Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў
1. Прыгадайце падзеі, якія адбываліся ў гісторыі Беларусі ў 1920—1930-я гады. 2. Чаму гэты перыяд называюць міжваенным? |
Site: | Профильное обучение |
Course: | Беларуская літаратура. 10 клас |
Book: | Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў |
Printed by: | Guest user |
Date: | Monday, 14 October 2024, 9:16 AM |
*Літаратурныя аб’яднанні
Заканчэнне Першай сусветнай вайны завяршыла нашаніўскі перыяд у беларускай літаратуры: у наступны — міжваенны — перыяд (1920—1930-я гады) беларусы ўвайшлі з вялікімі чалавечымі стратамі, але сцвердзіўшы сябе як нацыю, чыё існаванне ўжо немагчыма было ігнараваць.
Беларуская літаратура 1920—1930-х гадоў існавала ў складаных грамадска-палітычных абставінах. Напачатку яе плённаму развіццю спрыяла абвешчаная ў краіне палітыка беларусізацыі, што вы´клікала з’яўленне пісьменніцкіх арганізацый, фарміраванне новых ідэйна-эстэтычных прынцыпаў, абнаўленне літаратурных традыцый. Затым гэты рух быў запаволены сумнавядомымі падзеямі 1930-х гадоў, калі пісьменніцкая і выдавецкая дзейнасць ускладнілася пад уздзеяннем знешніх абставін. Разгледзім падзеі гэтага этапу больш падрабязна.
Літаратурныя аб’яднанні. Літаратура ў 1920-я гады была неверагодна папулярнай сферай дзейнасці: маладых аўтараў ведалі ў твар, іх фотаздымкі змяшчалі на вокладках кніг. Адзін з першых творчых саюзаў, якія ўтварыліся на пачатку 1920-х гадоў, — Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк» (1923—1928). Сябрамі «Маладняка» сталі каля 500 чалавек з розных гарадоў Беларусі і замежжа. Заснавальнікі арганізацыі: Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча.
Прынцыпы адлюстравання рэчаіснасці, па якіх лёгка пазнаць удзельнікаў «Маладняка», можна звесці да наступных:
1) адмаўленне ад былой культурнай спадчыны;
2) вера ў камуністычны лад і служэнне дзяржаве;
3) апяванне энергіі моладзі і светлай будучыні.
У «Маладняку» крытычна ставіліся да традыцыі і выступалі супраць творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа. Даведаўшыся пра гэта, Янка Купала паставіўся да пазіцыі маладнякоўцаў паблажліва, а Якуб Колас пакрыўдзіўся і напісаў апавяданне «Трыумф» з падзагалоўкам «Прыяцельскі шарж». |
Многія з пісьменнікаў-пачаткоўцаў не разбіраліся ў літаратуры, і аб’яднанне вымушана было выдаваць не толькі мастацкія кнігі, але і даведнікі з тлумачэннямі і прыкладамі паэтычных жанраў, вершаваных памераў. Але многія таленавітыя аўтары адчувалі, што яны эстэтычна і светапоглядна перараслі «Маладняк». Да таго ж не ўсе прызнавалі новую інтэрнацыянальную ідэю класавай салідарнасці працоўных важнейшай за традыцыйную рамантычную ідэю нацыянальнага адраджэння. Усё гэта выклікала раскол у «Маладняку».
У 1928 годзе аб’яднанне «Маладняк» было рэарганізавана ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Сябрамі асацыяцыі сталі Пятрусь Броўка, Платон Галавач, Аркадзь Куляшоў, Паўлюк Трус, Валянцін Таўлай і інш. Праіснавала асацыяцыя да 1932 года.
Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» (1926—1931). Былыя маладнякоўцы Язэп Пушча, Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка і Уладзімір Дубоўка ўтварылі новае аб’яднанне. Да іх далучыліся браты Андрэй Мрый (Шашалевіч) і Васіль Шашалевіч, а таксама Лукаш Калюга. Упершыню ў беларускай літаратуры аб’яднанне адбылося па эстэтычных прычынах. Адна з яго мэт — стварэнне арыгінальнай беларускай літаратурнай школы праз высокую культуру мовы і арганічнае спалучэнне традыцый з наватарствам.
Навукоўцы гавораць. «Маладнякоўцы ўдзячна карысталіся купалаўскай тропікай, лічачы самым важным у яго творчасці рэвалюцыйныя матывы, і не надавалі ніякага значэння больш канцэптуальным момантам, у той час як у творах узвышаўцаў няма выразнага пераймання на ўзроўні вобразна-метафарычных і метрычных сродкаў, затое знайшло сваё месца ўвасабленне ідэі нацыянальнай самабытнасці» (Жанна Капуста). |
Літаратурнае аб’яднанне «Полымя» (1927—1932) згуртавала вакол сябе і класікаў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Уладзіслава Галубка, Цішку Гартнага, і маладзейшых аўтараў, былых маладнякоўцаў — Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Анатоля Вольнага, Алеся Дудара. Яны падтрымлівалі дзяржаўную пралетарскую ідэалогію, выступалі за развіццё літаратурнай крытыкі і за шанаванне культурнай спадчыны.
У 1932 годзе пастановай урадавага органа Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» была спынена дзейнасць усіх літаратурных аб’яднанняў і ўтворана адзіная арганізацыя — Саюз пісьменнікаў БССР. З гэтага моманту і да канца 1980-х гадоў літаратурны працэс у Беларусі быў цэнтралізаваны.
Паэзія 1920-х гадоў
Паэзія развівалася ў дзвюх ідэйна-мастацкіх плынях:
- традыцыйная (Уладзімір Жылка, Тодар Кляшторны, Наталля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаум, Зінаіда Бандарына).
Узорам была творчасць нашаніўцаў (Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча); - пралетарска-рэвалюцыйная (Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч і інш.).
Літаратура адпавядала афіцыйнай ідэалогіі Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, у ёй выяўляліся культ рэвалюцыі, жыццесцвярджальны пафас, гарадская тэма, ігнараванне лірычных пачуццяў, антырэлігійнасць.
Эстэтычна пралетарска-рэвалюцыйныя вершы мелі адзнакі авангардызму:
- антытрадыцыяналізм («маладнякізм» супрацьпастаўляўся «адраджанізму» нашаніўцаў);
- антыэстэтызм (натуралістычныя вобразы ў творах Змітрака Бядулі, ранняга Аркадзя Куляшова);
- складанасць і цьмянасць вобразаў і тропаў (у творчасці Язэпа Пушчы, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі);
- эвалюцыя паэта-прарока ў паэта-суразмоўца (Уладзімір Дубоўка, Андрэй Александровіч, Язэп Пушча).
Навукоўцы гавораць. «...Паэтычная сістэма, створаная беларускімі аўтарамі 20-х — пачатку 30-х гг. XX ст., істотна адрозніваецца ад папярэдняй, “нашаніўскай”, паэтычнай сістэмы ў фармальна-стылістычных адносінах. У аснове новай сістэмы была павышана ўвага да формы літаратурнага твора. Беларускія паэты пачалі надаваць большае значэнне рыфмоўцы, рытміцы, сінтаксісу, лексіцы, вобразнасці, графічнай форме твораў, а таксама выкарыстанню аўтарскіх неалагізмаў» (Віктар Жыбуль). |
Навукоўцы гавораць. Таленавіты крытык 1920-х гадоў, сябар аб’яднання «Узвышша» Адам Бабарэка вельмі слушна разважаў пра сваіх сучаснікаў і папярэднікаў у паэзіі, выяўляў самае адметнае ў іх творчасці. Паводле яго, паэт — гэта… «Па Дуніну-Марцінкевічу — гэта дудар, г. зн. выканаўца “песень”, ужо створаных іншымі. Паэт толькі выконвае і ў гэтым выконванні можа выяўляць свае мастацтва. Выконвае як бы на інструманце, выбраным ім. Паэзія для яго — інструмант, на якім ён іграе — выконвае песні духу яго асяродзішча, песні ідэй, якімі жыве яго грамада. Па Багушэвічу — творца інструманту, на якім можна выконваць “песні” “ідэй”. Ён робіць “дудку”, на якой граць можа ўжо другі. Паэзія для яго — гэта тварэнне формы для выражэння перажывання, свайго ўнутранога жыцця, жыцця ідэі сваістасці сябе. Па Няслухоўскім (Янку Лучыну. — Аўт.) — голас народу, сродак народу выказвання сябе. Паэзія для яго — гэта вернае перадаванне народнага духу, яго выражэнне. Па Купалу — фарматар народнага самаўсведамлення, гэта тварэц песні, уладар яе. Паэзія для яго — гэта жыццё народнага духу. Па Коласу — вадзыўца, адзначацель праяваў жыцця народнага духу. Ён адгукаецца і адзначае. Паэзія для яго — гэта непасрэдныя вадзыкі (водгукі. – Аўт.) яго душы, гэта рэагаванне душы на праявы народнага жыцця, гэта рэакцыя душы на яго. Па Гаруну — выразіцель свайго ўнутранога жыцця. Паэзія — гэта выражэнне дум аб праўдзе тэй, што на зямлі. Па Багдановічу — творца паэтычных каштоўнасцей. Паэзія — гэта галіна выяўлення творчых здольнасцей высякаць “іскры з каменняў людскога сэрца” сілаю паэтычнага слова. Па Дубоўку — мэліяратар душ, ювелір слова, даўца жыцця. Паэзія для яго — гэта зброя. Па Пушчу — жывапісец з’яў жыцця, змагар за песню народную, складальнік песень. Паэзія — сродак, або што для жывапісца фарбы, для кампазітара — гукі. Па Чароту — будзіцель балота, выканаўца, музы́ка. Творчасць — ігра. Паэзія — вяселле (знадворнае, паказное)». |
*Проза 1920-х гадоў
Пры асэнсаванні гістарычных падзей пачатку ХХ стагоддзя пісьменнікі падзяліліся на дзве групы:
- адны імкнуліся растлумачыць і апраўдаць помсту прыгнятальнікам (Змітрок Бядуля, маладое пакаленне);
- іншыя — зафіксаваць у мастацкіх вобразах элементы «аджылай» свядомасці (Максім Гарэцкі).
Старэйшыя пісьменнікі прытрымліваліся пазіцый гуманізму, а для маладзейшага пакалення сацыяльнае было важней за індывідуальнае.
Для прозы гэтага часу характэрны стварэнне вобраза «новага чалавека» (Кузьма Чорны, Міхась Зарэцкі, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Платон Галавач), акцэнт на гераізме, знешніх эфектах, перавага прыгодніцкага сюжэта, што спрыяла экранізацыі. Так, першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» (1926) быў зняты паводле твора Міхася Чарота «Свінапас».
У гэты час былі завершаны першыя беларускія раманы1 (Цішка Гартны «Сокі цаліны»; Міхась Зарэцкі «Сцежкі-дарожкі»), Якуб Колас напісаў дзве аповесці з будучай трылогіі — «У палескай глушы», «У глыбі Палесся».
Навукоўцы гавораць. «Зусім натуральна, у кампазіцыі прыгодніцкага рамана выключнае месца заняў герой. <…> Бакавыя лініі сюжэта, перакрыжоўваючыся з сюжэтнай магістраллю, даюць авантурную сітуацыю, але ніякай самастойнай ролі не граюць, — яны толькі пункты прылажэння сіл галоўнага героя. Арганізуецца лінія героя па схеме несканчонага налыгвання (накладання, нанізвання. — Аўт.) аднае прыгоды на другую» (Юры Бярозка. «Праблемы прыгодніцкага романа» (1927)). |
Упершыню ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя з’явілася рабочая (Міхась Лынькоў) і эмігранцкая (Максім Гарэцкі) тэматыка.
_______________
1 Раман «Золата» Ядвігіна Ш. так і застаўся недапісаным, таму яго часам называюць аповесцю.
*Крытыка 1920-х гадоў
Калі ў пачатку стагоддзя «Наша ніва» была адзіным цэнтрам літаратурна-крытычнай думкі, то ў 1920-я гады ў Беларусі з’явілася больш за 50 перыядычных выданняў. Галоўныя з іх — «Дзянніца», «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска» і іх літаратурна-мастацкія дадаткі: «Радавая рунь», «Літаратура і крытыка» (1925—1927), «Чырвоны сейбіт». З 1922 года пачаў выходзіць часопіс «Полымя», з 1923-га — «Маладняк», з 1924-га — «Асвета». Вядучая роля ў крытыцы належала часопісу «Полымя».
Навукоўцы гавораць. Моцны бок гэтай крытыкі — «унутраная нерасчлененасць, функцыянальная недыферэнцыраванасць, як бы сказаць, сінкрэтычнасць. Амаль кожны больш-менш сур’ёзны артыкул закранаў і праблемна-тэарэтычны аспект, і канкрэтнае гісторыка-літаратурнае пытанне» (Міхась Мушынскі). Істотная слабасць (літаратурнай крытыкі 1920-х гадоў. — Аўт.) была абумоўлена падатлівасцю яе пралеткультаўскім1 тэорыям, нераспрацаванасцю канкрэтных эстэтычных праблем. Згодна… тэорыі, кожны існуючы клас, акрамя пралетарыяту, у той ці іншай ступені абцяжараны элементамі буржуазнай псіхалогіі і ідэалогіі. Таму для тэарэтыкаў і практыкаў пралеткульту характэрнымі былі нігілістычныя2 адносіны да культурнай спадчыны, да літаратуры папярэдніх часоў. Адсюль і заклік «скінуць з парахода сучаснасці» творчасць пісьменнікаў-класікаў (Паводле Ігара Жука). |
Акрамя друкаванай крытыкі, у тыя часы была вельмі папулярная вусная крытыка: літаратурныя вечары і дыскусіі па нядаўна надрукаваных творах, публічныя абмеркаванні літаратурна-крытычных дадаткаў да часопісаў і газет. Такая форма існавання крытыкі вельмі ажыўляла і ўзбагачала літаратурны працэс.
З сярэдзіны 1920-х гадоў беларуская крытыка існавала як крытыка ўнутры літаратурных аб’яднанняў і паміж імі: у дыскусіях нараджаліся новыя ідэі, адточвалася думка. Але ў хуткім часе такая групавая барацьба стала адбіраць зашмат сіл у саміх пісьменнікаў, абязлічвала арыгінальныя ідэі, а таму значна запавольвала развіццё літаратурнага працэсу.
Літаратурнае аб’яднанне «Маладняк» хутка ператварылася ў прапагандысцка-асветніцкую арганізацыю, а таму пытанні літаратурнай крытыкі не былі галоўныя. Самым заўважным крытыкам у «Маладняку» быў Адам Бабарэка, які абгрунтоўваў наяўнасць у беларускай літаратуры дзвюх плыней: адраджанізму (Янка Купала, Якуб Колас і іншыя нашаніўцы) і маладнякізму.
У хуткім часе ўтварылася літаб’яднанне «Узвышша». Адным з яго стваральнікаў стаў Адам Бабарэка. Крытыкі ва «Узвышшы» грунтавалі свае развагі на тэарэтычным фундаменце, які часта самі ж і фармулявалі. «Узвышша» дало гісторыі беларускага літаратуразнаўства ўнікальны прыклад пісьменніцкай крытыкі — паэтычную трылогію Уладзіміра Дубоўкі «Кругі», «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!».
«Маладняк» |
«Узвышша» |
Маладнякоўцы недаацэньвалі фальклор |
Узвышаўцы лічылі беларускі фальклор багатай крыніцай літаратурных знаходак паводле формы і зместу |
Імкнуліся да стварэння агульнапралетарскай культуры, недаацэньвалі нацыянальную традыцыю |
Лічылі, што агульначалавечыя каштоўнасці пазнаюцца толькі праз каштоўнасці нацыянальныя. Адсюль бяруць выток апрацоўкі казак Уладзімірам Дубоўкам, музычнасць мовы Язэпа Пушчы і «сказавая фразеалогія» Лукаша Калюгі |
Успрымалі літаратуру ў якасці зброі класавай барацьбы, а таму засяродзіліся на пралетарскай культуры |
Цанілі не толькі пралетарскую культуру, але ўсю культуру, створаную чалавецтвам ва ўсіх эпохах, а таксама беларускую дакастрычніцкую, нашаніўскую |
Статычнасць, шаблоннасць вобразаў |
Кантраснасць, дынамічнасць вобразаў |
Займаліся базавай асветай шматлікіх сяброў аб’яднання |
Пільную ўвагу надавалі культуры мовы і таму актыўна звярталіся да мастацкага перакладу сусветнай класікі |
З успамінаў. «...піша не так, як усталявалася пісаць літаратурнымі нормамі, а піша, як гавораць і думаюць людзі... І я ж чуў, як натуральна і ёміста гамоняць паміж сабою мае вясковыя суседзі, але па шкалярскай вывучцы лічыў, што гавораць яны няправільна, непісьменна і гатовы быў іх жывую гаворку абчасаць па ўсіх правілах граматыкі і загнаць у слоўнікавыя клешчы... А вось Калюга піша, як гавораць людзі, і ў кожным слове адчуваецца жывое дыханне, натуральная інтанацыя, досціп і мудрасць. Значыць, можна так пісаць і друкаваць, як гавораць людзі. Чаму ж так піша толькі Калюга?» (Сяргей Грахоўскі). |
Стваралася ў гэты час і літаратура для дзяцей. Менавіта на 1920–1930-я гады прыпадае пачатак творчасці класіка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра. Адзін з самых вядомых яго твораў — «Палескія рабінзоны» — быў напісаны ў 1929 годзе (надрукаваны ў 1930-м). Твор цалкам укладаўся ў актуальную тэндэнцыю стварэння займальнай, прыгодніцкай літаратуры.
Навукоўцы гавораць. Cюжэтная мадэль рабінзанады ў беларускай літаратурнай прасторы з’яўляецца даволі папулярнай і на сучасным этапе набывае ўсё новыя жанрава-стылёвыя праекцыі. Асноўныя мадыфікацыі айчынных рабінзанад звязаны з адмысловым месцам (балота, пушча, Чарнобыльская зона). Калі ў сусветным мастацтве слова зыходным тэкстам гэтай схемы стаў твор Даніэля Дэфо, то ў беларускай літаратурнай практыцы такім творам з’яўляецца аповесць «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра. Ухіляючыся ад традыцыйных матываў караблекрушэння ці авіякатастрофы, пісьменнікі мяняюць месца з экзатычнай бязлюднай выспы на недаступныя для звычайнага чалавека пушчанскія ці балотныя абшары. Раннім прыкладам рабінзанады на палескім матэрыяле можна лічыць польскамоўную гавэнду Уладзіслава Сыракомлі «Хадыка». Пазней — аповесці «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра, рэмэйк «Новыя палескія рабінзоны» Ягора Конева. А таксама раман «Воўчая выспа» Кастуся Цвіркі, аповесці «Адзінец» Яраслава Пархуты, «Цкаванне вялікага звера» Алеся Наварыча і іншыя (Паводле Алы Брадзіхінай). |
_________________________
1 Пралетку́льт — саюз пралетарскіх культурна-асветніцкіх арганізацый.
2 Нігілі́зм (ад лац. nihil — ‘нішто’) — сістэма поглядаў, звязаная з устаноўкай на адмаўленне агульнапрынятых каштоўнасцей, ідэалаў, маральных арыенціраў, культуры.
Паэзія 1930-х гадоў
Паэзіі гэтага часу ўласціва наяўнасць рыфмаваных лозунгаў з ужываннем дзеясловаў загаднага ладу, наўмысная бадзёрасць, перабольшанасць пачуццяў («Трэба ўмець і шпалы кахаць, і цалаваць семафор» (Паўлюк Шукайла)). Папулярны жанр — песня-марш, распаўсюджаная форма верша — разбіўка «лесвічкай».
У выніку адной з літаратурных дыскусій 1930-х гадоў была незаслужана прызнана шкоднасць псіхалагізму ў паэзіі. Гэта значыць, аўтарам прапаноўвалася не заглыбляцца ў псіхалогію лірычнага героя, а абапірацца на рэальныя факты.
Для пісьменнікаў арганізоўвалі паездкі па краіне — і чакалася, што ўбачанае хутка адлюструецца ў новых творах, але гэта часта аслабляла мастацкія вартасці тэкстаў. Напрыклад, у 1933 годзе, каб напісаць пра «перавыхаванне» чалавека працай, пісьменніцкая дэлегацыя наведала адкрыццё Беламорканала.
У выніку падзей 1930-х гадоў была парушана пераемнасць паміж пакаленнямі аўтараў у літаратурным працэсе, і гэта змяніла літаратурны ландшафт: звузіліся тэматычныя абсягі твораў, збяднеў арсенал мастацкіх метадаў, школ і плыняў, беларускае слоўнае мастацтва стала паступова страчваць заваяваныя пазіцыі. Такія змены былі звязаны з трагічным часам, калі былі высланы за межы рэспублікі альбо загінулі некалькі дзясяткаў маладых пісьменнікаў Савецкай Беларусі.
Паступова ў літаратуру прыходзіла новае пакаленне савецкіх паэтаў, якія выраслі ў СССР (Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Мікола Аўрамчык, Анатоль Вялюгін і інш.).
Проза 1930-х гадоў
Вытворчы раман — літаратурны твор, у цэнтры якога знаходзіцца прафесіянал, што рашае вытворчыя задачы. |
Проза гэтага часу была палітызавана. Уласцівая беларускай літаратуры цікаўнасць да «маленькага чалавека» адступала: былі запатрабаваны партыйна-класавыя ацэнкі рэчаіснасці, таму творы пачалі больш нагадваць журналісцкія рэпартажы. Спачатку літаратары адлюстроўвалі класавую барацьбу, а пазней перайшлі да асэнсавання «парушэнняў сацыялістычнай законнасці» і «памылак партарганізацый». У гэтыя гады сталі папулярнымі вытворчыя аповесці і раманы.
Вясковая тэматыка рэалізоўвалася пераважна ў творах пра калектывізацыю. Былі запатрабаванымі і жанры масавай літаратуры (напрыклад, палітычны дэтэктыў з элементамі антыўтопіі і фантастыкі), і творы для дзяцей (Янка Маўр). Беларуская гісторыя знаходзіла цэласнае адлюстраванне ў творчасці Максіма Гарэцкага, якая пэўны час замоўчвалася. Спадчына класіка вярнулася да чытача толькі ў другой палове ХХ стагоддзя.
У 1930-я гады ў Германіі да ўлады прыйшлі фашысты, таму ў беларускай літаратуры, як і ў іншых літаратурах гэтага часу, пачалі з’яўляцца антыфашысцкія творы.
У гэты час у літаратуры ўмацоўвалася паэтыка сацыялістычнага рэалізму: асабістае ў характары героя тлумачылася як праяўленне агульнага; сацыяльнае было важней за індывідуальнае.
Літаратура Заходняй Беларусі
У сакавіку 1921 года быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, у адпаведнасці з якім тэрыторыя Беларусі была падзелена на дзве часткі: Заходнюю (пад уладай Польшчы) і Усходнюю (пад уладай СССР). Палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Заходняй Беларусі была Вільня (цяпер — у складзе Літвы).
У першай палове 1920-х гадоў многія дзеячы беларускай культуры жылі там пастаянна (Антон Луцкевіч, Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш.), некаторых туды закінула ваеннае і рэвалюцыйнае бязладдзе (Максім Гарэцкі, Уладзімір Жылка, Леапольд Родзевіч, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Самойла).
Большасць публіцыстаў і пісьменнікаў выступалі ў сваіх творах за дзяржаўную незалежнасць непадзельнай Беларусі (Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Самойла).
Менавіта ў Вільні ў 1920 годзе Максім Гарэцкі напісаў грунтоўнае даследаванне «Гісторыя беларускае літаратуры», у якім быў прааналізаваны цэласны літаратурны працэс Беларусі ад даўніны да сучасных аўтару дзён. Гэты тэкст стаў асновай беларускага літаратуразнаўства. Мастацкія творы самога Гарэцкага сталі пачаткам заходнебеларускай прозы, акрамя вечных, ён звяртаўся і да ўласнабеларускіх тэм («У 1920 годзе», «Усебеларускі з’езд 1917 года»). Пішучы пра часы прыгонніцтва, пісьменнік падкрэсліваў не толькі сацыяльную аддаленасць паноў, шляхты ад народа, але і іх нацыянальнае рэнегацтва1.
У паэзіі пачатку 1920-х гадоў апявалася нацыянальнае адраджэнне (Казімір Сваяк, Макар Краўцоў). А Уладзімір Жылка за сапраўдную каштоўнасць лічыў хараство і ствараў тонкія «інтэлігенцкія» вершы. Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паэт адзначаў, што ў ёй перыяды ўзлёту натуральна чаргуюцца з перыядамі заняпаду. Як і Максім Багдановіч, ён пісаў урбаністычную2 лірыку, напрыклад «Вершы аб Вільні» са зваротам «О, Вільня, крывіцкая Мекка!».
Драматургію літаратуры Заходняй Беларусі складалі асобныя драматычныя абразкі Максіма Гарэцкага, камедыі і драма «Пакрыўджаныя» Леапольда Родзевіча, а таксама п’есы Францішка Аляхновіча, пабудаваныя на аснове фальклорных ды местачковых сюжэтаў і моднай «новай драмы» Генрыка Ібсена (п’еса Аляхновіча «Няскончаная драма»).
У 2011 годзе рэжысёр Тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі пра свой спектакль «Пан міністр» па п’есе Францішка Аляхновіча сказаў так: «У гэтым творы няма станоўчага персанажа... <...> Такія персанажы ўзнікаюць на зломе часу, калі ўсё неўладкавана, калі згублены арыенціры і зніжаны планкі». |
У другой палове 1920-х гадоў у літаратуру прыйшло новае пакаленне паэтаў, якое адстойвала сваю беларускасць насуперак польскім уладам і салідарызавалася з Савецкай Беларуссю: Міхась Машара, Міхась Васілёк, Валянцін Таўлай, Палачанка. У іх творах панавалі матывы свабоды народа, заклікі да вызвалення.
Крытыка і літаратуразнаўства існавалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў форме публічных лекцый, юбілейных артыкулаў з нагоды дня нараджэння або смерці пісьменніка.
У 1930-я гады, пасля польскіх рэпрэсій у дачыненні да беларускіх палітычных партый і суполак, а таксама пасля атрымання звестак пра падзеі на Усходзе, пісьменнікі Заходняй Беларусі падзяліліся паводле сваіх перакананняў на адраджэнцаў-дэмакратаў (Антон Луцкевіч, Уладзімір Самойла, Міхась Машара) і камуністаў (Піліп Пестрак, Валянцін Таўлай, Максім Танк, Анатоль Іверс). У другой палове 1930-х гадоў лідарам заходнебеларускай паэзіі стаў Максім Танк, чыя лірыка хутка дасягнула еўрапейскага ўзроўню.
З успамінаў. Змораны, позна вярнуўся з літаратурнага вечара дамоў. Чытаў «Спатканне», «Да дня», «У маршы», а на «біс» — «Акт першы». Калі падхапілі мяне студэнты і пачалі падкідаць... На вечары былі амаль усе віленскія беларусы, шмат прадстаўнікоў польскай, яўрэйскай, літоўскай інтэлігенцыі і асабліва шмат моладзі — студэнтаў, гімназістаў (Паводле Максіма Танка. «Лісткі календара»). |
Нягледзячы на мяжу, паміж Заходняй і Савецкай Беларуссю існавала сувязь, абумоўленая працэсамі нацыянальнай кансалідацыі. На заходнебеларускую тэматыку пісалі беларускія савецкія пісьменнікі — Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Дубоўка, Алесь Дудар, Янка Нёманскі.
Значэнне літаратуры Заходняй Беларусі для беларускага літаратурнага працэсу 1. Першае беларускае філасофскае эсэ «Адвечным шляхам» напісаў філосаф Ігнат Канчэўскі (Абдзіраловіч3). У ім аўтар упершыню дакладна вызначыў нацыянальны характар беларуса, памежнае становішча краіны паміж Усходам і Захадам, сказаў пра ўласны шлях Беларусі. 2. Арыштаваны польскай контрразведкай Алесь Салагуб першы ў заходнебеларускай літаратуры звярнуўся да турэмнай тэматыкі і стварыў вобраз палітвязня, да якога потым звярталіся Максім Танк і Валянцін Таўлай. 3. Змянілі аблічча беларускай літаратуры творы віленскага перыяду Максіма Гарэцкага (рэалізм), драматургія Леапольда Родзевіча (мадэрнізм) і Францішка Аляхновіча («новая драма»), паэзія Уладзіміра Жылкі (рамантызм, сімвалізм), творчасць Вацлава Ластоўскага (неарамантызм) і Максіма Танка (рамантызм, авангардызм). |
Такім чынам, феномен літаратуры Заходняй Беларусі праіснаваў дваццаць гадоў і даў падставы сцвярджаць, што літаратурны працэс развіваўся адэкватна грамадска-палітычнай сітуацыі, а самі творы адлюстроўвалі памкненні і мары заходніх беларусаў.
«Але самае важнае — якая ў Савецкай Беларусі расце вялікая і сапраўдная літаратура! Аж зайздросна. Бо ў нас не толькі няма ў каго павучыцца, але з кім у ахвоту падужацца. Сёння Заходняя Беларусь — мяшок, завязаны паліцэйскім бізуном... дзе з-за адсутнасці свежага паветра пачынае гаснуць усякае святло — нават лучына» (Максім Танк. «Лісткі календара»). |
Пісьменнікі Заходняй Беларусі сачылі за падзеямі беларусізацыі пачатку 1920-х гадоў у Савецкай Беларусі, і многіх гэта натхніла на пераезд (напрыклад, так зрабілі Максім Гарэцкі, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Жылка, Францішак Аляхновіч). Але беларусізацыя хутка згарнулася. У 1930-я гады многія з гэтых пісьменнікаў сталі ахвярамі рэпрэсій.
Разгледзім адрозненні ва ўмовах існавання беларускай літаратуры ва Усходняй (Савецкай) і Заходняй Беларусі.
Эстэтычныя погляды і вядучыя ідэі
Заходняя Беларусь (цэнтр — Вільня) | Усходняя (Савецкая) Беларусь (цэнтр — Мінск) |
Погляды на будучыню Беларусі | |
1. Знаходзячыся фактычна пад юрысдыкцыяй Польшчы, многія пісьменнікі выступалі за тое, каб Беларусь была незалежнай дзяржавай (Вацлаў Ластоўскі, Максім Гарэцкі, Уладзімір Жылка). 2. Пісьменнікі — члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (Максім Танк, Валянцін Таўлай) падтрымлівалі Савецкую Беларусь |
1. За існаванне Беларусі як незалежнай дзяржавы былі пісьменнікі-нашаніўцы (Янка Купала, Якуб Колас). Да іх далучыліся некаторыя маладыя аўтары (Уладзімір Дубоўка, Міхась Чарот). 2. Пасля ўтварэння СССР маладзейшае пакаленне пісьменнікаў (маладнякоўцы) падтрымлівала ўладу Савецкай Беларусі |
Эстэтычныя погляды і вядучыя ідэі | |
1. Літаратура працягвала патрыятычную лінію нашаніўскага часу, служыла змаганню супраць польскіх улад. 2. Рэвалюцыйны рамантызм (Максім Танк, Міхась Васілёк). 3. Рэалізм і экзістэнцыяльнае светаадчуванне (Максім Гарэцкі). 4. Адраджэнскія погляды (Уладзімір Жылка, Міхась Машара, Ігнат Канчэўскі) |
1. Літаратура служыла дзяржаўнай палітыцы новай беларускай рэспублікі. 2. Рэвалюцыйны рамантызм і неарамантызм (Міхась Зарэцкі). 3. Рэалізм і мадэрнісцкія плыні (сімвалізм, экспрэсіянізм, імпрэсіянізм і інш.) у творах сяброў літаратурных арганізацый («Маладняк», «Узвышша»). 4. Патрабаванне ўніфікацыі эстэтычных напрамкаў і вымушаны пераход усіх творцаў да сацыялістычнага рэалізму ў 1930-я гады |
___________________
1 Рэнега´цтва — паводзіны рэнегата, адступніка, чалавека, які здрадзіў сваім ідэалам і прынцыпам.
2 Урбаністы´чны — гарадскі, які мае адносіны да горада.
3 Філосаф і пісьменнік Ігнат Канчэўскі, прачытаўшы «Дзве душы» Максіма Гарэцкага, дзе галоўным героем з’яўляецца Ігнат Абдзіраловіч, узяў сабе за псеўданім яго прозвішча.
Пытанні
1. Якія літаратурныя аб’яднанні з’явіліся ў 1920-я гады? У чым адрозненне мастацкіх прынцыпаў прадстаўнікоў гэтых аб’яднанняў? |
|
2. Чаму ў пачатку 1930-х гадоў літаратурныя аб’яднанні адначасова зніклі? Якая арганізацыя замяніла іх? |
|
3. Які ўплыў на літаратуру зрабіў сацыялістычны рэалізм? | |
4. Правядзіце міні-даследаванне «Літаратары з маёй малой радзімы, якія пачалі свой творчы шлях у 20—30-я гады ХХ стагоддзя». | |
5. Намалюйце эмблемы (лагатыпы) для літаратурных аб’яднанняў 1920—1930-х гадоў. Якія сімвалы вы выкарыстаеце і чаму? |
|
6. Што было агульнага ў эстэтычных і грамадска-палітычных поглядах пісьменнікаў Заходняй і Усходняй Беларусі? |