§ 27. РАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПРЫРОДАКАРЫСТАННЕ

Гісторыя ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. У дадзенай гісторыі ўзаемадзеяння можна вылучыць пяць перыядаў, розных па часе і ўзроўні ўплыву людзей на навакольнае асяроддзе.

Першы перыяд ахоплівае эру найбольш прымітыўнай культуры каменнага веку і першабытнаабшчыннага ладу жыцця. Параўнальна нешматлікія чалавечыя плямёны былі ў тую пару размеркаваныя па ўсёй тэрыторыі Зямлі. Іх уздзеянне на прыроду ў асноўным абмяжоўвалася рыбалоўствам, паляваннем на дзікіх жывёл і выкарыстаннем асобных горных парод для вырабу прылад працы і абароны.

Другому перыяду адпавядае час з пачатку землекарыстання (VIII–VII стст. да н. э.) да станаўлення прамысловай вытворчасці (XV ст. н. э.). Гэта перыяд рабаўладальніцкага і феадальнага грамадства, актыўнага развіцця жывёлагадоўлі, земляробства і мараходства. Дзейнасць чалавека ў гэты час прывяла да скарачэння плошчы лясных масіваў, актывізацыі эразійных працэсаў, пашырэння марскога промыслу і іншых незваротных неспрыяльных змен навакольнага асяроддзя. Выкарыстанне прыродных рэсурсаў абумовіла неабходнасць пазнання законаў прыроды і паскорыла развіццё навук — астраноміі, медыцыны, матэматыкі, прыродазнаўства. З практычнага вопыту пазнання прыродных законаў сфарміраваліся першыя прыродаахоўныя палажэнні, законы і традыцыі.

Трэці перыяд ахоплівае час з XVI па канец XIX ст. Гэта эпоха станаўлення і развіцця капіталізму, паступовай канцэнтрацыі прадукцыйных сіл, развіцця прыватнага прадпрымальніцтва, пастаянных захопніцкіх войнаў, якія прывялі да падзелу свету. У сувязі з пашырэннем і ўдасканаленнем вытворчасці ў капіталістычных краінах пачалася інтэнсіўная ўрбанізацыя. Усе гэтыя працэсы прывялі да парушэння прыродных ландшафтаў у прамысловых раёнах, зніжэння ўрадлівасці зямель на значнай тэрыторыі.

Чацвёрты перыяд узаемадзеяння чалавека з прыродай адпавядае эпосе імперыялізму і сацыяльных рэвалюцый (канец ХІХ–XX ст.). У гэты перыяд канцэнтрацыя вытворчасці, арганізацыя буйных прамысловых аб’яднанняў пашырылі ўплыў гаспадарчай дзейнасці чалавека на прыроду. Ён набыў рэгіянальны, а затым глабальны характар. Узнікла сітуацыя, пры якой імклівае змяненне прыроды чалавекам стала перашкодай для далейшага развіцця вытворчасці. З’явілася рэальная небяспека вычарпання не толькі неаднаўляльных, але і аднаўляльных прыродных рэсурсаў.

img
Мал. 197. Цеплавое забруджванне атмасферы і гідрасферы пры рабоце цеплавой электрастанцыі

icon Клуб знаўцаў-географаў. Стварэнне магутных цеплавых электрастанцый (мал. 197) спрыяла ўзнікненню цалкам новага — цеплавога — забруджвання гідрасферы і атмасферы. Развіццё транспарту і рознага роду радыётэхнічных прылад прывяло да з’яўлення ачагоў шуму і павышэнню яго агульнага ўзроўню, які часта перавышае дапушчальныя для чалавека нормы.

Забруджванне і небяспека вычарпання прыродных рэсурсаў прыцягнулі ўвагу многіх навукоўцаў да праблемы захавання навакольнага асяроддзя. Экалагічны рух у канцы ХХ ст. у многіх краінах свету набыў масавы характар. Ахова навакольнага асяроддзя становіцца самастойнай галіной навуковых даследаванняў, тэхнічных і праектных распрацовак, прамысловага бізнесу і нават напрамкам палітыкі.

Пяты перыяд узаемадзеяння чалавека з прыродай адпавядае сучаснаму этапу развіцця грамадства. Гэта эпоха навукова-гуманітарнай рэвалюцыі. Перад чалавецтвам востра паўстала задача разумнага, рацыянальнага прыродакарыстання, якое дазволіць задавальняць жыццёвыя патрэбы людзей у спалучэнні з аховай і ўзнаўленнем навакольнага асяроддзя.

icon Паразважаем. Які перыяд узаемадзеяння чалавека і прыроды характарызуецца яе найбольшымі зменамі?