§ 14. СУСВЕТНАЯ ГАСПАДАРКА, ФАРМІРАВАННЕ І РАЗВІЦЦЁ

Этапы фарміравання сусветнай гаспадаркі. Сусветная гаспадарка ўяўляе з сябе сукупнасць нацыянальных гаспадарак, якія дынамічна развіваюцца, і галін, што ўваходзяць у іх і звязаны паміж сабой сусветнымі эканамічнымі адносінамі на аснове міжнароднага падзелу працы.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Сусветная гаспадарка прайшла некалькі этапаў. Першы этап, які ахоплівае перыяд да XV ст., называецца перадгісторыяй сусветнай гаспадаркі і характарызуецца зараджэннем сусветнага гандлю. Жыхары Старажытнага Егіпта (мал. 96) гандлявалі з суседнімі плямёнамі, купляючы ў іх драўніну, метал, жывёлу ў абмен на прадукты рамяства і земляробства. З XV ст. да першай паловы XVII ст. — другі этапэтап зараджэння сусветнай гаспадаркі. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў сфарміраваўся гандлёвы «залаты трохвугольнік» (мал. 97) паміж Старым і Новым Светам. З Еўропы ў Афрыку везлі тканіны, зброю, напоі; з Афрыкі ў Амерыку — «жывы тавар» (рабоў для працы на плантацыях і ў рудніках); з Амерыкі ў Еўропу — каву, цукар, каштоўныя металы, бавоўну і інш. Трэці этап ахопліваў першую палову XVII — пачатак XIX ст. і быў звязаны з пераходам ад мануфактуры да машыннай вытворчасці. На заключным чацвёртым этапе — з XIX ст. да пачатку ХХ ст. — у сусветнай гаспадарцы былі сфарміраваны тры асноўныя яе часткі: сусветны рынак, буйная машынная індустрыя і транспарт. У выніку гэты этап атрымаў назву завяршэння фарміравання сусветнай гаспадаркі.

Структура сусветнай гаспадаркі ўяўляе з сябе сістэму нацыянальных рынкаў тавараў, паслуг, капіталаў, інтэрнацыяналізацыі вытворчасцей і інтэграцыйных аб’яднанняў, міжнародных фінансавых цэнтраў. Сусветная гаспадарка традыцыйна ўключае тры сектары. У трацічным сектары ва ўмовах постындустрыялізацыі сталі вылучаць чацвярцічны сектар (мал. 98). Вылучаюць галіновую і прасторавую структуры сусветнай гаспадаркі.

Галіновая структура сусветнай гаспадаркі — гэта сукупнасць яе частак (галін, падгалін, відаў эканамічнай дзейнасці), якія гістарычна склаліся ў выніку грамадскага падзелу працы.

Дадзеная структура вызначаецца доляй асобных галін, падгалін, відаў эканамічнай дзейнасці ў агульным аб’ёме вытворчасці. Структура занятасці насельніцтва таксама характарызуе галіновую структуру гаспадаркі (мал. 99).

У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як па структуры занятасці насельніцтва можна вызначыць узровень эканамічнага развіцця краін? З якіх прадметных абласцей вы сёння выкарыстоўваеце веды пры засваенні вучэбнага матэрыялу?

Па галіновай структуры можна вызначыць тып краіны (напрыклад, аграрны, індустрыяльны, постындустрыяльны). Для аграрнага тыпу характэрна перавага сельскай гаспадаркі. Ён прадстаўлены ў невялікай колькасці найменш развітых краін. Напрыклад, у Эфіопіі, дзе больш за 80 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Індустрыяльны тып характарызуецца вялікай доляй прамысловасці. Гэты тып прадстаўлены, напрыклад, у Алжыры, Кувейце, Мексіцы. Постындустрыяльнай структуры ўласціва перавага паслуг над матэрыяльнай вытворчасцю, што характэрна для найбольш развітых краін. Напрыклад, для Францыі, Аўстрыі.

Свет і Беларусь. Успомніце галіновую структуру гаспадаркі Беларусі і параўнайце яе з сярэднесусветнымі паказчыкамі.

Прасторавая структура сусветнай гаспадаркі адлюстроўвае прапорцыі паміж краінамі па іх эканамічнай моцы на аснове валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Існуюць тры прасторавыя мадэлі сусветнай гаспадаркі.

Двухчленная мадэль заснавана на падраздзяленні сусветнай гаспадаркі на эканамічна развітыя краіны і краіны, якія развіваюцца (краіны Поўначы і краіны Поўдня адпаведна) (мал. 100).

Трохчленная мадэль адпавядае дзяленню сусветнай гаспадаркі на краіны развітыя, якія развіваюцца, з пераходнай эканомікай. Развітыя краіны вырабляюць 69 % валавога сусветнага прадукту, краіны, якія развіваюцца, — 27 % і краіны з пераходнай эканомікай — 4,0 %. Згодна з гэтай мадэллю вылучаюць таксама краіны Цэнтра, Перыферыі і Паўперыферыі (мал. 101).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Пад краінамі Цэнтра разумеюць высокаразвітыя дзяржавы Поўначы з постындустрыяльнай эканомікай (напр., ЗША, Японія), якія валодаюць вялікім капіталам, найноўшымі тэхналогіямі, высокакваліфікаванымі працоўнымі рэсурсамі. Да Перыферыі адносяць краіны, якія развіваюцца, з перавагай або аграрнай структуры, або пачатковай індустрыяльнай, з распаўсюджваннем беднасці і голаду, з нізкакваліфікаванай працоўнай сілай (напр., Кенія, Афганістан). У склад Паўперыферыі ўваходзяць краіны, якія развіваюцца, са сфарміраванай індустрыяльнай структурай (напр., Індыя, Кітай), а таксама постсацыялістычныя дзяржавы.

Мнагачленая (дзесяцічленная) мадэль адлюстроўвае прапорцыі паміж дзесяццю асноўнымі краінамі па эканамічнай моцы. Галоўным яе паказчыкам з’яўляецца валавы ўнутраны прадукт (па парытэце пакупной здольнасці — ППЗ).

Пад парытэтам пакупной здольнасці разумеюць адносіны паміж дзвюма валютамі розных краін, якія былі разлічаны на аснове іх пакупной здольнасці адносна пэўнага набору тавараў і паслуг.

Напрыклад, калі адзін і той жа набор спажывецкіх тавараў і паслуг ва Украіне каштуе 500 грывень, а ў ЗША — 100 долараў, то парытэт пакупной здольнасці складае 5 грывень на 1 долар. Гэта азначае, што на 5 грывень ва Украіне можна купіць столькі ж, колькі на 1 долар у ЗША, ці наадварот.

Лідзіруючыя пазіцыі ў гэтай мадэлі па даных за 2018 г. належаць Кітаю (25,3 трлн дол.), ЗША (20,5), Індыі (10,5 трлн дол.), Японіі і Германіі. У цэлым на фоне вялікай Перыферыі ў сусветнай гаспадарцы сфарміравалася тры магутныя эканамічныя цэнтры — Еўрапейскі, Паўночнаамерыканскі і Усходне-Азіяцкі.