ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Трагікамедыя. Моўная характарыстыка персанажаў
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ. Трагікамедыя. Моўная характарыстыка персанажаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 21:51 |
Трагікамедыя
Трагiкамедыя
Драматычныя творы падзяляюцца на тры асноўныя відавыя групы: камедыйную, трагедыйную і ўласна драматычную, кожная з якіх прадстаўлена пэўнымі жанрамі. На мяжы трагедыі і камедыі ўзнікла трагікамедыя.
Трагікамедыя — драматургічны твор, у якім спалучана трагічнае і камічнае, фінал у ім трагічны. |
«Трагікамедыя не прымае максімалісцкіх этычных пастулатаў трагедыі, адрозніваючыся разам з тым ад камедыі большай строгасцю маральных вывадаў, маштабнасцю ідэйных абагульненняў».
У аснове трагікамедыі ляжыць адчуванне адноснасці існуючых крытэрыяў жыцця; адну і тую ж з’яву драматург бачыць як у камічным, так і ў трагічным асвятленні. Трагікамічны эфект заснаван на неадпаведнасці героя сітуацыі, унутранай нявырашанасці канфлікту. Смех трагікамедыі звычайна сацыяльна значны, ён накіраваны на выкрыццё негатыўных тэндэнцый у развіцці грамадства.
Значны ўклад у распрацоўку жанру трагікамедыі ў беларускай літаратуры ўнёс А. Макаёнак, які знаходзіў арыгінальныя спалучэнні сферы трагічнага і камічнага з сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна» і інш.).
Моўная характарыстыка персанажаў
Класік рускай літаратуры Максім Горкі слушна адзначаў, што «сцэнічнае, тэатральнае мастацтва будуецца на чалавеку і на слове, прычым у камедыі і драме слова мае значна больш важкае і вялікае значэнне, чым у рамане, у аповесці». У драматургічным творы даволі абмежаваны арсенал сродкаў мастацкай выразнасці, асноўная сэнсавая нагрузка ўскладаецца на дыялогі і маналогі. Праз мову персанажаў драматург стварае характары герояў, раскрывае канфлікт твора, увасабляе яго ідэйны змест. Таму моўная характарыстыка персанажаў у п’есе мае выключнае значэнне.
Моўная характарыстыка персанажаў — вобразны сродак стварэння персанажаў, які дапамагае акцэнтаваць увагу на змесце іх выказванняў (пра што гавораць, якія думкі і меркаванні агучваюць, якія ўлюбёныя словы і моўныя звароты выкарыстоўваюць) і на манеры гаварыць. |
Моўная характарыстыка ўключае ў сябе слоўнікавае багацце або, наадварот, беднасць, абмежаванасць мовы персанажа, яе стылістычную афарбоўку, будову інтанацыйна-сінтаксічных канструкцый. Па-майстэрску карыстаўся А. Макаёнак гэтым прыёмам характарыстыкі персанажаў у трагікамедыі «Зацюканы апостал». Ён надзяляў герояў мовай, якая адпавядае іх сацыяльным характарам, узроўню адукацыі.
Так, мова Сына насычана цытатамі з выказванняў вядомых філосафаў, з Бібліі, тэрміналагічнай лексікай з розных навук, пераважна гуманітарных, што «абслугоўваюць» дзейнасць палітыкаў. Напрыклад: «Філасофія — гэта трансцэндэнтальны эмпірыякрыятыцызм манізму...» або каментарый біблейскага выказвання: «Тата! Як ты радуешся Дзеду, так я буду радавацца табе! Ісус, сын Сірахаў, сказаў: “Почитающий отца будет иметь радость от детей своих и в день молитвы услышан будет”».
Калі ў другім выпадку цытата, ужытая Малышом, выклікае сімпатыю да гэтага персанажа, то ў першым відавочна аўтарская іронія з вундэркінда, які або сам не зусім разумее, пра што гаворыць, або хоча выглядаць разумнейшым. У мове Дзеда пераважае простанародная лексіка, часам з жарганізмамі. Шмат абразлівых слоў (мярзотнік, дрэнь і інш.) у мове Мамы, што нялепшым чынам характарызуе гераіню.
Моўная характарыстыка персанажаў трагікамедыі «Зацюканы апостал» — гэта ўзор камедыяграфічнага майстэрства А. Макаёнка.
Пытаннi
1. Назавіце жанравыя прыметы трагікамедыі. Паразважайце, што ляжыць у аснове твораў гэтага жанру і што іх адрознівае ад камедыі і трагедыі. | |
2. Якую ролю ў драматургічным творы адыгрывае моўная характарыстыка? | |
3. Дакажыце, што А. Макаёнак па-майстэрску карыстаецца прыёмам моўнай характарыстыкі герояў у п’есе «Зацюканы апостал». |