ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Трагікамедыя. Моўная характарыстыка персанажаў

Моўная характарыстыка персанажаў

Класік рускай літаратуры Максім Горкі слушна адзначаў, што «сцэнічнае, тэатральнае мастацтва будуецца на чалавеку і на слове, прычым у камедыі і драме слова мае значна больш важкае і вялікае значэнне, чым у рамане, у аповесці». У драматургічным творы даволі абмежаваны арсенал сродкаў мастацкай выразнасці, асноўная сэнсавая нагрузка ўскладаецца на дыялогі і маналогі. Праз мову персанажаў драматург стварае характары герояў, раскрывае канфлікт твора, увасабляе яго ідэйны змест. Таму моўная характарыстыка персанажаў у п’есе мае выключнае значэнне.

Моўная характарыстыка персанажаў — вобразны сродак стварэння персанажаў, які дапамагае акцэнтаваць увагу на змесце іх выказванняў (пра што гавораць, якія думкі і меркаванні агучваюць, якія ўлюбёныя словы і моўныя звароты выкарыстоўваюць) і на манеры гаварыць.

Моўная характарыстыка ўключае ў сябе слоўнікавае багацце або, наадварот, беднасць, абмежаванасць мовы персанажа, яе стылістычную афарбоўку, будову інтанацыйна-сінтаксічных канструкцый. Па-майстэрску карыстаўся А. Макаёнак гэтым прыёмам характарыстыкі персанажаў у трагікамедыі «Зацюканы апостал». Ён надзяляў герояў мовай, якая адпавядае іх сацыяльным характарам, узроўню адукацыі.

Так, мова Сына насычана цытатамі з выказванняў вядомых філосафаў, з Бібліі, тэрміналагічнай лексікай з розных навук, пераважна гуманітарных, што «абслугоўваюць» дзейнасць палітыкаў. Напрыклад: «Філасофія — гэта трансцэндэнтальны эмпірыякрыятыцызм манізму...» або каментарый біблейскага выказвання: «Тата! Як ты радуешся Дзеду, так я буду радавацца табе! Ісус, сын Сірахаў, сказаў: “Почитающий отца будет иметь радость от детей своих и в день молитвы услышан будет”».

Калі ў другім выпадку цытата, ужытая Малышом, выклікае сімпатыю да гэтага персанажа, то ў першым відавочна аўтарская іронія з вундэркінда, які або сам не зусім разумее, пра што гаворыць, або хоча выглядаць разумнейшым. У мове Дзеда пераважае простанародная лексіка, часам з жарганізмамі. Шмат абразлівых слоў (мярзотнік, дрэнь і інш.) у мове Мамы, што нялепшым чынам характарызуе гераіню.

 Моўная характарыстыка персанажаў трагікамедыі «Зацюканы апостал» — гэта ўзор камедыяграфічнага майстэрства А. Макаёнка.