Печатать книгуПечатать книгу

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 10:42

Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы. Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў мастацкім творы

Аўтарская канцэпцыя жыцця і асобы.

Выяўленне аўтарскай пазіцыі ў мастацкім творы

 Аўтар, стваральнік мастацкага тэксту — гэта рэальная асоба са сваім лёсам, светапоглядам, асабістым жыццёвым вопытам і адносінамі да свету і людзей. І гэтыя фактары так або інакш уплываюць на ідэйны змест твора. Ідэалы, светапогляд, жыццёвы вопыт і творчыя прынцыпы пісьменніка выяўляюцца ў яго звароце да пэўных тэм, падзей, звычайна больш знаёмых аўтару або блізкіх да ўласна перажытага. Погляды аўтара, яго намеры адлюстраваць у творы тое, што хвалюе, выяўляюцца і ў вызначэнні сюжэтных падзей, кампазіцыйнай структуры, сістэмы вобразаў, а тым больш у абмалёўцы аблічча, характару, паводзін герояў. Такім чынам, праз уласнае бачанне і разуменне жыцця, важных гістарычных падзей аўтар мадэліруе мастацкую рэальнасць у творы, асэнсоўвае і выяўляе ўласныя ацэначныя адносіны да іх.

Адлюстраванне ў мастацкім творы ацэначных адносін аўтара да жыццёвых падзей і герояў заўсёды выяўляе ідэалы і творчыя намеры (задуму) пісьменніка, яго ўяўленні пра свет і чалавека. У літаратуразнаўстве гэта называецца аўтарскай канцэпцыяй жыцця і асобы.

Аўтарская канцэпцыя — гэта галоўная ідэя або некалькі аб’яднаных ідэй, якія ўвасабляюцца пісьменнікам у творы.

 Яна ўтрымлівае пэўную ацэначную інтэрпрэтацыю апісаных ім падзей і герояў, а таксама сістэму маральна-філасофскіх поглядаў пісьменніка на свет, грамадства, чалавека. Праз аўтарскую канцэпцыю выяўляюцца духоўнае аблічча і светапогляд самога аўтара, ідэйна-эстэтычныя прынцыпы яго творчасці. 

«Прысутнасць» аўтара, адметнасць яго бачання свету і чалавека можна заўважыць пры ўважлівым чытанні і асэнсаванні твора. Некаторыя тэарэтыкі нават сцвярджаюць, што галоўным героем кожнага твора з’яўляецца сам аўтар, які праз твор перадае чытачам сваю канцэпцыю жыцця, сваё разуменне сэнсу існавання асобы ў грамадстве і свеце. Сапраўды, амаль заўсёды аўтар выяўляе асабістыя адносіны да таго, пра што піша. Чытачу важна разумець аўтарскую пазіцыю, каб глыбей спасцігнуць твор і сутнасць аўтарскай задумы, аб’ектыўна ацаніць майстэрства пісьменніка, глыбіню ідэйна-канцэптуальнага сэнсу твора.

 

Формы ўвасаблення аўтарскай пазіцыі

Аўтарскія канцэпцыя і пазіцыя прачытваюцца ў ідэйна-сэнсавых дамінантах твора або ўсёй творчасці пісьменніка: да якіх тэм і ідэй часцей звяртаецца аўтар, чаму аддае, напрыклад, перавагу — біяграфічнаму матэрыялу або рэалістычнаму ці фантастычнаму спосабу адлюстравання. Аўтарская пазіцыя выяўляецца праз думкі, пачуцці, пункты гледжання, назіранні за жыццём і высновы, якія ў творы пісьменнік можа выказваць ад асабістага імя або «давяраць» іх пэўным героям. 

Аўтарскія пазіцыя і канцэпцыя выяўляюцца ў творы шматпланава: праз лёсы герояў, сюжэтныя падзеі, апісанні абставін, пейзажаў, пазасюжэтныя эпізоды, сімвалічныя дэталі. Так, напрыклад, у аповесці «Знак бяды» Петракоў крыж і Галгофа — неўрадлівае поле Багацькаў — увасабляюць аўтарскую канцэпцыю трагічнага, пакутлівага жыцця не толькі герояў твора, але ўсяго беларускага народа ў ХХ стагоддзі. Адначасова гэтыя сімвалічныя вобразы перадаюць аўтарскія адносіны шанавання і захаплення трываласцю, працавітасцю, нязломнасцю беларуса і беларускага нацыянальнага характару. З усёй выразнасцю аўтарская канцэпцыя народнага гераізму, самаахвярнага супраціўлення акупантам і іх прыслужнікам выяўляецца праз вобразы Сцепаніды і Петрака Багацькаў. Аўтарская канцэпцыя асуджэння здрадніцтва як праявы маральнай нікчэмнасці чалавека ўвасоблена ў вобразах паліцаяў Недасекі, Гужа, Каландзёнка, у апісанні аўтарам іх нахабных і цынічных паводзін на хутары Багацькаў.

Часта «данесці» свае ідэі чытачу аўтар «даручае» аднаму або некалькім героям, непасрэдна выяўляе гэта праз іх ацэначныя выказванні. Менавіта такім чынам аўтарская пазіцыя часта выяўляецца ў творах В. Быкава. У аповесці «Абеліск» аўтарская пазіцыя ўвасабляецца праз вобразы станоўчых герояў — Мароза, Ткачука і журналіста. Уласныя перакананні, «што жыццё чалавека надта несувымернае з вечнасцю… іх будуць памятаць...» В. Быкаў «даверыў» герою-настаўніку, які суцяшае перад гібеллю сваіх вучняў. Так аўтар увасобіў і ўласную канцэпцыю жыцця чалавека — пакінуць аб сабе ўдзячную памяць людзей.

У гэтай аповесці-дыскусіі (І. Дзядкоў), асабліва ў вобразах Ткачука і журналіста і менавіта іх развагах і выказваннях пра подзвіг Мароза і ўсяго беларускага настаўніцтва, выказаны аўтарская пазіцыя і заклапочаны грамадзянскі роздум В. Быкава: «Мабыць, мы ўсё ж мала ведаем і кепска вывучаем, чым было наша настаўніцтва для народа на працягу ягонай гісторыі. Духавенства — гэта вядома, тут яшчэ ёсць нейкі малюнак, больш або менш даставерны. <…> А вось што зрабіла сельскае настаўніцтва ў нашых школах, што яно значыла для нашай некалі цёмнай сялянскай краіны?.. <…> Не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве. Я так думаю: у тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, — найпершая заслуга… настаўнікаў».

Гэты маналог у творы належыць Ткачуку. А вось як ёміста сфармулявана аўтарская канцэпцыя маральнага сэнсу жыцця чалавека яшчэ адным героем аповесці «Абеліск», журналістам: «Аддаць, а не ўзяць, або адчуць задаволенасць аддаючы — як неахвотна і спазнела прыходзіць чалавек да гэтай не новай, такой зайздросна простай высновы… На самай справе, чаго варта жыццё толькі дзеля задавальнення свайго, такога дробязнага, самалюбівага, капрызлівага і ненасытнага “я”?»

Да паняццяў «аўтарская канцэпцыя», «аўтарская пазіцыя» падобныя такія катэгорыі літаратуразнаўства, як «мастацкая ідэйнасць», «мастацкая канцэптуальнасць», «пафас твора», «аўтарская суб’ектыўнасць», «творчая воля аўтара», «духоўная актыўнасць аўтара», «маральная ацэначнасць», «аксіялагічныя1 ідэалы аўтара». Аўтарская задума і канцэпцыя яднаюць твор у мастацкую цэласнасць.

____________________

1Аксіялагі́чны — які мае адносіны да аксіялогіі. Аксіялогія — вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх ролі і месцы ў сацыяльнай рэчаіснасці,  структуры каштоўнаснага свету.

Гераічнае і трагічнае ў літаратуры

У літаратуры на працягу стагоддзяў існуюць пэўныя эмацыянальна-эстэтычныя тыпы адлюстравання жыцця: гераічны, трагічны, іранічны, сатырычны, рэалістычны і некаторыя іншыя. Тэарэтыкі літаратуры называюць іх эстэтычнымі катэгорыямі, модусамі мастацкасці або тыпамі пафаса.

Гераічнае і трагічнае ў літаратуры — эстэтычныя катэгорыі, звязаныя з паняццем пафасу (ад грэч. раthоs — ‘пачуццё’) і адпаведным яму модусам мастацкасці (прадугледжвае ўнутрана адзіную сістэму каштоўнасцей і адпаведную ёй паэтыку). 

 Гэтыя эстэтычныя катэгорыі ўплываюць на адметнасць аўтарскай канцэпцыі жыцця і асобы, вызначэнне жанравых і стылёвых асаблівасцей твора.

Гераічнае (ад грэч. heros — герой) — катэгорыя эстэтыкі, якая раскрывае каштоўнасны сэнс выбітнога па сваім грамадскім значэнні дзеяння, што патрабуе ад чалавека або калектыву людзей (сацыяльнай групы, класа, народа) вышэйшага напружання, духоўных і фізічных сіл, мужнасці і самаадданасці. 

Пры гераічным адлюстраванні ўзвышаюцца ўчынкі людзей, якія сведчаць пра іх мужнасць і адвагу, здольнасць да велічных здзяйсненняў, гатоўнасць пераадолець інстынкт самазахавання, пайсці на рызыку, трапіць у небяспеку, смела і годна сустрэць смерць. Гераічнае звязана з бескампраміснасцю, маральнай нязломнасцю, духоўнай сілай асобы. Здзяйсненне гераічнага ўчынку (незалежна ад таго, герой перамагае або гіне) — гэта шлях чалавека да пасмяротнай славы. Гераічная асоба выклікае захапленне сваёй духоўнай сілай і выключнасцю. У гістарычнай і культурнай памяці чалавецтва, у літаратуры ўшаноўваюцца героі, якія ахвяруюць сабой, ідуць на подзвіг не дзеля асабістых мэт, а дзеля служэння людзям, свайму народу.

Сапраўдны гераізм выяўляюць многія героі твораў В. Быкава, абаронцы жыцця і гуманістычных ідэалаў. Гераічнымі ўчынкамі, характарамі яны супрацьстаяць чужынцам і здраднікам, абараняюць жыццё, чалавечую годнасць у непераадольных абставінах. У выбары паміж жыццём і гібеллю яны выбіраюць смерць, застаючыся ў памяці іншых сумленнымі і непахіснымі людзьмі. Яркім прыкладам з’яўляюцца быкаўскія героі — партызан Сотнікаў з аднайменнай аповесці, настаўнік Мароз з аповесці «Абеліск».

Героем чалавека робяць не толькі подзвіг і гібель за высокія ідэалы, але і штодзённае падзвіжніцтва дзеля людзей.

Трагічнае (трагізм) — катэгорыя эстэтыкі, у якой выяўляюцца цяжкія пакуты, перажыванні асобы, звязаныя з вострымі сутыкненнямі яе з варожымі сіламі, невырашальнымі супярэчнасцямі, што заканчваюцца гібеллю або крушэннем ідэалаў. 

Трагічнае адлюстраванне жыцця ў літаратуры вызначаецца невырашальнымі канфліктамі ў лёсе героя або некалькіх герояў, з якімі нельга прымірыцца. Канфлікт у трагічным (трагедыйным) творы заканчваецца гібеллю або цяжкімі пакутамі герояў, вартых глыбокага спачування. Трагічныя героі ў творы звычайна з’яўляюцца носьбітамі высокіх маральных якасцей, праведнікамі. Яны не адмаўляюцца ад ідэалаў, не згаджаюцца на кампраміс з праціўнікамі і ўласным сумленнем, што вядзе іх да гібелі і перамогі злых сіл.

Трагічны герой — моцная духам, цэльная асоба, якая трапіла ў сітуацыю разладу з жыццём (часам з сабою).

Трагічны герой у літаратурным творы не скараецца абставінам, не адступае перад ворагам, а таму асуджаны на пакуты і гібель. Праз катэгорыю трагічнага ў літаратуры і мастацтве ўвасабляецца страта гуманістычных каштоўнасцей, але адначасова сцвярджаецца вера ў чалавека, які застаецца мужным, верным сабе нават у сітуацыі паражэння. Трагічнымі ў творы з’яўляюцца моманты, якія выклікаюць у чытача суперажыванне, спачуванне бядзе і пакутам. Яны ўспрымаюцца жахлівымі, бязлітаснымі і безнадзейнымі.

Так, напрыклад, трагічнымі героямі з’яўляюцца «прадстаўнікі народнай праўды» ў аповесці В. Быкава «Сотнікаў». Гіне бязвінны Пётра Качан, бо не мог не дапамагчы партызанам і аддаў авечку. Надзвычай трагічны вобраз жанчыны-маці Дзёмчыхі, таксама бязвіннай. Але так склаліся абставіны: яна пашкадавала партызан, дапамагла перавязаць параненага Сотнікава, падказала партызанам схавацца на гарышчы хаты, дзе іх і знайшлі ворагі. Яна гіне, застаюцца сіротамі яе дзеці. Трагічны вобраз дзяўчынкі Басі, якая асуджана фашыстамі на гібель толькі за тое, што яўрэйка. Высокі трагізм вобраза Басі ўзмацняецца тым, што яна маленькая, але моцная духам: гіне, але не выдае беларускай вясковай бабулі, якая, насуперак пагрозам акупантаў, ратавала яўрэйскае дзіця.

 

Вобразы-сімвалы, мастацкія дэталі, іх роля ў тэксце

Васіль Быкаў уражвае нас майстэрствам ужывання мастацкіх дэталей, вобразаў-сімвалаў, якія надаюць твору філасофскую напоўненасць. У яго творах многа вобразаў-сімвалаў і мастацкіх дэталей, якія з’яўляюцца сродкамі псіхалагічнай, маральна-этычнай характарыстыкі герояў або паглыбляюць наша разуменне сэнсу твора.

Вобраз-сімвал — умоўнае, максімальна абагульненае і экспрэсіўнае абазначэнне якой-небудзь з’явы, падзеі, што характарызуецца шматзначнасцю і ўвасабляе аўтарскую ідэю.

У аповесці «Знак бяды», як мы пераканаліся, мноства вобразаў-сімвалаў: мёртвы жаваранак, Галгофа, крыж, неўзарваная бомба і інш. Сімвалічныя ў творы вобраз каровы, спрадвечнай карміцелькі селяніна, і сцэна яе забойства. Забіўшы Бабоўку, ворагі разбураюць першааснову гаспадарчага жыцця і клопату Багацькаў. Культ каровы займаў асаблівае месца ў славянскай міфалогіі, бо гэта жывёла ўвасабляе сялянскі дабрабыт. Страта яе не проста няшчасце, а сімвал новых вялікіх разбурэнняў.

Не пазбаўлены сімвалічнасці вобразы яблынь з Петраковага саду, якія бязлітасна трэслі, ламаючы галіны, чужынцы. Яны выклікаюць у чытача згадкі пра дрэва жыцця, райскі сад, дзе раслі яблыні. У аповесці В. Быкава знявечаны сад сімвалізуе гвалтоўнае разбурэнне і вынішчэнне ворагамі жыцця мірных людзей.

Глыбокай сімволікай напоўнены сны Сцепаніды і Петрака. Напрыклад, Сцепанідзе неаднойчы снілася прадбачанне, «як гарыць яе Яхімоўшчына», а яна нічога не можа зрабіць. Яшчэ ў пачатку твора, перад прыходам на хутар паліцаяў і чужынцаў, аўтар апісаў Петракоў сон пра чарвей, «якія варушыліся, кішэлі, абкручваліся адзін ля аднаго, паўзлі па яго нагах». Так, несумненна, аўтар эмацыянальна і сімвалічна прадказаў пачуццё агіды да нелюдзяў, што хутка давядзецца перажыць герою.

Увёў пісьменнік у мастацкае палатно твора і яшчэ адзін «дурны сон» Петрака — пра агіднае стварэнне, пацука «з клыкастаю зяпай», намагаючыся забіць якога ён разбіў жорны... Гэты сон таксама прадвяшчае разбурэнне жыцця на хутары, трагізм лёсаў герояў.

Ужыванне вобразаў-сімвалаў, сімвалічных эпізодаў, апісанняў — распаўсюджаны творчы прыём у літаратуры. Глыбокі сімвалічны сэнс часта маюць назвы твораў: напрыклад, «Сэрца на далоні» І. Шамякіна, «Зацюканы апостал» А. Макаёнка і інш.

Мастацкая дэталь — гэта асаблівы, сэнсава значны элемент вобраза або твора ў цэлым.

Мастацкая дэталь (ад фр. detail — ‘падрабязнасць’) — такая падрабязнасць лiтаратурнага твора, якая з асаблiвай сiлай абуджае ўяўленне i творчую думку чытача, нясе значную iдэйна-эмацыянальную i сэнсавую нагрузку.

Мастацкая дэталь можа ўзнаўляць асаблівасці пейзажу, партрэта, інтэр’ера. Мастацкія дэталі дапамагаюць чытачу выразна ўявіць і ахарактарызаваць герояў твора, іх унутраны свет, жыццё і побыт. Можна згадаць ужытыя І. Шамякіным трапныя дэталі апісання касцюма Гукана, героя рамана «Сэрца на далоні»: «Але адразу кідалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нібы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пінжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцікам, з вялікімі нагруднымі кішэнямі...»

Такія ўдалыя падрабязнасці дапамагаюць аўтару выразна перадаць унутраны свет героя, які застаўся жыць у сталінскім часе і з’яўляецца носьбітам кансерватыўнай ідэалогіі. У творах таленавітых мастакоў слова няма нічога выпадковага, важныя кожны вобраз і дэталь. Напрыклад, Петракова скрыпка і яе лёс у аповесці «Знак бяды» В. Быкава ўвасабляюць безабароннасць, далікатнасць, таленавітасць яго душы. Але нават выменяўшы яе на апарат для вырабу самагону для паліцаяў, ён не здолеў адвесці зло ад свайго жытла і ад Сцепаніды.

Для спасціжэння аўтарскай пазіцыі кожнага пісьменніка чытачу надзвычай важна ўмець «расчытаць» сэнс вобразаў-сімвалаў і мастацкіх дэталей у творы.

Пытаннi

0-1. Акрэсліце аўтарскую пазіцыю і спосабы яе выяўлення ў аповесці В. Быкава «Абеліск».
0-2. Дакажыце, што ў сваіх творах В. Быкаў па-мастацку ўвасобіў гераічнае і трагічнае ў жыцці беларускага народа.
1. Назавіце вобразы-сімвалы ў аповесці «Знак бяды» В. Быкава, раскрыйце іх сэнс і ролю для выяўлення пафасу твора.
2. Паназірайце, як праз мастацкія дэталі раскрываюцца характары Петрака і Сцепаніды.
2-1. Пералічыце вобразы-сімвалы і трапныя мастацкія дэталі ў аповесці «Сотнікаў».
3. Прыгадайце, хто з рускіх або замежных пісьменнікаў блізкі да В. Быкава па ўвасабленні антычалавечай сутнасці вайны. Абгрунтуйце наватарства беларускага пісьменніка ў раскрыцці гэтай праблемы.