Лірыка

Лірыка

Вядома, што матыў падарожжа, блукання — адзін з самых распаўсюджаных і ў старажытнай, і ў сучаснай літаратуры. Лірычны герой паэзіі М. Башлакова — «зачараваны вандроўнік», які ніяк не можа наталіцца хараством Радзімы. Роднае Палессе стала галоўнай тэмай паэта, аб’ектам яго клопатаў і захапленняў. Лірыка майстра слова магла б стаць своеасаблівым мастацкім даведнікам або гісторыка-краязнаўчай картай для ўсіх, хто цікавіцца Палескім краем. У паэзіі М. Башлакова шмат дакладных дэталей, амаль дакументальных звестак аб прадметна-рэчыўным свеце вялікіх і зусім маленькіх гарадоў і вёсак, маляўнічых рэчках і азёрах, непаўторных мясцінах роднай Гомельшчыны і ўсёй Беларусі.

Найбольшай увагі заслугоўвае ўменне творцы надзвычай ярка перадаць непаўторны каларыт рэгіёна. Лірычны герой аўтара вельмі чулы да прыгажосці роднай прыроды, якая ўплывае на яго духоўны свет, выклікае адчуванне спакою і гармоніі. У паэтычным дыялогу з чытачом мастак слова вельмі ўважлівы да дэталей, якія тычацца дарагіх і родных сэрцу мясцін. У наш прагматычны і дынамічны век ён завастрае ўвагу чытача на думцы, што навакольны свет — найцікавейшая кніга, знаёмства з якой гаюча ўплывае на чалавечую душу. Пейзажная лірыка М. Башлакова напоўнена адухоўленымі і ўзнёслымі мастацкімі вобразамі.

Адметная рыса светапогляду лірычнага героя — упэўненасць у непарыўнай сувязі паміж жывой і нежывой прыродай, якая забяспечвае адзінства і цэласнасць прыроднага быцця. Лірыка М. Башлакова — гэта роздумы пра жыццё, чалавека, светабудову. Навакольны свет, космас, прырода ўспрымаюцца мастаком слова як жывая і адухоўленая істота, якая развіваецца па законах сусветнай гармоніі.

Творчасць паэта, безумоўна, напоўнена глыбокім філасофскім сэнсам, але лірычныя разважанні аўтара, як правіла, не абагульненыя, яны цесна звязаны з рэаліямі жыцця і найбольш з прыродным пачаткам. У творах М. Башлакова «ўзлескі ўсміхаюцца», «грабе па небе сонейка», «дзень народзіцца», «дарогі Палесся, як птушкі ў вырай, ляцяць», месяц у небе «такі малады», а рэха «па сцежках блукае» (вершы «Музыка вясны», «Дарогі Палесся», «Рэха даўніх гадоў»). Прыведзеныя прыклады з’яўляюцца метафарычнымі выразамі, па сутнасці, ў паэзіі М. Башлакова няма раздзяляльнай мяжы паміж чалавекам і прыродай, яны — адной стыхіі. У яго паэзіі вобразы прыроды заўсёды падштурхоўваюць да разважанняў пра чалавека, яго адносіны з навакольным светам. Лірычны герой такіх твораў часам адчувае сябе самотным, бо страціў сваю цэласнасць, за мітуснёй і звыклымі штодзённымі справамі згубіў адчуванне прыроднай, натуральнай хады часу, выракся повязі з роднай зямлёй.

У творах М. Башлакова сустракаецца цэлы шэраг матываў-канстант, якія пераходзяць з верша ў верш, — многагалоссе лесу, плёскат ракі, гукі цягнікоў, скарацечнасць часу, боль за заняпад мовы і народна-беларускіх духоўных традыцый. Кожны раз гэтыя матывы адкрываюцца з новага боку, паглыбляюцца аўтарам, аб’ядноўваюць усю творчасць паэта ў адзінае мастацкае цэлае.

У многіх вершах М. Башлакоў выкарыстоўвае фальклорныя і хрысціянскія вобразы, звяртаецца да паэтызацыі патрыярхальнага сялянскага побыту. Паэт сцвярджае самабытнасць беларускай і наогул славянскай культуры. Ён перакананы, што духоўны свет асобы знаходзіцца ў залежнасці ад роднай зямлі і традыцый мінулага нашай Айчыны.

Створаная ў лепшых канонах беларускай класічнай літаратуры, лірыка М. Башлакова — музычная і выразная. Яна напоўнена і традыцыйнымі сродкамі мастацкай выразнасці, і цікавымі знаходкамі вобразнасці, сэнсарнымі дэталямі, што дазваляе зірнуць на, здавалася б, даўно апетыя мастакамі слова малюнкі, рэчы, пейзажы, пачуцці з зусім іншага боку. Эпітэты, параўнанні і метафары ў паэзіі М. Башлакова заўсёды нечаканыя, непрадказальныя («зязюльчын ранак», «мядовы дзень чмялём яшчэ гудзе», «аклікаюць маленства майго цягнікі», «і, як грыбы, збіраю я радкі», «і промень, нібы вострая сякера, насечкі робіць на ствале зімы»), яны надаюць вершам сімволіка-філасофскі сэнс, які ўвасабляецца ў лаканічнай і афарыстычнай форме.

Перакладчык твораў М. Башлакова на рускую мову А. Цяўлоўскі адзначае яшчэ адну важную асаблівасць творчай манеры паэта: «Ягоныя вершы лёгкія, чыстыя і празрыстыя, і ў той жа час вельмі натуральныя, як само жыццё. Яны гучаць настолькі арганічна і звыкла, што не патрэбна іх нават паўтараць. Запамінаюцца самі».

У вершы «Дарогі Палесся» М. Башлакоў якраз звяртаецца да традыцыйнага для сваёй творчасці вобраза шляху. Паняцце «жыццёвы шлях» — мастацкі троп, метафара, што надзяляецца і прасторавым, і часовым вымярэннем. Гэта і блуканні па сцежках-дарожках роднага краю, па чужых мясцінах, і вандроўкі ў мінулым, сённяшнім і заўтрашнім, вяртанне ў часіны маладосці і сталасці. Тонкае ўвасабленне гэтай метафары падтрымліваюць у вершы і вобразы-матывы «ціхай ракі», «чоўна», «празрыстай крыніцы» — вобразы, якія падкрэсліваюць вечны рух сусвету і прыроды. Гэты верш вылучаецца асаблівай медытатыўнасцю, лёгкасцю, светлым смуткам пра хуткацечнасць жыцця:

Дарогі Палесся, дарогі Палесся,
Як птушкі ў вырай, удалеч ляцяць.

Лірычны герой верша зачараваны палескімі краявідамі, для яго гукі, пахі, малюнкі родных мясцін — гэта і ёсць надзейныя і невычэрпныя крыніцы натхнення і творчасці. «У гэтых мясцінах складаюцца песні», — прызнаецца лірычны герой верша, узрушаны хараством Айчыны. Падкрэслім, што ў вершы перадаецца думка пра тое, што такая вандроўка з простага любавання Радзімай і яе прыродай ператвараецца ў спасціжэнне законаў жыцця і творчасці.

«Заркапад» (1968). Ёсць карціны прыроды, якія не пакідаюць абыякавым практычна нікога. Асабліва ўражвае кожнага з нас аксамітна-цёмнае, бяздоннае неба, з якога зрываюцца і падаюць бліскучыя зоркі. Вобраз-сімвал заркападу з аднайменнага верша М. Башлакова, з’яўляецца напамінам і пра хуткаплыннасць, і пра вечнасць чалавечага жыцця. 

Асноўным кампазіцыйным прыёмам гэтага верша з’яўляецца мастацкі паралелізм. Аўтар апаэтызаваў мудрасць прыроды і чалавека, здольнага ўспрыняць яе законы быцця. Аптымізм лірычнаму герою дае вера ў тое, што няспынная хада часу са зменамі ў прыродзе ніколі не заканчваецца. У светаўспрыманні нашых продкаў зорка-знічка звязвалася з душой, якая адлятае ў іншасвет. У час гэтай прыроднай з’явы таксама прынята загадваць жаданні. Лірычны герой верша прагне працягу жыцця, нягледзячы ні на якія абставіны:

Але цепліцца ў сэрцы надзея:
Сад вясною зазелянее.

Лейтматывам твора з’яўляецца ланцуг змен: заркапад — лістапад — снегапад. Акрамя характарыстыкі зменлівасці, бягучасці жыцця і часу, такі мастацкі прыём выразна ўзмацняе эмацыянальнае ўздзеянне твора, выяўляе ўражлівасць лірычнага героя, які ўспрымае сябе часцінкай сусвету. У кругавароце прыродных змен адчуваецца кола вечнасці. Верш гучыць светлым напамінам пра хуткаплыннасць жыцця і неабходнасць з удзячнасцю прымаць усе яго праявы.

«Рэха даўніх гадоў».  Гэты элегічны твор успрымаецца як роздум паэта аб чалавечым лёсе і сэнсе жыцця, аб дарозе кожнага ад «світальнага гаю» да «шэрага змяркання». У вершы перадаюцца думкі аб незваротных маленстве і маладосці, якія прайшлі на маленькай чыгуначнай станцыі, як гэта было ў мінулым самога М. Башлакова. Цягнікі, якія імчаліся ўдалячынь, выклікалі мару аб іншым жыцці, у якім неабходна было сцвердзіцца і самарэалізавацца. Праз гады гэтыя цягнікі апаэтызаваны ў вершы як сімвал дзяцінства з «днямі залатымі», з «даўнімі песнямі», што ўзрушвае душу вострымі настальгічнымі пачуццямі.

Асноўнымі мастацкімі сродкамі верша «Рэха даўніх гадоў» сталі гукавыя вобразы, што перадаюць багатую палітру асацыяцый, звязаных з магіяй слыху, мелодыі, гуку. У тэксце сустракаецца шэраг слоў са значэннем, якое мае дачыненне да органаў слыху: «аклікаюць», «гукайце», «шапоча», «спявалі», «шапаціць», «крык маіх цягнікоў». Верш пагружае ў атмасферу мудрай самоты, задуменнасці. Лірычны герой усведамляе, што імклівае чалавечае жыццё — ланцуг бесперапыннай змены пакаленняў, пастаяннага абнаўлення свету. На думку В. Шынкарэнка, «якраз свабоднае валоданне багатымі паэтычнымі сродкамі забяспечвае сэнсавую выразнасць і інтанацыйную напружанасць лірыкі аўтара, а ўсёй вобразна-мастацкай і моўнай сістэме яго твораў надае тую неабходную песенную гнуткасць і шырокую амплітуду выяўлення, што дазваляе вызначыць: “Паэзія альбо ёсць, альбо яе няма...”»

Грамадзянска-патрыятычная лірыка ў творчасці паэта займае асаблівае месца. Роздумы пра лёс Айчыны, духоўная і маральная трываласць беларускага народа, боль за людзей, якія адракаюцца ад свайго, спрадвечнага, ад мовы і традыцый, заняпад вёсак — усе гэтыя важныя і драматычныя пытанні беларускай гісторыі і сучаснасці знайшлі адлюстраванне ў паэзіі М. Башлакова.

У гэтым цыкле вершаў, аб’яднаных у міні-паэму, маральная пазіцыя аўтара выяўлена максімальна шчыра і пранікнёна. Паэт-грамадзянін разважаў пра гістарычныя і сучасныя выпрабаванні, якія выпалі на лёс Бацькаўшчыны. Твор, змешчаны ў кнізе «Далеч вячэрняя», складаецца з шасці частак, створаных у розныя гады. Цыкл прысвечаны вядомаму беларускаму празаіку В. Карамазаву, грамадзянская пазіцыя якога блізкая М. Башлакову. Абодва пісьменнікі імкнуцца сказаць чытачам горкую і суровую, але такую неабходную праўду пра складаныя адносіны нашых сучаснікаў да Радзімы, яе мовы і культуры. У гэтым творы сцвярджаецца ідэя непарыўнай, кроўнай сувязі кожнага чалавека з роднай зямлёй.

Бацькаўшчына ў частцы «Радзіма...» з аднайменнага цыкла ўзнёсла намалявана «як музыка, // Як песня для душы, // Як першае нязбыўнае каханне», яна — сапраўдны «глыток вады // Для зморанага смагай». Знітаванасць з родным краем — гэта духоўная аснова ўнутранага свету лірычнага героя, што ад першых да апошніх дзён свайго існавання як запавет сцвярджае:

Радзіма...
Калі ёсць, то назаўжды:
Не знікне,
Не растане шызым дымам.

Паэт параўноўвае долю свайго краю з горкай рабінай. Метафары «горкі дым», «палын» узмацняюць пачуццёвую экспрэсіўнасць твора. Надзвычай ярка і запамінальна намаляваны ў тэксце вобраз Бацькаўшчыны. Паэт перакананы, што будучыня Айчыны залежыць ад яе грамадзян, надзеленых пачуццём адказнасці і любові. Мудрыя і простыя словы заключнай часткі твора гучаць па-афарыстычнаму змястоўна:

І не ламайце рукі,
І не патрэбна слёз.
Радзіма — не прынука,
Радзіма — гэта лёс.

Гэтыя радкі падкрэслена гучныя, гарачыя, наўпрост звернутыя да чытача ад паэта, які мае сваю асаблівую пазіцыю: «Паэт, сапраўдны паэт, не мае права губляць пачуццё годнасці, не мае права быць несумленным і няшчырым. Інакш гэта ўжо не паэт… Нельга быць у жыцці адным і зусім іншым у сваіх вершах… Адказнасць перад Словам, перад часам…» Многія тэксты М. Башлакова прызначаны абуджаць у сучаснікаў пачуццё адказнасці за лёс Бацькаўшчыны.

У ліра-эпічнай паэме «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) аўтарам асэнсоўваюцца драматычны лёс Айчыны, сацыяльныя і эканамічныя выпрабаванні гісторыі і сучаснасці, экалагічныя катастрофы апошніх дзесяцігоддзяў.

Кожны радок гэтага верша мог бы стаць дэвізам, дзякуючы афарыстычнасці і эмацыянальнаму запалу. Пабуджэнне да дзеяння, увасобленае праз ужыванне ў тэксце верша дзеясловаў у загадным ладзе («не будзьце», «не асуджайце», «не аддавайце», «не разгубіце», «зберажыце» і інш.), гучыць грамадзянскім заклікам да нашчадкаў.

Урывак «Не будзьце раўнадушнымі ніколі» з паэмы «Лілея на цёмнай вадзе» прысвечаны адной з вечных тэм у сусветнай і беларускай літаратуры — тэме Айчыны, роднай зямлі і мовы:

Не ачужэйце ад чужынскай ласкі.
Успомніце маленства свайго казкі.
Спявайце песні даўнія дзядоў.
Не забывайце матчыных вы слоў.
Айчыну зберажыце для сыноў…

Даследчык А. Цяўлоўскі называе яе цэнтральнай і ў творчасці М. Башлакова: «Здаецца мне, гэтую тэму можна выказаць адным словам. І слова гэтае — Радзіма. У радасці і смутку, у любові і скрусе, у язычніцкіх і евангельскіх матывах — яна праходзіць праз усе старонкі башлакоўскіх кніг. І заўжды з вялікай літары».

Сэнс твора «Не будзьце раўнадушнымі ніколі» (урыўка з паэмы «Лілея на цёмнай вадзе») спасцігаецца праз суаднясенне гэтай часткі з усёй паэмай.

Паэзія заўсёды адгукаецца на самыя балючыя пытанні жыцця асобы і грамадства. Менавіта для беларусаў тэма матчынай мовы стала асаблівай. Аўтар глыбока заклапочаны лёсам Бацькаўшчыны, захаваннем гістарычнай памяці суайчыннікаў. Працягваючы ідэйна-творчыя традыцыі Янкі Купалы, лірычны герой гэтага твора просіць сучаснікаў адмовіцца ад ідэалізацыі «чужых краёў», калі побач «любая Айчына». Паэт звяртаецца менавіта да маладых, якім неабходна зберагчы для нашчадкаў самае важнае — Радзіму.

«Тры лікі любові». У многіх вершах М. Башлакова створаны светлыя вобразы маці і жанчыны. Яны з’яўляюцца для паэта ўвасабленнем самых глыбокіх, хвалюючых і чыстых пачуццяў, праз якія сцвярджаецца адзінства прыгажосці і мудрасці свету. Маці ў паэзіі М. Башлакова выступае не толькі як звычайная жанчына-сялянка, захавальніца сям’і, руплівая працаўніца, але і як сімвал духоўнасці і чысціні. Сціпла, па-мужчынску немнагаслоўна паэтызаваў мастак слова маці, каханую і Радзіму ў вершы «Тры лікі любові». З гэтымі вобразамі-«зоркамі» звязана ўсё самае важнае ў жыцці чалавека — нараджэнне, мроі кахання, спагада, цеплыня роднай хаты:

Матуля —
Пачатак жыццёвай дарогі.
Каханая —
Мроі і наша вясна.
Як кожнаму доля
Даецца ад Бога,
Радзіма таксама даецца адна.

У творы ўжываецца ўзвышаная паэтычная лексіка. Лірычны герой занепакоены лёсам дарагіх яго сэрцу святынь, кожная з якіх з’яўляецца апірышчам для яго душэўнай раўнавагі. Таму ён і звяртаецца ў малітве да Божай Маці з просьбай аб літасці і заступніцтве. Штодзённы малітоўны зварот да яе сведчыць пра высокую духоўнасць паэта і яго веру ў Божы промысел.

Твор «Музыка вясны» (1996) складаецца з дзвюх частак, самастойных вершаў, што звязаны паміж сабой, па словах аўтара, «гукапісам вясны, настроем і святлом гэтай пары года». Першы верш «Доні-донь», другі — «Вясновае ўзрушанне». На самай справе, гэта міні-дылогія ўводзіць чытача ў радасны настрой прадчування, хвалявання напярэдадні надыходу вясны.

У аснову назвы верша «Доні-донь» пакладзена імітацыя гукаў ці то песні сініцы, ці то звону капяжу. Гукаперайманне «доні-донь», як музычны камертон, задае інтанацыю ўсяму твору. Лёгкія, невялічкія фразы, як звонкія кропелькі, саскокваюць з радка на радок, перадаюць уражанні лірычнага героя ад змен у прыродзе: «на рацэ крыгалом», «народзіцца дзень», «кветка надзей», «свеціцца гай», «ружавеюць дымы».

Але гэты верш, найперш, тонкі ўзор інтымнай лірыкі. Гэта пранізлівая гісторыя кахання немаладых людзей, бо герой прызнаецца: «Мы з табой // З сівізной». У творы апаэтызаваны адносіны мужчыны і жанчыны, іх блізкасць і каханне. Героі здолелі зберагчы пачуцці праз гады, пранесці чысціню ўзаемнасці праз выпрабаванні зімы, «на сцюдзёных вятрах», «на завейных крылах». Вясна для іх мае асаблівы сэнс — гэта і знак новага этапу жыцця, і сімвал нязгасных пачуццяў.

Думка верша раскрываецца пры дапамозе антытэзы (супастаўленне процілеглых з’яў, прадметаў, характараў, пачуццяў, ідэй, вобразаў і г. д.) паміж вечнай маладосцю вясны, бясконцасцю прыроды і жыццём чалавека, абмежаванага ўзростам і часам. Пражытыя гады, цяжар узросту, узаемных памылак, непазбежных у адносінах, выклікаюць у герояў «камяк гаркаты». Але «сонца весні прамень» і пераможная песня «доні-донь / доні-донь / доні-донь» напаўняюць душу аптымізмам.

Другая частка міні-цыкла — верш «Вясновае ўзрушанне». Ён адметны па сваёй танальнасці. Перад вялікім канцэртам сімфанічны аркестр праводзіць настройку інструментаў, апошнюю падрыхтоўку. Кожны музыкант рэпеціруе сваю партыю, і ў гэтым рознагалоссі гучыць абяцанне суладнага і натхнёнага выступлення. Верш М. Башлакова «Вясновае ўзрушанне» якраз перадае настрой прыроды напрадвесні. Яшчэ ў XIX стагоддзі рускі паэт, майстар пейзажу Ф. Цютчаў абвясціў: «Весна идёт, весне дорогу». Беларускі майстар слова ў творчым дыялогу з рускім класікам пайшоў далей, стварыўшы вітальную сімфонію суладдзя пахаў, колераў і, найперш, гукаў радаснага спаткання чарговага, новага адраджэння прыроды, услаўлення сонца і цяпла:

І трубы жураўліныя,
Гусей цымбалы звонкія,
Свісцёлкі,
Флейты,
Дудачкі
Аўсянак
І малінавак,
Гармонікі шпачыныя,
Вугольнічкі грачыныя,
Трашчоткі сарачыныя,
Бакасаў бубны гулкія,
Басэтлі перапёлчыны,
І каняў скрыпкі-скрыпачкі —
Усё ў хор зліваецца.

Ампліфікáцыя, або накаплéнне, — стылістычны прыём, сутнасць якога — у нагнятанні аднатыпных слоў або моўных канструкцый (эпітэтаў, параўнанняў, сінонімаў, злучнікаў, аднародных членаў сказа і г. д.).

У гэтым ўрыўку назіраецца ўдалае выкарыстанне прыёму ампліфікацыі, аднаго з варыянтаў паўтору. Выкарыстанне падобных прыёмаў дазваляе ўзмацніць эмацыянальнае ўздзеянне і эстэтычную выразнасць твора, глыбей перадаць светаадчуванне лірычнага героя.

У вершы выкарыстоўваецца прыём градацыі, нагнятання сінонімаў з мэтай дасягнення эфекту найбольшай выразнасці. Найвышэйшай кропкай гэтага «вясновага ўзрушання» становіцца хор, у якім усё «зліваецца, // Звініць, // Пераклікаецца, // Ліецца, // Сонца славячы…»

Для творчасці М. Башлакова характэрны выразныя індывідуальныя рысы. Вершы паэта ў пераважнай большасці вызначаюцца філасофска-грамадзянскім пафасам. У іх сцвярджаецца ідэя еднасці і непарыўнасці сувязі чалавека з роднай зямлёй, яе гісторыяй, мовай, нацыянальнай культурай. Любоўю да Бацькаўшчыны, на думку аўтара, вымяраецца годнасць асобы. У творчасці М. Башлакова шмат лірычных вершаў, інтымныя вобразы ў іх уражваюць задушэўнасцю. Пейзажныя малюнкі паэта па-філасофску глыбокія, але канкрэтна-адчувальныя, багатыя на зрокавыя і слыхавыя дэталі. Маці, жанчына ў вершах паэта — вечны ідэал шчырасці і дабрыні. Аўтар слушна адзначаў, што «кожны паэт — гэта голас ці рупар свайго часу. Нават калі паэт самы вытанчаны, “завоблачны лірык”».