Драматургія

Узмацненне цікавасці да гістарычнага мінулага: Алесь Петрашкевіч «Прарок для Айчыны», «Меч Рагвалода» і інш.

Вялікая цікавасць да гістарычнага мінулага Беларусі з’яўляецца адметнай асаблівасцю драматургіі канца XX — пачатку XXI стагоддзя. Гістарычная тэма ў беларускай літаратуры і драматургіі цесна звязана з ідэяй нацыянальнага адраджэння. Найбольш выразна выявіў яе яшчэ У. Караткевіч, які сваёй драматычнай тэтралогіяй «Званы Віцебска», «Маці Урагану», «Кастусь Каліноўскі», «Калыска чатырох чараўніц» пашырыў межы жанру гістарычнай драмы і развіў традыцыі айчыннай драматургіі. Аўтары звяртаюцца да імёнаў Еўфрасінні Полацкай, Рагвалода, Рагнеды, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Васіля Вашчылы, Вітаўта, Ягайлы, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы. Зварот пісьменнікаў-драматургаў да гісторыі свайго народа на новым этапе развіцця літаратуры — заканамерная з’ява. Пісьменнікі не толькі імкнуцца актуалізаваць найбольш яркія, вызначальныя для лёсу беларусаў гістарычныя падзеі, але і асэнсоўваюць іх з пазіцый новага часу, вырашаюць важныя для сённяшняга дня маральныя праблемы.

Некаторыя падзеі і асобы беларускай гісторыі выклікаюць асаблівую цікавасць як у чытачоў, так і ў пісьменнікаў-драматургаў. Так, вобраз Францыска Скарыны асвятляецца ў п’есах Алеся Петрашкевіча «Напісанае застаецца», «Прарок для Айчыны», драматычнай паэме Міколы Арочкі «Судны дзень Скарыны». Да гэтай гістарычнай асобы звярнуўся Георгій Марчук у п’есе «Кракаўскі студэнт». Загадку трагічнага лёсу і сілу характару полацкай княгіні Рагнеды асэнсоўваюць у сваіх драмах Алесь Петрашкевіч («Меч Рагвалода»), Іван Чыгрынаў («Звон — не малітва»), Аляксей Дудараў («Палачанка»). Вобразы такіх выдатных гістарычных асоб, як Еўфрасіння Полацкая і Барбара Радзівіл, раскрываюцца ў гістарычных драмах «Крыж Еўфрасінні Полацкай» Ірыны Масляніцынай, «Чорная панна Нясвіжа» Аляксея Дударава. Падзеі як пазнейшага, так і не зусім далёкага мінулага знайшлі адлюстраванне ў п’есах Івана Чыгрынава «Следчая справа Вашчылы», «Прымак», «Чалавек з мядзведжым тварам».

Плённа ў жанры гістарычнай драмы працаваў драматург Алесь Петрашкевіч (1930—2012). Ён звярнуўся ў сваіх п’есах да вобразаў як блізкага, так і далёкага мінулага Беларусі. У 2000 годзе выйшаў у свет зборнік гістарычных драм А. Петрашкевіча «Воля на крыжы». Тут змешчана пяць гістарычных п’ес, напісаных аўтарам у розныя гады: «Гора і слава», «Меч Рагвалода», «Напісанае застаецца», «Прарок для Айчыны», «Воля на крыжы». У 2003 годзе выходзіць «Здрапежаная зямля» — яшчэ адна кніга гістарычных трагедый і драм А. Петрашкевіча.

З дакументальнай дакладнасцю пададзены ў яго гістарычных трагедыях і драмах вобразы такіх знакамітых асоб беларускай гісторыі, як Леў Сапега, Кейстут, Тадэвуш Касцюшка, Януш Радзівіл, Жыгімонт, Ягайла і інш. Па трапнай характарыстыцы даследчыка П. Васючэнкі, «драматург як быццам вынайшаў адмысловую мастацкую мадэль машыны часу, настолькі частымі і плённымі сталі яго спатканні з беларускай гісторыяй». Алесь Петрашкевіч паставіў перад сабой задачу стварыць гістарычны драматычны серыял, прысвечаны яркім старонкам беларускай гісторыі, пачынаючы ад Грунвальда і да нашых дзён.

Ведаючы цану факта, драматург у сваіх гістарычных п’есах не адыходзіў ад яго далёка. Праўда той або іншай эпохі паўстае з твораў А. Петрашкевіча праз найбольш характэрныя для яе прыметы. Мастацкі вымысел дапускаецца для завастрэння канфлікту, узмацнення ідэі. Аўтар дадумваў тое, што не адбылося, але магло б адбыцца.

Дзве гістарычныя драмы А. Петрашкевіча — «Напісанае застаецца» (1978) і «Прарок для Айчыны» (1990) — прысвечаны асобе беларускага першадрукара, асветніка і гуманіста Ф. Скарыны. Як прызнаваўся драматург, постаць Ф. Скарыны захапляла яго больш, чым іншыя гістарычныя асобы. Акрамя названых твораў, А. Петрашкевіч напісаў таксама сцэнарый навукова-папулярнага кінафільма «Францыск, сын Скарынін», прысвечанага беларускаму першадрукару. Як намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, ён выступіў ініцыятарам выдання персанальнай энцыклапедыі «Францыск Скарына і яго час», а таксама факсімільнага ўзнаўлення Бібліі Ф. Скарыны ў трох тамах.

У біяграфіі беларускага асветніка і першадрукара многа загадкавых фактаў і белых плям, што разам з велічнасцю асобы прываблівае ўвагу творцаў. На фоне свайго часу вобраз Скарыны паўстае ў дылогіі А. Петрашкевіча як маштабная фігура. Аўтару ўдалося раскрыць трагізм становішча таленавітай, адоранай вялікімі здольнасцямі і патэнцыялам асобы ў неспрыяльных умовах жыцця сваёй эпохі. Усведамляючы сябе «избранным мужем», Ф. Скарына бачыў далёка наперад, працаваў дзеля асветы, шчасця і дабрабыту сваёй Бацькаўшчыны.

Гістарычная драма «Прарок для Айчыны» напісана А. Петрашкевічам да 500-годдзя з дня нараджэння Ф. Скарыны. 1990 год быў аб’яўлены па рашэнні ЮНЕСКА Міжнародным годам Францыска Скарыны. Па творы «Прарок для Айчыны» быў пастаўлены тэлеспектакль у дзвюх частках (1992).

Драму «Прарок для Айчыны» можна лічыць працягам п’есы «Напісанае застаецца», у якой паказаны падзеі, што адбыліся праз некалькі гадоў пасля наведвання Скарынам горада Вітэнберга. Героя чакаюць новыя выпрабаванні, ён зноў аказваецца ў няволі.

Асноўным адпраўным пунктам, вакол якога арганізуюцца падзеі ў дадзенай п’есе, з’яўляецца гістарычная гіпотэза, што Скарына меў дачыненне да выдання Статута Вялікага Княства Літоўскага. Статут 1529 года мае важнае значэнне як помнік прававой культуры і мовы беларусаў. Скарына ў п’есе намагаецца, каб гэты важны дакумент, нягледзячы на шматлікія перашкоды, быў зацверджаны сеймам і надрукаваны. Ён называе Статут Вялікага Княства «першым сапраўдным сімвалам беларускасці». Аднак дзейнасці асветніка імкнуцца перашкодзіць. Жонка караля Жыгімонта І Старога Бона Сфорца, італьянка па паходжанні, прадстаўлена ў творы інтрыганкай і непрымірымым ворагам Вялікага Княства. Яна робіць усё магчымае, каб перашкодзіць дзейнасці Ф. Скарыны па выданні Статута. Па ўказанні каралевы Францыск кінуты ў турму горада Познані быццам бы за даўгі памерлага брата Івана. Вядома, што аўтар тут выкарыстоўвае прыём мастацкай умоўнасці, звязваючы праўдзівы гістарычны факт заключэння Ф. Скарыны ў познаньскую турму з інтрыгамі каралевы Боны.

Аўтар падаў у творы і сваю версію факта з біяграфіі беларускага асветніка, звязанага з наведваннем Кёнігсберга. Вядома, што ў 1529 годзе Ф. Скарына быў запрошаны прускім герцагам Альбрэхтам як выдатны асветнік і друкар. Праз некаторы час ён вярнуўся ў Вільню з рэкамендацыйнымі граматамі герцага да віленскага ваяводы Гаштольда і просьбай да віленскага магістрата вярнуць Ф. Скарыну канфіскаваную маёмасць. Аднак у хуткім часе Альбрэхт заўважыў, што з ад’ездам асветніка з яго двара зніклі медык і вельмі патрэбны герцагу друкар. У гэтым герцаг абвінавачвае Ф. Скарыну і пасылае гнеўны ліст у Вільню. Віна за таемнае знікненне доктара і друкара ўскладаецца ў п’есе на Бону, якая такім чынам скампраметавала Ф. Скарыну і дамаглася яго зняволення. Аднак несправядлівае абвінавачванне яшчэ больш умацоўвае друкара ў яго намерах прадоўжыць справу выдання Статута.

У творы выразна выяўлены канфлікт паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ідэі выдання Статута. На баку Ф. Скарыны канцлер Вялікага Княства Гаштольд, віленскі біскуп Ян і нават сам кароль. Каралева ж Бона дзейнічае ад імя магутнага ордэна. Час ад часу яна таемна сустракаецца з Чалавекам у чорным, даносіць яму пра ўсё, што адбываецца пры каралеўскім двары.

Пісьменніку ўдалося стварыць цікавы твор, у якім побач з вядомымі гістарычнымі асобамі дзейнічаюць і выдуманыя персанажы. У турме Ф. Скарына сустракае свайго земляка-палачаніна. Вельмі дасціпна перададзены размовы доктара Скарыны з земляком-вартаўніком, які спачатку не верыць словам асуджанага, прымае яго за валацугу і канакрада. Даведаўшыся ж, кім на самай справе з’яўляецца зняволены, вартаўнік дапамагае яму вызваліцца з турмы. Пра арышт Ф. Скарыны даведваюцца пляменнік Раман і епіскап Ян, у якога зняволены быў лекарам і сакратаром. Яны дабіваюцца аўдыенцыі ў самога караля і даказваюць у судзе невінаватасць Ф. Скарыны. Кароль дае загад выпусціць беспадстаўна арыштаванага і выдае яму ахоўную грамату. Паводле загаду караля забаранялася пад страхам смерці затрымліваць або арыштоўваць доктара Скарыну.

У п’есе шырока пададзена геаграфія падзей. З познаньскай турмы дзеянне часта пераносіцца ў каралеўскі палац у Кракаве, у рэзідэнцыю Гаштольда ў Вільні, у Кёнігсберг. Апісваецца сустрэча галоўнага героя з Максімам Грэкам у Валакаламскім манастыры. Максім Грэк папярэджвае Скарыну аб небяспецы, якая пагражае яго кніжнай справе ў Маскоўскім княстве. З жыццяпісу Скарыны вядома, што беларускі першадрукар імкнуўся разгарнуць сваю выдавецкую дзейнасць у Маскве, аднак гэта завяршылася няўдачай. Кнігі Скарыны былі знішчаны. Час не спрыяў пачынанням друкара. На радзіме таксама склаліся няпростыя абставіны.

Пачатак і фінал твора пазначаны мінорным гучаннем. Чытач даведваецца пра шэраг няўдач і няшчасцяў, якія спасціглі Ф. Скарыну з 1529 па 1532 год, калі паміраюць блізкія яму людзі, паплечнікі. Яго выдавецкая справа церпіць канчатковы крах. Таму, нягледзячы на каралеўскі «імунітэт», які так урачыста зачытваецца каралём Жыгімонтам у апошняй сцэне п’есы, твор заканчваецца сумнай нотай. Пад заслону гучаць апошнія словы Ф. Скарыны: «Позна... Позна, ваша святая Каралеўская Вялікасць. Спалены не толькі кнігі і друкарня, спалены і масты. Нарадзіўся я, відаць, зарана на сваёй шматпакутнай зямлі. Паспяшаўся стаць прарокам у сваёй Айчыне».

У п’есах А. Петрашкевіча ўдала спалучаецца гістарычная праўда з мастацкім вымыслам, асабліва ж гэта заўважаецца ў драме «Прарок для Айчыны». Увядзеннем выдуманых эпізодаў, сваёй версіі пэўных падзей аўтар не толькі надаў твору займальнасці, але і выразна паказаў драматычны перыяд жыцця асветніка-друкара.

Алеся Петрашкевіча цікавілі вострыя, канфліктныя сітуацыі беларускай гісторыі. Па словах літаратуразнаўцаў, драматург умее знаходзіць болевыя кропкі быцця, ствараць вакол іх канфліктнае асяроддзе, і гэта кампенсуе цяжар дыдактыкі, за якую часам крытыкі папракаюць аўтара. Адной з найбольш цікавых гістарычных яго драм, прысвечаных тэме далёкага мінулага Беларусі, з’яўляецца п’еса «Меч Рагвалода» (1996).

Драматург намаляваў у творы вобразы вядомых асоб беларускай гісторыі: княгіні Рагнеды, князёў Рагвалода, Ізяслава і Брачыслава, а таксама іх нашчадкаў — знакамітага князя Усяслава Чарадзея і яго сыноў. У пралогу драмы да князя Усяслава Чарадзея ў час пакутлівых роздумаў пасля бітвы на Нямізе з’яўляецца прывід княгіні Рагнеды ў манаскім адзенні. Рагнеда падтрымлівае Усяслава Чарадзея ў яго імкненні абараніць полацкую зямлю ад кіеўскіх князёў Яраславічаў. Яна выступае ў абарону хрысціянства і ў першай дзеі п’есы нават уступае ў палеміку з Рагвалодам, які раіць свайму нашчадку, прапраўнуку Усяславу трымацца веры прадзедаў. Значная ўвага ў творы надаецца пытанням веравызнання нашых продкаў.

Галоўны персанаж твора Усяслаў, як полацкі князь і патомак Рагвалода, павінен прымаць гістарычна значныя для будучыні Полацкага княства рашэнні ва ўмовах барацьбы паміж старой і новай рэлігіяй, паміж паганствам і хрысціянствам. Пры гэтым ён імкнецца ўсё ўзважыць, абдумаць і прадугледзець, чым могуць абярнуцца для Полацка яго ўчынкі. Таму князь успамінае ранейшыя падзеі з гісторыі Бацькаўшчыны, на працягу твора перад ім узнікаюць прывіды прашчураў: Рагнеды, Рагвалода, Ізяслава і Брачыслава, з якімі герой вядзе дыялогі. У эпілогу ж драмы Усяслаў назірае за размовай Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага, якія ўзгадваюць ужо яго слаўныя подзвігі.

Драматызм п’есы «Меч Рагвалода» заключаецца не толькі ў апісаных падзеях (крывавая бітва на Нямізе, паланенне князя Усяслава разам з сынамі пасля крыжацалавання кіеўскім князем Ізяславам), але і ў тым, што няма міру ў душы полацкага князя Усяслава: «Што рабіць? На якіх багоў спадзявацца? У каго парады прасіць?» Нават яго сыны раздзяліліся ў рэлігійных поглядах: Глеб трымаецца хрысціянства, Рагвалод-Барыс — абаронца старой веры. Ды і ўсе дзейныя асобы твора палярна размежаваны адносна поглядаў на паганства і хрысціянства, акрамя галоўнага героя, дальнабачнага князя Усяслава Чарадзея. Ён не прымае абвінавачванняў Вешчуна, які лічыць прычынай паражэння бітвы на Нямізе «дваяверства» князя. Усяслаў гаворыць сваім сынам: «Расколіна не ў маёй душы, а ў нашым жыцці. Я — над расколінай! Я — мост праз яе! А вера мая з уладаю звязана. Адзіны Бог, адзіны князь, адзіная дзяржава! Інакш — пагібель!» Галоўны клопат героя — воля і дабрабыт роднай зямлі: «Я ўсё прайшоў — ад перамогі да паразы, ад узлёту да падзення, ад велічы да прыніжэння, ад міру да вайны і ад вайны да міру. Пры ўсім тым я быў верны сваёй Бацькаўшчыне — зямлі Крыўскай. За яе веліч і свабоду я і змагаюся ўсё жыццё». Вобраз мяча Рагвалода сімвалізуе ў творы гонар і славу Полацкага княства, паказвае пераемнасць князёў полацкіх у барацьбе за незалежнасць дзяржавы.

П’есы А. Петрашкевіча — сведчанне ўдалага спалучэння ў яго асобе гісторыка і мастака-драматурга. Добрае веданне беларускай мінуўшчыны дазволіла пісьменніку глыбока пранікнуць у сутнасць многіх гістарычных падзей. З твора ў твор расло драматургічнае майстэрства аўтара, які на фоне знешніх калізій раскрываў унутраныя перажыванні, думкі сваіх герояў. Асабліва гэта выявілася ў драмах «Прарок для Айчыны», «Меч Рагвалода», «Воля на крыжы», «Крыж святой Ефрасінні».

Гістарычныя п’есы А. Петрашкевіча не толькі далучаюць да мінулага. Яны напісаны з надзеяй на будучае. Аўтар імкнецца даць наглядныя ўрокі памылак і няўдач, якія спасціглі нашу Бацькаўшчыну на яе гістарычным шляху. Сваімі творамі драматург заклікае сучасніка памятаць мінулае, суперажываць падзеям сучаснасці, быць вартымі сваіх слаўных продкаў.

Драматычная паэма Раісы Баравіковай (нар. у 1947) «Барбара Радзівіл» (1992) прысвечана гісторыі незвычайнага кахання паміж польскім каралём Жыгімонтам ІІ Аўгустам і ўдавой-прыгажуняй Барбарай Радзівіл. Вядомы даследчык сучаснай беларускай драматургіі П. Васючэнка назваў драму «адной з самых значных драматургічных прац у жанры гісторыка-біяграфічнай п’есы». У аснову твора пакладзены летапісныя падзеі Вялікага Княства Літоўскага, апісаныя ў «Беларуска-літоўскіх летапісах», а таксама народныя паданні пра каханне Жыгімонта II Аўгуста і найпрыгажэйшай жанчыны эпохі Барбары Радзівіл. Своеасаблівым пралогам твора з’яўляецца ўрывак з летапісу Рачынскага: «1545 год. У чэрвені месяцы ў Пятроў пост памерла ў Вільні ў панядзелак каралева Эльжбета, і пахавалі яе ля святога Станіслава ў капліцы Казіміра ў жніўні 24 дня. А пасля малады кароль, маючы слабасць да бялявых, пачаў мілаваць Барбару Радзівіл, якая была ўдавою Гаштольта, ваяводы троцкага, і жыла на той час пры сваёй маці і брату, падчашаму Мікалаю Юр’евічу Радзівілу». Раіса Баравікова дае ў паэме сваю інтэрпрэтацыю вядомай летапіснай гісторыі.

Пісьменніца захоўвае гістарычны сюжэт, але на першае месца выводзіць не праблемы палітыкі і ўлады, а рамантычную гісторыю кахання. Раіса Баравікова прачула і па-майстэрску перадае пачуцці закаханых. Галоўныя героі твора ахоплены гарачым пачуццём. Яны ўзвышаюцца над карыслівасцю і палітычнымі інтрыгамі, якія сплятаюцца вакол іх. Супраць шчасця закаханых настроены ўвесь каралеўскі двор, сейм, стары кароль і асабліва каралева Бона Сфорца. Уладарная жанчына, каралева Бона не можа змірыцца з тым фактам, што яе сын таемна павянчаўся з Барбарай. Яна лічыць гэты шлюб няроўным і немагчымым для спадкаемца польскага трона. Хоць Бона Сфорца з’яўляецца ў паэме толькі аднойчы, у восьмай сцэне другой дзеі, тым не менш яе вобраз адзін са значных у творы і вырашальны для развязкі гісторыі трагічнага кахання.

Каралева-маці павінна выбіраць паміж любоўю да сына і каралеўскім гонарам, які абавязвае яе паўстаць супраць нявесткі.

Яна ўвесь час «трымае» сына пад пільным наглядам, дасылае яму ліст за лістом, у якіх патрабуе «то просьбамі, то пагрозамі» поўнай пакоры. Бона Сфорца імкнецца хутчэй ажаніць сына і без яго згоды дамаўляецца наконт шлюбу Жыгімонта з Ганнай Соф’яй — дачкой прускага караля Альбрэхта. Барбара Радзівіл не аднойчы згадвае Бону як пагрозу свайму каханню і шчасцю, разумеючы, што каралева пойдзе на ўсё, каб скасаваць няроўны шлюб сына, які яна ўспрымае як знявагу свайму каралеўскаму гонару. Словы з маналога Барбары ў першай сцэне «паўстала зло, …у сэрца д’ябал цэліць вастрыё, скляпанае з ілжы, з інтрыг, з атруты...» адрасаваны найперш Боне Сфорцы і гучаць як прадчуванне гераіняй трагічнага лёсу.

Жыгімонт Аўгуст пасля смерці бацькі караля Жыгімонта Старога становіцца паўнапраўным польскім каралём і дабіваецца афіцыйнага прызнання Барбары польскай каралевай. Ён ігнаруе каронную Раду, без згоды якой польскаму каралю не дазвалялася браць шлюб. Перад шматлікімі саноўнікамі і князямі ў вялікакняжацкай троннай зале ў Вільні Жыгімонт аб’яўляе:

I я шчаслівы вельмі тым, што ў пару
Бог даў, каго я сам хацеў, — Барбару!
<…>
Вы ўсе павінны ў радасці ці ў гневе
ёй кланяцца заўжды, як каралеве!

Гэта падзея стала апошняй кропляй для цярпення ўладарнай Боны Сфорцы, якая вырашыла атруціць ненавісную нявестку.

На працягу ўсёй сваёй творчасці Р. Баравікова сцвярджае, што самае цудоўнае пачуццё, якім чалавек выпрабоўваецца на вернасць, сумленнасць, высакароднасць, — гэта каханне. У драме Барбары і маладога караля Жыгімонта Аўгуста пісьменніца ўбачыла шэкспіраўскі сюжэт, падараваны гісторыяй. Каханне насуперак волі бацькоў і ўладалюбным інтарэсам беларускай і польскай шляхты, насуперак часу прыводзіць да заўчаснай смерці Барбары. На зыходзе жыцця гераіня цяжка перажывае, што яе апошнія хвіліны жыцця пройдуць на чужыне. Яна думкамі імкнецца да роднай зямлі. Твор завяршаецца словамі няўцешнага ў горы і адчаі караля Жыгімонта ІІ Аўгуста:

Хілю ў жалобе чорнай галаву...
Даруй, калі я ў нечым, можа, вінны,
з Літвы прывёз і павязу ў Літву.

У твор уведзены шматлікія дэталі, звязаныя з рэаліямі жыцця тагачаснай арыстакратыі, уключаны аўтарскія каментарыі і заўвагі, у якіх тлумачацца гістарызмы і робяцца спасылкі на гістарычныя факты. Для свайго твора пісьменніца выбрала жанр драматычнай паэмы. Гэта дазволіла ёй надзвычай пранікнёна, прачула падаць рамантычную гісторыю кахання Барбары Радзівіл і караля Жыгімонта Аўгуста, якая адбылася ў тыя часы, калі ў адносінах паміж арыстакратамі на першым плане былі не асабістыя, а дынастычныя, дзяржаўныя інтарэсы. (Дадзенай тэме прысвечана і п’еса А. Дударава «Чорная панна Нясвіжа», напісаная таксама ў жанры драматычнай паэмы. Але калі ў творы Р. Баравіковай Барбару атручваюць, то ў драме А. Дударава яна атручваецца сама.)

Па просьбе рэжысёра Дзяржаўнага тэатра-лабараторыі нацыянальнай драматургіі «Вольная сцэна» (цяпер — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) В. Мазынскага паэма «Барбара Радзівіл» была перароблена пісьменніцай у гістарычную драму з такой жа назвай і пастаўлена на сцэне тэатра. Пастаноўка карысталася вялікім поспехам у гледачоў. Трагедыя вялікага кахання, што абарвалася ад кроплі атруты разам з жыццём Барбары, знайшла водгук у сэрцах гледачоў. Краналі словы Жыгімонта Аўгуста, звернутыя да Барбары:

Пялёсткамі лілеі ўзышла над лёсам.
Нават поўня млее пад позіркам,
што можа незваротных вярнуць назад,
а я толькі смяротны ля ног тваіх.