Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945)
Патрыятычная публіцыстыка як самы аператыўны жанр ваеннай пары
Актуальныя творы сталі з’яўляцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Палымяныя артыкулы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Міхася Лынькова друкаваліся на старонках газет, гучалі па радыё, на мітынгах.
Фельетон (ад фр. feuille — ‘ліст, лісток’) — жанр мастацкай публіцыстыкі, які мае пераважна сатырычную накіраванасць і спалучае надзённасць і насычаную вобразнасць, дакументальную дакладнасць і высокі эмацыянальны накал. |
Выразную сатырычную накіраванасць мелі фельетоны Кузьмы Чорнага «Далікацтва каля вісельні», «Выхваляўся, выхваляўся ды і здох», якія склалі зборнік «Кат у белай манішцы».
У жанрах празаічнага памфлета і фельетона выступалі таксама Якуб Колас («Гітлер і чарадзей»), Кандрат Крапіва («Апошняя пасылка», «Ёлкі і палкі», «Наглядная геаграфія»). Пісьменнікі звярталіся да народа з заклікам знішчаць ненавіснага ворага. У франтавых перыядычных выданнях змяшчаліся выступленні, у якіх высмейваліся фашысты і іх памагатыя. У некаторых артыкулах («Народная нянавісць» Кузьмы Чорнага, «Тройка за тройкай» Міхася Лынькова і інш.) прыведзены факты ваеннага жыцця, дадзена вывераная народнай мараллю ацэнка.
Сатыра ваеннага часу, найперш вершаваная, развівалася разам з іншымі жанрамі. Напачатку плакатныя пародыі, фельетоны, байкі, сатырычныя вершы, прыпеўкі, эпіграмы насычаліся канкрэтнымі падрабязнасцямі, якія рабілі іх дакументальна дакладнымі. У сатырычным рэчышчы актыўна працавалі шматлікія беларускія паэты і празаікі (Пімен Панчанка, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Анатоль Астрэйка, Максім Лужанін, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны, Валянцін Таўлай).
Аднак асаблівая роля ў развіцці сатырычных жанраў належыць Кандрату Крапіве — аўтару дасціпных вершаў і баек і рэдактару газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў Максім Танк, які змагаўся з ворагам сваёй пісьменніцкай зброяй — трапнымі подпісамі пад карыкатурай, сатырычным апавяданнем, фельетонам і палымянымі вершамі.