*§ 14-1. СЕТКАВАЯ ЭКАНОМІКА

Перадумовы з'яўлення і асноўныя рысы. Развіццё глабальнай сеткі Інтэрнэт сфарміравала якасна новую сераду для эканамічнай дзейнасці і сусветнай гаспадаркі ў цэлым і прывяло да з'яўлення электроннага рынку. Паняцце «сеткавая эканоміка» ўзнікла ў перыяд актыўнага развіцця інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у постындустрыяльную эпоху. Упершыню аб узнікненні сеткавага грамадства ў постындустрыяльную эпоху напісаў іспанскі вучоны М. Кастэльс (мал. 104-1) у працы «Інфармацыйная эпоха: эканоміка, грамадства і культура» ў 1996 г.

Мал.
Мал. 104-1. М. Кастэльс, аўтар тэорыі сеткавага грамадства

Сеткавая эканоміка — гэта гаспадарчая (эканамічная) дзейнасць, якая грунтуецца на працяглых узаемасувязях паміж фізічнымі і юрыдычнымі асобамі ў інфармацыйна-камунікацыйным асяроддзі сеткі Інтэрнэт.

Інфармацыйныя сеткі па ступені інтэграцыі з эканамічнай актыўнасцю дзеляць на карпаратыўныя (інтранэт); дзелавыя партнёрскія сеткі (экстранэт); Глабальную сетку (інтэрнэт).

Сеткавая эканоміка характарызуецца некалькімі адметнымі рысамі (мал. 104-2).

Мал.
Мал. 104-2. Асноўныя рысы сеткавай эканомікі

На развіццё сеткавай эканомікі ў краіне ўплываюць шэраг фактараў (мал. 104-3).

Мал.
Мал. 104-3. Фактары развіцця сеткавай эканомікі ў краіне

З паняццем сеткавай эканомікі звязваюць распрацоўку праграмнага забеспячэння, мабільных камунікацый і іншых вынікаў дзейнасці чалавека, якія адносяць да інавацыйнага развіцця інфармацыйных тэхналогій. Таму асноўнымі перадумовамі для яе развіцця маюць эканамічна высокаразвітыя краіны.

Сеткавая эканоміка, з аднаго боку, растварае традыцыйныя рысы структуры сусветнай гаспадаркі і сцірае межы паміж галінамі, з другога боку, стварае якасна новыя віды эканамічнай дзейнасці.

Гэтыя віды дзейнасці ўпершыню ўзніклі ў гісторыі сусветнай гаспадаркі, атрымліваюць хуткае развіццё, характарызуюцца вялікай разнастайнасцю і характэрныя для постындустрыяльнага грамадства (мал. 104-4).

Мал.
Мал. 104-4. Асноўныя віды сеткавай эканамічнай дзейнасці

Свет і Беларусь. Прывядзіце прыклады прадпрыемстваў сеткавага грамадскага харчавання, сеткавага гандлю ў Рэспубліцы Беларусь.

Некаторыя віды сеткавай эканамічнай дзейнасці займаюць вядучыя пазіцыі ў глабальных рэйтынгах ТНК. Напрыклад, кампанія Amazon.com, Inc. (ЗША) з'яўляецца найбуйнейшай у свеце па продажах тавараў і паслуг праз інтэрнэт. Другое месца ў свеце ў інтэрнэт-гандлі займае кітайская кампанія Alibaba Group. Найбуйнейшай у свеце па правядзенні інтэрнэт-аўкцыёнаў з'яўляецца амерыканская кампанія eBay.

Дамінуючае становішча на рынку інтэрнэт-пошукавых сістэм займае амерыканская кампанія Alphabet Inc.

Найбуйнейшымі ў свеце кампаніямі, якія прапануюць пошукавыя паслугі і паслугі навін, з'яўляюцца Yahoo! (ЗША), Google (ЗША), навінныя — CNN (ЗША).

Падвядзём вынікі. Сеткавая эканоміка ўзнікла як адказ на актыўнае развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у эпоху постындустрыялізацыі. На развіццё сеткавай эканомікі аказвае ўплыў шэраг фактараў, якія з'яўляюцца з пазіцый эканамічнай геаграфіі якасна новымі. Сеткавая эканоміка сфарміравала ў сусветнай гаспадарцы новыя віды эканамічнай дзейнасці. Некаторыя віды сеткавай эканамічнай дзейнасці займаюць вядучыя пазіцыі ў глабальных рэйтынгах ТНК.

Праверым свае веды. 1. Што такое сеткавая эканоміка? Якімі рысамі яна валодае? Якія фактары патрэбныя для яе развіцця? 2. Чаму сеткавая эканоміка атрымала найбольш актыўнае развіццё ў эканамічна развітых краінах? 3. Прывядзіце прыклады новых відаў эканамічнай дзейнасці, звязаных з сеткавай эканомікай. 4. Назавіце найбуйнейшыя ТНК у сферы інтэрнэт-гандлю і пошукавых запытаў.

Ад простага да складанага. Сфармулюйце перавагі і недахопы выкарыстання сеткавых рэсурсаў інтэрнэту для куплі тавараў або паслуг.

Ад тэорыі да практыкі. Уявіце, што вам даручылі зрабіць паведамленне аб дэмаграфічнай сітуацыі ў афрыканскіх краінах. Якімі правіламі пошуку інфармацыі і навігацыі ў інтэрнэце вы будзеце карыстацца? Як вы думаеце, як правільна выбраць у інтэрнэце аўтарытэтную і правераную інфармацыю?

Падарожжа па Глабальнай сетцы.
Сайт транснацыянальнай карпарацыі Google, якая спецыялізуецца на інтэрнэт-пошуку, воблачных вылічэннях і рэкламных тэхналогіях.
Сайт транснацыянальнай карпарацыі CNN, якая прадстаўляе 24-гадзінныя паслугі навін.