Ядвігін Ш.

* Біяграфія

У 1877—1878 гадах Ядвігін Ш. вучыўся ў прыватнай школе, арганізаванай у доме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча яго дачкой Камілай.
А калі ўжо быў даволі вядомы, даваў карыстацца сваёй бібліятэкай Янку Купалу, заахвочваў маладога аўтара да творчасці.

Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) нарадзіўся 4 студзеня 1869 года ў маёнтку Добасна (цяпер Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці).

Неўзабаве сям’я будучага літаратара пераехала на Міншчыну. Антон Лявіцкі скончыў Мінскую гімназію і не- давучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, бо за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў зняволены, трапіў у Бутырскую турму, дзе пераклаў з рускай мовы апавяданне Усевалада Гаршына «Сігнал».

Пасля вызвалення Ядвігін Ш. здаў экзамен на аптэкарскага практыканта і прайшоў стажыроўку ў маскоўскай аптэцы. Быў памочнікам правізара ў мястэчку Радашковічы, што недалёка ад Карпілаўкі — фальварка Лявіцкіх, а таксама займаўся камерцыйнай справай. Планаваў паставіць п’есу «Злодзей», а на збор ад спектакля — адкрыць
бальніцу, але пастаноўка не была дазволена.

Літаратурныя сувязі. З чацвярых дзяцей Ядвігіна Ш. (тры хлопчыкі і адна дзяўчынка) менавіта дачка Ванда стала яго аднадумцам. З 13 гадоў яна друкавалася ў газеце «Наша ніва». Ванда перапісвалася з Максімам Гарэцкім і іншымі тагачаснымі літаратарамі. Замуж яна выйшла за палітычнага дзеяча і публіцыста Язэпа Лёсіка, роднага дзядзьку Якуба Коласа. А Янка Купала, для якога Ядвігін Ш. быў першым чытачом п’есы «Паўлінка», стаў хросным бацькам яго ўнучак — Люцыі і Алесі. Так Ядвігін Ш. парадніўся са славутымі беларускімі песнярамі.

У 1910 годзе Ядвігін Ш. здзейсніў пешшу вандроўку з Вільні ў Карпілаўку — больш за 500 кіламетраў. Дзякуючы гэтаму пісьменнік падрыхтаваў публіцыстычны нарыс пра беларускія землі і іх насельнікаў — «Лісты з дарогі».

Наступнае назіранне з гэтага твора было занатавана за чатыры гады да пачатку Першай сусветнай вайны: «Па дарозе наганяю нейкага старца. Разгутарыліся. Відаць, нейкі адстаўны ваяка, бо зара пакіраваў гутарку на палітыку, на вайну. Павэдлуг (паводле. — Аўт.) яго, хаця цяпер вайны і не чутна, …але ўсе царствы рыхтуюцца да страшэннай бойні. А я паплёўся далей і думаў: якія ж яшчэ пачую я глупствы ў глухіх, далёкіх кутках роднага краю, калі тут гарадскі, можна сказаць, жыцель гэткі цёмны? І чаму такая цемната?».

Ядвігін Ш. вёў актыўнае грамадскае і літаратурнае жыццё, карыстаўся павагай сярод літаратараў. Пісьменнік працаваў сакратаром, загадчыкам літаратурнага аддзела «Нашай нівы», тэхнічным рэдактарам — у часопісах «Саха» і «Лучынка». Пастаноўку п’есы «Злодзей» (1892) Ядвігіна Ш. забаранілі, а яе рукапіс згубіўся. Першае апавяданне празаіка на беларускай мове «Суд» было надрукавана ў газеце «Наша доля» ў 1906 годзе. Пісьменнік — аўтар паэмы (вершаванага апавядання) «Дзед Завала», зборнікаў апавяданняў «Бярозка» (1912) і «Васількі» (1914), артыкулаў, баек, незавершаных «Успамінаў» (1921) і інш.

Навукоўцы гавораць. Дачка Антона Лявіцкага Ванда распавядала, што ў маладосці пісьменнік закахаўся ў Ядвігу Шабуневіч з Радашковічаў. Нягледзячы на расстанне, былая каханая назаўсёды засталася ў сэрцы аўтара, а яе імя і прозвішча далі жыццё псеўданіму — Ядвігін Ш.

Перагружанасць работай, складаныя матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы сталі прычынай цяжкай хваробы пісьменніка (сухоты).  У 1922 годзе Ядвігін Ш. памёр удалечыні ад сям’і, якая засталася за мяжой (ва Усходняй Беларусі), у Вільні, дзе і быў пахаваны на могілках Росы.

Уклад у развіццё літаратуры

1. Ядвігін Ш. з’яўляецца аўтарам першага беларускамоўнага рамана ў нашай літаратуры (праўда, раман «Золата» няскончаны).

2. У творчасці Ядвігіна Ш. (апавяданнях-імпрэсіях) яскрава выявіліся рысы імпрэсіянізму: у апавяданнях выпадковае і прыватнае дамінуюць над галоўным і агульным. У творах адлюстроўвалася не гісторыя, а імгненне, таму тэксты набывалі сэнсавую шматмернасць і трымаліся на недагаворанасці і намёках.

3. Пісьменнік узбагаціў скарбонку малых жанраў беларускай прозы (празаічныя байкі, алегарычныя, рэалістычныя, псіхалагічныя апавяданні, навелы).

4. Творчасць празаіка (разам з творчасцю Янкі Купалы, Якуба Коласа і інш.) адыграла значную ролю ў станаўленні беларускай літаратурнай мовы.