Заключэнне

Заключэнне

Геаграфія ў сучасным свеце і яе галоўныя функцыі. Роля той ці іншай навукі ў сучасным свеце, яе значэнне ў жыцці грамадства абумоўлены функцыямі, якія яна выконвае.

Геаграфія — адзіная фундаментальная навука, якая займаецца комплексным вывучэннем праблем узаемадзеяння грамадства і прыроды. Яна актыўна супрацоўнічае практычна з усімі групамі навук: грамадскімі, прыродазнаўчымі, тэхнічнымі і інш. Узаемнае ўзбагачэнне ведамі спрыяе шырокай геаграфізацыі ўсёй сістэмы навуковых ведаў. У XXI ст. узмацняецца значэнне галоўных функцый геаграфіі — пазнавальнай і канструктыўнай.

Сутнасць пазнавальнай функцыі геаграфічнай навукі ў тым, што яна з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечай культуры і служыць асновай для спасціжэння заканамернасцей узаемадзеяння грамадства і прыроды. Канчатковым вынікам вывучэння Зямлі чалавекам з’яўляецца геаграфічная карціна свету, якая дае цэласнае геаграфічнае ўяўленне аб Зямлі і прасторава-часавых асаблівасцях яе развіцця.

icon Клуб знаўцаў-географаў. «Географу не абавязкова быць хадзячай энцыклапедыяй, але ён павінен развіваць у сабе энцыклапедычную дапытлівасць... Геаграфія для мяне азначае нешта большае, чым проста прафесію: гэта хутчэй спосаб разумення свету. Географ не проста глядзіць і назірае — ён аўтаматычна імкнецца зразумець убачанае, жыццё іншых людзей і больш аб’ектыўна ацаніць уласнае жыццё...» — у гэтых словах выдатнага французскага географа, першай жанчыны, якая стала прафесарам сусветна вядомага ўніверсітэта Сарбоны, Жаклін Божа-Гарнье адлюстроўваюцца асаблівасці геаграфічнага ўспрымання свету.

Канструктыўная роля геаграфіі ў жыцці чалавецтва выяўляецца ў развіцці прыкладных геаграфічных даследаванняў. Яны грунтуюцца на выкарыстанні навейшых метадаў, камп’ютарных і дыстанцыйна-касмічных геаінфармацыйных тэхналогій.

З другой паловы XX ст. геаграфія іграе галоўную ролю ў даследаваннях і вырашэннях прыродна-рэсурсных праблем, праблем прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, у экалагічных экспертызах гаспадарчых праектаў, маніторынгу асяроддзя пражывання чалавека і г. д.

Важнае значэнне маюць светапоглядныя, культурна-асветніцкія, выхаваўчыя, адукацыйныя і інфармацыйныя функцыі геаграфіі. Ёй належыць значная роля ў фарміраванні асноў ведаў аб свеце і месцы людзей у ім. Выконваючы светапоглядныя функцыі, геаграфія пашырае агульны кругагляд чалавека, фарміруе яго стаўленне да свету, дапамагае разабрацца ў глабальных праблемах, выхоўвае людзей у духу гуманізму і патрыятызму.

Культурна-асветніцкія функцыі геаграфіі разнастайныя. Геаграфічная культура — гэта частка культуры любога народа, якая ўключае культуру ўзаемаадносін народа з навакольным прыродным асяроддзем, культуру міжнацыянальных адносін, рэгіянальную культуру працы.

З геаграфічнай культурай звязаны выхаваўчыя функцыі геаграфіі, якія выяўляюцца ў фарміраванні і развіцці ў чалавека высокіх маральных якасцей, любові да Радзімы і беражлівых адносін да прыроды, настойлівасці і смеласці ў пошуках і дасягненні мэты.

Адной з найважнейшых функцый геаграфіі з’яўляецца інфармацыйная. Асаблівае месца тут займае вучэбная геаграфія, якая забяспечвае людзей геаграфічнымі ведамі і рыхтуе іх да правільнага ўспрымання інфармацыі аб навакольным асяроддзі, узаемадзеянні чалавека і прыроды.

Павышаны ўзровень П1

Функцыі і сферы дзейнасці географаў разнастайныя і пастаянна пашыраюцца, павялічваючы магчымасці ўздзеяння геаграфічнай навукі на развіццё чалавецтва.