«Зацюканы апостал»

Жанравая адметнасць п’есы

Да жанру трагікамедыі А. Макаёнак звярнуўся ў канцы 1960-х гадоў, напісаўшы п’есы «Зацюканы апостал» і «Трыбунал». Яны сталі значнай з’явай у тэатральным жыцці рэспублікі і ўсяго СССР, увайшлі ў рэпертуары тэатраў еўрапейскіх краін: Польшчы, Германіі, Югаславіі, Іспаніі і інш.

У прадмове да кнігі А. Макаёнка «П’есы» (Мінск, 1974) І. Шамякін сведчыў, што «імя Андрэя Макаёнка часта сустракаецца не толькі на афішах беларускіх тэатраў. Яго п’есы пастаўлены амаль ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках, перакладзены на дзясяткі моў… Спектаклі “Зацюканы апостал”, “Трыбунал” ідуць у Сафіі, Будапешце, Беластоку». 

Іна Вішнеўская, рускі літаратуразнавец, літаратурны і тэатральны крытык, аўтар першай манаграфіі па творчасці А. Макаёнка «Комедия на орбите» (Масква, 1979), назвала п’есы «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» «дзіўнымі» п’есамі, падкрэсліваючы іх незвычайнасць, нетрадыцыйнасць, нечаканасць. Даследчыца сведчыла, што менавіта гэтыя «дзіўныя» п’есы выклікалі асабліва пільную ўвагу да іх аўтара, паставілі яго ў адзін рад з найбольш цікавымі рэпертуарнымі драматургамі не толькі савецкага, але і сусветнага тэатра. 

Даследчык Сцяпан Лаўшук пісаў, што гэтыя творы далі падставы гаварыць пра новага Макаёнка: «Новы Макаёнак — гэта смелы, але разважлівы, вывераны творчы пошук. Згаданыя вышэй п’есы сталі пачаткам мэтанакіраванай працы драматурга па “прышчэпцы” беларускай камедыі разнастайных жанравых адгалінаванняў. Ён даказаў, што спектр камедыяграфічнага выяўлення практычна невычэрпны». Па меркаванні літаратуразнаўца Г. Коласа, п’есы «Зацюканы апостал» і «Трыбунал», напісаныя амаль адначасова, «паміж сабой настолькі розняцца, што можна нават сумнявацца ў тым, што ў іх агульны аўтар».

П’еса «Зацюканы апостал» — гэта адзін з арыгінальнейшых твораў А. Макаёнка, у якім выявіліся новыя грані творчага вобліку драматурга, яго рашучы паварот ад паэтыкі камедыі традыцыйнай да камедыі гратэскавай, ад паслядоўна вытрыманай праўдападобнасці да нічым не абмежаванай фантазіі, сцэнічнай умоўнасці. Невыпадкова твор выклікаў жывейшую зацікаўленасць з боку літаратурнай і тэатральнай грамадскасці. Так да А. Макаёнка ў беларускай драматургіі не пісаў ніхто. Усё ў п’есе ці амаль усё, пачынаючы з назвы, было нязвыклым, парадаксальным. Гэта дало падставы С. Лаўшуку назваць твор «Зацюканы апостал» п’есай-загадкай.

Даследчыкі выказвалі розныя меркаванні наконт жанру п’есы «Зацюканы апостал». Так, І. Вішнеўскай і гэты твор, і «Трыбунал» жанрава вызначаюцца як камедыі. Параўноўваючы іх з папярэднімі п’есамі А. Макаёнка, даследчыца выявіла іх якаснае адрозненне ад ранніх сатыр драматурга, якое выявілася ў пераходзе творцы ад выкрывальнай сатырычнай камедыі да камедыі гратэскавай. Юрый Сохар, аўтар першай беларускай манаграфіі «На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і беларускі тэатр» (Мінск, 1979), выдадзенай у адзін год з манаграфіяй І. Вішнеўскай, п’есу «Зацюканы апостал» называў трагікамедыяй.

Якуб Усікаў у кнізе «Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці» выказаў меркаванне, што «з аднаго боку, “Зацюканы апостал” успрымаецца як палітычны памфлет на воўчыя законы капіталізму, а з другога — як своеасаблівы гімн людзям, што сталі відушчымі і не хочуць далей жыць так, як жылі дагэтуль, — хлуснёй і падманам». «Многія даследчыкі драматургіі, — заўважыў С. Лаўшук, — настойліва прылучалі твор да жанру памфлета. Вызначальнымі рысамі памфлета, як вядома, з’яўляюцца: грамадзянскае, пераважна сацыяльна-палітычнае сатырычнае выкрыццё, рэзкае, экспрэсіўнае, часам тэндэнцыйнае асмяянне… Усё гэта ў п’есе ёсць. Але няма вельмі важнага кампанента, атрыбутыўнага для памфлета, — канкрэтнасці аб’ектаў выкрыцця. А вось адзнакі трагікамедыі наяўнічаюць амаль па поўнаму спектру характарыстыкі жанру».

 Аўтарскае вызначэнне жанру п’есы «Зацюканы апостал» — трагікамедыя — найлепш адпавядае яе мастацка-ідэйнаму зместу. Хоць у творы адсутнічае трагічная развязка ў выглядзе фізічнай смерці, але выразна адчуваецца трагізм падзей у шырокім сэнсе слова. У 1960-я гады А. Макаёнку давялося пабываць у многіх замежных краінах. Ён стаў сведкам таго, што страта грамадствам сапраўдных каштоўнасцей, панаванне над усім улады грошай, культу сілы і, як вынік, з’яўленне ў асяроддзі моладзі арыентацыі на фашысцкую ідэалогію ўяўляюць рэальную пагрозу чалавецтву.

Ю. Сохар выявіў «прынцыповую рысу» трагікамедыі «Зацюканы апостал» — адсутнасць у ёй «адкрытай антаганістычнай сілы. Часцей за ўсё ў аснове трагічнай калізіі (а яна абавязковая і для трагікамедыі) — антаганістычны канфлікт, які выяўляецца праз барацьбу супрацьлеглых сіл, увасобленых у мастацкіх вобразах. У “Зацюканым апостале” канфліктуюць прадстаўнікі аднаго сацыяльнага асяроддзя».