Аляксей Дудараў

Біяграфія

Нікому з беларускіх драматургаў не ўдаецца ўзнаўляць падзеі далёкага мінулага з такой яркасцю і маляўнічасцю, як гэта робіць А. Дудараў.

С. Лаўшук.

Аляксей Дудараў — вядомы беларускі драматург і празаік, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Яго п’есы з поспехам ставяцца ў тэатрах не толькі Беларусі, але і за мяжой.

Нарадзіўся Аляксей Ануфрыевіч Дудараў 6 чэрвеня 1950 года ў вёсцы з мілагучнай назвай Кляны на Віцебшчыне ў сям’і калгаснікаў. Бацька — Ануфрый Іосіфавіч Дудараў — прыйшоў з вайны ў званні гвардыі старшыны. Маці — Анастасія Яўхімаўна Дударава — перажыла ўсю акупацыю, бежанства, іншыя жахі вайны з маленькімі дачушкамі Дзінай і Надзяй.

Успаміны бацькоў пра ваеныя ліхалецці запомніліся маленькаму Аляксею на ўсё жыццё: бацька-франтавік шмат расказваў пра вайну, і маці таксама ўспамінала пра горкія часы акупацыі і бежанства. А. Дудараў успамінаў: «Памятаю, калі я быў маленькім, мне ніколі не было сумна. Я заўсёды нешта маляваў, уяўляў сабе нейкія рэчы, нават проста глядзеў у столь, лежачы на печы. Адным словам, жыў у прыдуманым сабой свеце. Я лічу, што гэта было не што іншае, як патрэба ўнутраная. Думаю, калі ў табе жыве “бацыла” мастацтва, то нікуды ад яе не дзенешся».

Пасля заканчэння ў 1967 годзе Кляноўскай сярэдняй школы хлопец марыў паступіць у ваеннае вучылішча, стаць афіцэрам. Але лёс распарадзіўся іначай: Аляксей не прайшоў ваенкаматаўскую медыцынскую камісію і паступіў у Наваполацкае прафтэхвучылішча нафтавікоў. За год яго скончыў, працаваў слесарам на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. Затым былі служба ў войску і яшчэ два гады працы нафтавіком.

У 1972 годзе юнак ажыццявіў сваю мару: у чэрвені стаў малодшым лейтэнантам (скончыў трохмесячныя курсы афіцэраў запасу), а ў ліпені будучы драматург паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на акцёрскі факультэт. Менавіта тут у час вучобы ярка праявіліся літаратурныя здольнасці А. Дударава. Па ўспамінах драматурга, на практычных занятках ён вельмі любіў інсцэніраваць прыдуманых ім персанажаў, якія з цягам часу сталі героямі яго першых апавяданняў — «Кіёск», «Вярбінка», «Вокны», надрукаваных у 1973 годзе. У творах ранняга перыяду пісьменнік уздымаў маральна-этычныя праблемы з жыцця сучаснікаў, вясковых жыхароў. Тагачасная крытыка параўноўвала дудараўскіх герояў з «чудзікамі» В. Шукшына. У час вучобы ў тэатральна-мастацкім інстытуце А. Дудараў захапіўся драматургіяй і пачаў пісаць драматычныя творы. Сваю дыпломную работу — ролю ў выпускным спектаклі — А. Дудараў іграў паводле першай уласнай п’есы «Выбар».

Пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «акцёр драмы і кіно» ў 1976 годзе выпускнік быў запрошаны на працу ў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача, дзе з 1976 па 1979 год быў акцёрам, загадваў літаратурнай часткай, што так-сама мела немалаважнае значэнне для развіцця мастацкага светабачання пісьменніка. Гэты перыяд творчасці вызначаецца творчай сталасцю драматурга, неардынарнасцю мастацкага стылю, пашырэннем тэматыкі твораў: праблемы бездухоўнасці застойнага грамадства, неперспектыўнай вёскі, маральна-філасофскага пошуку асобы.

У 1979 годзе ўбачыла свет першая кніга апавяданняў А. Дударава — «Святая птушка», асноўнымі тэмамі якой з’яўляюцца асэнсаванне маральнаэтычных каштоўнасцей народнага жыцця, нацыянальных традыцый, агульначалавечых ідэалаў, лёс вёскі і яе жыхароў. Неўзабаве выйшлі з друку драматычныя творы пісьменніка — п’есы «Выбар» (1982), «Парог» (1983), «Радавыя» (1984), «Вечар» (1985), «Злом» (1987) і іншыя, якія з поспехам ставіліся ў тэатрах Беларусі і за яе межамі.

Асобным этапам творчасці А. Дударава стала яго кінадраматургічная і акцёрская дзейнасць. Аляксей Ануфрыевіч зняўся ў мастацкіх фільмах у ролях: Адама («Госць», 1979), Станіслава Іванавіча («Яго адпачынак», 1981), Янука («Купальская ноч», 1982). Паводле яго сцэнарыяў пастаўлены кароткаметражныя і мастацкія фільмы на кінастудыі «Беларусьфільм» і беларускім тэлебачанні: «Кола», «Дэбют», «Бусляня», «Суседзі», «Купальская ноч», «Белыя Росы» і інш. Героем кінасцэнарыяў А. Дударава становіцца «выключны» герой-дзівак у надзвычайнай, «сканструяванай», эксперыментальнай сітуацыі, які пратэстуе супраць унармаванасці сацыяльнага жыцця, казёншчыны.

У 2009 годзе паводле сцэнарыя драматурга зняты кінафільм «Дняпроўскі рубеж». Дудараў з’яўляецца таксама адным з аўтараў легендарнага фільма «Брэсцкая крэпасць», знятага на кінастудыі «Беларусьфільм» у 2010 годзе. У 2014 годзе кінадраматург стварыў сцэнарыі да фільма «Не пакідай мяне» і кінастужкі «Белыя росы. Вяртанне» (сумесна з Аляксандрай Бутор і Юліяй Гірэль).

З 1991 па 2002 год А. Дудараў займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». Але праца не перашкодзіла яму плённа займацца і драматургічнай дзейнасцю. У гэты перыяд з-пад пяра драматурга выходзяць гістарычныя драмы «Князь Вітаўт» (1993), «Купала» (1994), «Палачанка» (1998), «Чорная панна Нясвіжа» (1998), «Ядвіга» (2006) і інш. Праблемам сучаснасці прысвечаны меладрамы «Кім» (2001), «Люці» (2002). П’есы А. Дударава — гэта вынік творчага пошуку, які яднае мастацкую традыцыю з наватарствам, раскрыццём, пераасэнсаваннем, а часам і мастакоўскім пераадоленнем новых рэалій.

У цяперашні час драматург жыве і працуе ў Мінску, узначальвае Беларускі саюз тэатральных дзеячаў. Ушанаваны шэрагам урадавых узнагарод, у тым ліку ордэнам «Знак Пашаны». Адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, прэміямі Ленінскага камсамола Беларусі і Усесаюзнага ленінскага камсамола. За сцэнарый фільма «Белыя Росы», а таксама за п’есы «Парог», «Вечар», «Радавыя», «У прыцемках», «Чорная панна Нясвіжа» пісьменнік атрымаў прэмію Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ў галіне літаратуры і мастацтва (2002). Аляксей Дудараў з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (1991).

На пытанне карэспандэнта «Вашы п’есы шмат гадоў не сыходзяць са сцэны. Што б вы рабілі, каб яны не ставіліся?» драматург адказаў: «Я б іх не пісаў. Хай да гэтага ўсе ставяцца па-рознаму, але я лічу, калі п’есу напісалі, яна павінна быць увасоблена на сцэне. І размова не проста пра нейкія меркантыльныя інтарэсы. Усе мае п’есы пастаўлены. У нейкіх быў зайздросны лёс. Напрыклад, “Чорная панна Нясвіжа” на Купалаўскай сцэне на аншлагах сыграна ўжо больш як 200 разоў і дасюль застаецца ў афішы і запатрабавана гледачом. Шэраг п’ес пражылі больш як 300 паказаў. Я ніколі не пішу ў стол і не веру ў тое, што, калі ты непатрэбны зараз, ты будзеш патрэбны праз дзесяць ці дваццаць гадоў. За гэты час напісанае стане ўжо нават не макулатурай, а спарахнее ці будзе перапрацавана некалькі разоў».

Першая пастаноўка п’есы Аляксея Дударава адбылася ў 1984 годзе на сцэне Ленінградскага акадэмічнага ВДТ імя М. Горкага (цяпер — Вялікі драматычны тэатр імя Георгія Аляксандравіча Таўстаногава). Гэта была п’еса «Парог», якая па праву лічыцца даследчыкамі пачаткам драматургічнай творчасці А. Дударава. У п’есе драматург вырашаў праблему алкагалізму, даследаваў яго маральныя і сацыяльныя прычыны і наступствы.

Галоўны герой драмы — Андрэй Буслай, алкаголік, цынічны і дэмаралізаваны чалавек, які разумова і маральна дэградуе, пераўтвараецца ў «жывога нябожчыка». Сярод прычын, якія прыводзяць Андрэя да апошняй мяжы, А. Дудараў назваў у першую чаргу застой у грамадстве, ачарсцвенне чалавечых душ. Таму Буслай пратэстуе супраць «сытасці», што ўладарыць у грамадстве, і тлумачыць гэтым сваё беспрабуднае п’янства. Ён хоча быць не такім, як усе: «Аслеплі, аглухлі… Душу сваю закармілі так, што ўсе нармальныя чалавечыя пачуцці толькі ў п’яным выглядзе вонкі вырываюцца… А яшчэ галдзяць: чаму п’яце, чаму п’яце? Таму што вельмі ўжо цвярозыя сталі. Вельмі цвярозыя! А чалавеку хоць хвіліначку жаласлівым, добразычлівым пабыць хочацца…».

Андрэй Буслай у сваім п’янстве даходзіць да апошняй мяжы, да «парога», пераступіўшы які трапляе ў бездань і забыццё. У фінале п’есы герой уражаны тым, што яго, бацьку, не пазнае родны сын і просіць дзядзю расказаць казку. Андрэй Буслай у выніку пакутлівых разважанняў, душэўных пошукаў прыходзіць да высновы, што павінен парваць з п’янствам, каб застацца з дзецьмі і сям’ёй, каб не прычыняць боль і пакуты родным, каб не згінуць. Рэжысёру-пастаноўшчыку Генадзю Ягораву ўдалося па-мастацку ўвасобіць маральныя пошукі героя, якія часта абарочваюцца для яго расчараваннем, а спроба самааналізу ў Андрэя Буслая прыводзіць да трагічнага разладу са сваім «я».

Рaciйcкi кpытык Лeў Анeнcкi тaк пicaў пpa п’есу «Пapoг»: «Цi вeдaeцe, y чым cтpaшнaя пpaўдa п’ecы Дyдapaвa? Нe ў тым, штo paзбypaeццa дyшa чaлaвeчaя. А ў тым, штo чaлaвeк нaiўным чынaм aб icнaвaннi гэтaгa ў caбe нe пaдaзpae. Штo зaўгoднa, a вiнaвaтым — нe, вiнaвaтым ён cябe нe пpызнae. Нi ён cябe, нi мы ягo, нi мы — cябe».

Наступная тэатральная пастаноўка адбылася ў 1985 годзе ў гэтым жа тэатры па п’есе «Радавыя». Яна была прысвечана 40-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вайна падаецца як сусветная, агульналюдская трагедыя, што руйнуе чалавечыя лёсы. Аўтар паказаў не толькi гераiзм людзей, нязломнасць iх волi, але i тое, якой цаной была заваёвана Перамога. Героямi яе з’яўляюцца пяць радавых салдат (Дзерваед, Бушцец, Салянiк, Дугiн, Лёнька Адуванчык), якiя на сваiх плячах вынеслi ўвесь цяжар вайны. У кожнага з iх свой лёс, свая трагедыя. На вачах у Дзерваеда фашысты спалiлi жонку i маленькага сына. Але гора не зрабiла салдата жорсткiм, бязлiтасным, пра што сведчыць выпадак з хворым нямецкiм хлопчыкам, якому Дзерваед аддаў свой салдацкi паёк.

Бушцец, якi пайшоў на вайну з вясельнага стала, наадварот, зрабiўся злым, помслiвым, здольным застрэлiць кожнага немца. Складаны лёс у Салянiка, якому вера не дазваляе страляць у людзей, забiваць iх. Па-бацькоўску адносяцца салдаты да сямнаццацiгадовага Лёнькi Адуванчыка, на вачах у якога фашысты забiлi мацi i сястрычку. Дугiн, за плячыма якога разжалаванне, раненне, штрафны батальён, становiцца Героем Савецкага Саюза. На шчасце, даўняя ўзнагарода знайшла Дугiна, але, на жаль, салдат гiне ў апошнi дзень вайны. П’еса «Радавыя» ў пастаноўцы рэжысёра Г. А. Таўстаногава гучыць як рэквiем па ўсiх, хто загiнуў у гады страшнага ваеннага лiхалецця.

3 жніўня 1997 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Князь Вітаўт». Рэжысёр спектакля — Валерый Раеўскі. Музыку да пастаноўкі напісаў Віктар Капыцько. Барыс Герлаван падрыхтаваў арыгінальнае мастацкае афармленне сцэны, якое адпавядала творчай задуме драматурга і ўяўляла сабой злучаныя паміж сабой тры металічныя сцяны, што ў пэўныя моманты расчыняліся мноствам дзвярэй. Незвычайную атмасферу дзівоснага, фантастычнага стварала своеасаблівая гульня святла: за дзвярыма падавалася то цемра, то полымя, то струмені святла. У стварэнні чарадзейнага, міфалагічнага вялікую ролю адыгрывала музыка, якая суправаджала ўсе падзеі, што адбываліся на сцэне, і стварала адпаведны эмацыянальны настрой. Музычная кампазіцыя з псіхалагічнай дакладнасцю і глыбінёй адлюстроўвала гістарычны каларыт часу, стварала адметную пачуццёвую прастору.

Спектакль «Князь Вітаўт» уразіў гледачоў не толькі адмысловай тэатральнай дэкаратыўнасцю, але і эмацыянальнай распрацоўкай сэнсавай прасторы драматургіі. Рэжысёр дакладна раскрыў аўтарскую ідэю праз маральныя роздумы і перажыванні герояў, праз канфлікт, які адбываецца на вачах у гледача.

Герояў драмы ўвасабляла таленавітая ігра беларускіх акцёраў. Князя Вітаўта іграў Генадзь Давыдзька, Ягайлу — Мікалай Кірычэнка, Ядвігу — Вольга Фадзеева, вядзьмарку — Зоя Белахвосцік. Сваімі галасамі, рухамі, пластыкай яны перадавалі характары гістарычных асоб, іх псіхалагічны стан і матывацыю паводзін.

5 верасня 2013 года на сцэне Вялікага тэатра Беларусі па п’есе А. Дударава быў пастаўлены балет «Вітаўт». Музыку да балета напісаў заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кузняцоў. Незвычайнасцю мастацкіх рашэнняў напоўнены пастаноўка і харэаграфія народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна. Рытуальныя танцы продкаў у гонар уладара лясоў Зубра артысты балета выконваюць так, нібыта яны толькі што выйшлі з Царства чароўнага лесу. Балетная трупа паказала высокі ўзровень майстэрства і эмацыянальна адлюстравала характары ў пластыцы і рухах у лірычных, батальных і святочных сцэнах.