Печатать книгуПечатать книгу

§ 27-1. ГЕАГРАФІЧНАЯ АБАЛОНКА

icon
Успамінаем. Што разумеецца пад геаграфічнай абалонкай? Якімі ўласцівасцямі валодае геаграфічная абалонка? Што такое геаграфічная занальнасць?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў геаграфічнай абалонцы? Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне геасфер у геаграфічнай абалонцы? Якія фактары вызначаюць геаграфічную занальнасць?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 11 клас
Книга: § 27-1. ГЕАГРАФІЧНАЯ АБАЛОНКА
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 25 Апрель 2024, 17:02

Заканамернасці фарміравання геаграфічнай абалонкі. Геаграфічная абалонка ўяўляе сабой складаную, разнастайную сістэму, якая існуе ўжо на працягу мільярдаў гадоў. Яна аб’ёмная і цэласная, складаецца з цвёрдага, вадкага і газападобнага рэчыва.

Геаграфічная абалонка мае шэраг важных структурных асаблівасцей. Для яе характэрна ярусная будова, якая абумоўлена шчыльнасцю рэчыва. У геаграфічнай абалонцы вылучаюцца акіянічная і мацерыковая часткі. Гэта істотна ўплывае на цыркуляцыю вады, паветра, на размеркаванне расліннасці, жывёльнага свету.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Чаму біямаса памяншаецца ад прыбярэжных зон да цэнтральнай часткі акіяна?

Геаграфічная абалонка валодае шэрагам характэрных уласцівасцей (мал. 196-5).

img
Мал. 196-5. Асноўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі

Бесперапыннасць і адзінства геаграфічнай абалонкі забяспечваюцца рухам паветра, вады, міграцыяй мінеральнага і арганічнага рэчыва.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. У чым заключаецца адзінства геаграфічнай абалонкі? Прывядзіце прыклады, якія даказваюць бесперапыннасць і адзінства геаграфічнай абалонкі.

Асноўнай рухаючай сілай прыродных кругаваротаў з’яўляецца сонечная энергія. Рух энергіі і рэчыва ў геаграфічнай абалонцы адбываецца рытмічна. Адрозніваюць рытмы гадзінныя, сутачныя, месячныя, сезонныя, векавыя. Важнай уласцівасцю геаграфічнай абалонкі з’яўляецца самарэгуляванне і падтрыманне дынамічнай раўнавагі прыроднага асяроддзя.

Абарачальнасць працэсаў у геаграфічнай абалонцы таксама адна з умоў яе існавання. У прыродным асяроддзі можна назіраць аднаўленне парушанага натуральнага працэсу, напрыклад пры аднаўленні лясной расліннасці.

iconПаразважаем. Як абарачальнасць працэсаў у геаграфічнай абалонцы ўплывае на яе функцыянаванне?

Але існуюць і неабарачальныя працэсы. Амаль не вяртаюцца да першапачатковага стану экасістэмы, у якіх гаспадарчая дзейнасць парушыла прыродныя працэсы і вывела іх з экалагічнай раўнавагі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Вельмі павольна адбываецца аднаўленне мохавага і лішайнікавага покрыва ў тундры і зоне шматгадовай мерзлаты. Амаль незваротнае паўторнае засаленне, якое ўзнікае пры арашэнні. З цяжкасцю ідзе аднаўленне салявога складу і натуральнага ўзроўню вады ў абмялелых морах і азёрах.

У ходзе развіцця геаграфічнай абалонкі незаўважныя, паступовыя колькасныя змяненні назапашваюцца і ствараюць умовы для рэзкага якаснага змянення прыроды. Перыяды павольных, эвалюцыйных пераўтварэнняў замяняюцца рэзкімі, рэвалюцыйнымі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Пахаладанне і наступ леднікоў у антрапагене пацягнулі за сабой змяненне становішча прыродных зон, гібель і міграцыю асобных відаў флоры і фаўны. Павелічэнне ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы Зямлі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека можа прывесці да павышэння глабальнай тэмпературы, раставання леднікоў і шматгадовай мерзлаты, скарачэння зоны тундры і г. д. Бескантрольная гаспадарчая дзейнасць таксама можа выклікаць якасныя змены прыроды спачатку на невялікіх тэрыторыях, а затым у цэлых рэгіёнах. Пра гэта, напрыклад, сведчыць развіццё працэсаў апустыньвання і абязлесення на Зямлі.

Улік заканамернасцей геаграфічнай абалонкі дазваляе прадбачыць магчымыя змены ў прыродзе, даваць прагноз вынікаў уздзеяння чалавека на прыроду, ажыццяўляць геаэкалагічную экспертызу праектаў, якія звязаны з гаспадарчым засваеннем тых ці іншых тэрыторый.

Асноўныя заканамернасці геаграфічнай занальнасці Зямлі. Найбольш буйныя занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі — геаграфічныя паясы. Яны адрозніваюцца адзін ад аднаго тэмпературнымі ўмовамі, агульнымі асаблівасцямі цыркуляцыі паветра. У кожным з іх свае асаблівасці для жыцця і гаспадарчай дзейнасці чалавека. Унутры паясоў на сушы вылучаюцца прыродныя зоны. Яны адрозніваюцца адна ад адной тыпамі расліннасці і глеб, гідралагічнымі, тэрмічнымі, геахімічнымі і іншымі працэсамі. Геаграфічныя зоны падзяляюцца на падзоны па рознай ступені выяўленасці занальных прыкмет.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Клінападобная форма мацерыкоў у Паўднёвым паўшар’і спрыяе пранікненню халодных марскіх цячэнняў аж да трапічных шырот. У Паўднёвым паўшар’і няма аналагаў такім цёплым цячэнням, як Гальфстрым і Курасіа. Таму колькасць зон і іх размяшчэнне ў Паўночным і Паўднёвым паўшар’ях неаднолькавыя. У Паўднёвым паўшар’і няма зоны тундры і лесатундры. Ва ўмераным поясе ёсць невялікія плошчы ліставых лясоў, але няма зоны тайгі.

iconСвет і Беларусь. Беларусь размешчана ў межах прыроднай зоны змешаных лясоў. Але лясы ў гэтай зоне значна адрозніваюцца па складзе лесаўтваральных дрэвавых парод. Паўночную частку краіны займае падзона дубова-цёмнахваёвых лясоў, цэнтральную частку — падзона грабава-дубова-цёмнахваёвых лясоў, а на поўдні размешчана падзона шыракаліста-хваёвых лясоў.

У сувязі з неаднастайнасцю зямной паверхні і ўмоў увільгатнення ў розных частках мацерыкоў зоны і падзоны не заўсёды маюць шыротнае распасціранне. Часам яны працягваюцца ў мерыдыянальным напрамку. Напрыклад, на захадзе Паўночнай Амерыкі ці ўсходзе Азіі. Таму занальнасць правільней называць не шыротнай, а гарызантальнай.

iconПапрацуем з атласам. Выкарыстайце матэрыял вучэбнага дапаможніка і знайдзіце на карце раёны, дзе прыродныя зоны і падзоны размешчаны ў мерыдыянальным напрамку.

Занальнасць з’яўляецца ўсеагульнай заканамернасцю, але яна не ўсюды выяўлена аднолькава. Найбольш выразна яна праяўляецца ў палярных, субэкватарыяльных і экватарыяльных шыротах, а таксама на ўнутрымацерыковых раўнінах умераных і субтрапічных шырот.

Занальнасць геаграфічнай абалонкі як планетарная з’ява парушаецца процілеглай уласцівасцю — азанальнасцю. Пад азанальнасцю геаграфічнай абалонкі разумеецца распаўсюджанне нейкага аб’екта або з’явы па-за сувяззю з занальнымі асаблівасцямі дадзенай тэрыторыі. Прычына азанальнасці — неаднастайнасць зямной паверхні: наяўнасць мацерыкоў і акіянаў, гор і раўнін на мацерыках, своеасаблівасць умоў увільгатнення і інш. Існуюць дзве асноўныя формы праяўлення азанальнасці — сектарнасць геаграфічных паясоў і вышынная пояснасць. Сектарнасць (дыферэнцыяцыя па даўгаце) геаграфічных паясоў вызначаецца ўвільгатненнем. Вышынная пояснасць мае шмат агульнага з гарызантальнай занальнасцю. Аднак прыродныя паясы ў гарах мяняюцца значна хутчэй, чым прыродныя зоны на раўнінах.

iconКлуб знаўцаў-географаў. У Паўночным паўшар’і ў напрамку ад экватара да полюсаў тэмпература зніжаецца прыкладна на 0,5 °С на кожны градус шыраты (111 км), у той час як у гарах яна падае ў сярэднім на 0,6 °С на кожныя 100 м.

Вялікі ўплыў на вышынную пояснасць аказвае экспазіцыя схілаў гор. Паміж гарызантальнай занальнасцю і высотнай пояснасцю існуе цесная ўзаемасувязь. Гарызантальная занальнасць вызначае тып высотнай пояснасці. У кожнай гарызантальнай зоне горы валодаюць сваім наборам вышынных паясоў. Колькасць вышынных паясоў залежыць ад вышыні гор і іх месцазнаходжання. Чым вышэйшыя горы і чым бліжэй да экватара яны размешчаны, тым больш разнастайны ў іх спектр паясоў.

Прасторава-часавыя асаблівасці сучаснага функцыянавання і змянення геаграфічнай абалонкі. У цяперашні час глабальныя змены ў геаграфічнай абалонцы разглядаюцца як вынік натуральнай эвалюцыі Зямлі і антрапагеннага ўздзеяння. Эвалюцыю геаграфічнай абалонкі вызначае шэраг важных прыродных планетарных працэсаў (мал. 196-6).

img
Мал. 196-6. Прыродныя працэсы, якія вызначаюць эвалюцыю геаграфічнай абалонкі

У гісторыі Зямлі былі перыядычныя ваганні (чаргаванне актыўных і адносна спакойных тэктанічных эпох, планетарных трансгрэсій і рэгрэсій Сусветнага акіяна, ледніковых перыядаў і г. д.) і пастаянныя змены газавага складу атмасферы, планетарнага рэльефу, відавой разнастайнасці арганічнага свету, ландшафтаў і г. д. З’яўленне чалавека і паступовае ператварэнне яго ў «геалагічную сілу» парушылі раўнавагу і ўпарадкаванасць прыроды. Гаспадарчая дзейнасць чалавека стала істотна ўплываць на натуральнае развіццё геаграфічнай абалонкі, маштабы асваення і спосабы выкарыстання тэрыторыі Зямлі.

iconКлуб знаўцаў-географаў. Чалавек як біясацыяльны арганізм мае багатую гісторыю адносін з навакольным асяроддзем. Чалавецтва перажыло эпоху плейстацэнавых абледзяненняў, змяненне ўзроўню акіяна ад –100 да +50 м, экстрэмальныя ваганні сезонных тэмператур ад –80 да +45 °С, парніковы эфект, калі канцэнтрацыя вуглякіслага газу ў атмасферы была ў 1,5 раза вышэйшая, чым зараз.

Уздзеянне чалавека на геаграфічную абалонку падзяляецца на наўмыснае і ненаўмыснае.

Наўмыснае ўздзеянне адбываецца ў працэсе матэрыяльнай вытворчасці з мэтай задавальнення пэўных патрэб грамадства. Да наўмысных уздзеянняў адносяцца будаўніцтва гідраэлектрастанцый для патрэб энергетыкі і арашэння, высечка лесу для дрэваапрацоўчай прамысловасці або з мэтай пашырэння земляробчых плошчаў і г. д. Такія ўздзеянні з’яўляюцца аб’ектам эканомікі: яны плануюцца, фінансуюцца, кантралююцца, нармуюцца і г. д.

Ненаўмыснае ўздзеянне праяўляецца як пабочны эфект наўмыснага. Напрыклад, пры вытворчасці энергіі вылучаюцца сажа, газы — дыяксід вугляроду, сярністы ангідрыд і інш.

У пачатку XXI ст. уздзеянне чалавека на прыроднае асяроддзе дасягнула планетарных маштабаў і прывяло да значных змяненняў уласцівасцей, структуры і тэндэнцый развіцця геаграфічнай абалонкі.

icon Падвядзём вынікі. Асноўнымі ўласцівасцямі геаграфічнай абалонкі з’яўляюцца яе бесперапыннасць і ..., рух і ... ..., рытмічнасць, самарэгуляванне і абарачальнасць працэсаў, закон пераходу колькасці ў ..., геаграфічная занальнасць. Найбольш буйныя занальныя падраздзяленні геаграфічнай абалонкі — ... ... . Прыродныя зоны адрозніваюцца адна ад адной тыпамі ... і глеб, ..., ..., геахімічнымі і іншымі працэсамі. Уздзеянне чалавека на геаграфічную абалонку падзяляецца на ... і ... .

icon Праверым свае веды. 1. Якая будова характэрна для геаграфічнай абалонкі? 2. Якія ўласцівасці характэрны для геаграфічнай абалонкі? 3. Як чалавек уплывае на геаграфічную абалонку?

icon Ад простага да складанага. 1. Як вы разумееце ўласцівасць бесперапыннасці і адзінства геаграфічнай абалонкі? 2. Чым падобныя і чым адрозніваюцца гарызантальная і вертыкальная занальнасці? 3. Якія прыродныя і антрапагенныя фактары ў цяперашні час у большай ступені ўплываюць на змяненні ў геаграфічнай абалонцы?

icon Ад тэорыі да практыкі. 1. Якое практычнае значэнне маюць веды аб заканамернасцях развіцця геаграфічнай абалонкі? 2. Прывядзіце прыклады ўплыву прыродных фактараў і гаспадарчай дзейнасці чалавека на функцыянаванне геаграфічнай абалонкі ў вашай мясцовасці.

icon

Web-рэсурсы.
Універсальная навукова-папулярная анлайн-энцыклапедыя «Кругасвет».