Печатать книгуПечатать книгу

«Зацюканы апостал»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Зацюканы апостал»
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 22:42

Жанравая адметнасць п’есы

Да жанру трагікамедыі А. Макаёнак звярнуўся ў канцы 1960-х гадоў, напісаўшы п’есы «Зацюканы апостал» і «Трыбунал». Яны сталі значнай з’явай у тэатральным жыцці рэспублікі і ўсяго СССР, увайшлі ў рэпертуары тэатраў еўрапейскіх краін: Польшчы, Германіі, Югаславіі, Іспаніі і інш.

У прадмове да кнігі А. Макаёнка «П’есы» (Мінск, 1974) І. Шамякін сведчыў, што «імя Андрэя Макаёнка часта сустракаецца не толькі на афішах беларускіх тэатраў. Яго п’есы пастаўлены амаль ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках, перакладзены на дзясяткі моў… Спектаклі “Зацюканы апостал”, “Трыбунал” ідуць у Сафіі, Будапешце, Беластоку». 

Іна Вішнеўская, рускі літаратуразнавец, літаратурны і тэатральны крытык, аўтар першай манаграфіі па творчасці А. Макаёнка «Комедия на орбите» (Масква, 1979), назвала п’есы «Зацюканы апостал» і «Трыбунал» «дзіўнымі» п’есамі, падкрэсліваючы іх незвычайнасць, нетрадыцыйнасць, нечаканасць. Даследчыца сведчыла, што менавіта гэтыя «дзіўныя» п’есы выклікалі асабліва пільную ўвагу да іх аўтара, паставілі яго ў адзін рад з найбольш цікавымі рэпертуарнымі драматургамі не толькі савецкага, але і сусветнага тэатра. 

Даследчык Сцяпан Лаўшук пісаў, што гэтыя творы далі падставы гаварыць пра новага Макаёнка: «Новы Макаёнак — гэта смелы, але разважлівы, вывераны творчы пошук. Згаданыя вышэй п’есы сталі пачаткам мэтанакіраванай працы драматурга па “прышчэпцы” беларускай камедыі разнастайных жанравых адгалінаванняў. Ён даказаў, што спектр камедыяграфічнага выяўлення практычна невычэрпны». Па меркаванні літаратуразнаўца Г. Коласа, п’есы «Зацюканы апостал» і «Трыбунал», напісаныя амаль адначасова, «паміж сабой настолькі розняцца, што можна нават сумнявацца ў тым, што ў іх агульны аўтар».

П’еса «Зацюканы апостал» — гэта адзін з арыгінальнейшых твораў А. Макаёнка, у якім выявіліся новыя грані творчага вобліку драматурга, яго рашучы паварот ад паэтыкі камедыі традыцыйнай да камедыі гратэскавай, ад паслядоўна вытрыманай праўдападобнасці да нічым не абмежаванай фантазіі, сцэнічнай умоўнасці. Невыпадкова твор выклікаў жывейшую зацікаўленасць з боку літаратурнай і тэатральнай грамадскасці. Так да А. Макаёнка ў беларускай драматургіі не пісаў ніхто. Усё ў п’есе ці амаль усё, пачынаючы з назвы, было нязвыклым, парадаксальным. Гэта дало падставы С. Лаўшуку назваць твор «Зацюканы апостал» п’есай-загадкай.

Даследчыкі выказвалі розныя меркаванні наконт жанру п’есы «Зацюканы апостал». Так, І. Вішнеўскай і гэты твор, і «Трыбунал» жанрава вызначаюцца як камедыі. Параўноўваючы іх з папярэднімі п’есамі А. Макаёнка, даследчыца выявіла іх якаснае адрозненне ад ранніх сатыр драматурга, якое выявілася ў пераходзе творцы ад выкрывальнай сатырычнай камедыі да камедыі гратэскавай. Юрый Сохар, аўтар першай беларускай манаграфіі «На пульсе жыцця: Андрэй Макаёнак і беларускі тэатр» (Мінск, 1979), выдадзенай у адзін год з манаграфіяй І. Вішнеўскай, п’есу «Зацюканы апостал» называў трагікамедыяй.

Якуб Усікаў у кнізе «Андрэй Макаёнак. Нарыс жыцця і творчасці» выказаў меркаванне, што «з аднаго боку, “Зацюканы апостал” успрымаецца як палітычны памфлет на воўчыя законы капіталізму, а з другога — як своеасаблівы гімн людзям, што сталі відушчымі і не хочуць далей жыць так, як жылі дагэтуль, — хлуснёй і падманам». «Многія даследчыкі драматургіі, — заўважыў С. Лаўшук, — настойліва прылучалі твор да жанру памфлета. Вызначальнымі рысамі памфлета, як вядома, з’яўляюцца: грамадзянскае, пераважна сацыяльна-палітычнае сатырычнае выкрыццё, рэзкае, экспрэсіўнае, часам тэндэнцыйнае асмяянне… Усё гэта ў п’есе ёсць. Але няма вельмі важнага кампанента, атрыбутыўнага для памфлета, — канкрэтнасці аб’ектаў выкрыцця. А вось адзнакі трагікамедыі наяўнічаюць амаль па поўнаму спектру характарыстыкі жанру».

 Аўтарскае вызначэнне жанру п’есы «Зацюканы апостал» — трагікамедыя — найлепш адпавядае яе мастацка-ідэйнаму зместу. Хоць у творы адсутнічае трагічная развязка ў выглядзе фізічнай смерці, але выразна адчуваецца трагізм падзей у шырокім сэнсе слова. У 1960-я гады А. Макаёнку давялося пабываць у многіх замежных краінах. Ён стаў сведкам таго, што страта грамадствам сапраўдных каштоўнасцей, панаванне над усім улады грошай, культу сілы і, як вынік, з’яўленне ў асяроддзі моладзі арыентацыі на фашысцкую ідэалогію ўяўляюць рэальную пагрозу чалавецтву.

Ю. Сохар выявіў «прынцыповую рысу» трагікамедыі «Зацюканы апостал» — адсутнасць у ёй «адкрытай антаганістычнай сілы. Часцей за ўсё ў аснове трагічнай калізіі (а яна абавязковая і для трагікамедыі) — антаганістычны канфлікт, які выяўляецца праз барацьбу супрацьлеглых сіл, увасобленых у мастацкіх вобразах. У “Зацюканым апостале” канфліктуюць прадстаўнікі аднаго сацыяльнага асяроддзя».

Спалучэнне ў творы камічнага і трагічнага

Камічнае — гэта форма непрыняцця і асуджэння чалавекам навакольнай рэчаіснасці, якая выяўляецца праз насмешку, высмейванне каго-небудзь або чаго-небудзь. Камічнае дапамагае зразумець сутнасць супярэчнасцей паміж персанажамі. У аснове трагічнага ляжаць канфлікты (калізіі) у жыцці чалавека (або групы людзей), якія не могуць быць вырашаны, але з якімі нельга змірыцца. Сам жанр трагікамедыі заснаваны на спалучэнні камічнага і трагічнага ў адным творы. Любы сюжэт літаратуры, сцэнічнага і выяўленчага мастацтва, які спалучае камічнае і трагічнае, — гэта трагікамедыя ў шырокім сэнсе. І. Шамякін лічыў, што «бадай, няма больш цяжкай задачы ў драматургіі, як арганічна аб’яднаць у адно цэлае камедыйнае і трагедыйнае. Не ўсе нават з тых, хто абяссмерціў сваё імя, адважваліся на такі крок». Андрэй Макаёнак паспрабаваў ажыццявіць складаную задачу — сплавіць камедыйнае і трагедыйнае ў «Зацюканым апостале» і «Трыбунале» і паспяхова з гэтым справіўся.

 Аўтарскія задачы ў трагікамедыі «Зацюканы апостал» не абмяжоўваюцца толькі сатырычным выкрыццём маралі грамадства, заснаванай на пакланенні ўяўным каштоўнасцям. Андрэй Макаёнак выразна ўяўляў небяспечнасць філасофіі грамадства, у аснову якой пакладзены цынічны тэзіс, што грошы — сіла. Натуральным вынікам шанавання такой філасофіі, на думку камедыёграфа, з’яўляецца непазбежнасць трагедыі асобы: «зачараванае кола, у якім чалавек гіне, калі не здолее з яго вырвацца».

Пастаноўка п’есы «Зацюканы апостал» (Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага) атрымала Гран-пры «Лепшы спектакль тэатра драмы» III Нацыянальнай тэатральнай прэміі (2014). 

Умоўнасць часу і месца дзеяння

Знаёмячы чытача з героямі твора, драматург падкрэсліваў як «вельмі важную дэталь» тое, што ўсе яны імпартныя, жывуць за мяжой. Некаторыя крытыкі з гэтай прычыны абвясцілі трагікамедыю А. Макаёнка палітычным памфлетам супраць маралі буржуазнага грамадства. Не заўважылі яны таго, што аўтар даволі ўмоўна, з іроніяй акрэсліваў месца дзеі — «недзе на ўзбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа, нават на заваляшчым якім-небудзь востраве ў якім-небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе вады ўсяго па калена». У рэмарцы да першай карціны праз назвы дрэў, вершаліны якіх відаць у акно кватэры, дзе адбываюцца падзеі твора, драматург канкрэтызаваў месца дзеяння: «Побач з экзатычнай пальмай можна паставіць міндаль ці каштан, а можа і ліпу. Яна расце на розных шыротах», тым самым паказаўшы, што ўзнятыя ім праблемы могуць мець месца ў розных краінах, нават у тагачасным СССР, дзе таксама раслі і каштаны, і ліпы. Умоўна вызначаны аўтарам і час дзеі — «якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй» — успрымаецца ў творы як катэгорыя ўніверсальная.

Умоўнасць часу і месца дзеяння, сюжэта твора ў цэлым Андрэй Макаёнак выкарыстаў для стварэння асноўнага і ўнутранага Афіша да спектакля «Зацюканы апостал». Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача канфлікту п’есы. Своеасаблівасць яго ў тым, што асноўны канфлікт існуе толькі ў аўтарскай ідэі як канфлікт асобы і грамадства, здольнасць яе абараняць свае маральна-этычныя ідэалы ў адчужаным для чалавека свеце.

Знешнія канфлікты, у якія ўступаюць паміж сабой персанажы трагікамедыі, узнікаюць непасрэдна ў сцэнічным дзеянні. Гэта канфлікты сям’і: традыцыйны канфлікт бацькоў і дзяцей, канфлікт паміж дарослымі па пытаннях выхавання дзяцей. Такая будова твора дала магчымасць пісьменніку дэталёва паказаць характары персанажаў, а ўяўны фон адкрыў прастору для сатырычнага адлюстравання розных аспектаў жыцця сучаснага грамадства.

Характарыстыка персанажаў, іх сімвалічнасць і падкрэсленая абагульненасць

Па вызначэнні самога аўтара, у п’есе «Зацюканы апостал» «дзейнічаюць такія асобы»: Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед, палітычны каментатар. Героі не маюць ні прозвішчаў, ні імёнаў, у чым выявілася аўтарская задума стварыць абагульненыя вобразы, вобразы-сімвалы. Кожны з герояў выступае ў творы выразнікам пэўных маральных прынцыпаў, пэўнай жыццёвай філасофіі. 

Галоўным героем п’есы з’яўляецца Сын, або Малыш, як называюць яго ў сям’і. Менавіта з яго вобразам звязана назва твора. Вызначэнне жанру твора як трагікамедыі абумоўлена сцэнічным лёсам Сына. З яго вобразам звязаны ўсе падзеі, калізіі п’есы. Малыш з’яўляецца ў трагікамедыі «Зацюканы апостал» своеасаблівым кампазіцыйным цэнтрам, «галоўным “рухавіком” у раскрыцці драматычнага канфлікту твора» (Ю. Сохар). Ад правільнага асэнсавання вобраза галоўнага героя залежаць усведамленне аўтарскай ідэі, разуменне канцэпцыі п’есы.

Літаратурныя і тэатральныя крытыкі, рэжысёры па-рознаму прачытвалі і сцэнічна ўвасаблялі гэты вобраз. Літаратуразнавец Марыя Шаўлоўская ў 1970-я гады адзначала, што «ўсе персанажы трагікамедыі “Зацюканы апостал” у пэўнай ступені з’яўляюцца абстрактнымі фігурамі, але асабліва абстрагаваны вобраз Сына. Ён найбольш адкрытая персаніфікацыя аўтарскай ідэі». С. Лаўшук, наадварот, сцвярджаў, што паміж героем п’есы і аўтарам няма агульнасці. Блізкі сябар А. Макаёнка і даследчык яго творчасці Г. Колас сведчыў, што сам аўтар «Трыбунала» і «Зацюканага апостала» пра сябе сказаў так: «Калабок — я. І Апостал — я».

Ю. Сохар лічыў, што драматург стварыў «вобраз не ардынарны… Складанасць вобраза Сына ў тым, што аўтар паказвае яго шматпланавай фігурай. У ім факусіруецца галоўная ідэя твора — невырашальнасць канфлікту асобы і… грамадства; праз барацьбу канкрэтных характараў пазнаецца сутнасць ідэалагічных, сацыяльна-маральных супярэчнасцей».

С. Лаўшук звярнуў увагу на тое, што «пераважная большасць даследчыкаў схільны бачыць у гэтым вобразе ўвасабленне станоўчасці. Для іх ён — апостал справядлівасці, які, нягледзячы на свой юны ўзрост, смела кінуў выклік мяшчанскаму царству хлусні, прыстасаванства, ханжаству і фарысейству. І зусім не бянтэжыла іх тая немалаважная акалічнасць, што апостал зацюканы — як бы ўжо і не апостал. Варта было звярнуць увагу на аўтарскую характарыстыку героя. З аднаго боку, у ёй прарываецца яўнае захапленне: «Не дзіця, а камяк голых нерваў. Гарачлівы. Калючы. Мазгавіты. У нас гэткіх разумнікаў не бывае, а калі дзе і трапіцца, дык пра гэта звычайна кажуць: малады, ды ранні. А ў іх вундэркіндам завуць. Але гэты — вундэркінд асобага роду: ён — не матэматык, не музыкант, не шахматыст, не паліглот, а зусім нечакана — вундэркінд-палітык. Пакуль што малавопытны, бо малады: што думае, тое і гаворыць».

У асобе маладога-ранняга палітыка даследчыка насцярожвае тое, што ён як непатрэбшчыну адкідвае такія якасці, як «дабрата, шчырая сумленнасць, ласкавасць». С. Лаўшук пісаў, што «вобраз Сына — унікальная мастацкая з’ява ў беларускай драматургіі. Створаны ў тэхніцы “святла-ценю”, ён уражвае не толькі сваёй супярэчнасцю і парадаксальнасцю, але і маштабнасцю, якой няма ў большасці герояў-малалетак з сусветнай літаратуры, у тым ліку і ў прастадушна-праўдзівага хлапчука андэрсенаўскай казкі «Голы кароль», з якім ахвотна параўноўвалі яго многія даследчыкі».

 Малыш і яго сястра выхоўваюцца ў прыстойнай сям’і з матэрыяльным дастаткам. Тата працуе чыноўнікам у адной саліднай установе, Мама — выкладчыцай у каледжы. Але Сын заўважыў, што яны жывуць у свеце хлусні і падману, іх разважанні пра дабрачыннасць, высакароднасць не падмацоўваюцца рэальнымі ўчынкамі і паводзінамі. Малыш хоча перайначыць свет, бо яму не падабаецца, як жывуць яго «продкі». Толькі крэсла прэзідэнта можа даць вундэркінду такую магчымасць. I ён пачынае рыхтаваць сябе да гэтай адказнай пасады: штудзіруе кнігі па гісторыі, праве, уважліва сочыць за палітычнымі падзеямі, што адбываюцца ў свеце.

Здавалася б, неблагая мара, але насцярожвае тое, дзеля чаго Сын імкнецца да ўлады. У палеміцы з Мамай, якая бачыць сэнс жыцця ва ўменні «грошы рабіць», герой заўважае: «Улада даражэй за ўсякія грошы».

 За знешняй нязгодай з пануючай мараллю грамадства праяўляецца тонкі і цынічны разлік наваяўленага прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла. З мноства прачытаных кніг ён цвёрда засвоіў, што для таго, каб апынуцца на вяршыні палітычнай піраміды, трэба з дзяцінства выхоўваць у сабе адпаведныя рысы: «Сучасны цэзар павінен умець быць абаяльным, каб выклікаць пачуцці прыязнасці ва ўсіх, хто хоць раз пабачыцца з ім. Павінен умець прыкідвацца праўдзівым, калі нахабна хлусіць, прыкідвацца чэсным, калі беспардонна ашуквае, шчырым, будучы фальшывым, цвёрдым і ўпэўненым, калі нават грызуць сумненні, прыкідвацца добрым і ласкавым, падпісваючы смяротны прыгавор».

Малады палітык прыходзіць да высновы, што для дасягнення мэты свайго жыцця яму трэба навучыцца майстэрству хлусіць, шантажыраваць, ашукваць, і імкнецца праверыць свае тэарэтычныя веды на практыцы. Лабараторыяй яго палітычных эксперыментаў становіцца сям’я. Улічваючы ўмоўнасць пабудовы сюжэта, А. Макаёнак прыадчыніў перад чытачом заслону ў будучыню: па паводзінах Малыша ў сям’і няцяжка ўявіць, што ён рабіў бы, каб быў кіраўніком дзяржавы.

Метады кіравання Сына, спосабы ўздзеяння на людзей носяць дыктатарскі, аўтарытарна-цынічны характар. Ён падслухоўвае размовы Мамы і Таты па тэлефоне, якія іх кампраметуюць, і шляхам шантажу патрабуе ад бацькоў матэрыяльнай кампенсацыі за захаванне тайны.

У фінале п’есы драматург вяртае свайго героя ў свет рэальнага жыцця. Сын перастае іграць ролю цэзара і зноў становіцца звычайным падлеткам. Ён пачынае разумець сапраўднуюсутнасць знешняй добрапрыстойнасцi блізкіх і папракае іх у крывадушнасці: «Вы вялікія. I ваша хлусня — аграмадная». Такім чынам, маскі скінуты, дарослым няма чаго сказаць у адказ свайму дзіцяці. Праўда згуртавала Тату, Маму і Дзеда супраць Малыша.

У шырокім сэнсе гэта трэба разумець як гатоўнасць кансерватыўных сіл грамадства да апошняга абараняць свае прынцыпы. Яны вымушаны прымяніць сілу і тым самым прызнаць сваё ідэйнае паражэнне, маральную нежыццяздольнасць. Для самога вундэркінда канфлікт з роднымі, а значыць і канфлікт з грамадствам, абярнуўся трагедыяй.

Яго вуснамі А. Макаёнак вымушаны быў канстатаваць сумную ісціну: «Пакуль ёсць праўда і крыўда, ёсць багатыя і бедныя, ёсць сытыя і галодныя... ёсць жандары і паэты, ёсць асуджаныя і ка´ты, да таго часу будуць зайздрасць, падман, грабеж, нянавісць, барацьба, каварства, кулакі, локці, зубы...» Аўтарскі песімізм навеяны тагачаснымі рэаліямі, але заключныя акорды п’есы даюць спадзяванне на лепшую будучыню чалавецтва.

Маральна-этычны змест камедыі, сцвярджэнне аўтарам духоўных агульначалавечых каштоўнасцей

У п’есе «Зацюканы апостал», жанр якога літаратуразнавец Пятро Васючэнка вызначыў як камедыя-прытча, высвечваецца цэлы комплекс быційных праблем, арганічна спалучаюцца палітычныя, філасофскія і маральныя праблемы сучаснасці. Сам А. Макаёнак адзначаў, што гэта п’еса стала «вынікам роздуму над праблемамі агульначалавечага характару». Драматурга найбольш хвалявалі страта грамадствам маральных ідэалаў, створаных чалавецтвам на працягу стагоддзяў («старыя запаведзі нікога не кранаюць: «Не забі!», «Не ўкрадзі!», «Не пажадай жонкі бліжняга»), і пакланенне каштоўнасцям уяўным: грошам, фізічнай сіле, уладзе. У творы востра стаіць праблема маральнага выбару, што непазбежна паўстае перад тымі героямі, якія імкнуцца захаваць сябе як асобу ў цынічным і жорсткім свеце капіталу. Хоць дзеянне адбываецца ў адной заходняй краіне, чытачу зразумела, што гэта гісторыя можа мець месца ўсюды. Бо праблемы сям’і, разладу і непаразумення ў ёй, канфлікту пакаленняў універсальныя і адвечныя. 

Аўтар «Зацюканага апостала» пераконваў, што менавіта ў сям’і пачынаецца фарміраванне асобы, закладваюцца каштоўнасныя прыярытэты, «дзеці павінны ўзбагачацца вопытам бацькоў». Таму вызначальнай у п’есе становіцца праблема адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей.

 Адну з прычын распаду сучаснай сям’і драматург бачыў у няшчырасці, фальшы, двудушшы або падвойных стандартах, якія моцна ўкараніліся ў грамадстве. Яны выразна выяўлены праз характарыстыку Мамы: «Жыве за мяжой, гаворыць, можа, і правільна, а што яна думае... Каб яна з’ела тое, што яна думае. Яна хоча, каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так... як-небудзь...» Дзеці, як вядома, надзвычай востра і чуйна рэагуюць на няшчырасць і падман бацькоў.

Бунт Малыша, персанажавундэркінда, своеасаблівы. Надзвычай рана ён не толькі навучыўся выкрываць хлусню дарослых людзей, але і карыстацца ёй. Герой ставіць эксперымент ва ўласнай сям’і і пераконваецца, як лёгка прымусіць людзей скарацца. Таму запаветная мара Малыша — зрабіць палітычную кар’еру... За душу гэтага юнага цыніка змагаюцца кнігі і тэлевізар. Кнігі вучаць яго «разумнаму, добраму, вечнаму», тэлекаментатар, які штовечар «прымае роды ў чалавецтва», — хлусні, цынізму і майстэрству абалваньваць масы.

Марыя Верціхоўская лічыць, што справядлівей было б успрымаць трагікамедыю «Зацюканы апостал» як гісторыю не толькі сям’і, але і наогул грамадства, у якім адсутнічаюць духоўныя арыенціры. На думку даследчыцы, А. Макаёнак прапанаваў чалавецтву глянуць на грамадскія праблемы праз люстэрка сям’і, у якой паказчыкам духоўнага здароўя з’яўляюцца дзеці. Сваім творам драматург сапраўды імкнуўся вярнуць сям’і яе выхаваўчыя функцыі.

Як сапраўдны гуманіст, А. Макаёнак верыў у сілу не толькі чалавечага розуму, але і духу. Пісьменніку патрэбна была грамадзянская мужнасць, каб у савецкі час галоўны герой п’есы неаднаразова прамаўляў са сцэны біблейскае слова: «Плачь об умершем семь дней, а о глупом и нечестивом — все дни жизни его», «Не открывай наготы», «И нашёл я, что горче смерти — женщина, потому что она — сеть, и сердце её — силки, и руки её — оковы; добрый перед Богом спасается от неё, а грешник будет уловлен ею», «Дети грешников бывают дети отвратительные и общаются с нечестивыми…», «Почитающий отца будет иметь радость от детей своих и в день молитвы услышан будет». Тым самым драматург звяртаў увагу грамадства на духоўны патэнцыял Кнігі кніг, спрабаваў адаслаць сучаснікаў да крыніцы мудрасці і актуалізаваць яе каштоўнасці. Нечакана і па-новаму для тагачаснай літаратуры гучалі гэтыя біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы.

Майстэрства Макаёнка ў абмалёўцы характараў

Аўтар даў трапныя характарыстыкі дзейным асобам: Тата — «накормлены чыноўнік», Сын — «вельмі хоча быць з барадой, а яна не расце», Дачка — «яго сястрычка, адзінаўтробны антыпод», Дзед — «хоча быць дзіцем, ён з радасцю памяняўся б з унукам і гадамі, і ролямі, і барадой» і інш.

Выяўляюцца характары герояў і праз іх узаемаадносіны («праходзячы адно паўз аднаго, яны неяк староняцца, быццам пабойваючыся, каб між імі не пыхнула кароткае замыканне, не бліснула маланка, не грымнуў пярун»), праз адносіны да іншых («Малыш расквасіў Мухамеду нос»).

Майстэрства драматурга ў абмалёўцы характараў найбольш яскрава выявілася праз моўную характарыстыку персанажаў: ужыванне дзеясловаў з эмацыянальна-ацэначным значэннем для перадачы жэстаў, рухаў, мімікі («тыцкае... пад нос», «зіркне», «рагоча» і інш.), увядзенне ў мову герояў эмацыянальна-ацэначнай лексікі і фразеалагізмаў са зняважлівым значэннем («цывілізацыя прайшла міма цябе», «без неўрапатолага цяжка зразумець», «разуй вочы» і інш.).

Пісьменнік І. Шамякін, звяртаючы ўвагу на асаблівасці драматургіі А. Макаёнка, адзначаў: «Ёсць п’есы, якія нядрэнна гучаць са сцэны, але якія шмат што трацяць пры чытанні, бо іх аўтары неахайна ставяцца да літаратурнага слова, да апісання абставін, месца дзеяння і паводзін герояў.

Андрэй Макаёнак надзвычай патрабавальны да ўсяго гэтага. Няхай чытач зверне ўвагу, як гучыць у Макаёнка слова, кожная рэпліка, як дынамічна яны спружыняць, якая выбуховая сіла закладзена ў яго словах.

Некаторыя аўтары характарыстыкам герояў часта не надаюць значэння, маўляў, хай пра гэта думаюць рэжысёр і акцёры.

А вось характарыстыка герояў “Зацюканага апостала”: “Тата — звычайны, хатні, такіх многа. Зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе. Адна вельмі важная дэталь: ён жыве за мяжой. Праўдзівы, як і большасць мужчын”. <…> Якая іронія! Які сарказм! — захапляецца І. Шамякін. — У некалькіх словах — цэлая праграма для рэжысёра і акцёраў — што ім рабіць, як іграць».

 

Пытаннi

1. Вызначце асноўны канфлікт п’есы А. Макаёнка «Зацюканы апостал» і прасачыце за яго развіццём.
2. Раскрыйце сутнасць жыццёвай філасофіі Таты, Мамы і Дзеда.
3. Ахарактарызуйце вобраз Сына і вызначце яго ролю ў развіцці канфлікту
4. Вызначце праблематыку трагікамедыі і паразважайце пра яе актуальнасць.

5. Які сэнс аўтар уклаў у назву твора?

5-1. У п’есе «Зацюканы апостал» драматург выявіў антыідэал сям’і. Падрыхтуйце вуснае выказванне на тэму «Ідэальная сям’я ў маім уяўленні».

6. Разгледзьце афішы да спектакля «Зацюканы апостал», прапануйце сваю афішу да твора.
7. Прагледзьце тэлеспектакль па п’есе «Зацюканы апостал» (рэжысёр-пастаноўшчык Барыс Луцэнка) і падрыхтуйце водгук на яго.
8. Паглядзіце дакументальны фільм «Незацюканы апостал» (рэжысёр Аляксандр Анісімаў) і паразважайце над сэнсам яго назвы.