§ 27-1. ГЕАГРАФІЧНАЯ АБАЛОНКА

Заканамернасці фарміравання геаграфічнай абалонкі. Геаграфічная абалонка ўяўляе сабой складаную, разнастайную сістэму, якая існуе ўжо на працягу мільярдаў гадоў. Яна аб’ёмная і цэласная, складаецца з цвёрдага, вадкага і газападобнага рэчыва.

Геаграфічная абалонка мае шэраг важных структурных асаблівасцей. Для яе характэрна ярусная будова, якая абумоўлена шчыльнасцю рэчыва. У геаграфічнай абалонцы вылучаюцца акіянічная і мацерыковая часткі. Гэта істотна ўплывае на цыркуляцыю вады, паветра, на размеркаванне расліннасці, жывёльнага свету.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму біямаса памяншаецца ад прыбярэжных зон да цэнтральнай часткі акіяна?

Геаграфічная абалонка валодае шэрагам характэрных уласцівасцей (мал. 196-5).

img
Мал. 196-5. Асноўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі

Бесперапыннасць і адзінства геаграфічнай абалонкі забяспечваюцца рухам паветра, вады, міграцыяй мінеральнага і арганічнага рэчыва.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. У чым заключаецца адзінства геаграфічнай абалонкі? Прывядзіце прыклады, якія даказваюць бесперапыннасць і адзінства геаграфічнай абалонкі.

Асноўнай рухаючай сілай прыродных кругаваротаў з’яўляецца сонечная энергія. Рух энергіі і рэчыва ў геаграфічнай абалонцы адбываецца рытмічна. Адрозніваюць рытмы гадзінныя, сутачныя, месячныя, сезонныя, векавыя. Важнай уласцівасцю геаграфічнай абалонкі з’яўляецца самарэгуляванне і падтрыманне дынамічнай раўнавагі прыроднага асяроддзя.

Абарачальнасць працэсаў у геаграфічнай абалонцы таксама адна з умоў яе існавання. У прыродным асяроддзі можна назіраць аднаўленне парушанага натуральнага працэсу, напрыклад пры аднаўленні лясной расліннасці.

iconПаразважаем. Як абарачальнасць працэсаў у геаграфічнай абалонцы ўплывае на яе функцыянаванне?

Але існуюць і неабарачальныя працэсы. Амаль не вяртаюцца да першапачатковага стану экасістэмы, у якіх гаспадарчая дзейнасць парушыла прыродныя працэсы і вывела іх з экалагічнай раўнавагі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Вельмі павольна адбываецца аднаўленне мохавага і лішайнікавага покрыва ў тундры і зоне шматгадовай мерзлаты. Амаль незваротнае паўторнае засаленне, якое ўзнікае пры арашэнні. З цяжкасцю ідзе аднаўленне салявога складу і натуральнага ўзроўню вады ў абмялелых морах і азёрах.

У ходзе развіцця геаграфічнай абалонкі незаўважныя, паступовыя колькасныя змяненні назапашваюцца і ствараюць умовы для рэзкага якаснага змянення прыроды. Перыяды павольных, эвалюцыйных пераўтварэнняў замяняюцца рэзкімі, рэвалюцыйнымі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Пахаладанне і наступ леднікоў у антрапагене пацягнулі за сабой змяненне становішча прыродных зон, гібель і міграцыю асобных відаў флоры і фаўны. Павелічэнне ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы Зямлі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека можа прывесці да павышэння глабальнай тэмпературы, раставання леднікоў і шматгадовай мерзлаты, скарачэння зоны тундры і г. д. Бескантрольная гаспадарчая дзейнасць таксама можа выклікаць якасныя змены прыроды спачатку на невялікіх тэрыторыях, а затым у цэлых рэгіёнах. Пра гэта, напрыклад, сведчыць развіццё працэсаў апустыньвання і абязлесення на Зямлі.

Улік заканамернасцей геаграфічнай абалонкі дазваляе прадбачыць магчымыя змены ў прыродзе, даваць прагноз вынікаў уздзеяння чалавека на прыроду, ажыццяўляць геаэкалагічную экспертызу праектаў, якія звязаны з гаспадарчым засваеннем тых ці іншых тэрыторый.