ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Трагікамедыя. Моўная характарыстыка персанажаў
Трагікамедыя
Трагiкамедыя
Драматычныя творы падзяляюцца на тры асноўныя відавыя групы: камедыйную, трагедыйную і ўласна драматычную, кожная з якіх прадстаўлена пэўнымі жанрамі. На мяжы трагедыі і камедыі ўзнікла трагікамедыя.
Трагікамедыя — драматургічны твор, у якім спалучана трагічнае і камічнае, фінал у ім трагічны. |
«Трагікамедыя не прымае максімалісцкіх этычных пастулатаў трагедыі, адрозніваючыся разам з тым ад камедыі большай строгасцю маральных вывадаў, маштабнасцю ідэйных абагульненняў».
У аснове трагікамедыі ляжыць адчуванне адноснасці існуючых крытэрыяў жыцця; адну і тую ж з’яву драматург бачыць як у камічным, так і ў трагічным асвятленні. Трагікамічны эфект заснаван на неадпаведнасці героя сітуацыі, унутранай нявырашанасці канфлікту. Смех трагікамедыі звычайна сацыяльна значны, ён накіраваны на выкрыццё негатыўных тэндэнцый у развіцці грамадства.
Значны ўклад у распрацоўку жанру трагікамедыі ў беларускай літаратуры ўнёс А. Макаёнак, які знаходзіў арыгінальныя спалучэнні сферы трагічнага і камічнага з сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна» і інш.).