ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы

Вобразы-сімвалы, мастацкія дэталі, іх роля ў тэксце

Васіль Быкаў уражвае нас майстэрствам ужывання мастацкіх дэталей, вобразаў-сімвалаў, якія надаюць твору філасофскую напоўненасць. У яго творах многа вобразаў-сімвалаў і мастацкіх дэталей, якія з’яўляюцца сродкамі псіхалагічнай, маральна-этычнай характарыстыкі герояў або паглыбляюць наша разуменне сэнсу твора.

Вобраз-сімвал — умоўнае, максімальна абагульненае і экспрэсіўнае абазначэнне якой-небудзь з’явы, падзеі, што характарызуецца шматзначнасцю і ўвасабляе аўтарскую ідэю.

У аповесці «Знак бяды», як мы пераканаліся, мноства вобразаў-сімвалаў: мёртвы жаваранак, Галгофа, крыж, неўзарваная бомба і інш. Сімвалічныя ў творы вобраз каровы, спрадвечнай карміцелькі селяніна, і сцэна яе забойства. Забіўшы Бабоўку, ворагі разбураюць першааснову гаспадарчага жыцця і клопату Багацькаў. Культ каровы займаў асаблівае месца ў славянскай міфалогіі, бо гэта жывёла ўвасабляе сялянскі дабрабыт. Страта яе не проста няшчасце, а сімвал новых вялікіх разбурэнняў.

Не пазбаўлены сімвалічнасці вобразы яблынь з Петраковага саду, якія бязлітасна трэслі, ламаючы галіны, чужынцы. Яны выклікаюць у чытача згадкі пра дрэва жыцця, райскі сад, дзе раслі яблыні. У аповесці В. Быкава знявечаны сад сімвалізуе гвалтоўнае разбурэнне і вынішчэнне ворагамі жыцця мірных людзей.

Глыбокай сімволікай напоўнены сны Сцепаніды і Петрака. Напрыклад, Сцепанідзе неаднойчы снілася прадбачанне, «як гарыць яе Яхімоўшчына», а яна нічога не можа зрабіць. Яшчэ ў пачатку твора, перад прыходам на хутар паліцаяў і чужынцаў, аўтар апісаў Петракоў сон пра чарвей, «якія варушыліся, кішэлі, абкручваліся адзін ля аднаго, паўзлі па яго нагах». Так, несумненна, аўтар эмацыянальна і сімвалічна прадказаў пачуццё агіды да нелюдзяў, што хутка давядзецца перажыць герою.

Увёў пісьменнік у мастацкае палатно твора і яшчэ адзін «дурны сон» Петрака — пра агіднае стварэнне, пацука «з клыкастаю зяпай», намагаючыся забіць якога ён разбіў жорны... Гэты сон таксама прадвяшчае разбурэнне жыцця на хутары, трагізм лёсаў герояў.

Ужыванне вобразаў-сімвалаў, сімвалічных эпізодаў, апісанняў — распаўсюджаны творчы прыём у літаратуры. Глыбокі сімвалічны сэнс часта маюць назвы твораў: напрыклад, «Сэрца на далоні» І. Шамякіна, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка і інш.

Мастацкая дэталь — гэта асаблівы, сэнсава значны элемент вобраза або твора ў цэлым.

Мастацкая дэталь (ад фр. detail — ‘падрабязнасць’) — такая падрабязнасць лiтаратурнага твора, якая з асаблiвай сiлай абуджае ўяўленне i творчую думку чытача, нясе значную iдэйна-эмацыянальную i сэнсавую нагрузку.

Мастацкая дэталь можа ўзнаўляць асаблівасці пейзажу, партрэта, інтэр’ера. Мастацкія дэталі дапамагаюць чытачу выразна ўявіць і ахарактарызаваць герояў твора, іх унутраны свет, жыццё і побыт. Можна згадаць ужытыя І. Шамякіным трапныя дэталі апісання касцюма Гукана, героя рамана «Сэрца на далоні»: «Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі...»

Такія ўдалыя падрабязнасці дапамагаюць аўтару выразна перадаць унутраны свет героя, які застаўся жыць у сталінскім часе і з’яўляецца носьбітам кансерватыўнай ідэалогіі. У творах таленавітых мастакоў слова няма нічога выпадковага, важныя кожны вобраз і дэталь. Напрыклад, Петракова скрыпка і яе лёс у аповесці «Знак бяды» В. Быкава ўвасабляюць безабароннасць, далікатнасць, таленавітасць яго душы. Але нават выменяўшы яе на апарат для вырабу самагону для паліцаяў, ён не здолеў адвесці зло ад свайго жытла і ад Сцепаніды.

Для спасціжэння аўтарскай пазіцыі кожнага пісьменніка чытачу надзвычай важна ўмець «расчытаць» сэнс вобразаў-сімвалаў і мастацкіх дэталей у творы.