Міхась Зарэцкі

* Біяграфія

Кнігі Міхася Зарэцкага былі настолькі папулярныя, што чытачы часам выкрадалі іх з бібліятэк. Асабліва ім падабалася аповесць «Голы звер» — пра авантурыста і прайдзісвета Віктара Яроцкага (З успамінаў сучаснікаў).

Уплыў творчасці пісьменніка на развіццё нацыянальнай літаратуры цяжка пераацаніць.

Міхась Зарэцкі (Міхась Касянкоў) нарадзіўся 20 лістапада 1901 года ў сям’і вясковага дзяка ў вёсцы Высокі Гарадзец (цяпер Віцебская вобласць).

Дзяцінства прайшло на беразе Дняпра, у вёсцы Зарэчча, ад назвы якой пазней утварыўся яго псеўданім. Сям’я будучага пісьменніка была музычная — бацька не толькі любіў, але і пісаў музыку, кіраваў хорам, а маці выдатна спявала. Літаратуразнавец Міхась Мушынскі заўважыў, што ў дзяцінстве будучы пісьменнік умеў іграць на некалькіх інструментах.

Напачатку хлопец пайшоў па бацькавым шляху: атрымліваў адукацыю ў духоўным вучылішчы, а затым — у семінарыі. Пасля служыў пісарам у войску на Арлоўшчыне (Расія). Вярнуўшыся дадому, вартаваў храм, каб матэрыяльна дапамагчы сям’і. У 18-гадовым узросце Міхась Касянкоў стаў вясковым настаўнікам, праз год — загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы. Найбольшая ж колькасць чалавечых характараў прайшла перад вачамі псьменніка падчас вайсковай службы ў 1920—1927 гадах, калі ён быў камісарам.

З успамінаў. Пісьменнік Ян Скрыган успамінаў пра Міхася Зарэцкага: «...Высокі і стройны, ён быў абавязкова відзён, але не ростам, а іменна вось гэтай сваёй асаблівай манерай трымацца: і свабодна, і разам з тым скавана. Гаворыць ён весела, ахвоча. <…> Хоча памагчы сабе жэстамі, але жэсты вельмі ж стрыманыя… І раптам, забыўшыся..., ён раскіне рукі і зарагоча так непасрэдна, што аж прысядзе. <…> Стрыманасць і непасрэднасць як бы вечна ваююць у ім».

Пра пачатак уласнай творчасці Міхась Зарэцкі пісаў так: «Першае апавяданне я пісаў у канцы 1921 года. <…> Гэта выйшла даволі нечакана і дзіўна. <…> Справа пачалася з таго, што я ўбачыў яркі і незвычайны сон, уражанне ад якога не пакідала на працягу месяца. Мне захацелася занатаваць гэтае ўражанне, і я стаў пісаць». У 1922 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь» было апублікавана апавяданне «Спатканне». У 1925—1926 гадах выйшлі зборнікі апавяданняў «У віры жыцця», «Пела вясна», «Пад сонцам», «42 дакументы і Двое Жвіроўскіх». Дзякуючы ім пісьменнік стаў вядомым.

У 1924 годзе аўтар увайшоў у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», пазней рэдагаваў аднайменны часопіс.

У 1927 годзе Міхась Зарэцкі, як і Якуб Колас з Янкам Купалам, стаў адным з ініцыятараў утварэння літаратурнага аб’яднання «Полымя». У тым самым годзе пісьменнік наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю разам з Цішкам Гартным і Міхасём Чаротам. Вучыўся малады празаік у Беларускім дзяржаўным універсітэце, адкуль вымушаны быў забраць дакументы ў сувязі з «лістом трох» (разам з Андрэем Александровічам і Алесем Дударом выступіў супраць актывістаў, якія збіраліся ўчыніць «грамадскі суд» над беларускамоўнымі студэнтамі).

Міхась Зарэцкі актыўна ўдзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў у 1934 годзе. Пасля забароны другой часткі рамана «Крывічы» ў жыцці майстра слова многае змянілася, бо ён быў выключаны з камуністычнай партыі. Працягваў пісаць, займаў пасаду загадчыка аддзела літаратуры і мастацтва ў Беларускай акадэміі навук. І ўсё ж ні талент, ні папулярнасць аўтара не засцераглі яго ад арышту ў 1936 годзе, падчас якога зніклі больш за тры тысячы старонак рукапісаў.

 З успамінаў. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, «і ў НКУС1 Зарэцкага чыталі. Самі следчыя, маючы ў сябе ўсе творы, пакланяліся таленту іх аўтара».

У наступным годзе Міхась Зарэцкі быў рэпрэсіраваны. Праз дваццаць гадоў — рэабілітаваны і апраўданы па ўсіх пунктах абвінавачанняў.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Міхась Зарэцкі — першы беларускі празаік, якому ўдалося звязаць у адно эпічную глыбіню і сур’ёзнасць сваіх твораў з яскравай белетрыстычнасцю. У яго тэкстах прыцягваюць і сюжэтнасць, і інтрыга, і псіхалогія героя, і гістарычна-сацыяльныя абставіны існавання персанажа.

2. Пачаўшы друкавацца з апавяданнямі маладнякоўскай пары, Зарэцкі здолеў за некалькі гадоў прыйсці да класічнай навелы, аповесці, сацыяльна-псіхалагічнага і гістарычнага раманаў.

3. Сярод пануючага рэалізму ў літаратуры пісьменнік адстойваў рамантызм як мастацкі напрамак, які найлепш дазваляе паказаць вобраз рэвалюцыянера ў змаганні з абставінамі лёсу.

4. Проза аўтара стала адным з узораў удалага выкарыстання псіхалагізму пры раскрыцці мастацкага вобраза.

5. У аповесці «Голы звер» Міхась Зарэцкі адным з першых у савецкай літаратуры вывеў у якасці галоўнага героя сацыяльны тып прайдзісвета, абывацеля і цынічнага дзялка.

________________________________
1 Народны камісарыят унутраных спраў.