Кароткі слоўнік тэрміна ў і паняццяў

Абязлесенне — знікненне лесу ў выніку натуральных прычын і гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Апустыньванне — пашырэнне плошчы пустынь у выніку змены клімату і гаспадарчай дзейнасці чалавека.

Ахова навакольнага асяроддзя — комплекс мер, прызначаных для абмежавання адмоўнага ўплыву дзейнасці чалавека на прыроду.

Біёта — сукупнасць усіх жывых арганізмаў, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі.

Водазабяспечанасць — колькасць водных рэсурсаў у разліку на квадратны кіламетр тэрыторыі або душу насельніцтва (альбо тысячу, мільён жыхароў) краіны або рэгіёна.

Водная гаспадарка — вытворчая і прыродаахоўная сістэма, якая забяспечвае насельніцтва і гаспадарку вадой і абараняе навакольнае асяроддзе ад шкоднага ўздзеяння вод.

Водны баланс — суадносіны за пэўны прамежак часу прыходу, расходу і акумуляцыі вады для якога-небудзь воднага аб’екта.

Вялікі (геалагічны) кругаварот рэчываў — пастаяннае перамяшчэнне рэчываў з нетраў Зямлі на яе паверхню, якое ажыццяўляецца рознымі спосабамі (вулканы, рыфтавыя расколіны, разломы і г. д.), і зваротны паток рэчываў у нетры (выветрыванне, эрозія, утварэнне ападкавых адкладаў і г. д.).

Геаграфічнае рэсурсазнаўства — напрамак, які вывучае размяшчэнне і структуру асобных відаў прыродных рэсурсаў і іх комплексаў, пытанні іх аховы, узнаўлення, эканамічнай ацэнкі, рацыянальнага выкарыстання і рэсурсазабяспечанасці.

Геаэкалагічныя глабальныя праблемы — сукупнасць прыродна-экалагічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць стан навакольнага асяроддзя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця і дзейнасці чалавека.

Геаэкалагічныя наступствы — змены навакольнага асяроддзя і сацыяльнаэканамічных умоў жыццядзейнасці чалавека, якія ўзнікаюць у выніку негатыўнага ўздзеяння антрапагенных і прыродных фактараў.

Глабальныя праблемы чалавецтва — сукупнасць прыродна-экалагічных і сацыяльна-эканамічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць развіццё чалавецтва і захаванне цывілізацыі.

Голад (або хранічнае недаяданне) — умовы, пры якіх з прывычнай штодзённай колькасцю ежы чалавек не атрымлівае дастаткова энергіі ў калорыях для падтрымання актыўнага, здаровага жыцця.

Гуманітарна-экалагічны падыход — сукупнасць поглядаў і дзеянняў, якія выяўляюцца ў павазе годнасці і правоў чалавека, яго каштоўнасці як асобы, клопаце пра яго дабрабыт, усебаковае развіццё, стварэнні спрыяльных умоў жыцця і дзейнасці з улікам экалагічных абмежаванняў.

Дэградацыя глебы — устойлівае пагаршэнне ўласцівасцей глебы як асяроддзя існавання біёты, а таксама зніжэнне яе ўрадлівасці ў выніку ўздзеяння прыродных або антрапагенных фактараў.

Дэградацыя зямель — зніжэнне або страта біялагічнай і эканамічнай прадукцыйнасці зямель, якія выкарыстоўваюцца чалавецтвам.

Дэмаграфічная нагрузка — абагульненая колькасная характарыстыка ўзроставай структуры насельніцтва, якая адлюстроўвае нагрузку з боку непрацуючай яго часткі на частку, якая працуе.

Дэмаграфічная палітыка — дзейнасць дзяржавы, накіраваная на рэгуляванне працэсаў узнаўлення насельніцтва.

Дэмаграфічны выбух — рэзкае, з «выбуховым» характарам павелічэнне колькасці насельніцтва з прычыны пераходу грамадства ад традыцыйнага да сучаснага тыпу ўзнаўлення насельніцтва.

Дэпапуляцыя — памяншэнне абсалютнай колькасці насельніцтва якой-небудзь краіны або тэрыторыі ці звужанае яго ўзнаўленне, пры якім колькасць наступных пакаленняў меншая за папярэднія.

Змяненне клімату — доўгатэрміновыя змены сярэдніх шматгадовых паказчыкаў клімату Зямлі ў цэлым або яе асобных рэгіёнаў, выкліканыя прыроднымі працэсамі і дзейнасцю чалавека.

«Зялёная рэвалюцыя» — комплекс змяненняў у сельскай гаспадарцы для вырашэння харчовай праблемы ў краінах, якія развіваюцца, што ўключае шырокае выкарыстанне дасягненняў НТП для вывядзення высокаўраджайных сартоў збожжавых культур, паўсюднае ўжыванне ўгнаенняў і пестыцыдаў, будаўніцтва ірыгацыйных сістэм.

Кліматычныя рэсурсы — элементы клімату, якія забяспечваюць якасць жыцця чалавека і выкарыстоўваюцца ў яго гаспадарчай дзейнасці.

Новыя незалежныя дзяржавы — 15 незалежных дзяржаў (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Кыргызстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна, Эстонія), якія з’явіліся на постсавецкай прасторы пасля распаду СССР у 1991 г.

Парніковы эфект — нагрэў ніжніх слаёў атмасферы, выкліканы паглынаннем цеплавога выпраменьвання зямной паверхні парніковымі газамі, што змяшчаюцца ў трапасферы.

Прыродакарыстанне — сукупнасць усіх форм эксплуатацыі прыродна-рэсурснага патэнцыялу для задавальнення матэрыяльных і культурных патрэб чалавека і мер па захаванні гэтага патэнцыялу.

Прыродная разнастайнасць — сукупнасць прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету, прыродных комплексаў, якія сфарміраваліся ў працэсе развіцця жыцця на Зямлі.

*Прыродная рызыка — гэта ўсвядомленая чалавекам небяспека прыроднага працэсу ў выглядзе магчымых страт за пэўны час пры яе наступленні ў навакольным прыродным асяроддзі.

Прыродна-рэсурсны патэнцыял тэрыторыі — сукупнасць прыродных рэсурсаў тэрыторыі, якія выкарыстоўваюцца або могуць быць рэальна ўжытыя ў гаспадарчай дзейнасці пры дадзеных тэхнічных і сацыяльна-эканамічных магчымасцях грамадства з умовай захавання асяроддзя пражывання чалавека.

Рэгіянальны канфлікт — вынік узаемадзеяння двух і больш дзяржаў у межах аднаго рэгіёна, якія аспрэчваюць адна ў адной размеркаванне ўлады, тэрыторыі або рэсурсаў шляхам дыпламатычных перамоў, узброенага ўмяшання і г. д.

Рэкультывацыя — аднаўленне тэрыторыі, парушанай гаспадарчай дзейнасцю чалавека, з выкарыстаннем комплексу спецыяльных мерапрыемстваў і тэхналогій.

Рэсурсны цыкл — сукупнасць пераўтварэнняў і перамяшчэнняў пэўнага рэчыва на ўсіх этапах выкарыстання яго чалавекам (здабыванне з прыроднага асяроддзя, перапрацоўка, эксплуатацыя, вяртанне ў прыроду).

Сацыяльна-эканамічныя глабальныя праблемы — сукупнасць праблем геапалітычнага, дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару, вырашэнне якіх магчыма толькі пры міжнародным супрацоўніцтве ўсіх дзяржаў і ад вырашэння якіх залежаць умовы і характар асяроддзя жыццядзейнасці чалавека.

Стратэгія ўстойлівага развіцця — стратэгія, якая забяспечвае збалансаванае вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач і праблем захавання спрыяльнага стану навакольнага асяроддзя і прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў мэтах задавальнення жыццёвых патрэб цяперашняга і будучых пакаленняў.

Унутрана перамешчаныя асобы (УПА) — асобныя людзі або групы людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свае дамы, ратуючыся ад узброеных канфліктаў, гвалту, парушэння правоў чалавека ці прыродных катастроф, і знаходзяцца на тэрыторыі сваёй краіны.

*Устойлівае развіццё сельскай гаспадаркі (УРСГ) — гэта такое яе развіццё, якое ўносіць уклад у павышэнне эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў, устойлівасці да неспрыяльных знешніх уздзеянняў у мэтах забеспячэння паўнавартаснага харчавання для ўсіх цяпер і ў будучыні.

Харчовая бяспека — пастаянны фізічны і эканамічны доступ усяго насельніцтва да дастатковай колькасці бяспечнай і пажыўнай ежы, якая дазваляе задавальняць харчовыя патрэбы людзей для вядзення актыўнага і здаровага ладу жыцця.

Экстрэмальныя кліматычныя з’явы — сукупнасць кліматычных з’яў, якія ствараюць праблемы для гаспадарчай дзейнасці і жыцця чалавека.

Энергетычная бяспека — забеспячэнне бесперабойнага доступу да энергетычных рэсурсаў па прымальных цэнах.

*Энергетычны крызіс — гэта крызіс, які выкліканы вострым недахопам першасных крыніц энергіі і які адлюстроўвае дыспрапорцыі паміж ростам спажывання энергетычнай сыравіны і аб’ёмам яе вытворчасці.