ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ

Творчасць пісьменнікаў-землякоў

Па ўсёй нашай краіне плённа працуюць пісьменнікі. З удзелам паэтаў, празаікаў, дзіцячых пісьменнікаў праходзяць сустрэчы ў бібліятэках, установах адукацыі, на прадпрыемствах, у воінскіх падраздзяленнях. Творцы імкнуцца далучыць чытачоў да лепшых узораў літаратурнай класікі, пазнаёміць са сваёй творчасцю, падзяліцца духоўным скарбам, які нясе ў сабе кніга.

У кожнага чалавека ёсць на зямлі свой ціхі, запаветны куток, які называецца малой радзімай. Куток, дзе адзвінела, адцвіло шчаслівае, бесклапотнае дзяцінства. Дзе прамільгнула, як знічка, як ластаўчына крыло, юнацтва. Дзе ўзышла казачная вясёлка першага кахання. Пісьменнікі з любоўю і замілаваннем расказваюць у творах пра сваю Бацькаўшчыну.

Звяртаючыся да тэмы малой радзімы, сучасныя аўтары плённа выкарыстоўваюць мясцовы краязнаўчы матэрыял. Такім чынам з’яўляюцца новыя выданні, якія адкрываюць невядомыя старонкі гісторыі родных мясцін, знаёмяць чытача з вядомымі асобамі. Напрыклад, знакаміты пісьменнік Уладзімір Ліпскі (нар. у 1940) кнігу «Мая Беларусь» назваў аповесцю-споведдзю. Аўтар з асаблівым пачуццём успамінае сваю малую радзіму: «Вёсачка Шоўкавічы на Палессі — Божы куточак Беларусі. Тут мяне люляла мама. Калыханку спявалі вятры і птушкі. Узоры на вокнах малявалі маразы. Агонь у печы дарыў цяпло». Папулярныя кнігі пісьменніка — «Я: праўдзівы аповед пра твой і мой радавод», «Мама. Малітва сына», «Мы: аповесць пра нашы прозвішчы» і інш. Уладзімір Ліпскі — аўтар твораў, якія заахвочваюць чытача звяртацца да сваіх жыццёвых вытокаў.

Самааддана служыць роднай зямлі Ігар Пракаповіч (нар. у 1960). Пісьменнік вядомы як нястомны краязнавец, які вядзе руплівы пошук сведчанняў гістарычнага мінулага сваёй Бацькаўшчыны. Ён нарадзіўся ў горадзе Паставы Віцебскай вобласці. У «падарожнай кніжыцы» пад назвай «Пастаўшчына» аўтар запрашае чытача ў вандроўку па найбольш цікавых мясцінах сваёй малой радзімы.

Пісьменнікпрацуеўжанрахпрозы,драматургіі,займаеццаперакладамі. У сваіх шматлівых зборніках («Рэха малітваў», «Намагнічаны космас», «Шляхі наканаванага бязмежжа», «Я Вас каханнем растрывожу…» і інш.) ён імкнецца перадаць сваю любоў да радзімы нашчадкам, каб яны ведалі свае карані, адчувалі сваю прыналежнасць да багатых духоўных скарбаў беларусаў.

Тэма краязнаўства прыярытэтная ў творчасці пісьменніка Алеся Карлюкевіча (нар. у 1964), малая радзіма якога — Пухаўшчына. Ён аўтар кніг «За Цітаўкаю — Слабада», «Літаратурная карта Пухаўшчыны», «Далёкія і блізкія суродзічы», «Сцежкамі Ігуменшчыны», «Старонкі радзімазнаўства: Мясціны. Асобы: краязнаўчыя нарысы» і інш.

З удзелам Алеся Карлюкевіча і з дапамогай многіх іншых аўтараў тэма краязнаўства ўзнялася да ўзроўню радзімазнаўства — нацыянальнай годнасці і гонару беларусаў. Цікавасць да радзімазнаўства ў беларускай літаратуры ўсё больш узрастае. Выданні такога кшталту ў многім становяцца сямейным чытаннем, падштурхоўваюць да вывучэння ўласнага радаводу.

Шмат увагі тэме малой радзімы надае ў сваёй творчасці Алесь Казека, (нар. у 1958 годзе ў вёсцы Новы Юзін Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці). Яго паэзія захапляе сваёй шчырасцю і адкрытасцю. Кранаюць лёсы людзей, якія перажылі суровыя часы, але змаглі захаваць чалавечнасць, годнасць, веру ў лепшае. Паэт вядомы сваімі паэмамі «Шлях», «Медуніца», «Марыйка» і інш. У аснову паэмы «Марыйка» ляглі падзеі знішчэння фашыстамі вёскі Боркі ў Кіраўскім раёне летам 1943 года. За сімвалічным вобразам Марыйкі, якая цудам уцалела, паўстае маці паэта, на той час 14-гадовая дзяўчына. Гэта фактычна твор — рэквіем па ўсіх спаленых вёсках, заклік берагчы мір.

У зборніках А. Казекі «Час сяўбы», «Маё сэрца навек застаецца з табой», «Песня роднай зямлі» і іншых закранаюцца самыя актуальныя праблемы сучаснага грамадства: неабходнасць адраджэння гістарычнай памяці, захаванне сапраўдных маральных каштоўнасцей, важнасць аховы навакольнага асяроддзя.

У зборніках паэзіі Людмілы Кебіч «Па музычных законах», «На беразе белай ракі», «Ключы ад Неба», «Светач мастацтва» «Бэзавы дом» паўстаюць маляўнічыя карціны родных мясцін. Паэтэса нарадзілася ў 1951 годзе ў г. п. Краснасельскі (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). Радзіма малая і вялікая — гэта магістральная тэма яе паэзіі, дзе ўслаўляецца не толькі прыгажосць роднай зямлі (вуліцы Гродна, старажытная Каложа, Нёман), але і яе людзі — працавітыя і высокамаральныя. Яны з’яўляюцца прыкладам для будучых пакаленняў. Людміла Кебіч звяртаецца да тэмы барацьбы дабра і зла ў паўсядзённым жыцці (вершы «Трэба сеяць», «Плач душы» і інш.), пры гэтым заўсёды імкнецца знайсці выйсце са складанай сітуацыі. Гэта паэзія чысціні, аптымізму і чуласці.

Любым куточкам для Зіновія Прыгодзіча (нар. у 1944) стала вёска Лышча, што на Піншчыне. «Яна заўсёды і ўсюды ў маёй душы, — прызнаецца пісьменнік. — На вялікіх і малых дарогах. Яна са мною ў маіх радасцях і трывогах, у маіх клопатах і памкненнях. Бацькоўскай хатай, матчынай усмешкай яна прыплывае ў мае сны». І не толькі ў сны, але і ў літаратурныя творы. Аповесць «Журавы на далёкай пойме» (пры перавыданні кніга займела другую назву — «Журба мая светлая») якраз і пабудавана пераважна на мясцовым матэрыяле і прысвечана моладзі, станаўленню яе грамадзянскіх і інтымных пачуццяў.

Яшчэ больш глыбока распрацавана тэма малой радзімы ў аповесці «Ноч перад нядзеляю». У ёй аўтар закрануў вострыя праблемы сучаснай вёскі, складаныя сямейныя калізіі, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, паказаў багацце і прыгажосць духоўнага свету старэйшага пакалення.

Аповесць «Над Вісліцай» дакументальная. Яна цалкам прысвечана малой радзіме. Тут расказваецца пра гераічнае і трагічнае мінулае, багатую і супярэчлівую сучаснасць глыбіннай палескай вёскі Лышча і навакольных населеных пунктаў: Лагішын, Парэчча, Пагост-Загародскі, пра іх таленавітых і працавітых жыхароў. Па форме кніга ўяўляе сабой своеасаблівае падарожжа на Піншчыну, па змесце — гэта цікавы, пазнавальны аповед пра адзін з унікальных куточкаў Беларускага Палесся.