Печатать книгуПечатать книгу

§ 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ

Успамінаем. Якія фактары і падзеі спрыялі фарміраванню сучаснай сусветнай гаспадаркі? Якія паказчыкі адлюстроўваюць узровень сацыяльна-эканамічнага развіцця краін? Чым адрозніваюцца эканомікі развітых краін і краін свету, якія развіваюцца? Якія галіны ў структуры сусветнай гаспадаркі адрозніваюцца найбольшай дынамічнасцю ў сваім развіцці?

Для чаго мы гэта вывучаем? Як вызначыць узровень удзелу краіны ў сусветнай гаспадарцы? У чым выяўляецца глабалізацыя сусветнай гаспадаркі? Падумайце, галіной дзейнасці якіх спецыялістаў з’яўляецца вывучэнне развіцця сусветнай гаспадаркі. Праблемы развіцця сусветнай гаспадаркі — гэта праблемы спецыялістаў толькі эканамічных прафесій або якіх-небудзь іншых?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Геаграфія. 10 клас
Книга: § 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 00:53

Этапы фарміравання сусветнай гаспадаркі. Сусветная гаспадарка ўяўляе з сябе сукупнасць нацыянальных гаспадарак, якія дынамічна развіваюцца, і галін, што ўваходзяць у іх і звязаны паміж сабой сусветнымі эканамічнымі адносінамі на аснове міжнароднага падзелу працы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Сусветная гаспадарка прайшла некалькі этапаў. Першы этап, які ахоплівае перыяд да XV ст., называецца перадгісторыяй сусветнай гаспадаркі і характарызуецца зараджэннем сусветнага гандлю. Жыхары Старажытнага Егіпта (мал. 96) гандлявалі з суседнімі плямёнамі, купляючы ў іх драўніну, метал, жывёлу ў абмен на прадукты рамяства і земляробства. З XV ст. да першай паловы XVII ст. — другі этапэтап зараджэння сусветнай гаспадаркі. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў сфарміраваўся гандлёвы «залаты трохвугольнік» (мал. 97) паміж Старым і Новым Светам. З Еўропы ў Афрыку везлі тканіны, зброю, напоі; з Афрыкі ў Амерыку — «жывы тавар» (рабоў для працы на плантацыях і ў рудніках); з Амерыкі ў Еўропу — каву, цукар, каштоўныя металы, бавоўну і інш. Трэці этап ахопліваў першую палову XVII — пачатак XIX ст. і быў звязаны з пераходам ад мануфактуры да машыннай вытворчасці. На заключным чацвёртым этапе — з XIX ст. да пачатку ХХ ст. — у сусветнай гаспадарцы былі сфарміраваны тры асноўныя яе часткі: сусветны рынак, буйная машынная індустрыя і транспарт. У выніку гэты этап атрымаў назву завяршэння фарміравання сусветнай гаспадаркі.

Структура сусветнай гаспадаркі ўяўляе з сябе сістэму нацыянальных рынкаў тавараў, паслуг, капіталаў, інтэрнацыяналізацыі вытворчасцей і інтэграцыйных аб’яднанняў, міжнародных фінансавых цэнтраў. Сусветная гаспадарка традыцыйна ўключае тры сектары. У трацічным сектары ва ўмовах постындустрыялізацыі сталі вылучаць чацвярцічны сектар (мал. 98). Вылучаюць галіновую і прасторавую структуры сусветнай гаспадаркі.

Галіновая структура сусветнай гаспадаркі — гэта сукупнасць яе частак (галін, падгалін, відаў эканамічнай дзейнасці), якія гістарычна склаліся ў выніку грамадскага падзелу працы.

Дадзеная структура вызначаецца доляй асобных галін, падгалін, відаў эканамічнай дзейнасці ў агульным аб’ёме вытворчасці. Структура занятасці насельніцтва таксама характарызуе галіновую структуру гаспадаркі (мал. 99).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па структуры занятасці насельніцтва можна вызначыць узровень эканамічнага развіцця краін? З якіх прадметных абласцей вы сёння выкарыстоўваеце веды пры засваенні вучэбнага матэрыялу?

Па галіновай структуры можна вызначыць тып краіны (напрыклад, аграрны, індустрыяльны, постындустрыяльны). Для аграрнага тыпу характэрна перавага сельскай гаспадаркі. Ён прадстаўлены ў невялікай колькасці найменш развітых краін. Напрыклад, у Эфіопіі, дзе больш за 80 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Індустрыяльны тып характарызуецца вялікай доляй прамысловасці. Гэты тып прадстаўлены, напрыклад, у Алжыры, Кувейце, Мексіцы. Постындустрыяльнай структуры ўласціва перавага паслуг над матэрыяльнай вытворчасцю, што характэрна для найбольш развітых краін. Напрыклад, для Францыі, Аўстрыі.

Свет і Беларусь. Успомніце галіновую структуру гаспадаркі Беларусі і параўнайце яе з сярэднесусветнымі паказчыкамі.

Прасторавая структура сусветнай гаспадаркі адлюстроўвае прапорцыі паміж краінамі па іх эканамічнай моцы на аснове валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Існуюць тры прасторавыя мадэлі сусветнай гаспадаркі.

Двухчленная мадэль заснавана на падраздзяленні сусветнай гаспадаркі на эканамічна развітыя краіны і краіны, якія развіваюцца (краіны Поўначы і краіны Поўдня адпаведна) (мал. 100).

Трохчленная мадэль адпавядае дзяленню сусветнай гаспадаркі на краіны развітыя, якія развіваюцца, з пераходнай эканомікай. Развітыя краіны вырабляюць 69 % валавога сусветнага прадукту, краіны, якія развіваюцца, — 27 % і краіны з пераходнай эканомікай — 4,0 %. Згодна з гэтай мадэллю вылучаюць таксама краіны Цэнтра, Перыферыі і Паўперыферыі (мал. 101).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Пад краінамі Цэнтра разумеюць высокаразвітыя дзяржавы Поўначы з постындустрыяльнай эканомікай (напр., ЗША, Японія), якія валодаюць вялікім капіталам, найноўшымі тэхналогіямі, высокакваліфікаванымі працоўнымі рэсурсамі. Да Перыферыі адносяць краіны, якія развіваюцца, з перавагай або аграрнай структуры, або пачатковай індустрыяльнай, з распаўсюджваннем беднасці і голаду, з нізкакваліфікаванай працоўнай сілай (напр., Кенія, Афганістан). У склад Паўперыферыі ўваходзяць краіны, якія развіваюцца, са сфарміраванай індустрыяльнай структурай (напр., Індыя, Кітай), а таксама постсацыялістычныя дзяржавы.

Мнагачленая (дзесяцічленная) мадэль адлюстроўвае прапорцыі паміж дзесяццю асноўнымі краінамі па эканамічнай моцы. Галоўным яе паказчыкам з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (па парытэце пакупной здольнасці — ППЗ).

Пад парытэтам пакупной здольнасці разумеюць адносіны паміж дзвюма валютамі розных краін, якія былі разлічаны на аснове іх пакупной здольнасці адносна пэўнага набору тавараў і паслуг.

Напрыклад, калі адзін і той жа набор спажывецкіх тавараў і паслуг ва Украіне каштуе 500 грывень, а ў ЗША — 100 долараў, то парытэт пакупной здольнасці складае 5 грывень на 1 долар. Гэта азначае, што на 5 грывень ва Украіне можна купіць столькі ж, колькі на 1 долар у ЗША, ці наадварот.

Лідзіруючыя пазіцыі ў гэтай мадэлі па даных за 2018 г. належаць Кітаю (25,3 трлн дол.), ЗША (20,5), Індыі (10,5 трлн дол.), Японіі і Германіі. У цэлым на фоне вялікай Перыферыі ў сусветнай гаспадарцы сфарміравалася тры магутныя эканамічныя цэнтры — Еўрапейскі, Паўночнаамерыканскі і Усходне-Азіяцкі.

Пад тэрытарыяльнай структурай гаспадаркі разумеюць сукупнасць узаемна размешчаных і сучлененых тэрытарыяльных элементаў гаспадаркі, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні ў працэсе развіцця і функцыянавання.

Элементамі выступаюць, напрыклад, населеныя пункты (агламерацыі), прамысловыя раёны, асноўныя транспартныя магістралі, якія вызначаюць геаграфічны малюнак гаспадарчай дзейнасці.

У выніку фарміравання тэрытарыяльнай структуры гаспадаркі фарміруюцца чатыры тыпы эканамічных раёнаў (мал. 99-1).

Мал.
Мал. 99-1. Тыпы эканамічных раёнаў

Стадыі развіцця сусветнай гаспадаркі. У развіцці сусветнай гаспадаркі вылучаюць тры стадыі: даіндустрыяльную (аграрную), індустрыяльную і постындустрыяльную. Даіндустрыяльная стадыя характарызуецца перавагай ручной працы, вельмі нізкімі тэмпамі развіцця вытворчасці, якая можа задавальняць патрэбы людзей толькі на мінімальным узроўні. Большая частка насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Індустрыяльная стадыя характарызуецца масавай вытворчасцю, механізацыяй і аўтаматызацыяй працы, развіццём рынку тавараў і паслуг. У індустрыяльнай структуры пераважае прамысловасць. Постындустрыяльная стадыя характарызуецца шэрагам адметных прыкмет (мал. 102).

Доля сферы паслуг у структуры валавога сусветнага прадукту дасягае 70 %. Па меры развіцця сусветнай гаспадаркі адбываецца памяншэнне колькасці краін, якія знаходзяцца на аграрнай стадыі, павелічэнне — якія ажыццявілі пераход да постындустрыяльнай стадыі, і дамінаванне — якія былі на індустрыяльнай стадыі.

*Асноўныя тэндэнцыі развіцця сусветнай гаспадаркі ў XXI стагоддзі. У канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. сусветная гаспадарка ўступіла ў якасна новы этап свайго развіцця. Ён адрозніваецца ўзмацненнем эканамічнага ўзаемадзеяння і ўзаемазалежнасці, інтэрнацыяналізацыяй гаспадарчага жыцця паміж краінамі, дынамічным развіццём інтэграцыі, узрастаннем ролі ТНК.

Адбываецца павелічэнне разрыву ва ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця паміж дзяржавамі і фарміраванне некалькіх цэнтраў сусветнай гаспадаркі. У выніку сусветная гаспадарка з монацэнтрычнай структурай (з адным альбо двума лідзіруючымі цэнтрамі развіцця) ператвараецца ў поліцэнтрычную з адсутнасцю адзінага цэнтра і глыбокім спляценнем рынкаў розных рэгіёнаў і краін.

У галіновай структуры адбываецца скарачэнне долі сельскай гаспадаркі і інтэнсіўнае павелічэнне долі сферы паслуг, рост колькасці дзяржаў індустрыяльнага і постындустрыяльнага тыпаў.

Асноўнымі тэндэнцыямі ХХІ стагоддзя ў прасторавай структуры сусветнай гаспадаркі выступаюць:

1) нарастаючая роля краін Поўдня пры захаванні моцных пазіцый Поўначы;

2) узмацненне адрозненняў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў краінах Поўдня;

3) пашырэнне краін Паўперыферыі за кошт паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця шэрагу дзяржаў Азіі і Лацінскай Амерыкі пры звужэнні перыферыі і захаванні пазіцый Цэнтра.

*Асноўныя паказчыкі постындустрыяльнасці. Узровень постындустрыяльнага развіцця краін свету. Для вызначэння ўзроўню постындустрыяльнасці краіны выкарыстоўваюцца тры асноўныя паказчыкі: 1) доля троеснага сектара ў структуры ВУП, %; 2) доля інтэрнэт-карыстальнікаў ад агульнай колькасці насельніцтва, %; 3) доля выдаткаў на НДВКП у ВУП, %.

Напрыклад, краінамі з найбольшымі значэння долі троеснага сектара з'яўляюцца Люксембург (79 %), ЗША (77 %), Швейцарыя (72 %). Найбольшая доля інтэрнэт-карыстальнікаў характэрная для Бахрэйна, Ісландыі, Люксембурга (па 98 %), Даніі, Нарвегіі (па 97 %), Вялікабрытаніі (95 %). Самыя вялікія выдаткі на навуку ў структуры ВУП вылучаюцца ў структуры ВУП Ізраіля (4,3 %), Рэспублікі Карэя (4,2 %), Японіі (3,3 %).

На аснове гэтых трох паказчыкаў расійскім эканомікагеографам А.П. Горкіным быў распрацаваны інтэгральны індэкс постындустрыяльнага развіцця эканомікі (ІПРЭ).

Паводле індэксу краіны свету падзелены на тры тыпы (табл. *9).

Табліца *9. Тыпы краін па ІПРЭ
Табл.

На карце свету вылучаюць тры зоны глабальных гарадоў: заходнееўрапейскую, паўночнаамерыканскую і азіяцка-ціхаакіянскую. Заходнееўрапейская зона мае самую працяглую гісторыю, у выніку якой узнікла густая сетка глабальных гарадоў ад Дубліна праз Лондан, Парыж, гарады даліны Рэйна да Мілана і Рыма. Паўночнаамерыканская зона значна маладзейшая, але з'яўляецца самай інтэграванай у сусветную гаспадарку. Ключавыя пазіцыі займаюць Нью-Ёрк, Лос-Анджэлес і Чыкага. Азіяцка-ціхаакіянская зона — самая маладая па часе ўзнікнення і фарміруецца па восі Токіа—Сінгапур.

Глабалізацыя і глабальныя гарады. На пачатку XXI ст. сусветная гаспадарка набывае новыя рысы, адной з якіх з’яўляецца глабалізацыя.

Пад глабалізацыяй сусветнай гаспадаркі разумеюць працэс фарміравання і наступнага развіцця агульнасусветнай фінансава-эканамічнай, палітычнай, сацыяльна-культурнай, інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы.

Вылучаюць тры асноўныя формы глабалізацыі — эканамічную, палітычную і культурную. Эканамічная глабалізацыя выяўляецца ў фарміраванні адзінай сусветнай эканамічнай прасторы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Нягледзячы на відавочныя перавагі глабалізацыі сусветнай гаспадаркі, яна праяўляецца і ў негатыўных формах. Напрыклад, утварэнне сусветнага фінансавага рынку робіць слабымі ўсе краіны да глабальных фінансавых крызісаў. Фарміраванне агульнай сацыяльнай прасторы спрыяе распаўсюджванню злачыннасці, міжнароднага тэрарызму. Развіццё масавай інтэрнацыянальнай культуры прыводзіць да страты традыцый многіх народаў.

Паразважаем. Як глабалізацыя ўплывае на маё жыццё? Глабалізацыя: «за» і «супраць».

У выніку глабалізацыі асобныя гарады свету пачынаюць выступаць агульнасусветнымі фінансавымі, палітычнымі, эканамічнымі, культурнымі цэнтрамі. Такія гарады атрымалі назву глабальных.

Глабальны горад — гэта постындустрыяльны цэнтр, інтэграваны ў сусветную гаспадарку і які з’яўляецца важным элементам сусветнай эканамічнай сістэмы.

Асноўнымі прыкметамі глабальнага горада з’яўляюцца: 1) адносна вялікая колькасць насельніцтва; 2) наяўнасць штаб-кватэр найбуйнейшых ТНК і міжнародных эканамічных арганізацый; 3) адносная незалежнасць ад нацыянальнага палітычнага кіраўніцтва; 4) горад павінен быць сусветным фінансавым, транспартным і камунікацыйным вузлом; 5) высокаразвітая сфера паслуг.

У сусветнай гаспадарцы існуе тры групы глабальных гарадоў: 1) альфа (α) — вядучыя; 2) бэта (β) — галоўныя; 3) гама (γ) — другарадныя (мал. 103).

Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы карты атласа і матэрыялы вучэбнага дапаможніка, прывядзіце па тры прыклады альфа-, бэта- і гама-гарадоў. У чым заключаюцца адрозненні паміж групамі гэтых гарадоў?

Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, у свеце ў цяперашні час налічваецца больш за 150 глабальных гарадоў розных рангаў. Геаграфічна яны знаходзяцца ва ўсіх рэгіёнах свету, але найбольшая іх колькасць сканцэнтравана ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Азіі. Да вядучых адносіцца 48 глабальных гарадоў, сярод якіх гістарычнымі і сучаснымі лідарамі выступаюць Нью-Ёрк, Лондан, Парыж, Токіа, Ганконг. Разам з імі Дубай (мал. 104), Сінгапур, Шанхай і Сіднэй таксама фарміруюць Клуб глабальнай урбаністычнай эліты свету.

Падвядзём вынікі. У фарміраванні сусветнай гаспадаркі вылучаюць ... этапы. Сусветная гаспадарка ўключае тры сектары: ..., ..., ... . Вылучаюць тры прасторавыя мадэлі сусветнай гаспадаркі: ..., ..., ... . У развіцці сусветнай гаспадаркі вылучаюць тры асноўныя стадыі: ..., ... і ... . Пад глабалізацыяй сусветнай гаспадаркі разумеюць працэс фарміравання і наступнага развіцця агульнасусветнай фінансава-эканамічнай, палітычнай, сацыяльна-культурнай, інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы. Вылучаюць тры асноўныя формы глабалізацыі — ..., ... і ... . Глабальны горад — гэта постындустрыяльны цэнтр, які з’яўляецца .... .

Праверым свае веды. 1. Якія этапы фарміравання характэрныя для сусветнай гаспадаркі? 2. Якія вылучаюць віды структур сусветнай гаспадаркі? 3. Якія прасторавыя мадэлі характэрныя для сусветнай гаспадаркі? 4. Што такое глабальны горад?

Ад простага да складанага. 1. Падрыхтуйце калаж «Міфы аб глабалізацыі», выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы інфармацыі. 2. Падбярыце некалькі афарызмаў да тэрміна «сусветная гаспадарка».

Ад тэорыі да практыкі. Напішыце сачыненне-разважанне на тэму «Я жыву ў глабальным горадзе».

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Афіцыйны сайт Сусветнага банка.