ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ

Беларускі постмадэрнізм: творчыя асобы і жанры

Постмадэрні́зм — літаратурна-мастацкі напрамак, які склаўся ў другой палове ХХ стагоддзя ў еўрапейскіх літаратурах і заснаваны на свядомым, штучным, часта іранічным, гратэскна-сатырычным пераасэнсаванні творчых правіл, элементаў мінулай культуры, на своеасаблівай гульні-адмаўленні найперш рэалістычных прынцыпаў літаратуры.

У пачатку ХХІ стагоддзя адбылася перагрупоўка пісьменніцкіх сіл у Беларусі. Рэалістычны метад «адлюстравання жыцця ў формах жыцця» страціў сваё глабальнае дамінуючае значэнне ўжо ў канцы ХХ стагоддзя. У беларускай мастацка-культурнай прасторы пачала фарміравацца «нерэалістычная», авангардысцкая, постмадэрнісцкая літаратура, стваральнікамі якой станавіліся пераважна маладзейшыя літаратары. На іх творчасць вялікі ўплыў аказалі ідэі постмадэрнізму.  Эстэтыка постмадэрнізму свядома адмаўляла ўсё традыцыйнае, нацыянальна-класічнае. Пісьменнік-постмадэрніст дазваляў сабе ігнараваць усялякія правілы, прынцыпы творчасці, жанравыя законы і абмежаванні. Постмадэрністы не толькі адмаўлялі папярэднюю культуру і літаратуру, але і пісалі скептычныя творы-пераробкі (рэмейкі, рэмінісцэнцыі, іроніі) па матывах творчасці вядомых класікаў, пісьменнікаў мінулых эпох. У тэкстах постмадэрністаў прысутнічае дух палемікі з усімі і ўсім. Для творчай манеры прадстаўнікоў маладой генерацыі постмадэрністаў характэрны фрагментарнасць мыслення, цытатнасць, полістылістыка, спалучэнне неспалучальнага, змешванне культурных элементаў свету, успрыманне свету і навакольнага жыцця як мегатэксту.

Першымі творамі беларускага постмадэрнізму даследчыкі называюць раман У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і кнігу паэзіі А. Разанава «Каардынаты быцця». Але як новы літаратурны напрамак беларускі постмадэрнізм выразна акрэсліўся ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Гэта было звязана найперш з дзейнасцю літаб’яднанняў «Тутэйшыя», «Таварыства вольных літаратараў», «Бум-Бам-Літ». Маладыя літаратары намагаліся стаць творчай альтэрнатывай пісьменнікам старэйшага пакалення.

Большасць беларускіх пісьменнікаў-постмадэрністаў — гараджане, высокаадукаваныя людзі, многія з якіх скончылі ўніверсітэты і сталі ўжо вядомымі творцамі. Гэта Пятро Васючэнка, Алена Брава, Алесь Аркуш, Сяржук Мінскевіч, Алена Туровіч, Ігар Сідарук, Юрась Барысевіч, Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Дзмітры Плакс, Максім Шчур, Ігар Бабкоў, Ева Вежнавец і інш.

Многія творы постмадэрнізму прасякнуты ідэямі непазбежнай чалавечай адзіноты, бессэнсоўнасці быцця, страты сувязей паміж людзьмі, нават сямейных і родавых. Пісьменнікі-постмадэрністы часта дэманструюць гатоўнасць увогуле адмовіцца ад адлюстравання складанай рэчаіснасці. У паэзіі гэта выяўляецца ў фармальна-жанравым эксперыментатарстве, ва ўжыванні прыёмаў мантажу, канструявання, гульні слоў, цытатнасці пры стварэнні тэкстаў. Эксперыментальнае вершаванне некаторых творцаў маладзейшага пакалення стварае ўражанне, што іх вершатворчасць — гульня, інтэлектуальна-філалагічныя практыкаванні са словам, а не літаратурныя творы. Многія аўтары-постмадэрністы ідуць на творчыя эксперыменты з акустычнымі функцыямі слова, рэалізуюць гучанне беларускай мовы і спрабуюць стварыць менавіта гукавыя кампазіцыі, набліжаныя да музычнага мастацтва, дзе многа залежыць ад тэмпу, тэмбру, вышыні гучання, узроўню гучнасці. Такую паэзію называюць акустычнай, яе выкананне патрабуе практыкі — вуснага публічнага выступлення, часта відовішчаў, нават мастацкіх акцый і перформансаў.

Цікавым прыкладам акустычнай постмадэрнісцкай паэзіі могуць быць творчасць і дзейнасць пісьменніка і лінгваартыста Зміцера Вішнёва. Ён — аўтар маніфеста афрыканізму, у якім сцвяржае, што «афрыканізм — гэта свайго роду стадыя натхнення». Вядомы літаратуразнаўца М. Тычына лічыць, што ў творах З. Вішнёва, як і ў многіх сучасных эксперыментах постмадэрністаў са словам, адбываецца «вяртанне сучаснай мастацкай творчасці да свайго першабытнага стану, калі нашы продкі яшчэ не валодалі членараздзельнай мовай і ўсё яшчэ толькі-толькі пачыналася». У тэкстах З. Вішнёва, часта рытмічна арганізаваных як верш, немагчыма адшукаць звыклыя логіку і сэнс:

фікусы кактусы шматкусы
крокусы сідарукасы мускусы
клопусы тараканусы біфштэкусы
я лячу як аэраплан…

Алітэра́цыя (ад лац. aol — 'к, пры', littera — 'літара') — від гукапісу, паўтарэнне зычных гукаў для дасягнення мастацкай вобразнасці.

У падобных творах свядома парушаны ўяўленні пра моўныя нормы і звычайную логіку тэксту. У сваіх творах З. Вішнёў выкарыстоўвае прыёмы фонасемантыкі, асанансаў, алітэрацый, каламбурнай рыфмы: «Тамтамы на ботах, як бажкі. Баліць у мяне башка. Шкло і бітум сыплюцца з вагонаў. Вось гэткія гоны» («Я сноўдаюся па дне марской лагчыны…»).

Эксперыменты з гукавой структурай тэксту сустракаюцца ў творчасці Сяржука Мінскевіча. Пры шматразовым паўторы словаформы пераходзяць адна ў адну, адбываецца ўзмацненне семантыкі выказвання. Так, напрыклад, арыгінальна і нешматслоўна аўтар у творы «Ваколіцы Браслава» расказваў пра Браслаўскі край, знакаміты мноствам азёр і лясоў. Паэт пабудаваў выказванне пры дапамозе прыёму паўтарэння, каб падкрэсліць мноства, вялікую колькасць бароў, рыбы, рыбакоў. Шчодрасць і багацце краю падкрэсліваецца словам «бяры»:

БАРЫбарыбарыбарыБЯРЫбарыбаРЫБАрыбары-
БарыБЯРЫбарыбарыБАРЫ…

Адметнай з’явай у творчасці беларускіх паэтаў-постмадэрністаў стала ўжыванне трасянкі — спалучэнне агульнаўжывальнай лексікі з прастамоўнымі выразамі і нават вульгарызмамі. Такім чынам, відавочна, творцы выказваюць свае крытычныя адносіны да адмаўлення беларусаў размаўляць на правільнай роднай мове. У трасянцы змешаны формы беларускай і рускай моўных сістэм: дамінуюць беларуская фанетыка і інтанацыі, паблытаны беларуская і руская лексіка, граматычныя нормы. «Негатыўная ідэнтыфікацыя героя» падкрэслівае яго аддаленасць ад сапраўдных культурных каштоўнасцей. Такія тэксты ёсць у паэтаў-постмадэрністаў Юркі Гуменюка, Усевалада Гарачкі, Сяргея Прылуцкага, Марыі Мартысевіч, Лявона Вольскага, Міхаіла Анемпадыстава, Паўла Гарадніцкага, Дзяніса Тарасенкі і інш. Папулярныя сучасныя беларускія рок-калектывы «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», «РСП» («Разбітае сэрца пацана») кладуць на музыку такія тэксты. Вось прыклады з вершаў Л. Вольскага: 

Я вас любіў, любоў яшчэ
У душы пагасла не вабшчэ.
І апроч вас яшчэ люблю
Ваду, і неба, і зямлю…
                            («Люблю»)

У прозе і драматургіі постмадэрнісцкая эстэтыка часта выяўляецца ў матывах чалавечай адзіноты і безвыходнасці, адчуванні свету як хаосу, у стварэнні абсурдных сітуацый, у заглыбленым даследаванні псіхікі героя, часавай і прасторавай нявызначанасці падзей, у парадзіраванні мовы і традыцыйных жанраў, калажнасці апавядальнай канвы тэксту, у жаданні аўтара схавацца за маску апавядальніка. Такія прыметы можна знайсці ў прыпавесцях В. Быкава, творах Ю. Станкевіча, Л. Рублеўскай, А. Федарэнкі, А. Наварыча, І. Сідарука, П. Васючэнкі і інш.

Маладыя творцы наладжвалі шматлікія паэтычныя імпрэзы, імкнуліся стварыць новую масавую літаратуру: узяліся за стварэнне беларускамоўных коміксаў, пісалі тэксты для рок-гуртоў, друкавалі калектыўныя падборкі твораў у газетах і часопісах. У іх творах ставілася праблема нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.

У гэты час актывізавалася літаратурна-культурнае жыццё ў рэгіёнах Беларусі. Цікавае і актыўнае творчае асяроддзе склалася ў Полацку, Гродне, Брэсце і іншых гарадах. Утвараліся розныя літаратурныя аб’яднанні, суполкі. Іх дзейнасць была накіравана на абнаўленне літаратурнага працэсу, яго творчых прынцыпаў, пошукі новых жанравых форм, разбурэнне кансерватыўных канонаў сацрэалістычнай літаратуры, сцвярджэнне права пісьменніка на мастацка-творчыя эксперыменты. Творчая моладзь (Эдуард Акулін, Алесь Бадак, Сяргей Вераціла, Павел Бурдыка, Адам Глобус, Анатоль Дэбіш, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка, Юрась Барысевіч, Зміцер Вішнёў, Вольга Гапеева, Ілля Сін і інш.) прэтэндавала на вядучую ролю ў сучасным літаратурным працэсе Беларусі.

Дынаміку і адметнасць сучаснага літаратурнага працэсу ў пэўнай меры адлюстроўваюць літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Бярозка» і інш. Названыя часопісы выяўляюць бягучую літаратурную сітуацыю, бо ў адпаведнасці з часам мяняюцца і прыярытэты выданняў. «Полымя» адрасуецца больш дарослым чытачам, а часопіс «Маладосць» аддае перавагу творам маладых таленавітых аўтараў і разлічаны на адпаведную чытацкую аўдыторыю.

Беларуская літаратура мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў развіваецца ў адкрытай, інфармацыйна насычанай прасторы сусветнай культуры, у кантэксце разнаякасных філасофска-эстэтычных уплываў. Літаратурны працэс сучаснасці — з’ява шматузроўневая. Жанравы абсяг дастаткова разнастайны. Танальнасць, змест, тэматыка сённяшняй літаратуры ўвесь час мяняюцца, рухаюцца, удакладняюцца. Пачынаючы з 1990-х гадоў мінулага стагоддзя назіраецца актыўная змена літаратурных прыярытэтаў. Творчасць маладых пісьменнікаў вызначаецца жанравым сінтэтызмам, стылёвай разнастайнасцю. Гэта заканамернасць назіраецца ў многіх літаратурах свету ў перыяды гістарычнага пералому. Творцы ж «новай хвалі» часта ігнаруюць рэальнасць, ствараюць сваё, новае бачанне свету. Літаратура ва ўмовах новай грамадска-культурнай сітуацыі прадстаўляе новую канцэпцыю свету і чалавека ў ім, дэманструе новыя ўзоры мастацкага пісьма.

Але і рэалізм як тып творчасці, як мастацкая сістэма не страціў сваіх пазіцый у беларускай літаратурнай прасторы мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў. Пра гэта сведчаць раманы У. Гніламедава, проза В. Казько, В. Карамазава, Г. Марчука, В. Быкава, А. Кудраўца і інш. Аднак ніякі пералік мастацкіх плыняў, ідэйна-эстэтычных напрамкаў не дае вычарпальнае ўяўленне пра сучасны беларускі літаратурны працэс і яго шматаспектнасць. Але несумненна, што лепшыя творы айчыннай літаратуры даносяць сучаснаму чытачу нацыянальны характар і светаадчуванне беларускага народа, які арыентуецца не на «філасофію хаосу», а на духоўна напоўненае, гарманізаванае жыццё. «…Сённяшнія творы многіх беларускіх пісьменнікаў — незалежна ад узросту і мастацкіх зацікаўленняў — паўстаюць спробамі пабудаваць тут і зараз такі беларускі свет, які здолеў бы супрацьстаяць любым дзівосам сучаснага быцця» (І. Шаўлякова).