Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945)
1. Прыгадайце падзеі, што адбываліся ў гісторыі Беларусі ў 1941—1945 гадах. 2. Назавіце творы, прысвечаныя згаданаму перыяду, а таксама іх аўтараў. |
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Книга: | Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 16:09 |
Пісьменнікі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
Беларусь — краіна, якая перажыла мноства спусташальных войнаў. Асабліва пакутнай для нашай Радзімы стала Вялікая Айчынная вайна. Ад яе наступстваў залежаў лёс нацыі і кожнага чалавека.
Гэты перыяд патрабаваў высокай духоўнай стойкасці, мужнасці і патрыятызму. У цяжкі час беларускі народ праявіў незвычайны гераізм у змаганні з ворагам. На акупаванай тэрыторыі не перапынялася літаратурна-мастацкае жыццё. Тут, асабліва ў партызанскіх зонах, пашыралася масавая паэзія, працягвалася дзейнасць прафесійных пісьменнікаў, якія сталі партызанамі або падпольшчыкамі: Анатоля Астрэйкі, Янкі Брыля, Антона Бялевіча, Міхася Васілька, Міколы Засіма, Анатоля Іверса, Ніны Тарас, Валянціна Таўлая.
Пісьменнікі — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны
У тыл ворага дастаўляліся беларускія газеты і часопісы «За Савецкую Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «За свабодную Беларусь», «Звязда», «Партызанская дубінка», «Партызанскае слова», «Чырвонаармейская праўда » і інш.
Актыўны ўдзел у выпуску гэтых выданняў прымалі Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Максім Танк, Пімен Панчанка, Васіль Вітка, Анатоль Астрэйка, Кастусь Кірэенка, Анатоль Вялюгін. Вершы беларускіх паэтаў перакладаліся на рускую мову. Акрамя публікацый, у перыядычным друку выйшлі асобныя кнігі перакладаў: «Беларусь в огне» (1943), «Стихи о Родине» (1941) Янкі Купалы, «Голос земли» (1942) Якуба Коласа, «Тебе, Беларусь» (1942) Пімена Панчанкі.
На тэрыторыі рэспублікі распаўсюджваліся рукапісныя лістоўкі, друкаваныя газеты, плакаты, якія выдаваліся партызанамі ў лясных Лістоўка-плакат «Партызанскае слова» з Вілейшчыны (1943) друкарнях, падпольшчыкамі — у гарадскіх, а таксама завозіліся з-за лініі фронту (напрыклад, лістоўка Вілейскага абкама КП(б)Б «Партызанскае слова», плакат «Мы зноў з вамі!»).
У ваенны час многія пісьменнікі, што пачалі друкавацца ў 1920—1930-я гады, пайшлі на фронт.
Так, Анатоль Астрэйка падчас вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», двойчы накіроўваўся на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Антон Бялевіч супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у савецкім партызанскім руху на Віцебшчыне. Яго паэзіі ваеннага і пасляваеннага часу ўласцівы традыцыйна-фальклорная вобразнасць, народна-песенны лад, выразнасць мастацка-выяўленчых сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання.
Мікола Сурначоў быў прызваны ў Чырвоную Армію ў 1941 годзе. Паэт удзельнічаў у абароне Каўказа, у вызваленні Беларусі, Украіны, Румыніі, Польшчы. Прайшоўшы амаль усю вайну, загінуў у ноч з 19 на 20 красавіка 1945 года пад Берлінам. Яго ваенная лірыка цалкам не захавалася, многія вершы згублены ў шпіталях, у баях. Засталіся ў асноўным творы, дасланыя сябрам і родным у лістах.
Аднак яны, створаныя ў акопах, на рэдкіх прывалах, дзе не было часу не толькі адшліфаваць радок, але і пазначыць час і месца напісання, увайшлі ў скарбніцу беларускай паэзіі. Склалася так, што паэзія перажыла свайго аўтара — зборнікі Міколы Сурначова «На сурмах баравых» (1946), «Барвовая зара» (1959), кніга вершаў, лістоў і ўспамінаў «Акопны спеў» (1986) выйшлі пасля вайны.
Празаік і літаратурны крытык, аўтар цыкла раманаў «На перавале стагоддзя» Уладзімір Карпаў у 1920-я гады, падчас голаду на Паволжы, перабраўся з маці на Гомельшчыну, настаўнічаў, у 1941 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У час Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху. Пасля вайны працаваў завучам у школе, а затым — у газетах «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», загадваў аддзелам прозы і крытыкі часопіса «Полымя».
На мемарыяльнай дошцы ў Доме літаратара ў Мінску ўвекавечаны імёны дваццаці шасці пісьменнікаў, што загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх — Змітрок Астапенка, Леанід Гаўрылаў, Рыгор Жалязняк, Алесь Жаўрук, Сяргей Крывец, Рыгор Мурашка, Алесь Пруднікаў, Мікола Сурначоў, Мікалай Сямашка і інш.. |
* Проза перыяду Вялікай Айчыннай вайны
У гэты час проза існавала ў такіх жанравых формах, як апавяданне, памфлет, публіцыстычны артыкул.
Памфлет — надзённы мастацка-публіцыстычны сатырычны твор, у якім выкрываюцца хібы грамадскага жыцця (палітычныя, культурныя, сацыяльныя) або заганы пэўных асоб. |
Найбольш пашыраным жанрам прозы ў гады вайны было апавяданне. Патрыятызм, самаахвярнасць у барацьбе з ворагам, кемлівасць герояў у крытычных сітуацыях знайшлі сваё адлюстраванне ў творах Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Iльі Гурскага і інш.
Набыткі беларускай прозы перыяду Вялікай Айчыннай вайны звязаны з развіццём дзвюх стылявых плыней — псіхалагічна-аналітычнай і лірыка-рамантычнай.
Запамінальныя характары ў апавяданнях «Маленькая жанчына », «Бацька», «Аксёніны сляды», «Матчына благаславенне», «Прасторны дом», «Вялікае сэрца», аповесці «Заўтрашні дзень» паказаў Кузьма Чорны. Гэтыя творы вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам у асэнсаванні вытокаў мужнасці і жыццястойкасці беларускага народа. Дзяўчына-падлетак («Маленькая жанчына»), трынаццацігадовы Максім («Матчына благаславенне»), Пархвен Катлубовіч («Вялікае сэрца») — кожны спазнаў асабістае гора: смерць родных, Памфлет — надзённы мастацка-публіцыстычны сатырычны твор, у якім выкрываюцца хібы грамадскага жыцця (палітычныя, культурныя, сацыяльныя) або заганы пэўных асоб. блізкіх або аднавяскоўцаў, але гэта не зрабіла іх жорсткімі, абыякавымі да жыцця. Кузьма Чорны засяродзіў увагу на трагічных момантах на шляху герояў, выявіў «асабістую крывавую драму», перажытую кожным.
Пра станоўчага героя сваіх твораў у апавяданні «Расплата» ён піша: «...чалавек гэты быў сын свайго народа і сваёй зямлі, дзе жывуць і пашана да чалавека, і спачуванне чужому гору, і літасць, і праўда, і справядлівасць, і адкрытая душа і сэрца».
За лёсамі герояў пісьменніку бачыўся лёс народа, яго будучыня. У апавяданні «Маленькая жанчына» ён адзначыў: «I ўсё асабістае злілося ў кожнага ў адно з усімі». Пра тое, як праз жыццёвы шлях аднаго чалавека ў цяжкі для краіны час можа выявіцца гераічнае ў нацыянальным характары, яскрава сведчыць і вобраз Астапа (з аднайменнага апавядання Міхася Лынькова), які ў XX стагоддзі паўтарыў подзвіг Івана Сусаніна (завёў ворагаў у лес, на балота).
Вайна і дзеці — пашыраная тэма ў беларускай прозе ваеннага часу. Не варты звання чалавека той, хто нясе дзецям смерць і няшчасце. «Калі любіш сваіх дзяцей, дык нашто ж ты чужым згубу прынёс, каб цябе зямля не насіла?» — гаворыць адзін з герояў апавядання Кузьмы Чорнага «Смерць». Што рабіць, калі парушаюцца адвечныя законы жыцця — гінуць дзеці? Пра гэта можна, анямеўшы, у жалобе маўчаць або шукаць і знаходзіць словы, якія сведчылі б, даносілі боль і адначасова не адымалі надзеі на перамогу над злом.
Трагічныя матывы вызначаюць змест апавяданняў Міхася Лынькова «Васількі», «Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак», у якія шчымлівым адгалоскам уваходзяць асабісты боль і невымернае гора пісьменніка: фашысты расстралялі яго сына і жонку. Ваенныя творы Міхася Лынькова адметныя выключнай эмацыянальна-лірычнай усхваляванасцю.
Яна асабліва адчувальная ў пейзажных замалёўках, якія перадаюць не толькі настрой персанажаў, але і аўтарскае светаўспрыманне: «А калі вышэй узнімаецца сонца на небе, расцвітаюць навакол лесавыя краскі і першая з іх — дзівосны сон баравы. Калі адцвітае яна — пяшчотна-сіняя сцюдзёная краска, — тады жыццё адкрывае ўсе вокны, усе дзверы ў лясах, зелянеюць лугі, выкідваецца клейкі ліст на бярозе, першыя травінкі, былінкі прашываюцца праз леташні ліст, і ў зялёнай цвецені вясны пачынае запяваць сваю спрадвечную песню дзівосная птаха зязюля» (апавяданне «Астап»).
Напісаныя на фальклорнай аснове апавяданні і навелы, што ўбачылі свет у зборніках Кузьмы Чорнага «Вялікае сэрца» і Міхася Лынькова «Астап», дасюль захоўваюць сваю мастацкую значнасць.
У ваенны час адбывалася сталенне творчых індывідуальнасцей: Іван Шамякін пачаў друкавацца ў першы год вайны ў армейскай газеце «Часовой Севера», там былі змешчаны яго нарысы і вершы. Першае апавяданне «У снежнай пустыні» было напісана ў 1944 годзе, напрыканцы вайны ім жа створана аповесць «Помста». Кузьма Чорны як вопытны таленавіты мастак слова прыхільна адгукнуўся пра апавяданне Івана Мележа «Сустрэча».
Менавіта Кузьме Чорнаму належыць першае ў беларускай літаратуры эпічнае асэнсаванне падзей вайны — раманы «Вялікі дзень», «Пошукі будучыні», «Млечны Шлях» і аповесць «Скіп’ёўскі лес». Эпічнаму голасу празаіка ўласцівы своеасаблівы тэмбр — з багаццем інтанацый, агульначалавечым гучаннем, якія робяць аўтара адметным.
У сацыяльна-філасофскіх раманах Кузьма Чорны стварыў абагульнены вобраз беларускага народа, якому пагражала татальнае знішчэнне. Сваім чуйным сэрцам пісьменнік востра адчуваў небяспеку фашызму не толькі для суайчыннікаў, але і ўвогуле для чалавецтва.
* Драматургія
Суровыя ваенныя абставіны не спрыялі развіццю беларускай драматургіі. Твораў гэтага жанру ў перыяд 1941—1945 гадоў з’явілася няшмат. З п’есамі, у якіх раскрывалася тэма партызанскай барацьбы, выступілі Яўген Рамановіч («Палешукі», «Таварыш Андрэй») і Алесь Кучар («Заложнікі»). У гады вайны Міхась Клімковіч стварыў опернае лібрэта «Кастусь Каліноўскі» і драматычную паэму «Адплата». Аўтар зрабіў спробу ўзнавіць у народнай памяці старонкі гераічнага мінулага Беларусі. Аднак гэтыя творы не сталі прыкметнымі мастацкімі з’явамі ў тагачаснай літаратуры.
Змест п’есы Кандрата Крапівы «Проба агнём» вызначыў маральна-этычную праблематыку драматургіі: захаванне ў суровых умовах вайны такіх пачуццяў, як любоў да Радзімы, дружба, каханне. У цэнтры п’есы — вобразы маёра Караневіча, яго жонкі Наталлі, лейтэнанта Перагуда. Праз іх асабістыя ўзаемаадносіны драматург перадаў сацыяльна значны змест.
Найбольш значным творам Кандрата Крапівы ваеннага перыяду стала сатырычная камедыя «Мілы чалавек». Напісаная ў канцы вайны, яна была пастаўлена ў жніўні 1945 года на сцэне Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Я. Купалы.
Аб’ектам сатыры ў камедыі «Мілы чалавек» сталі несумленныя людзі, якія выкарыстоўвалі цяжкасці вайны ў карыслівых мэтах. Носьбітам зла ў творы выступіў Жлукта, яго можна назваць вобразам выключнай абагульняльнай сілы. Язва — адзін з персанажаў п’есы — так ахарактарызаваў Жлукту: «У гэтай бочцы пакасці так густа перамешаны прагнасць, подласць, цынізм, нахабства, што больш згусціць ніяк нельга». Кандрат Крапіва пераканаўча паказаў, наколькі сацыяльна небяспечныя людзі, падобныя да Жлукты. Вуснамі Язвы камедыёграф таксама выказаў цікавыя думкі аб прыродзе і асаблівасцях сатырычнай камедыі. Пазней яны былі развіты ў тэарэтычным артыкуле пісьменніка «Аб сатырычнай камедыі», які адыграў важную ролю ў барацьбе з так званай тэорыяй бесканфліктнасці. Тагачасная крытыка не зразумела выкрывальны пафас твора і папракала аўтара ў тым, што ён нібыта не захаваў патрэбных прапорцый у адлюстраванні станоўчага і адмоўнага.
Ва ўмовах акупацыі беларуская літаратура выявіла выключную жыццёвую трываласць; яна аказалася асабліва чуйнай да фальклорных і класічных традыцый, а таксама да традыцый літаратур суседніх народаў — рускай і ўкраінскай. Адметна, што ў той час у літаратуру, нягледзячы на значныя людскія страты, прыйшло цэлае пакаленне пісьменнікаў: Iван Мележ, Iван Шамякін, Кастусь Кірэенка, Анатоль Вялюгін, Алесь Бачыла, Мікола Аўрамчык, Паўлюк Прануза, Рыгор Няхай, Пятро Прыходзька, Мікола Гамолка і інш. Яны здолелі сказаць сваё важкае слова «пра час і пра сябе» ў творах, напісаных не толькі ў ваенныя гады, але і пазней.
Патрыятычная публіцыстыка як самы аператыўны жанр ваеннай пары
Актуальныя творы сталі з’яўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Палымяныя артыкулы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Міхася Лынькова друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах.
Фельетон (ад фр. feuille — ‘ліст, лісток’) — жанр мастацкай публіцыстыкі, які мае пераважна сатырычную накіраванасць і спалучае надзённасць і насычаную вобразнасць, дакументальную дакладнасць і высокі эмацыянальны накал. |
Выразную сатырычную накіраванасць мелі фельетоны Кузьмы Чорнага «Далікацтва каля вісельні», «Выхваляўся, выхваляўся ды і здох», якія склалі зборнік «Кат у белай манішцы».
У жанрах празаічнага памфлета і фельетона выступалі таксама Якуб Колас («Гітлер і чарадзей»), Кандрат Крапіва («Апошняя пасылка», «Ёлкі і палкі», «Наглядная геаграфія»). Пісьменнікі звярталіся да народа з заклікам знішчаць ненавіснага ворага. У франтавых перыядычных выданнях змяшчаліся выступленні, у якіх высмейваліся фашысты і іх памагатыя. У некаторых артыкулах («Народная нянавісць» Кузьмы Чорнага, «Тройка за тройкай» Міхася Лынькова і інш.) прыведзены факты ваеннага жыцця, дадзена вывераная народнай мараллю ацэнка.
Сатыра ваеннага часу, найперш вершаваная, развівалася разам з іншымі жанрамі. Напачатку плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатырычныя вершы, прыпеўкі, эпіграмы насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна дакладнымі. У сатырычным рэчышчы актыўна працавалі шматлікія беларускія паэты і празаікі (Пімен Панчанка, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Анатоль Астрэйка, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны, Валянцін Таўлай).
Аднак асаблівая роля ў развіцці сатырычных жанраў належыць Кандрату Крапіве — аўтару дасціпных вершаў і баек і рэдактару газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў Максім Танк, які змагаўся з ворагам сваёй пісьменніцкай зброяй — трапнымі подпісамі пад карыкатурай, сатырычным апавяданнем, фельетонам і палымянымі вершамі.
Пытанні
1. Якія літаратурныя жанры былі найбольш распаўсюджаны ў час Вялікай Айчыннай вайны і чаму? | |
2. Хто з беларускіх пісьменнікаў працаваў у гэтых жанрах? | |
3. Назавіце асаблівасці прозы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Чым яны абумоўлены? |
|
4. У чым была адметнасць ваеннай публіцыстыкі ў 1941—1945 гадах? | |
5. Прааналізуйце ілюстрацыі газеты і плакатаў, прапанаваныя раней. Ацаніце, як змест і афармленне сатырычнага выдання працуюць на рэалізацыю яго мэты. |
|
6. Пазнайце на фотаздымку «Супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”» аўтараў наступных твораў: апавядання «На пыльнай дарозе», аповесці «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў», сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім». У каго з іх да пачатку Вялікай Айчыннай ужо быў вопыт напісання твораў пра вайну? Хто ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне? |
|
7. Знайдзіце ў інтэрнэце фотакопіі выданняў ваенных гадоў «Партызанская дубінка», «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Чырвоная змена» або газеты вашага горада. Акрэсліце іх тэматыку, звярніце ўвагу на афармленне. |