ЛІТАРАТУРНЫ ПРАЦЭС У БЕЛАРУСІ НА СУЧАСНЫМ ЭТАПЕ

Утварэнне і дзейнасць грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі»

У 2005 годзе ўтварылася грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі» (СПБ), якое мае аддзяленні ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і ў горадзе Мінску. СПБ актыўна працуе з рэгіянальнымі пісьменніцкімі суполкамі. Прадстаўнікі гэтага творчага аб’яднання часта выязджаюць на прадпрыемствы, ва ўстановы адукацыі з прэзентацыяй новых кніг, выданняў. Рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія і абласныя творчыя конкурсы, каб выявіць здольных да літаратурнай дзейнасці маладых людзей.

Сябры СПБ шырока прапагандуюць каштоўнасць кнігі і важнасць чытання, праводзяць шматлікія сустрэчы з чытачамі, прэзентуюць новыя кнігі, сустракаюцца з творчай моладдзю. Літаратурна-асветніцкая дзейнасць, узятая за аснову арганізацыйнай працы пісьменнікаў з чытачамі, садзейнічае фарміраванню нацыянальнай свядомасці, умацаванню сувязі пакаленняў, сцвярджэнню высокіх эстэтычных ідэалаў у беларускім грамадстве.

Членамі СПБ з’яўляюцца больш за 700 літаратараў, у тым ліку і замежныя. Іх творчасць ахоплівае самыя розныя тэмы: гістарычнае мінулае, любоў да роднай зямлі, беражлівае стаўленне да прыродных багаццяў, узаемаадносіны паміж людзьмі. Па-ранейшаму актуальнай застаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны — памяць пра яе жыве ў пранікнёных радках многіх аўтараў. Кожны год выходзіць каля 300 новых кніг членаў СПБ. У серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў» выдадзены творы больш чым 200 аўтараў. Сярод іх такія вядомыя літаратары, як Мікола Мятліцкі, Алесь Марціновіч, Мікалай Чаргінец, Георгій Марчук, Міхась Пазнякоў, Валянціна Паліканіна, Алесь Бадак, Уладзімір Саламаха, Уладзімір Мазго, Мікола Чарняўскі, Анатоль Зэкаў і інш. СПБ прымае актыўны ўдзел ва ўсіх дзяржаўных святах.

Традыцыйным стала правядзенне ў краіне ў пачатку верасня Дня беларускага пісьменства. Свята праводзілася ў розных гарадах нашай краіны з багатай гісторыяй і культурнымі адметнасцямі: Заслаўі, Полацку, Рагачове, Камянцы, Ганцавічах, Быхаве, Іванаве, іншых беларускіх райцэнтрах. У сталіцу свята з’язджаюцца ганаровыя госці — пісьменнікі з ўсёй краіны. На пляцоўцы пад назвай «Слова пісьменніка» яны прадстаўляюць свае кніжныя навінкі, праводзяць аўтограф-сесіі. У час Дня беларускага пісьменства адбываецца ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія». Вылучэнне штогод праходзіць па намінацыях: «Лепшы твор прозы», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва», «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі», «Лепшы твор публіцыстыкі», «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства», «Лепшы твор драматургіі», «Лепшы дэбют» (першая публікацыя або выданне аўтара ў жанрах паэзіі, прозы, публіцыстыкі, а таксама першая пастаноўка п’есы).