадуйце, хлопцы, пораху...» — наказваў Максім Танк беларускім партызанам.
Гэтай формай верша-закліку паэт будзе карыстацца і пазней. «Вастрыце і куйце зброю, // Браты мае і сябры!» — звернецца ён да воінаў, якія з цяжкімі баямі гналі ворага на захад.
Тэмы і вобразы твораў Максіма Танка вельмі разнастайныя. Большасць з іх вызначаецца публіцыстычнай накіраванасцю, высокім грамадзянскім пафасам. Нянавісць і гнеў да праклятага ворага, боль за пакуты народа, мужная вера ў перамогу — галоўныя матывы вершаў ваеннай пары. З вялікай любоўю намаляваны вобраз Радзімы, лёс якой хвалюе паэта. У вершы «Хмары з захаду» (1941) усё нагадвае паэту пра боль і пакуты Бацькаўшчыны: і заходнія вятры, якія быццам скардзяцца на гора, што напаткала Беларусь, і журавы, якія шукаюць выратавання ад пажараў родных вёсак, пералятаючы на ўсход. Птушкі напамінаюць, як родная зямля чакае сваіх сыноў і спадзяецца на іх. «Настане дзень баёў апошніх » — так з непахіснай верай у перамогу напісаў Максім Танк у вершы «Мы вернемся» (1941).
Матыў салдацкай дарогі, шляху да перамогі характэрны для ваеннай творчасці паэта. Лірычны герой, які «…можа, сотню раз прайшоў // па роднай старане» («Я, можа, сотню раз прайшоў…», 1941), марыць «у свой край вярнуцца песняй баявой. // Вярнуцца песняй у далёкі дом, // Слязой гарачай — да вясняных вод, // Вярнуцца сонцам і яго святлом. // Заззяць у сэрцы матак і сірот» («На брацкай зямлі», 1945).
У вершах ваеннага часу Максім Танк апяваў подзвіг беларускага народа, расказваў пра аднаўленне жыцця на руінах гарадоў і сёл.
У гэты ж час ён услаўляў родную мову, заклікаў зберагчы яе, захаваць і перадаць наступным пакаленням.
Максім Танк у дзённіках «Лісткі календара» пісаў пра паэзію так: «Паэзія наша — цяжкая, як камень, вырваны з бруку падчас вулічных баёў, немілагучная — як стогн ці крык, чырвоная — як пралітая кроў». |
Верш «Родная мова» (1943) напісаны ў крытычны для Радзімы час, калі «над спаленай хатай, над родным загонам, над будучыняй» стаяў «акрываўлены вораг з пятлёй». Твор з’яўляецца сапраўдным узорам патрыятычнай лірыкі, велічным гімнам роднаму слову.
Кожная з трох нонаў1, або дзевяцірадковых строф, якімі напісаны верш, вобразна выяўляе пэўную грань патрыятычнага пафасу. Першая страфа — лірычны прачулы зварот да мовы, якая ўвабрала ў сябе цэлы свет: колеры «сузор’яў і сонечных цёплых праменняў», усе гукі — ад «птушынага шчэбету, шуму дубровы» да «грымучага ззяння бурлівых крыніц». На ўзроўні малітоўнасці выяўляецца думка пра багацце роднай мовы і яе вытокі, пра тое, што тварэц мовы — народ, што ў мове — яго гісторыя і традыцыі.
Другая страфа паказвае велічную моц роднага слова, якое, на думку паэта, з’яўляецца адной з тых магутных сіл, што здольны супрацьстаяць варожай навале. У гэтай частцы верш прамаўляецца як клятва вернасці Радзіме: «Няма такіх нетраў, глыбокага мора // І гор, праз якія б ты не правяла // Мяне на Радзіму…», якая была і штовек будзе вольнай.
У трэцяй страфе — жыццесцвярджальнай і аптымістычнай — гучыць ідэя бессмяротнасці беларускай мовы і народа, які павінен захаваць свой духоўны скарб і пранесці яго «святлом незгасальным у сэрцы сваім // Праз цемру і годы змаганняў суровых». Роднае слова валодае надзвычайнай сілай, бо можа шмат разоў прашумець вясновым дажджом, які не толькі ажывіць зямлю, але і ўзбагаціць душу: «Ізноў зазвініш ты у кожнай у хаце, // Цымбалам дасі іх сярэбраны гром // І вусны расквеціш усмешкай дзіцяці». Такім чынам, мова атаясамліваецца са сродкам і вялікай сілай выратавання беларусаў як народа, нацыі.
Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. I ўсё ж галоўныя тэмы, якія праходзяць праз усю яго творчасць, — Радзіма: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях; праца, жыццё, мары, пачуцці людзей; маляўнічая прырода; родная мова. Тэма памяці з’яўляецца надзённай і гучыць не толькі ў вершах ваеннага часу, але і ў далейшай творчасці Максіма Танка.
У пасляваенныя дзесяцігоддзі талент паэта быў прызнаны: яму прысуджаны літаратурныя прэміі за зборнікі паэзіі. У 1968 годзе Максім Танк атрымаў ганаровае званне народнага паэта БССР.
Верш «Рэквіем» (1944) — даніна памяці воінам, якія загінулі ў змаганні за свабоду Радзімы. Вобразы «адплыўшых у прасторы» салдат адышлі ў вечнасць, каб зберагчы жыццё наступных пакаленняў, даць ім моц, духоўную сілу і ўсведамленне прыгажосці, велічнасці і каштоўнасці зямнога быцця.
У творы «святло касмічным пылам // рассыпалася ў зале», і загучала сага2 пра «мужнасць і адвагу // загінуўшых герояў». Сага ўпамінаецца аўтарам невыпадкова: гэта адна з разнавіднасцей гістарычнага эпасу, здольнага расказаць пра ўзвышанае і гераічнае — подзвіг байцоў.
Але словы не здольныя да канца перадаць напружанасць баявых дзеянняў, душэўны стан і пакуты воінаў. Гэта можа зрабіць толькі музыка, якую «на клавішах-ільдзінах» спявае раяль. На думку паэта, безыменныя героі не павінны знікнуць бясследна. Рукі піяністкі, шукаючы «любімых», «як чайкі ў буру», не знаходзілі спакою: яны «то прабавалі ўзняцца, то падалі ў глыбіны». Рукі выканаўцы ў вершы — гэта «промені світання», якім пад сілу азарыць мора і адлюстраваць веліч людскіх сэрцаў, што нават «з марскога дна» гатовы клапаціцца пра сваіх нашчадкаў і абараняць іх: «Мы ля гармат, мы жывы!».
Тэма памяці з’яўляецца надзённай не толькі ў вершах ваеннага часу, яна гучыць і ў далейшай творчасці Максіма Танка.
2 Са́га — старажытнае скандынаўскае паэтычнае паданне.