Аркадзь Куляшоў
* Біяграфія
Аркадзь Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 года ў вёсцы Саматэвічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Цікавіцца паэзіяй і спрабаваць пісаць вершы пачаў у сямігадовым узросце. У 1926 годзе, калі яму, вучню Саматэвіцкай школы, было ўсяго 12 гадоў, у клімавіцкай газеце «Наш працаўнік » пад псеўданімам Аркадзь Дуда быў надрукаваны першы верш — «Ты мой брат» — на беларускай мове. У рэспубліканскім друку юны паэт выступіў з творамі ў 1927 годзе ў часопісе «Чырвоны сейбіт».
У 1928 годзе пасля заканчэння сямігодкі юнак паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, пасябраваў з таленавітымі паэтамі-маладнякоўцамі — Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным, якія вучыліся разам з ім.
У 1928 годзе вядомы літаратурны часопіс Беларусі «Полымя» змясціў яго верш «Бывай…», прысвечаны Алесі Карыткінай — першаму юнацкаму каханню аўтара. Праз шмат гадоў, пасля значнай перапрацоўкі, твор быў пакладзены на музыку Ігарам Лучанком і стаў папулярнай песняй «Алеся» ансамбля «Песняры». |
Знаёмства з паэтычнымі напрамкамі і спадчынай беларускай і іншых літаратур узбагачала светапогляд і творчы патэнцыял маладых аўтараў.
Вартыя ўвагі тагачасныя вершы Аркадзя Куляшова «Астраном» і «Як дзень адыходзіць…», у якіх лірычны герой захапляўся відовішчам далёкіх сузор’яў і верыў у магчымасць дыялогу з творцам іншай галактыкі. Здаецца, паэт на інтуітыўным узроўні прадчуваў надыход касмічнай эры, калі чалавек зможа спазнаць загадкавы Сусвет, зрабіць яго блізкім. Касмізм мыслення, асэнсаванне месца чалавека ў Сусвеце знайшлі ўвасабленне ў далейшых творах аўтара (паэма «Хлопцы апошняй вайны» і інш.).
З успамінаў. «У тыя (1920—1930-я. — Аўт.) гады Мсціслаў быў своеасаблівым цэнтрам пачынаючых паэтаў і празаікаў, якія групаваліся вакол студыі “Маладняка” — самай масавай тагачаснай літаратурнай арганізацыі ў Беларусі. Творчая дружба з больш вопытнымі таварышамі станоўча ўплывала на далейшае развіццё маіх паэтычных здольнасцей» (Аркадзь Куляшоў). |
У 1930 годзе Аркадзь Куляшоў пераехаў у Мінск і стаў студэнтам літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933 года. У гэты час выйшаў першы зборнік вершаў маладога паэта «Росквіт зямлі».
Пазней паэт працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на Беларускім радыё (1934—1936), быў літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР (1936—1937).
Узяўшы імклівы старт, паэзія Аркадзя Куляшова набывала адметныя эстэтычныя якасці, разгортвала цікавыя тэмы. Хутка ўбачылі свет новыя кнігі паэта: «Па песню, па сонца…», «Медзі дождж», паэма «Аманал». У шматлікіх вершаваных творах адлюстраваны імклівы тагачасны рытм жыцця, захопленасць юнацкімі рамантычнымі пачуццямі і шчырая вера ў сонечнае светлае заўтра.
Самай прыкметнай з’явай у творчасці Куляшова даваеннага часу стала нізка вершаў пад назвай «Юнацкі свет», надрукаваная ў 1938 годзе. У зборнік увайшлі песня-паэма «У зялёнай дуброве», вершы «Воблака», «Ранак», «На сотай вярсце», «Магілёўская хмарка», «Плыла, цалавалася хмара з зямлёй», «Мая Бесядзь» і іншыя, у якіх малады творца, па меркаванні крытыкаў, знайшоў уласны адметны стыль. У гэтым цыкле ўзбагацілася палітра Аркадзя Куляшова — мастака, змянілася жанравая структура верша: паэт звярнуўся да дзённікава-нарысавай формы, сінтэзаваў пейзаж і побытавыя сцэны.
Лепшыя радкі цыкла кранаюць лірычнай непасрэднасцю адчуванняў, непаўторнасцю вобразаў. Так, у вершы «Воблака» паэт перадаў дзівоснае імгненне яднання з прыродай, калі ў рукі рыбалова, здаецца, трапіла само воблака: «Вада ў кругах, // Вада ў кругах, // І неба ў ёй не тое… // А воблака? Яно ў руках // Трапечацца жывое».
У гэты час аўтар прад’яўляў да сябе высокія патрабаванні, ён адчуваў, што яго паэтычнаму стылю не хапае натуральнасці і прастаты. «Разумею, што лепш за ўсё звярнуцца да народнай песні, да Янкі Купалы, да Якуба Коласа», — адзначаў ён у аўтабіяграфіі. У выніку такой працы стыль паэта набыў гарманічнасць, зладжанасць, і асабліва вялікая роля належыць у гэтым вуснай народнай творчасці, якую Аркадзь Куляшоў шырока выкарыстаў у даваеннай паэме «У зялёнай дуброве», падчас вайны — у паэмах «Сцяг брыгады» і «Прыгоды цымбал», а таксама ў лірычных вершах-баладах.
У перадваенныя гады некаторыя крытыкі з пагардай ставіліся да выдатных класічных твораў, перакрэслівалі значэнне культурнай спадчыны. Аркадзь Куляшоў, нягледзячы на малады ўзрост, застаўся цвёрдым у любові да класікі, адышоў ад модных тады пошукаў у галіне мастацкай формы. Вялікую ролю ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова адыграла паэма «Краіна Муравія» Аляксандра Твардоўскага. «Я ніколькі не перабольшу, калі скажу, што як паэт сваім нараджэннем абавязаны менавіта гэтаму твору» — так пісаў Аркадзь Куляшоў у 1962 годзе. Пазней ён прысвяціў памяці Твардоўскага паэму «Варшаўскі шлях», у якой раскрыў веліч таленту выдатнага рускага паэта.
З успамінаў. «Твардоўскі не раз раіў яму (Аркадзю Куляшову. — Аўт.) пісаць па-руску. Там і наклады былі другога парадку, і ганарары. Скажам, перакладчык паэзіі Куляшова Якаў Хелемскі атрымліваў болей за аўтара. Аднак бацька і чуць пра гэта не хацеў» (Валянціна Куляшова, дачка паэта). |
Вайна напаткала Аркадзя Куляшова на Хоцімшчыне. Вярнуўшыся ў Мінск, ён не застаў сям’і. Адступленне нашых войскаў, жорсткія налёты фашысцкай авіяцыі, незлічоныя людскія ахвяры на вуліцах палаючай сталіцы — усё гэта ўразіла паэта нечаканасцю і трагізмам.
24 чэрвеня 1941 года ён пакінуў ахоплены пажарам горад. «Як ад роднай галінкі дубовы лісток адарваны, // Родны Мінск я пакінуў, нямецкай бамбёжкаю гнаны», — напісаў Куляшоў у паэме «Сцяг брыгады». Паэт апрануў шынель, каб абараніць Радзіму ад ворага і прайсці разам з суайчыннікамі праз цяжкія выпрабаванні.
Аркадзя Куляшова накіравалі ў ваенна-палітычнае вучылішча пад Ноўгарадам. З ліпеня 1941 года ён працаваў на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов». Вялікай папулярнасцю карысталіся яго вершы і гумарыстычныя творы пра байца Аляксея Пятрова. Са снежня 1943 года і да вызвалення Беларусі паэт знаходзіўся ў Беларускім штабе партызанскага руху.
У гады Вялікай Айчыннай вайны змяніліся тэмы і вобразы куляшоўскай паэзіі. «Даў я ёй (сваёй песні. — Аўт.) боты і лыжку запхнуў за халяву, // Каб ні на крок не пасмела ад часу адстаць» — такія радкі Аркадзь Аляксандравіч напіша пазней у вершы «Размова з патомкам» (1952).
На старонках франтавога друку паэт расказваў пра суровую праўду змагання з фашыстамі: пра мужнасць і стойкасць байца на Бранскім фронце, якога фашысты на марозе аблілі вадой; пра безыменнага мінамётчыка, што на сваім участку стрымліваў наступленне фашысцкай дывізіі; пра дзяцей і сястру камандзіра партызанскай брыгады Міная Шмырова, расстраляных ворагамі, а таксама мужных беларускіх дзяўчат, якіх фашысты вывезлі ў Германію, але не змаглі зламаць духоўна.
З успамінаў. «Дзень на перадавой, вечар у дарозе, ноч у зямлянцы, дзе пры цьмяным святле газоўкі пісаліся вершы, нарысы, артыкулы, заметкі. А раніцою ўсё гэта ўжо чыталася ў палках і на батарэях» — так пісаў пра работу франтавога журналіста рускі паэт Аляксей Суркоў. |
У гады вайны паэт стварыў баладны цыкл пра подзвіг беларускага народа ў гады ліхалецця, у якім вылучаюцца вершы-балады «Млынар », «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Маці», «Балада аб чатырох заложніках», «Балада аб знойдзенай падкове». Яны грунтуюцца на канкрэтных падзеях і адлюстроўваюць суровую біяграфію ваеннага пакалення, а таксама паказваюць крыніцу духоўнай сілы чалавека.
Верш «Маці» напісаны паводле народнай балады і прысвечаны самаахвярнасці, гатоўнасці маці ў любы момант засланіць дзяцей ад бяды і небяспекі. У цяжкім чаканні сына з паходу маці як сімвал жыцця пасеяла зярняты. Яны ўпалі на камень і не ўзышлі. Жанчына просіць палявую дарогу, каб тая задобрыла чэрствы камень. Але просьба не дапамагае. У эпілогу раскрываецца самаахвярнасць мацярынскай любові: «І тройчы такою кляцьбою // Той камень пракляла. // Стаў камень зямлёю, // Сама ж яна каменем стала... // На камні былым пры дарозе // Ўзыходзяць зярняты. // Вяртаецца сын па дарозе // З паходу дахаты».
Гэтак жа сурова і мужна вырашалася Аркадзем Куляшовым лірычная тэма кахання. У аснове верша «Ліст з палону» — гісторыя лёсу беларускай дзяўчыны, асуджанай на здзекі. Твор напісаны ад імя палоннай, якую вораг вывез у няволю. Дзяўчына разумела, якія пакуты яе чакаюць, яна трымалася мужна, «стала скупою на слёзы». Рака Дняпро прыгадала ёй малюнкі шчаслівага мінулага, але яны перамяжоўваліся з жахлівай рэчаіснасцю. Васількі за акном не дарылі радасці, а нагадвалі гераіні пра пакутлівы лёс. У канцы верша гучыць своеасаблівы зварот — наказ воіну разлічыцца за ўсе пакуты. Падчас вайны размовы персанажаў з ветрам, ручаём, лесам з’явіліся ў радках паэта невыпадкова: яны неслі ў сабе спрадвечную патрэбу выплеснуць плач аб запалоненай чужынцамі зямлі. Гутаркі з роднай прыродай прасякнуты народным гневам і згадкамі помсты.
Верш «Над брацкай магілай» прысвечаны трагічным падзеям ваеннага часу. У абагульненым, пададзеным у тыповых рысах пейзажы паэт паказаў не тыя дэталі, што вылучаюць гэту мясціну сярод іншых, а такія, што робяць яе падобнай да іх: «Ёсць пад Стараю Русаю руская вёска Лажыны. // Там, нібы ў Беларусі, і вербы растуць, і рабіны…» Руская вёска Лажыны стала для беларускіх воінаў такой жа дарагой, як і родныя паселішчы. Салдаты адстойвалі яе ад ворага з такой жа мужнасцю, з якой за беларускія вёскі змагаліся сыны іншых народаў.
Цэнтральная сцэна — пахаванне воінаў, што загінулі ў Расіі, далёка ад дому. Яны баранілі разам з «ленінградцамі, татарамі, узбекамі » родны край ад ворагаў і палеглі ў сырой зямлі. Паэт перажываў гібель сяброў, як смерць родных людзей — сыноў і братоў, што не паспелі надзівіцца з прыгажосці свету, далюбіць родных і блізкіх; яму баліць сэрца, што «не проста салдацкія косці // Засыпаем мы жвірам халодным, // а большае штосьці...». Зямля хавае жывыя вочы і вусны ваяроў, «на якіх пацалункі дзяцей і жанок не астылі», рукі, «якія дзяцей тых насілі», ногі, «якія паўсвету схадзілі». Верш уражвае эмацыянальнасцю і шчырасцю пачуцця: аўтар не паддаўся спакусе — гучнымі словамі ўхваліць подзвіг абаронцаў Радзімы, а звярнуў увагу на трагізм падзей, перадаў яго праз звыклую на вайне сцэну пахавання.
У творы гучыць тэма любові да зямлі, дзе герой нарадзіўся і вырас. Родны куток сімвалізуе не толькі малую радзіму, але і ўвесь край, з яго пожнямі, палямі, крыніцамі, пушчамі; край, які не месціцца ў мяшэчку з зямлёй, што салдаты, на жаль, так і не паспелі
ўзяць з сабой: «Што ім жменька зямлі той? // Ты ўся ім патрэбна, Радзіма». Фальклорны матыў «зямелькі-талісмана» перарастае ва ўзнёслае прызнанне ў любові, сыноўняй вернасці і адданасці, ператвараецца ў абавязак адпомсціць ворагам: сыны розных народаў клянуцца «варожай крывёй // Напаіць беларускія рэкі». Паралельна ў вершы гучыць тэма дружбы, вайсковай супольнасці.
Інтанацыйная афарбоўка твора змяняецца ад жалобна-сумнай да строга напружанай. Гэтаму ў ліку іншага садзейнічае ўмела выкарыстаны аўтарам гукапіс: «вербы растуць і рабіны», «жаўцеюць прыгожыя краскі», «ржавеюць варожыя каскі», «слёзы суровых саромяцца… касак» і інш.
У вершах пісьменніка ваеннага часу чуецца светлы, пранікнёны, узнёсла-балючы голас чалавека, грамадзяніна, байца. Героі яго твораў — асобы рэальныя і легендарныя, драматычныя і бессмяротныя. Яны аддаюць сваё жыццё за маральныя каштоўнасці ўсяго чалавецтва.
Ва ўмовах франтавога жыцця Аркадзь Куляшоў здолеў напісаць выдатныя мастацкія творы за незвычайна кароткі час. У верасні — кастрычніку 1942 года з’явілася паэма «Сцяг брыгады» — кніга пра байца, які зведаў горыч разгрому брыгады, страту баявых сяброў, але выйшаў з варожага акружэння разам з параненым камісарам.
Твор, які дакладна выяўляў стан салдата, меў жыццёвую аснову, быў вельмі надзённы, таму і папулярны. За паэму «Сцяг брыгады» пасля вайны, у 1946 годзе, Аркадзь Куляшоў быў прызнаны лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.
У паэме «Дом № 24» Аркадзь Куляшоў расказаў пра абуджэнне жыцця на папялішчах вайны, пра аднаўленне чалавечых душ, якія параніла ліхалецце.
Твopы пpa вaйнy Аpкaдзя Кyляшoвa пa-мacтaцкy глыбoкa выяўляюць чaлaвeчыя пaкyты, боль, гopa i знaxoдзяццa ў цecнaй cyвязi з вaeннaй пaэзiяй Пiмeнa Пaнчaнкi, Мaкciмa Тaнкa, Мiкoлы Сypнaчoвa, Алякcaндpa Твapдoўcкaгa, Алякceя Сypкoвa, Сяpгeя Нapaўчaтaвa, Кaнcтaнцiнa Сiмaнaвa, Мixaiлa Іcaкoўcкaгa. Драматычныя, трагічныя і разам з тым гераічныя ў сваёй сутнасці, яны найлепшым чынам раскрылі ў Куляшове шматгранны талент чалавека, які здольны суперажываць з народам трагедыю фашысцкай навалы. У 1968 годзе Аркадзь Куляшоў атрымаў званне народнага паэта БССР.