*§ 14-2. МІЖНАРОДНЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ СІСТЭМЫ ААН ПА СУПРАЦОЎНІЦТВЕ Ў ЭКАНАМІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ААН) з'яўляецца галоўнай міжнароднай арганізацыяй па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі і забеспячэнню міжнароднага супрацоўніцтва па вырашэнні міжнародных эканамічных, сацыяльных, культурных і гуманітарных праблем.

Сістэма ААН складаецца з 17 спецыялізаваных арганізацый і шэрагу праграм, саветаў і камісій. Сярод спецыялізаваных вылучаюцца арганізацыі, якія непасрэдна забяспечваюць рэгуляванне асноўных эканамічных працэсаў сусветнай гаспадаркі. Да іх ліку адносяцца: Група Сусветнага банка, Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА), Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ФАО) (мал. 104-5).

Мал.
Мал. 104-5. Асноўныя спецыялізаваныя арганізацыі сістэмы ААН
па рэгуляванні эканамічных праблем

Сусветны банк, заснаваны ў 1945 г., ставіць перад сабой дзве мэты: выкараненне крайняй беднасці і забеспячэнне дабрабыту ўсяго чалавецтва. Важным укладам Сусветнага банка ў маніторынг сусветнага развіцця з'яўляецца прадастаўленне штогадовых статыстычных даных па эканамічных і сацыяльных паказчыках па ўсіх краінах свету. Даныя публікуюцца штогод і з'яўляюцца самымі рэпрэзентатыўнымі і аўтарытэтнымі ў свеце.

Канферэнцыя ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), заснаваная ў 1964 г., адыгрывае ў сістэме ААН ролю каардынацыйнага цэнтра па праблемах развіцця і сумежных пытаннях гандлю, фінансаў, тэхналогій, інвестыцый і ўстойлівага развіцця. Яе галоўная мэта — садзейнічанне інтэграванню краін, якія развіваюцца, і краін з пераходнай эканомікай у сусветную эканоміку і іх развіццю праз гандаль і інвестыцыі. ЮНКТАД мае ўнікальную базу даных UNCTADSTAT па міжнародным гандлі краін па асобных галінах і краінах свету (мал. 104-6).

Мал.
Мал. 104-6. Інтэрфейс базы даных UNCTADSTAT

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) упаўнаважана садзейнічаць міжнароднаму прамысловаму супрацоўніцтву і фарміраванню канкурэнтаздольнай і экалагічна ўстойлівай прамысловасці. Гэтыя мэты адыгрываюць вырашальную ролю ў паскарэнні эканамічнага росту, барацьбе з галечай і дасягненні Мэт у галіне развіцця, сфармуляваных у Дэкларацыі тысячагоддзя (МРТ). Істотным укладам ЮНІДА ў сусветнае развіццё з'яўляецца распрацоўка Міжнароднай стандартнай галіновай класіфікацыі відаў эканамічнай дзейнасці (МСГК). На яе аснове ў ЮНІДА створана ўнікальная статыстычная база па галінах прамысловасці свету. Яна з'яўляецца самай аўтарытэтнай і рэпрэзентатыўнай пры вывучэнні сусветнай гаспадаркі (мал. 104-7).

Мал.
Мал. 104-7. Інтэрфейс базы даных UNIDO

Праграма Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) была створана ў 1972 г. Яе мэта — забеспячэнне кіраўніцтва і заахвочванне партнёрства ў галіне беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя шляхам паляпшэння якасці жыцця дзяржаў і народаў без шкоды для будучых пакаленняў. ЮНЕП распрацоўвае глабальную экалагічную праграму, садзейнічае рэалізацыі прыродаахоўнага складніка ўстойлівага развіцця ў рамках сістэмы ААН, няўхільна выступае ў абарону прыроднага асяроддзя зямнога шара.

ЮНЕП валодае ўнікальнай інфармацыйнай базай па біялагічнай разнастайнасці свету і яго захаванні, ахове мораў і акіянаў, змяненні клімату, апустыньванні і іншых пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя Аб'яднаных Нацый (ФАО) была створана ў 1945 г. і з'яўляецца спецыялізаванай установай, якая ўзначальвае міжнародныя намаганні па барацьбе з голадам. Мэта арганізацыі — забеспячэнне харчовай бяспекі для ўсіх.

У ФАО створана ўнікальная статыстычная база па сельскагаспадарчай вытворчасці свету ў разрэзе галін, відаў эканамічнай дзейнасці і краін (FAOSTAT). Яна з'яўляецца самай аўтарытэтнай і рэпрэзентатыўнай пры вывучэнні ў сусветнай гаспадарцы геаграфіі сельскай гаспадаркі (мал. 104-8).

Мал.
Мал. 104-8. Інтэрфейс базы даных FAOSTAT

Свет і Беларусь. Членам якіх з вышэйпрадстаўленых міжнародных арганізацый з'яўляецца Рэспубліка Беларусь?