§ 27-1. ГЕАГРАФІЧНАЯ АБАЛОНКА

Прасторава-часавыя асаблівасці сучаснага функцыянавання і змянення геаграфічнай абалонкі. У цяперашні час глабальныя змены ў геаграфічнай абалонцы разглядаюцца як вынік натуральнай эвалюцыі Зямлі і антрапагеннага ўздзеяння. Эвалюцыю геаграфічнай абалонкі вызначае шэраг важных прыродных планетарных працэсаў (мал. 196-6).

img
Мал. 196-6. Прыродныя працэсы, якія вызначаюць эвалюцыю геаграфічнай абалонкі

У гісторыі Зямлі былі перыядычныя ваганні (чаргаванне актыўных і адносна спакойных тэктанічных эпох, планетарных трансгрэсій і рэгрэсій Сусветнага акіяна, ледніковых перыядаў і г. д.) і пастаянныя змены газавага складу атмасферы, планетарнага рэльефу, відавой разнастайнасці арганічнага свету, ландшафтаў і г. д. З’яўленне чалавека і паступовае ператварэнне яго ў «геалагічную сілу» парушылі раўнавагу і ўпарадкаванасць прыроды. Гаспадарчая дзейнасць чалавека стала істотна ўплываць на натуральнае развіццё геаграфічнай абалонкі, маштабы асваення і спосабы выкарыстання тэрыторыі Зямлі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Чалавек як біясацыяльны арганізм мае багатую гісторыю адносін з навакольным асяроддзем. Чалавецтва перажыло эпоху плейстацэнавых абледзяненняў, змяненне ўзроўню акіяна ад –100 да +50 м, экстрэмальныя ваганні сезонных тэмператур ад –80 да +45 °С, парніковы эфект, калі канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасферы была ў 1,5 раза вышэйшая, чым зараз.

Уздзеянне чалавека на геаграфічную абалонку падзяляецца на наўмыснае і ненаўмыснае.

Наўмыснае ўздзеянне адбываецца ў працэсе матэрыяльнай вытворчасці з мэтай задавальнення пэўных патрэб грамадства. Да наўмысных уздзеянняў адносяцца будаўніцтва гідраэлектрастанцый для патрэб энергетыкі і арашэння, высечка лесу для дрэваапрацоўчай прамысловасці або з мэтай пашырэння земляробчых плошчаў і г. д. Такія ўздзеянні з’яўляюцца аб’ектам эканомікі: яны плануюцца, фінансуюцца, кантралююцца, нармуюцца і г. д.

Ненаўмыснае ўздзеянне праяўляецца як пабочны эфект наўмыснага. Напрыклад, пры вытворчасці энергіі вылучаюцца сажа, газы — дыяксід вугляроду, сярністы ангідрыд і інш.

У пачатку XXI ст. уздзеянне чалавека на прыроднае асяроддзе дасягнула планетарных маштабаў і прывяло да значных змяненняў уласцівасцей, структуры і тэндэнцый развіцця геаграфічнай абалонкі.