§ 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ

Глабалізацыя і глабальныя гарады. На пачатку XXI ст. сусветная гаспадарка набывае новыя рысы, адной з якіх з’яўляецца глабалізацыя.

Пад глабалізацыяй сусветнай гаспадаркі разумеюць працэс фарміравання і наступнага развіцця агульнасусветнай фінансава-эканамічнай, палітычнай, сацыяльна-культурнай, інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы.

Вылучаюць тры асноўныя формы глабалізацыі — эканамічную, палітычную і культурную. Эканамічная глабалізацыя выяўляецца ў фарміраванні адзінай сусветнай эканамічнай прасторы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Нягледзячы на відавочныя перавагі глабалізацыі сусветнай гаспадаркі, яна праяўляецца і ў негатыўных формах. Напрыклад, утварэнне сусветнага фінансавага рынку робіць слабымі ўсе краіны да глабальных фінансавых крызісаў. Фарміраванне агульнай сацыяльнай прасторы спрыяе распаўсюджванню злачыннасці, міжнароднага тэрарызму. Развіццё масавай інтэрнацыянальнай культуры прыводзіць да страты традыцый многіх народаў.

Паразважаем. Як глабалізацыя ўплывае на маё жыццё? Глабалізацыя: «за» і «супраць».

У выніку глабалізацыі асобныя гарады свету пачынаюць выступаць агульнасусветнымі фінансавымі, палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі цэнтрамі. Такія гарады атрымалі назву глабальных.

Глабальны горад — гэта постындустрыяльны цэнтр, інтэграваны ў сусветную гаспадарку і які з’яўляецца важным элементам сусветнай эканамічнай сістэмы.

Асноўнымі прыкметамі глабальнага горада з’яўляюцца: 1) адносна вялікая колькасць насельніцтва; 2) наяўнасць штаб-кватэр найбуйнейшых ТНК і міжнародных эканамічных арганізацый; 3) адносная незалежнасць ад нацыянальнага палітычнага кіраўніцтва; 4) горад павінен быць сусветным фінансавым, транспартным і камунікацыйным вузлом; 5) высокаразвітая сфера паслуг.

У сусветнай гаспадарцы існуе тры групы глабальных гарадоў: 1) альфа (α) — вядучыя; 2) бэта (β) — галоўныя; 3) гама (γ) — другарадныя (мал. 103).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа і матэрыялы вучэбнага дапаможніка, прывядзіце па тры прыклады альфа-, бэта- і гама-гарадоў. У чым заключаюцца адрозненні паміж групамі гэтых гарадоў?

Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, у свеце ў цяперашні час налічваецца больш за 150 глабальных гарадоў розных рангаў. Геаграфічна яны знаходзяцца ва ўсіх рэгіёнах свету, але найбольшая іх колькасць сканцэнтравана ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Азіі. Да вядучых адносіцца 48 глабальных гарадоў, сярод якіх гістарычнымі і сучаснымі лідарамі выступаюць Нью-Ёрк, Лондан, Парыж, Токіа, Ганконг. Разам з імі Дубай (мал. 104), Сінгапур, Шанхай і Сіднэй таксама фарміруюць Клуб глабальнай урбаністычнай эліты свету.

Падвядзём вынікі. У фарміраванні сусветнай гаспадаркі вылучаюць ... этапы. Сусветная гаспадарка ўключае тры сектары: ..., ..., ... . Вылучаюць тры прасторавыя мадэлі сусветнай гаспадаркі: ..., ..., ... . У развіцці сусветнай гаспадаркі вылучаюць тры асноўныя стадыі: ..., ... і ... . Пад глабалізацыяй сусветнай гаспадаркі разумеюць працэс фарміравання і наступнага развіцця агульнасусветнай фінансава-эканамічнай, палітычнай, сацыяльна-культурнай, інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы. Вылучаюць тры асноўныя формы глабалізацыі — ..., ... і ... . Глабальны горад — гэта постындустрыяльны цэнтр, які з’яўляецца .... .

Праверым свае веды. 1. Якія этапы фарміравання характэрныя для сусветнай гаспадаркі? 2. Якія вылучаюць віды структур сусветнай гаспадаркі? 3. Якія прасторавыя мадэлі характэрныя для сусветнай гаспадаркі? 4. Што такое глабальны горад?

Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце калаж «Міфы аб глабалізацыі», выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі. 2. Падбярыце некалькі афарызмаў да тэрміна «сусветная гаспадарка».

Ад тэорыі да практыкі. Напішыце сачыненне-разважанне на тэму «Я жыву ў глабальным горадзе».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Афіцыйны сайт Сусветнага банка.