Уладзімір Дубоўка

Біяграфія

Уладзімір Дубоўка плённа займаўся мовазнаўствам. У 1928 годзе ў часопісе «Узвышша» ён апублікаваў свой праект напісання літар дз і дж. Прапаноўваў замяніць рускае ё на беларускае ö (напрыклад, öн, цöплы, вöска), а таксама ўвесці літару ϊ для перадачы спалучэння й + і (ϊхні, ϊм, ручаїна).

Уладзімір Дубоўка правёў у Беларусі, на Пастаўшчыне, толькі дзіцячыя і падлеткавыя гады. Ён нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года. З шасцігадовага ўзросту працаваў, дапамагаў па гаспадарцы. Крыху вучыўся ў школе. У 1915 годзе бацькі, уцякаючы ад вайны і беспрацоўя, пераехалі ў Маскву. Там Дубоўка атрымаў адукацыю, уключыўся ў расійскі літаратурны рух. Гэтай адарванасцю ад Беларусі лёс Дубоўкі нагадвае лёс Багдановіча.

Паэт атрымаў выдатную літаратурную адукацыю (Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Я. Брусава), займаў важныя дзяржаўныя пасады пры ўрадзе СССР, прадстаўляючы Беларусь і яе інтарэсы.

Першая публікацыя пісьменніка з’явілася ў 1921 годзе. Ён быў адным з актыўных удзельнікаў беларускага літаратурнага працэсу 1920-х гадоў: спачатку ў літаратурным аб’яднанні «Маладняк», а потым ва «Узвышшы». Чатыры гады «ўзвышэнства» былі самымі плённымі.

З успамінаў. «У вёсцы я чуў толькі беларускую мову, вось чаму мне так запала яна ў душу і сэрца. Некаторыя дзівяцца: “Вы ніколі не вучыліся ў беларускіх школах, пражылі бадай усё жыццe за межамі Беларусі, а мову ведаеце”. Як жа яе не ведаць, калі яна родная! Як жа яе не любіць...» (Уладзімір Дубоўка. З кнігі «О Беларусь, мая шыпшына»).

Дзякуючы сваёй працы Уладзімір Дубоўка выдатна ведаў беларускую культуру (напрыклад, ён уваходзіў у камісію па ўкладанні зборніка народных песень для школ і хораў). У Маскве наведваў літаратурныя вечарыны і быў асабіста знаёмы з Сяргеем Ясеніным і Уладзімірам Маякоўскім, цікавіўся творчасцю ўкраінскіх аўтараў Паўло Тычыны, Уладзіміра Сасюры, Максіма Рыльскага, ведаў прыбалтыйскую літаратуру.

Паэт перажываў за Беларусь, раздзеленую ў 1921 годзе на Усходнюю і Заходнюю. У творах паўставаў супраць уціску, з якім сутыкнуліся беларусы ў заходняй частцы, што была пад уладай Польшчы. Рэквіем па канкрэтных ахвярах узрастаў да абагульнення, якое вельмі кантраставала з афіцыйным аптымізмам, бадзёрасцю і захапленнем стваральнай працай, прынятымі тады ў літаратуры. Выказваў трывогу адносна сацыяльных пераўтварэнняў (напрыклад, калектывізацыі і г. д.), несумленнасці некаторых пісьменнікаў («без душы багата скрыпак», «няхай скрыпка не будзе прададзена чорту»).

З 1926 года Дубоўка займаўся адказнай і прэстыжнай працай у Маскоўскім Крамлі: перакладаў на беларускую мову тэксты новых савецкіх законаў. Ажаніўся з Марыяй Кляўс у 1927 годзе, праз год у іх нарадзіўся сын Альгерд, якога яны страцілі падлеткам (кампанія прыяцеляў знайшла снарад і закінула яго ў вогнішча, загінулі ўсе).

У 1930 годзе Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны за публікацыю ў віленскім часопісе «Беларуская культура» верша «За ўсе краі, за ўсе народы свету». Даследчык Дзмітрый Бугаёў лічыў гэты патрыятычны твор Дубоўкі блізкім да купалаўскага верша «Перад будучыняй», напісанага ў пачатку 1920-х гадоў. Пасля, падчас высылак, паэт не пісаў, але засвоіў каля дваццаці рабочых спецыяльнасцей.

Толькі ў 1958 годзе пасля рэабілітацыі Дубоўка вярнуўся ў Маскву і працягнуў займацца літаратурай. Але самая значная частка яго творчасці — тое, што ён напісаў з 1921 па 1930 год. У 1976 годзе Уладзімір Дубоўка памёр у Маскве.

Разам з Юркам Гаўруком Уладзімір Дубоўка заснаваў беларускую перакладчыцкую школу. Вельмі каштоўнай спадчынай паэта сталі пераклады: санеты Шэкспіра, паэмы Байрана. Для апрацоўкі выбіраліся тэксты, якія Уладзімір Дубоўка напаўняў новым зместам, актуальным або для яго асабіста, або для літаратурнага працэсу. Напрыклад, пераклаў блізкую яму па настроі паэму Байрана «Шыльёнскі вязень» («Не выкрасліць ніхто слядоў тых дзён, // Яны тыранству вечны шлюць праклён»), а ў перакладзе 66-га санета Шэкспіра выказаў хутчэй стаўленне самога Дубоўкі да сучаснай яму культурнай сітуацыі: «І мастакоў нізкапаклонны зброд, // І недарэк мастацтвазнаўцаў з імі, // І ісціну, якой затулен рот, // І зло, што верхаводзіць над усімі. // Стамлёны ўсім, сумую па труне...»

Уклад у развіццё літаратуры

1.  Уладзімір Дубоўка стварыў лепшыя ўзоры камбінаванай паэмы («паэмы-камбайна») — «Кругі», «І пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!». Уводзіў у структуру паэм устаўныя фрагменты (казкі, нататкі, лісты, пераклады).

2. Увёў у беларускую мову шмат слоў: некаторыя прыдумаў сам («летуценне», «адлюстроўваць», «ажыццяўленне», «мэтазгодна», «спадабанка»), некаторыя ўзяў з дыялектаў — і праз яго творчасць яны прыжыліся ў літаратурнай мове («апантаны», «наканаваны», «нелюдзь», «пройма», «петраць», «агораць», «ашчаперыць», «водар», «дойлід», «збочыць», «знічка», «імклівасць», «непрыдатны», «талака»). Шмат зрабіў для абнаўлення паэтычнага сінтаксісу.

3. Ствараў казкі паводле народных матываў. Пісаў творы для дзяцей («Як Алік у тайзе заблудзіўся», «Кветкі — сонцавы дзеткі», «Як сінячок да сонца лётаў»).

4. Уладзімір Дубоўка стаў адным са стваральнікаў беларускай школы мастацкага перакладу. Пераклаў на беларускую мову 154 санеты Уільяма Шэкспіра, а таксама творы Джорджа Байрана: некалькі вершаў з цыкла «Яўрэйскія мелодыі», паэмы «Шыльёнскі вязень», «Бронзавы век», містэрыю «Каін». Пераклад трох частак паэмы Джорджа Байрана «Чайльд Гарольд» страчаны ў 1930-я гады.

5. У літаратуразнаўстве Уладзімір Дубоўка апярэдзіў свой час: прапанаваў канцэпцыю шматмоўнай літаратуры Беларусі. Гэта канцэпцыя будзе прынята ў беларускім літаратуразнаўстве толькі ў пачатку 1990-х гадоў.